ЧА́ПЛІ,

птушкі сям. чаплевых атр. буслападобных. 3 роды (Ardea, Egretta, Bubulcus), 24 віды. Пашыраны ва ўмеранай, субтрапічнай і трапічнай абласцях. Жывуць каля вадаёмаў. На Беларусі 5 відаў Ч.: белая вялікая (E. alba), рыжая (A. purpurea), занесеныя ў Чырв. кнігу; белая малая (E. garzetta), егіпецкая (B. ibis) — выпадкова залётныя віды; шэрая (A. cinerea) — пашыраны від, нар. назва каня, валяваха. Ч. жаўтадзюбая (E. eulophotes) жыве ў Карэі, Кітаі, магчыма, у Прымор’і, занесена ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. цела каля 1 м, маса да 2,3 кг (Ч. шэрая). Апярэнне шэрае, чыста белае, чорнае, жоўтае, цёмна-рыжае або каштанавае. На патыліцы невял. чубок, знізу шыі пёры звісаюць грывай. Ад ніжняй ч. спіны адыходзяць 2 пучкі рассуканых пёраў (эгрэтак), якія закрываюць хвост. Hori і шыя доўгія. Дзюба прамая, вострая, доўгая. Нясуць 3—8 яец.

Кормяцца буйн. насякомымі і іх лічынкамі, дробнымі млекакормячымі, рыбай, жабамі, паўзунамі.

Э.​Р.​Самусенка.

Чаплі: 1 — вялікая белая; 2 — малая белая; 3 — рыжая; 4 — шэрая.

т. 17, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)