пяро́, а́; мн. пёры (з ліч. 2, 3, 4 пяры́), пёраў; н.

1. Рагавы стрыжань з пушыстымі адросткамі па баках, які вырастае на скуры птушак. Страусавае пяро. □ Ляцелі жураўлі ад цёплых плёсаў, Ганяючы то крыкі, то пяро. Пысін.

2. Металічная выгнутая пласцінка з расшчэпленым канцом для пісання чарнілам, тушшу. Стальное пяро. Чарцёжнае пяро. Нотнае пяро. Плакатнае пяро. □ Я рашуча адсунуў ад сябе сшытак, паклаў пяро і ўстаў з-за стала. В. Вольскі. // Завостранае вялікае птушынае пяро, якое ўжывалася для пісання чарнілам да паяўлення металічных пёраў. Гусінае пяро. □ Пяро, якім мы пішам, атрымала сваю назву ад птушынага пяра, якое ўжывалася ў свой час у якасці прылады для пісьмо. Юргелевіч.

3. перан.; толькі адз. Ужываецца як сімвал працы пісьменніка, яго прафесіі. Першыя спробы пяра маладога паэта [А. Александровіча] вельмі прыхільна былі сустрэты гурткоўцамі. Хведаровіч.

4. Разм. Зялёны ліст цыбулі ці часнаку.

5. Спец. Лопасць у розных інструментах, прыладах і пад. Пяро руля.

•••

Вечнае пяро — тое, што і аўтаручка.

Адным росчыркам пяра гл. росчырк.

Валодаць пяром гл. валодаць.

Выйсці з-пад пяра гл. выйсці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пяро́, мн. пёры ср., в разн. знач. перо́;

стра́усавае п. — стра́усовое перо́;

п. руля́ — перо́ руля́;

ве́чнае п. — ве́чное перо́;

вага́ пяра́спорт. вес пера́;

адны́м ро́счыркам пяра́ — одни́м ро́счерком пера́;

бо́йкае п. — бо́йкое перо́;

во́страе п.о́строе перо́;

про́ба пяра́ — про́ба пера́;

вало́даць пяро́м — владе́ть перо́м;

вы́йсці з-пад пяра́ — вы́йти из-под пера́;

разбо́йнікі пяра́презр. разбо́йники пера́;

што напі́сана пяро́м, таго́ не вы́рубіш (вы́сечаш) тапаро́мпосл. что напи́сано перо́м, того́ не вы́рубишь топоро́м

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Калодачкі ’пянёўе ў птушак пасля лінькі’ (лід., Сл. паўн.-зах.). Абмежаваныя звесткі аб гэтым слове ў крыніцах па беларускай мове не адлюстроўваюць сапраўднай карціны пашырэння слова. Укр. зах. в колодочки вбиватись (пра куранят), колодка ’першыя пёры маладой птушкі’, рус. колодка пера, ст.-рус. з XVII ст. колодка (у гусінага пяра). З іншых слав. моў можна прывесці чэш. мар. kladka ’тс’. Магчыма, сюды адносіцца і польск. kodłuch, зафіксаванае аднойчы ў ст.-польск. мове XVI ст. (у тэксце пра гусінае пер’е і пер’е як пісьмовыя прылады), дыял. в.-польск. kodłuch і kvoduch, сілез. kvoduch, koduch, kotuch, гл. Слаўскі, 2, 326–327. Відавочныя дэрываты ад kolda ’бервяно’; матывацыя назвы не зусім ясная. Паводле Слаўската (там жа), дакладная семантычная паралель да гэтых утварэнняў — pieniek pióra, аднак, калі гэта разумець літаральна, нельга не ўбачыць, што kolda ’пень’ зафіксавана амаль што выпадкова толькі ў некаторых гаворках, а супадзенне значэння пачынаецца, галоўным чынам, у межах другаснай семантыкі (тыпу ’аснова, галоўная частка і да т. п.’). Пры апошнім разуменні прапанаваную Слаўскім паралель можна прыняць, але неабходна адзначыць, што сама па сабе гэта частка пяра з’яўляецца нейкім аналагам ніжняй часткі дрэва без галін і сукоў. Да семантыкі вышэй прыведзеных фактаў параўн. яшчэ і пень, пні ’рэшткі пер’я ў ашчыпаных птушак’, не выключана, што гэта значэнне сведчыць на карысць неабходнасці размежавання значэння ’пень пяра’ і ’ніжняя частка пяра’, якая з’яўляецца трубчастай. Апошняе нагадвае семантыку тур. лексемы калода ў дачыненні да трубкі (сцябліны) збожжавых, магчыма, тут рэалізавана семантыка «пустаты», якая праглядваецца ў шэрагу фактаў (параўн. калода10). Цікава, што магчымая двухсэнсоўнасць паходжання назіраецца і ў выпадку з назвай ступіцы кола, для якой апрача назвы калодка ёсць сінонім трубка (у бел. мове), аднак рус. (зах. паводле Даля) колода мае сінонім маточина з адпаведнай семантыкай (’аснова’ і да т. п.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

перо́ в разн. знач. пяро́, -ра́ ср., мн. пёры, -раў, собир. пе́р’е, -р’я ср.;

стра́усовое перо́ стра́усавае пяро́;

перо́ руля́ пяро́ руля́;

торго́вля перо́м и пухо́м га́ндаль пе́р’ем і пу́хам;

ве́чное перо́ ве́чнае пяро́;

про́ба пера́ спро́ба пяра́;

о́строе перо́ во́страе пяро́;

