Стры́баць ‘скакаць’ (Ласт.), стрыбуля́ць ‘ісці падскокваючы’ (хойн., Шатал.); сюды ж стрыбо́к ‘скок, скачок’, стры́баўка, стры́блястраказа’ (Ласт.), стрыбутне́йшы ‘здаравейшы, мацнейшы’ (Ян.). Параўн. укр. стриба́ти ‘скакаць’, стрибо́к ‘скачок’. Прасл. дыял. *stribati ‘скакаць’, роднаснае літ. stribuliúoti ‘падскокваць, скакаць’ (ЕСУМ, 5, 439), якое Лаўчутэ (Балтизмы, 132) лічыць крыніцай запазычання аднаго з дзеясловаў. Параўн. таксама літ. stripuliúoti, strãpaliuoti ‘тс’, звязаныя з strapulnė́ti ‘стукаць нагамі’ (Куркіна, Этимология–1974, 52), што дазваляе ў аснове названых слоў бачыць гукаперайманне, параўн. стропаць, тро́паць ‘стукаць нагамі’ (гл.), дры́паць ‘часта пераступаць нагамі’ (Скарбы) і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ране́йшы, ‑ая, ‑ае.

1. Выш. ст. да прым. ранні (у 1 знач.).

2. Які мае адносіны да мінулага, былога; колішні. Гэта не ранейшы час, што да бліжэйшай станцыі трэба было дабірацца па бездарожжы не менш за паўдня. Кулакоўскі. [Гарлахвацкі:] Зямныя нетры нямала хаваюць у сабе .. астаткаў ранейшай флоры і фауны. Крапіва. // Такі, якім быў некалі, у мінулым, раней. Толькі кароткая завіўка замест кос як бы падменьвала ранейшую Касю нейкай другой... Васілевіч.

3. Які быў перад гэтым, папярэдні. Хадзіць гуляць да сваіх ранейшых сяброў.. [Міхасю] не хацелася. Якімовіч. Каморка, прыбраная дбала, Свой від ранейшы прыняла. Колас.

4. Той самы; такі, які і быў. Затым [Місюк] адсунуў бляшанку, падзякаваў і зноў вярнуўся да ранейшай гаворкі. Пальчэўскі. Страказа час ад часу ўзлятала, рабіла ў паветры некалькі замыславатых кругоў і зноў садзілася на ранейшае месца. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Стрэ́лка1 ‘невялікая страла’, ‘указальнік (у тым ліку ў гадзінніку)’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр.; Стан.), ‘вага ў студні з жураўлём’ (мазыр., ДАБМ, камент., 809), ‘пяро цыбулі, якое дае насенне’ (бых., Янк.; маладз., Гіл.; Барад., Сл. ПЗБ, ТС, Ян., Шатал.), ‘адростак пяра пасля лінькі птушак’ (бярэз., Сл. ПЗБ; мін., Шатал.), ‘тыльны надкапытны сустаў у жывёл, косць гэтага сустава’ (Сл. ПЗБ), ‘прамежак у капытах жывёлы’ (Сл. ПЗБ), ‘ніз капыта ў каня’ (ТС), ‘лядзяш’ (хойн., Шатал.; калінк., Сл. ПЗБ; Мат. Гом.; хойн., Шатал.), стрылкы́ ‘насенне сланечніка’ (Сл. Брэс.). Памяншальнае ад страла1 (гл.), намінацыі на аснове знешняга падабенства.

Стрэ́лка2страказа’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Касп., Нік. Очерки; рас., Шатал.; в.-дзв., смарг., паст., даўг., Сл. ПЗБ; ЛА, 1, Стан.), стрэ́лашніца ‘тс’ (Жд. 1). Да папярэдняга слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ба́бка1 ’бабуля, старая жанчына’. Рус., укр. ба́бка, польск. babka, чэш. babka, bábka, балг. ба́бка і г. д. Прасл. babъka, памяншальнае ад baba (гл. ба́ба1), якое, відаць, ужывалася і як самастойнае слова і дало шмат вытворных (гл. ніжэй). Паралельна існавала і прасл. babica, якое захавалася ў паўдн.-слав. мовах (серб.-харв. ба̏бица) і як рэлікты ва ўсх.-слав. (укр. ба́биця, рус. ба́бица); у зах.-слав. мовах babica здаўна страціла памяншальнасць (ст.-чэш. babice толькі павітуха’; польск. babica таксама з іншым значэннем; з другаснымі значэннямі babica ёсць ва ўсіх слав. мовах). Аб гісторыі слав. тыпаў памяншальных на ‑ъka і ‑ica гл. Бошкавіч, Развитак, 78 і далей.

