сямейства пеўчых вераб’іных птушак атр. вераб’інападобных. 5 падсям., 82 роды, каля 360 відаў. Пашыраны ў Аўстраліі, Афрыцы, Еўразіі, акрамя пустынь і тундры. На Беларусі 4 віды: мухалоўка-белашыйка (Ficedula albicollis); мухалоўка малая, або лоцманчык (F. parva); мухалоўка-стракатка (F. hypoleuca) і мухалоўка шэрая (Muscicapa striata). Жывуць пераважна ў разрэджаных лясах, парках, садах, гняздуюцца на дрэвах, кустах, некат. — у дуплах. Пералётныя, 2 віды ў Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. да 23 см, маса да 30 г. Апярэнне розных колераў; у некат. М. існуе палавы дымарфізм. У асобных відаў сярэднія рулявыя пёры хваста вельмі доўгія. Дзюба шырокая, плоская, са шчацінкамі па краях рота. Кормяцца насякомымі (пераважна мухамі, адсюль назва), інш. дробнымі беспазваночнымі. Манагамы. Нясуць да 10 яец.
Э.Р.Самусенка.
Да арт.Мухалоўкавыя. Мухалоўкі: 1 — малая; 2 — шэрая, 3 — белашыйка; 4 — стракатка (а — самец, б — самка).