Су- — прыстаўка. Пры ўтварэнні іменных часцін мовы абазначае сумеснасць, саўдзел (субясе́днік, сунайма́льнік), сукупнасць, зборнасць (сузо́р’е, сукве́цце), падабенства ці няпоўную адпаведнасць у адносінах да прадмета або з’явы, выражанай у асноўвай частцы слова (сугле́й, суглі́нак, супе́сак), суадноснасць пэўнай якасці паміж прадметамі (сугу́чны, суразме́рны), збліжэнне, супадзенне ў прасторы або ў часе (суча́сны, суме́жны), унутранае адзінства чаго-небудзь (суцэ́льны); пры ўтварэнні дзеясловаў абазначае сумеснасць, суправаджэнне або ўстанаўленне суадносін паміж чым-небудзь (суіснава́ць, сумясці́ць). Прыіменная прыстаўка; у некаторых славянскіх мовах вельмі рана пачала змешвацца з прэфіксам *sъ‑ (гл. с‑, са‑, з‑), параўн. укр., рус. су‑, со‑, польск. są‑, ст.-чэш. sú‑, чэш. sou‑, славац. su‑, в.-луж., н.-луж. su‑, славен. so‑, серб.-харв. су‑, са‑, балг. су‑, съ‑, макед. са‑, со‑, ст.-слав. сѫ‑, соу‑ (сѫпрѫгъ, сѫсѣдъ, соумракъ). Прасл. sǫ‑ этымалагічна адпавядае прыстаўцы *sъn‑ або *sъ‑ у дзеясловах (гл. з‑). Праславянскае з першаснага *som‑, роднаснае ст.-прус. san‑ — прыстаўка пры назоўніках, sen — прыназоўнік, літ. sán‑/sam‑, są‑, гоц. sama‑, ст.-інд. sam‑, sa‑, авест. ham‑, ha‑, арм. ham‑. Гл. ESSJ SG, 1, 240; 254–255; Фасмер, 3, 791 з літ-рай; Бязлай, 3, 281; Борысь, 539; Махэк₂, 534; ЕСУМ, 5, 461. Пазней су‑ з дзеясловаў, утвораных ад назоўнікаў з прыстаўкай су‑ тыпу суседзіць < сусед, распаўсюдзілася на іншыя дзеясловы і зрабілася словаўтваральнай дзеяслоўнай прыстаўкай; гл. Борысь, Prefiks., 146–148. Заўважна тэндэнцыя пашырэння прыстсу‑ ў запазычаннях з рускай мовы замест прыстса‑ са значэннем сумеснасці, якія ўспрымаюцца як калькі-пераклады з рускай мовы (Садоўскі, Беларусіка, 19, 231).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́шасць, по́шусьць, по́шысьць, по́шэсць, по́шась ’хвароба, эпідэмія, зараза’, ’насланнё’, ’падзеж жывёлы’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк. МГ, Гарэц., Чач., Клім., Яруш.; нараўл., лельч., Арх. ГУ; Шат., Касп.; ваўк., Сл. ПЗБ; Мат. Маг., ТС, Бяльк.), ’парша’ (іўеў., Сл. ПЗБ), по́шліна ’пошасць’ (віл., Сл. ПЗБ), по́шарсць ’пошасць’ (Бяльк.). Укр. по́шесть, по́шерсть, рус. пск. по́шесть, польск. posześć, каш. poszedło ’эпідэмія’, чэш. pošlý ’здохлы’, славен. pošȃst ’здань, пачвара, шкодныя насякомыя’, харв. кайк. pȍšāst ’эпідэмія, чума’, ’дух, здань’. Прасл. *pošьstь ад по- (*po‑) і *šьd‑ (> бел. ішо́ў у гл. хадзіць; стараж.-рус. пошестиѥ ’рух’, ’імкненне’) паводле семантычнай мадэлі ’рух’ > ’эпідэмія’, тыповай для назваў эпідэмій у славянскіх мовах, параўн. рус. дыял. пове́трие, поша́ва, поша́тка. У гэтай групе шырока прадстаўлены прыстпо- са значэннем пачатку дзеяння. Сюды ж по́шлінь ’пошасць’ (Юрч. СНЛ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сусе́д ’чалавек, які жыве паблізу, побач або займае бліжэйшае месца’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Ласт., Касп., Некр. і Байк., Бяльк., Шат., Сл. ПЗБ, ТС, Растарг.), сусе́дзь ’тс’ (Ян.), сасе́д, сасе́дзь ’тс’ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. сусѣдъ ’тс’ (Карскі 1, 122), сусѣда ’тс’ (Альтбаўэр). Укр. сусі́д(а), рус. сосе́д, дыял. сусе́д, ст.