Ба́бка2 ’парадзіха, што ляжыць у пасцелі’ (Шн.). Бясспрэчна, ёсць сувязь з ба́ба, ба́бка ’жанчына, бабуля, павітуха’. У аснове называння, напэўна, нейкая табуістычная забарона.

Ба́бка3 ’расліна Plantago L., трыпутнік’ (Нас., Бяльк., Кіс.; ужо ў Бярынды, 134: тро́скотъ… подоро́жникъ, ѧзичокъ, ба́бка). Укр. ба́бка, рус. ба́бка (Кохман, Kontakty, 61, лічыць, што ў рус. мове ба́бка ’Plantago’ распаўсюдзілася праз бел.-укр. пісьмовую мову, параўн. слабае пашырэнне гэтага слова ў рус. гаворках, гл. СРНГ, 2, 21), польск. babka, чэш. babka, славац. babka (гл. Грэгар, SSlav., 5, 139). Слав. babъka, baba ’Plantago’. Анышкевіч (Лік.) знаходзіць сувязь з *baba ’жанчына’: або па форме лісця расліны або па яе лячэбных уласцівасцях (параўн. baba знахарка’; апошнюю версію падтрымліваюць таксама Махэк, Jména rostl., 218, і Будзішэўска, Słown., 241). Параўн. бабін цвет.

Ба́бка4 ’грыб Boletus scaber, падбярозавік’ (Касп., Шат., Інстр. II). Укр. ба́бкапалес. валын. гаворках, таксама ст.-укр., гл. Шыла, Праці, XI, 199), рус. ба́бка (смал., гл. Мяркулава, Очерки, 177), польск. babka, babianka. Грыб названы так таму, што хутка старэе, робіцца мяккім (гл. Шыла, Праці, XI, 296; аналагічна Мяркулава, Очерки, 177, якая да гэтага прымае бел. і ўкр. уплыў на рус. мову). Параўн. таксама Махэк₂, 40.

Ба́бка5 ’сталёвая падстаўка, абушок, на якім клепюць касу’ (Нас., Касп., Шат., Бяльк., параўн. таксама Жд.). Рус. ба́бка, укр. ба́бка ’тс’ (ёсць і ў іншых слав. мовах, параўн., напр., чэш. babka, польск. babka ’тс’). Паводле Шулана, SSlav., 5, 159, славянскае ўтварэнне ад *baba, *babъka ’жанчына, бабуля’ (паводле падабенства да фігуры тоўстай бабы).

Ба́бка6 ’чыгунная балванка для забівання паляў’ (Бяльк.). Таго ж паходжання, што і ба́ба ’прылада забіваць палі’ (да baba, babъka ’жанчына’, гл. Шулан, SSlav., 5, 153–165, або асобай прасл. асновы. *bab‑, гл. пад баб-).

Ба́бка7 ’прылада гнуць дугі або палазы’ (Бяльк.). Як і іншыя назвы прылад і прадметаў, магчыма, да babъka ’баба, старая жанчына’ (параўн. іншыя назоўнікі на ба́ба, ба́бка). Аб магчымай матывацыі падрабязна гл. Шулан, SSlav., 5, 153–165. Параўн. і Махэк₂, 39–40; Брукнер, 9.

Ба́бка8 ’матыль, мятлік’ (Дразд.), ’лятаючыя насякомыя’ (Маш.). Рус. ба́бка ’матыль (таксама і іншыя насякомыя)’, укр. бабки ’матылі’. Для абазначэння насякомых гэта слова сустракаецца ў розных слав. мовах (падрабязна гл. Важны, O jménech, 86–87). Адносна магчымай матывацыі гл. ба́бачка. Але не выключаецца, што тут была і іншая матывацыя (параўн. пад ба́бка страказа’).

Ба́бка9страказа’ (Шат., Бяльк., Жд., Інстр. II, Інстр. лекс.). Укр. бабкастраказа’. У іншых слав. мовах babъka азначае розных насякомых (гл. пад ба́бачка, ба́бка ’матыль’). Ба́бкастраказа’ наўрад ці мае тую ж матывацыю, што і ба́бачка, ба́бка ’матыль’. Хутчэй за ўсё па форме (страказа мае тоненькае тулава і вялікую галаву з вялікімі вачамі) ад ба́ба ’жанчына’ ці асновы баб- (гл.). Будзішэўска (Słown., 315) памылкова сцвярджае, што слова ба́бкастраказа’ ў бел. мове няма.