одни́м ро́счерком пера́ адны́м ро́счыркам пяра́;

взя́ться за перо́ узя́цца за пяро́;

что напи́сано перо́м, того́ не вы́рубишь топоро́м посл. сло́ва — ве́цер, а пісьмо́ — грунт; што напіса́на пяро́м, не вы́сечаш і сяке́рай;

ни пу́ха, ни пера́ лаўцу́ з аўцу́; дай, бо́жа, каб было́ ўсё го́жа.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ПТУ́ШКІ (Aves),

клас пазваночных жывёл; наземныя двухногія яйцародныя амніёты, прыстасаваныя да палёту. 2 падкл.: яшчарахвостыя П. (гл. Археаптэрыкс) і веерахвостыя П., або новыя (сапраўдныя). 34 атр., у т. л. 28 сучасных, каля 9 тыс. відаў. Продкамі П. лічаць стараж. (трыясавых) паўзуноў атр. псеўдазухій. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 19 атр., 307 відаў, з якіх гняздуюцца 226, сустракаюцца ў час міграцыі 26, зімуюць 11, вядомы як выпадкова залётныя 37; 75 занесены ў Чырв. кнігу. Большасць відаў арнітафауны належыць да атр. вераб’інападобных.

Памеры ад 5,5 см, масай 2 г (калібры) да больш як 2,5 м, масай да 150 кг (страус); размах крылаў да 4 м (альбатрос). Цела абцякальнай формы, укрытае пер’ем, пярэднія канечнасці ператвораны ў крылы. Шкілет лёгкі і трывалы (за кошт злучэння ці зрашчэння тонкіх пнеўматычных касцей). Грудзіна мае кіль (у бегаючых птушак адсутнічае) для прымацавання развітай лятальнай мускулатуры (у некат. відаў дасягае 50% масы цела). Шыйны аддзел з 11—25 пазванкоў, вельмі рухомы. Сістэма паветраных мяшкоў павялічвае газаабмен, забяспечвае тэрмарэгуляцыю, дазваляе змяняць шчыльнасць цела пры ныранні (у вадаплаўных П.). Скура без залоз (за выключэннем копчыкавай, якая выдзяляе сакрэт для змазкі апярэння). Пёры маюць розную будову (ніткападобныя, шчацінкі, пуховыя, контурныя) і функцыі (датыкальнага адчування, тэрмарэгуляцыі, спрыяюць абцякальнасці і ўзнікненню пад’ёмнай сілы пры палёце, ахоўваюць цела ад мех. пашкоджанняў). Дзюба (відазмененая сківіца без зубоў) пакрыта рагавым чахлом. У многіх відаў ёсць валлё. Страўнік падзелены на залозісты і мускульны (для мех. перацірання корму) аддзелы, кішэчнік доўгі. Задняя кішка і мачавы пузыр адсутнічаюць. Стрававальны тракт, мачаточнік і пратокі палавых залоз адкрываюцца ў клааку. Сэрца 4-камернае (у дробных відаў П. скарачаецца да I тыс. разоў за мінуту). Т-ра цела пастаянная, высокая (37,5—45,5 °C), абмен рэчываў інтэнсіўны, патрэбнасці ў корме вялікія (да 28% ад масы цела за дзень). Маюць вострыя каляровы зрок і слых, здольныя выдаваць разнастайныя гукі. Галаўны мозг з развітымі зрокавымі долямі і мазжачком забяспечвае высокі ўзровень нерв. дзейнасці і складаны тып паводзін. Размнажэнне цыклічнае, звязанае з сезонным развіццём палавых залоз. У час гнездавання могуць утвараць птушыныя базары. Апладненне ўнутранае, нясуць яйцы (ад 1 да 25). Па характары постэмбрыянальнага развіцця адрозніваюць вывадкавых птушак, паўвывадкавых птушак і птушанятных птушак. Жывуць асела, вандруюць або мігрыруюць (гл. Міграцыя жывёл, Кальцаванне птушак). Некат. пералётныя птушкі зімуюць на тэр. Беларусі, напр.: гракі, дразды, часам шпакі, крыжанкі, чыркі і інш. Шэраг відаў свойскіх і дэкаратыўных птушак, многія — аб’екты палявання (гл. Паляўнічыя жывёлы), некат. (арлы, сокалы, ястрабы) палююць на інш. жывёл. З пач. 16 ст. вымерла ці знішчана каля 170 відаў П. Адыгрываюць важную ролю ў харч. ланцугах біяцэнозаў, падтрымцы біял. разнастайнасці. Маюць вял. навук., гасп. і эстэт. значэнне. Існуе Міжнародны савет аховы птушак. Вывучае П. арніталогія.

Літ.:

Ильичев В.Д., Карташев Н.Н., Шилов И.А. Общая орнитология. М., 1982;

Никифоров М.Е., Яминский Б.В., Шкляров Л.П. Птицы Белоруссии. Мн., 1989;

Птицы Беларуси на рубеже XXI в. Мн., 1997;

Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік: Пер. з пол. Варшава, 2000.

Э.​Р.​Самусенка, І.​Э.​Самусенка.

Птушкі: 1 — адбітак археаптэрыкса; 2 — калібры вымпелахвостая; 3 — драфа гіганцкая; 4 — паморнік даўгахвосты; 5 — сокал балабан; 6 — зязюля малая; 7 — трагон ашыйнікавы; 8 — баклан чырванатвары; 9 — буравеснік вялікі стракататвары; 10 — гагара белашыйная.

т. 13, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)