-рус. сусѣдъ, польск. sąsiad, в.-луж. susod, н.-луж. sused, чэш. soused, славац. súsed, серб.-харв. су̏сјед, славен. sósẹd, балг. съсе́д, макед. сосед, ст.-слав. сѫсѣдъ. Прасл. *sǫsědъ ’сусед’, дэрыват з прыст*sǫ‑ і назоўнікавым коранем *‑sěd‑ < *sěděti ’сядзець’; гл. Шустар-Шэўц, 1380, Фасмер, 3, 726; Трубачоў, Проспект, 80; ESSJ SG, 1, 240. Борысь (540) разглядае як аддзеяслоўны назоўнік ад *sъ‑sěsti () ’сесці разам, побач’, першапачаткова як назва дзеяння з наступным пераходам *sъ‑ > *sǫ‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сумаро́к ’памяшанне, вар’яцтва’ (Янк. 1, Янк. 3.), су́марак ’змрок’ (Станк.), ’замарачэнне’ (Юрч. Вытв.), сума́рак ’шэрая гадзіна, змярканне’ (асіп., Буз.), суморо́ка, су́мрак, су́мракі, сумро́к ’тс’ (ЛА, 2), сюды ж сумаро́кі, сумаро́каваты ’суровы з выгляду, строгі, маламоўны’ (чырв., З нар. сл.). Укр. дыял. су́морок, рус. дыял. су́марак ’змярканне’, стараж.-рус. суморокъ ’тс’, ц.-слав. сѫмракъ, чэш. soumrak, славац. súmrak, серб.-харв. су̏мра̑к, славен. sọ́mrák ’тс’, балг. су́мрак ’змярканне’, макед. самрак ’тс’. Прасл. *sǫmorkъ, ад *sǫ‑ і *morkъ (гл. морак) (Фасмер, 3, 802). Борысь (Prefiks., 97) лічыць дэвербатывам ад *sъ‑mŕ̥k‑nǫti з тым самым коранем. Сюды ж сумро́к ’змрок’ (пух., ЖНС), відаць, з рэдукцыяй галоснага ў другім складзе або ўтварэнне з прыстсу- і *мрок < польск. mrok ’морак’, параўн. змрок (гл.). Формы су́мрак, су́мракі — запазычанне з рус. сумрак або з царк.-славянскай. Да семантыкі параўн. марочыць, марока (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смерць1 ‘спыненне жыццядзейнасці, гібель арганізма’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС). Укр., рус. смерть, стараж.-рус. съмьрть, польск. śmierć, в.-луж. smjerć, н.-луж. sḿerś, чэш. smrt, славац. smrť, серб.-харв. смр̋т, славен. smŕt, балг. смърт, макед. смрт, ст.-слав. съмрьть. Прасл. *sъmьrtь роднаснае літ. mir̃tìs, mirtìs ‘смерць’, лат. mir̃te ‘тс’, ст.-інд. mr̥tis, лац. mors, Р. скл. mortis ‘тс’, гоц. maúrꝥr ‘забойства’ ад і.-е. *mer‑ ‘паміраць’. Большасць даследчыкаў (гл. Траўтман, 187; Махэк₂, 562; Фасмер, 3, 685–686; Сной₁, 586–587, Борысь, 618 і інш.) звязваюць частку *sъ‑ у праславянскім слове з ст.-інд. su‑ ‘добры’, першапачаткова ‘добрая’, г. зн. ‘свая, натуральная’ і, далей, з слав. займеннікам svo‑ (гл. свой). Аднак Трубачоў (Проспект, 82 і наст.) разглядае слав. *sъmьrtь як праславянскі наватвор з прыст*sъ‑ параўнальна з больш старым *mьrtь < і.-е. *mr̥t‑s, параўн. чэш. mrt ‘адмёршая частка; неўрадлівая зямля’; гл. Глухак, 567.