Ба́бка10 ’косць нагі, сустаў (у жывёл)’. Ёсць і ў іншых слав. мовах: рус. бабка, укр. бабка ’тс’. Да ба́ба1 (гл.) або да асобай прасл. асновы bab‑ (гл. Попавіч, ЈФ, 19, 159–171). Аб сувязі з ба́ба, ба́бка ’жанчына’ падрабязна гл. Шулан, SSlav., 5, 153–165. Параўн. таксама Шанскі, 1, Б, 5.

Ба́бка11 ’карэнны зуб’ (Бяльк.). Мабыць, новаўтварэнне на абмежаванай тэрыторыі (ёсць яшчэ ў рус. мове: ба́бка ’карэнны задні зуб’, зах. і паўд.). Для матывацыі параўн. ба́бка ’костка нагі, сустаў’, ’невялікае кавадла’. Назва, напэўна, дадзена па форме зуба.

Ба́бка12 ’куліч, баба’ (БРС), ’салодкі пшанічны хлеб, які мае форму куліча’ (Сцяц., Нар.). Таго ж паходжання, што і ба́ба ’від ежы’ (гл.). Утварэнне, відаць, ад прасл. babъka, якое выступала паралельна да baba.

Ба́бка13 ’род ежы з дранай бульбы’ (БРС, Шат., Касп., Сцяшк., Лысенка, ССП, Малчанава, Мат. культ., Сцяц., Нар.). Таго ж паходжання, што і ба́ба, ба́бка ’від ежы’. Сцяц. (Нар., 34) лічыць, што бульбяная страва атрымала сваю назву ад хлебнага вырабу на аснове агульнасці формы.

Ба́бка14 ’ўкладка з 5, 10 або 15 снапоў’ (Нас., Касп., Шат., Бяльк., Лысенка, ССП, Выг. дыс., ДАБМ, 874). Рус. ба́ба, ба́бка ’тс’. Магчыма, да ба́ба, ба́бка ’жанчына’ (метафарычна «вялікія, круглыя прадметы»). Аб матывацыі падрабязна гл. Шулан, SSlav., 5, 153–165. Аднак не выключаецца, што ёсць сувязь з (а)ба́бак ’ахапак ільну, мэндлік’, г. зн. аддзеяслоўнае паходжанне слова (гл. ба́бак).

Ба́бка15 ’вузенькі раменьчык, які звязвае дзве асноўныя часткі цэпа’ (палес., Выг. дыс.). Утварэнне, не вельмі зразумелае з семантычнага боку. Аднак, бясспрэчна, ёсць сувязь з назвамі розных прадметаў, утвораных ад ба́ба, ба́бка ’старая жанчына’ або ад асновы баб- (гл.). Хутчэй за ўсё назва, перанесеная па функцыі з нейкага іншага прадмета. Можа, спачатку ’пяцелька’ (’круглае’)? Параўн. рус. ба́бка ’пяцелька, засцежка’.

Ба́бка16 ’частка прыпеку, куды выграбаюць попел, вуголле’ (Інстр. I). Сувязь з ба́бка, што азначае розныя прадметы, бясспрэчна, але семантычная матывацыя застаецца няяснай. Падобныя назвы ёсць і ў іншых славян. Параўн. рус. ба́бка ’месца на прыпеку рускай печы, куды выграбаюць гарачае вуголле’, бабу́рка ’тс’, польск. babica, babka ’частка печы’, baba ’адтуліна ў прыпечку для вуголля’.

Ба́бка17 ’расліна Polygonum bistorta L., драсён змяіны’ (Кіс.), іншая яго назва багародзічнік. Параўн. таксама гарчак бабʼі ’Polygonum hydropiper L.’ (Кіс.). Матывацыя назвы няясная. Магчыма, ад пірамідальнай формы.

