«КІТА́ЎРАС»,
«Гіпацэнтаўр», прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся больш як 30 родаў Беларусі і Літвы, у т. л. Дуброўніцкія, Гальшанскія, Гарнастаі, Стравінскія. На сярэбраным полі выява сярэбранага кентаўра, які страляе з лука, замест хваста ў яго змяя. Клейнод шляхецкага варыянта герба — над прылбіцай з каронай тры страусавыя пёры. У ВКЛ выявы кентаўра вядомы на пячатках князя С.І.Гальшанскага пры дакументах 1388, 1431, 1433. З гэтага часу выява кентаўра ператварылася ў герб «К.» спачатку роду Гальшанскіх, потым і інш. Паводле легенды 16 ст., герб належаў Даўспрунку, які ў часы рымскага імператара Нерона разам з Палемонам і інш. перасяліўся з Італіі ў Літву. Нашчадкамі Даўспрунка лічыліся вял. князь ВКЛ Трайдзень і яго нашчадкі, т. зв. дынастыя Кітаўрасаў. Паводле летапісаў, князь Нарымонт з роду Кітаўрасаў, калі быў вял. князем ВКЛ, адмовіўся ад уласнага герба «К.» і прыняў «Пагоню», якая стала гербам дзяржавы. Як геральдычная фігура кентаўр сустракаецца на стараж.-рус. пячатках і манетах 14—16 ст.
В.С.Пазднякоў.
т. 8, с. 312
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)