Ба́бка18 ’ёрш, Acerina cernua’ (Маш.). Параўн. іншыя назвы рыб: баба-рыба, бабу́р, бабура, бачурка. Здаецца, на ярша назва была перанесеная з іншай, галавастай рыбы (падкаменшчыка?). Аб матывах перанясення гл. думку А. А. Крывіцкага (пад бабу́р).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Руса́лка1 ’міфалагічны вобраз усходнеславянскіх народаў у выглядзе жанчыны з доўгімі распушчанымі валасамі, якая жыве ў вадзе або жыце’ (ТСБМ), ’жанчына, што ходзіць з непрыбранымі валасамі’, руса́ўка ’тс’ (ТС). Укр. руса́лкама́вка), рус. руса́лка, польск. rusałka, чэш., славац. rusalka, славен. rusalkavila), серб.-харв. ру́са̄лкавила), балг. руса́лкави́ла, самоди́ва). Этымалогія цьмяная ў сувязі з налажэннем розных паняццяў і семантычнымі зменамі. Першаснай формай трэба прызнаць руса́ўка і значэнне ’жанчына, што ходзіць з непрыбранымі валасамі’, якія суадносяцца з ру́савы дзед (гл.). Форма руса́лка другасная, узнікла пры дапамозе субстантывуючага суфікса ‑ка ад руса́льны (дзень, тыдзень), параўн.: Русалка — дэнь такый (драг., Талстая, Полес., 214), прыметніка, утворанага ад русаллі (гл.). У далейшым назва міфалагізавалася і была перанесена на паганскія персанажы, што сімвалізавалі ахоўную функцыю (Той русаўкой пужалі дзецей, шчоб не ходзілі по жыці, ТС, 4, 336). Гл. Цыхун, БЛ, 57, 120.

Руса́лка2страказа’ (гом., Арх. ГУ), параўн. балг. руса́лка ’матылёк падзёнка, Ephemera vulgata’. Перанос назвы русалка1 на насякомых, звязаных з вадой, па знешняму выгляду (“бухматасць”) і перыяду з’яўлення, блізкім да свята Тройцы. Мяркуецца, што яны сімвалізавалі душы памерлых продкаў, гл. Пічхадзэ, Новое в рус. этим., 201.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стрыга (striha) ‘страшыдла, ведзьма; чараўніца’ (Кольб., Доўн.-Зап. 2), ‘персанаж у гульні’, стры́га‑мары́га ‘тс’ (КСТ). Відаць, сюды ж дзіцячая дражнілка стры́га ‘коратка пастрыжаны хлопец або дзяўчына’ (ТС), стры́жка ‘тс’ (Бяльк.), стры́жачка ‘кароткавалосая дзяўчына ’ (Ян.), а таксама стры́жка, стры́шкастраказа’ (навагр., Нар. сл.); дзяцей палохаюць стрышкай, кажуць: “Хавайся, а то стрышка апстрыжэ” (Жд. 1). Параўн. укр. стри́ганец, стрижо́к ‘саранча, Locusta L.’, польск. strzyga ‘міфічны персанаж; чараўніца’, ‘здань у абліччы жанчыны’, strzygoń ‘вупыр’, чэш., славац. stríga ‘чараўніца, ведзьма’, ‘начны матыль’, серб.-харв. штри̏га ‘ведзьма’, ‘начны матыль’ (HJ, н. с., 4, 9–10), ‘груба абстрыжаны ножніцамі’, харв. дыял. striga, štrȉga ‘сараканожка’, славен. striga ‘тс’. Лічыцца запазычаннем з с.-лац. strìga ‘ведзьма’, што паходзіць з лац. strix, strigis ‘сава’, таму што чараўніца паказвалася ў абліччы савы і высмоктвала дзіцячую кроў (Брукнер, 523). Борысь (584) мяркуе, што крыніцай запазычання магла быць і адпаведная раманская форма, напрыклад, венец. striga. Паводле Махэка₂ (582), слова трапіла да славян з румынскай з валахамі-пастухамі. Несумненны ўплыў дзеяслова *strigti (гл. стрыгчы), а таксама ўяўленняў пра насякомых як пераўвасабленняў злых істот, параўн. Важны, O jménech, 89; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 346; Гура, Слав. др., 3, 370–371. Магчыма, звязана з дзеясловамі з коранем *strig‑, што абазначаюць хуткія і рэзкія рухі, гл. стрыгуць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

паві́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. павіс, ‑ла і павіснуў, ‑нула; зак.

1. Зачапіўшыся за што‑н., застацца вісець, утрымлівацца на чым‑н. Павіс снег на галінах. Павіслі слёзы на вейках. □ Ад сасны адламалася вялікая галіна і павісла над галовамі. Шамякін. Нарэшце.. [чалавек] ухапіўся рукамі за апошні сук, павіснуў на момант і тады ўжо скокнуў на зямлю. Чыгрынаў. // Абаперціся на каго‑н. усім цяжарам. Лёдзя шчыльней прыхінулася да брата і амаль павісла ў яго на руцэ. Карпаў.

2. Абвіснуць; апусціцца. Павіслі галіны да зямлі. □ Міхась пабялеў.. Чуб яго смешна павіс на правае вуха. Чарнышэвіч. Капітан глядзеў на профіль Колі, у якога над невялікім носам павіс казырок кепкі. Пестрак.

3. Стварыць уражанне чаго‑н. завіслага або нерухомага ў паветры. Павіслі туманы. □ Сіняя страказа, што сядзела на гарлачыку, успырхнула, павісла над вадой. Хомчанка. / Пра нябесныя свяцілы. Над далёкім борам павісла вялікае чырвонае сонца. Грахоўскі. Залатымі яблыкамі павіслі над галавою зоры. Нікановіч. / Пра гукі, пахі. Над вёскай павісла цішыня, толькі на далёкім жытнім палетку перагукваліся перапёлкі. Чарнышэвіч. // перан. Пра якія‑н. пачуцці, прадчуванні. Ужо два тыдні як над сялом павіс нейкі страх і трывога. Колас.

4. Выступіць, навіснуць над чым‑н. Скала павісла над морам. // Нахіліўшыся над чым‑н., звесіцца. Якуб Сегень павіс тварам цераз трыбунныя балясы над натоўпам, каб прывітаць усіх ад імя калгаснікаў. Чорны. // Вісець, будучы прычэпленым, прымацаваным да чаго‑н. Нерухома павіслі пустыя каўшы. Карпаў. Адзін самалёт цягнуў на правым крыле доўгую чорную пасму дыму. Неўзабаве з яго выкінуліся і павіслі на парашутах чорныя кропкі. Паўлаў.

•••

Павіснуць у паветры — застацца нявырашаным.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стрэ́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

1. Вузкая і тонкая пласцінка з завостраным канцом, якая паварочваецца на восі і паказвае час, напрамак і пад. у розных вымяральных прыборах. Гадзіннікавая стрэлка. Стрэлкі компаса. □ Стрэлка манометра пасоўвалаа ўправа, набліжаючыся да чырвонай рыскі. Васілёнак. Стрэлкі прыбораў іскрыліся, паказвалі зададзеную вышыню, а хуткасць перайшла лічбу, якую назваў капітан. Алешка.

2. Знак для ўказання напрамку ў выглядзе лініі, ад канца якой пад вострым вуглом адходзяць дзве кароценькія рыскі. Стрэлкі руху ветру. □ На ўсё былі таблічкі, адмысловыя стрэлкі з надпісамі: да кіпятку трыццаць... дваццаць... дзесяць метраў. Лынькоў. // Узор, рысунак такой формы. Панчохі са стрэлкамі. / Пра бровы, вусы і пад. Стрэлкі густых, прыгожых брывоў [жанчыны] ўзлятаюць угору. Навуменка.

3. Прыстасаванне на рэйкавых пуцях для пераводу рухомага саставу з аднаго пуці на другі. Цягнік выкіраваўся за стрэлкі і пачаў набіраць хуткасць. С. Александровіч. Міколка прыслухоўваўся, як прабягаў з шумам і грукатам.. пастукваючы на стрэлках, цягнік. Лынькоў.

4. Вузкі і доўгі выступ сушы; пясчаная каса. Дзве доўгія стрэлкі прычалаў уразаліся далёка ў заліў. Шамякін.

5. Бязлістае тонкае сцябло расліны з суквеццем наверсе. Бульба прарастала з-пад падрубы пограба, гнала на двор бледна-ружовыя кволыя стрэлкі. М. Стральцоў. Калі з’явіцца кветкавая стрэлка, зямлю багата наліваюць. «Беларусь». // Вузкі, доўгі парастак, ліст расліны. Стрэлкі цыбулі.

6. толькі мн. (стрэ́лкі, ‑лак). Травяністая расліна сямейства крыжакветных з маленькімі белымі кветачкамі і стручкамі ў форме сумачкі.

7. Абл. Страказа. У паветры купаліся блакітныя са слюдзянымі крыльцамі стрэлкі. Сачанка.

•••

Магнітная стрэлка — тонкі магніт у выглядзе выцягнутага ромба, які рухаецца вакол вертыкальнай восі компаса і заўсёды павернуты адным канцом на поўнач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Страла́1 ‘тонкі прут для стральбы з лука’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Бяльк., Янк. 2), ‘журавель, доўгае бервяно ў калодзежы’ (Некр., Жд. 2, Янк. 2), ‘саха ў студні з жураўлём’ (ДАБМ, камент., 808), ‘пярун, маланка’ (ТС), ‘крэмневы завостраны цыліндрык’ (ТС, Маш.), ‘белемніт’, ‘выкапнёвая каменная сякерка’ (Машынскі, Atlas): перуно́вая стрэла́ ‘тс’ (Пятк. 2), ‘стрэлка ў гадзінніку’ (Сцяшк.), ‘бязлістае тонкае сцябло расліны з суквеццем наверсе’ (ТСБМ), памянш. стрэ́лка (гл.). Параўн. укр. стріла́, рус. стрела́, стараж.-рус. стрѣла, польск. strzała, в.-луж. třěła ‘снарад’, н.-луж. stśěła ‘прамень’, чэш. střela ‘страла, маланка’, славац. strela ‘снарад’, серб.-харв. стријѐла, славен. stréla, балг. стрела́ ‘страла, маланка’, макед. стрела ‘страла’, ст.-слав. стрѣла ‘страла’, дыял. (салун.) strʼälá ‘гром’. Прасл. *strěla, дэрыват ад незасведчанага і.-е. дзеяслова (Шустар-Шэўц, 1368). Борысь (583) следам за Покарным (1028) мяркуе, што слова з’яўляецца вытворным ад і.-е. кораня *ster‑, які ў распасцерці (гл.). Роднасныя лат. stręlā ‘страла, кідальны снарад, паласа, струмень’, літ. strėlà ‘страла’, ст.-в.-ням. strâl(a) ‘страла, маланка’, ням. Strahl ‘прамень’, на падставе якіх Борысь (там жа) узнаўляе слав.-балта-герм. праформу *strē‑lā. Махэк₂ (586) лічыць усе гэтыя словы запазычаннем з “праеўрапейскага субстрата”. Гл. таксама Глухак, 589; Бязлай, 3, 326.

Страла́2страказа’ (лудз., Сл. ПЗБ), стрэ́лка ‘тс’ (Некр. і Байк., Касп.; в.-дзв., смарг., паст., рас., даўг., Сл. ПЗБ). Да страла1, стрэлка2 (гл.). Назва па доўгім, выцягнутым брушку. Параўн. рус. дыял. стре́лка ‘тс’.

Страла́3 ‘карагод’ (Нар. Гом.). Ад назвы абрада “ваджэнне і пахаванне стралы”, відаць, да страла1 (гл.). Аб семантыцы абрада гл. Барташэвіч, Бел. фальк., 2, 563–565.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

НАСЯКО́МЫЯ (Insecta, або Hexapoda),

надклас (клас) беспазваночных жывёл тыпу членістаногіх. Найбуйнейшая група жывёл (больш за 1 млн. відаў, каля 70% ад агульнай колькасці відаў). Вядомы з сярэдняга дэвону (каля 380 млн. гадоў назад). Пашыраны ўсюды, большасць наземныя, жывуць таксама ў вадаёмах, глебе, інш. арганізмах, арган. рэштках. 2 класы (падкласы): скрытнасківічныя (Entognatha) і адкрытасківічныя (Ectognatha). Клас скрытнасківічных уключае падкласы (атр.): бязвусікавыя насякомыя, двуххвосткі і нагахвосткі; адкрытасківічных — шчацінахвостак і вышэйшых, або крылатых, Н. (Pterygota, каля 30 атр.), якіх падзяляюць на 2 групы: з няпоўным і поўным ператварэннем. У групу з няпоўным ператварэннем уваходзяць атр.: аўсянікі, багамолы, вошы, вяснянкі, клапы, палачнікі, пузыраногія, пухаеды, раўнакрылыя хобатныя, сенаеды, скурыстакрылыя, стракозы, тараканавыя, тэрміты, эмбіі, гемімерыды, грылаблатыды, зараптары, прамакрылыя; у групу з поўным ператварэннем — блохі, вееракрылыя, віслакрылыя, вярблюдкі, двухкрылыя, жукі, матылі, перапончатакрылыя, сеткакрылыя, скарпіёнавы мухі, шыцікі. На Беларусі больш за 30 тыс. відаў з 26 атр. (найб.: блохі, двухкрылыя, жукі, клапы, матылі, перапончатакрылыя, пузыраногія, раўнакрылыя хобатныя, стракозы, шыцікі). У Чырв. кнізе Беларусі 79 відаў з 16 атрадаў.

Даўж. ад 0,2 мм (наезнікі-яйцаеды) да 33 см (трапічныя палачнікі). Цела членістае, укрыта кутыкулай (утварае вонкавы шкілет) і адчувальнымі ўтварэннямі — сэнсіламі; падзелена на галаву, грудзі і брушка. Галава нясе ротавыя органы (грызучага, сысучага, колюча-сысучага або ліжучага тыпу), простыя і пару складаных (фасетачных) вачэй, пару вусікаў — антэн. Грудзі з 3 членікаў (пярэдня-, сярэдня- і заднягрудзі), якія нясуць па пары членістых ног і ў большасці відаў 1—2 пары перапончатых крылаў (на сярэдне- і заднегрудзях). Брушка з некалькіх (да 11) сегментаў, у многіх Н. мае канцавыя прыдаткі (джалы, яйцаклады, цэркі). Поласць цела другасная. Будова органаў стрававання залежыць ад тыпу корму. Крывяносная сістэма незамкнёная, рух крыві (гемалімфы) забяспечваецца пульсуючым аддзелам спіннога сасуда — сэрцам. Органы дыхання — сістэма трубачак (трахей), праз якія паветра непасрэдна дасягае тканак і клетак цела, у водных лічынак — шчэлепы. Развіты эндакрынныя, пахучыя, слінныя, воска- і шоўкааддзяляльныя, ядавітыя і інш. залозы. Выдзяляльная сістэма прадстаўлена мальпігіевымі сасудамі, ц. н. с.т.зв. галаўным мозгам, падглотачным гангліем і брушным ланцужком тулаўных гангліяў. Валодаюць зрокам, нюхам, слыхам, дотыкам, смакам і гігратэрмічным пачуццем. Паводзіны разнастайныя і складаныя. Большасць Н. раздзельнаполыя, з выяўленым палавым дымарфізмам. Развіццё з метамарфозам — няпоўным (уключае 3 стадыі: яйцо, лічынка, або німфа, і дарослае Н., або імага) ці поўным (паміж лічынкай і імага — стадыя кукалкі).

Н. ўдзельнічаюць у кругавароце рэчываў у біясферы (выкарыстоўваюць разнастайныя кармы і самі з’яўляюцца кормам для многіх арганізмаў, выконваюць сан. функцыю), у глебаўтварэнні, апыляюць расліны. Многія Н. — шкоднікі раслін (гл. Шкоднікі збожжа і збожжапрадуктаў, Шкоднікі лесу, Шкоднікі сельскагаспадарчых культур), паразіты жывёл і чалавека, пераносчыкі ўзбуджальнікаў хвароб (напр., крывасмокі). Некат Н. выкарыстоўваюць для атрымання харч., лек. рэчываў, тэхн. сыравіны (напр., пчол, шаўкапрадаў), у біял. ахове с.-г. і лясных раслін (напр., божых каровак, жужаляў, наезнікаў). Вывучае Н. энтамалогія.

Літ.:

Яхонтов В.В. Экология насекомых. 2 изд. М., 1969;

Бей-Биенко Г.Я. Общая энтомология. 3 изд. М., 1980;

Фабр П.Ж.А. Инстинкт и нравы насекомых: Пер. с фр. Т. 1—2. М., 1993;

Жизнь животных. Т. 3. 2 изд. М., 1984.

А.М.Петрыкаў.

Да арт. Насякомыя: 1 — нагахвостка паранана; 2 — шчацінахвостка тармобія хатняя; 3 — багамол звычайны; 4 — клоп шчаўевы; 5 — конік пеўчы; 6 — гладыш звычайны; 7 — цыкада ліхтарніца кітайская; 8 — слонік-зелянушка; 9 — страказа пляскатая; 10 — матыль еўрытыдас; 11 — амафіла пясчаная; 12 — муха палявая; 13 — сколія-гігант.

т. 11, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)