*Смерць2, смэрть ‘вусень’ (кам., ЛА, 1), смяртэ́льнік ‘начны матылёк’ (Сцяшк. Сл.). Да папярэдняга слова, відаць, на базе ўяўленняў пра дрэнны знак, які падае начны матылёк, што заляцеў у хату, прадвеснік смерці, падрабязней гл. Гура, Символика, 487–488); параўн. цьма ‘тс’ (гл.), што перанесена і на вусеня як стадыю ў развіцці матылька.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Су́ды ’два вядры, звычайна з вадой (на каромысле)’ (ТСБМ, Др.-Падб., Нас., Гарэц., Байк. і Некр., Бяльк., Мат. Гом., Сл. ПЗБ, Варл., Шатал.), суда́ ’посуд’ (Сл. рэг. лекс.), суды́, су́дны ’пара вёдзер’ (Касп., Барад.), зборн. су́дзя ’посуд’ (Скарбы; гродз., ЖНС), ’драўляны посуд’ (гродз., Сл. ПЗБ; З нар. сл.), памянш. су́дца ’адно вядро’ (лаг., Жд. 2). Укр. суди́на ’пасудзіна’, рус. дыял. суд ’посуд’, суды́ ’два вядры’, сос́уд, пасу́да, ст.-рус. судъ, ст.-польск. sǫd ’пасудзіна’, в.-луж., н.-луж. sud ’бочка, чан’, чэш., славац. sud ’бочка’, серб.-харв. суд, славен. sọ̑d ’пасудзіна’, балг. съд, макед. сад, ст.-слав. сѫдъ ’пасудзіна’. Прасл. *sǫdъ, этымалагічна тое ж, што і суд (гл.): з прыст*som‑ і коранем ‑d‑, які да і.-е. *dhē‑ ’ставіць, класці, садзіць’ (гл. дзеяць); параўн. літ. ìndas ’сасуд’, гл. Фасмер, 3, 794; Брукнер, 483; ESJSt, 14, 862. Шустар-Шэўц (1375), следам за Махэкам₂ (591), мяркуе, што гэта назва адносіцца да часу, калі яшчэ не ўжываўся ганчарны круг, а посуд “складвалі” або склейвалі з лазы ці гліны, што адлюстравалася ў чэш. sudy ’цотны’, славен. sod ’тс’, soda ’пара’ (літаральна ’складзены з двух’ або ’складзены ўдвая’), параўн. ст.-інд. samdha‑ ’злучаны, аб’яднаны’, гл. Сной₂, 679. Адсюль і значэнне ’пара вёдзер’ або ’вёдры на каромысле’.

Суды́ ’сюды’ (Мат. Маг.), судэ́мі ’тс’ (маст., Сл. ПЗБ). Гл. сюды.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Суткі1 ’адзінка вымярэння часу, роўная 24 гадзінам; дзень і ноч’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сцяшк., Пятк. 2, ТС, Сл. ПЗБ), су́дкі ’тс’ (Нас., Арх. Вяр., ТС), су́тка ж. р. ’тс’ (воран., Сл. ПЗБ). Укр., рус. су́тки ’тс’. З су- і *тъка, якое звязана з тыкаць, першапачаткова ’сутыканне дня і ночы’; гл. Фасмер, 3, 811 з літ-рай. Бузук (Асн. пыт., 58) мяркуе пра першаснае значэнне ’змярканне’, ’пярэдні кут у пакоі’: спалучэнне часавага і прасторавага значэнняў (гл. наступнае слова).

Су́ткі2, су́тачкі ’вузкі прамежак паміж будынкамі, хатай і плотам’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сл. ПЗБ, Мат. Гом., ЛА, 5, ТС), ’вузкая прастора паміж печчу і сцяной, запечак’ (брэсц., пін., люб., ЛА, 4), ’сцежка, дарожка паміж пабудовамі, агароджамі’ (гом., ЛА, 5), ’вузенькі пакойчык, старана ў гумне’ (брэсц., ЛА, 5; ТС, ПСл), ’дрывотнік’ (Мат. Гом.); іншыя варыянты: су́дкі (ТС), сутка́, су́тачкі (Сцяшк. Сл.), су́тачкі, су́дачкі, су́ткі, сутке́, су́дкі (Сл. ПЗБ), су́дачкі (Сл. Брэс.; стаўб., З нар. сл.), су́тачкі (Байк. і Некр.), суто́чка ’месца злучэння бэлек у сцяне’ (Бяльк.), суто́к ’дарожка паміж сценамі будынкаў’ (Яшк.). Укр. дыял. су́тки, су́точки ’вузкі праход паміж будынкамі або платамі’, ’цесная нізіна’ (Чарапанава, Геогр.), рус. наўг. су́тки ’вуглы ў хаце’, польск. sutka, sutki ’цесны праход паміж будынкамі’ (з усходнеславянскіх моў), чэш. дыял. soutka ’вузкі праход’, soudička ’вузкая вуліца’. Прасл. дыял. *sǫtъka ’стык чаго-небудзь’, ад прасл. *tъkǫ < *tykati ’тыкаць’, *tъknǫti ’тыкнуць’ з прыст*sǫ‑ (гл. тыкаць) (Фасмер, 3, 811; ЕСУМ, 5, 485; Махэк₂, 568). Уключэнне сюды ж славен. sot ’горная дарога’, роднаснага ст.-ірл. sēt ’дарога’ (Бязлай, Eseji, 143), а таксама славац. suteska ’вузкі праход паміж высокімі крутымі скаламі’, серб.-харв. су̀тјеска ’вузкая горная цясніна’ (Талстой, Лексика Пол., 12) патрабуе далейшага абгрунтавання, гл. Куркіна, Этимология–1988, 98. Борысь (Prefiks., 107–108) разглядае як дэрыват (nomen actionis > nomen acti) ад прасл. *sъ‑tъknǫti ’сутыкнуць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Салупа́ць ’высоўваць язык, лізаць’, салу́п, салы́п ’аддзеяслоўная часціца, якая азначае частае высоўванне языка’ (Нас., Бяльк.), салапе́ць ’тс’ (Мартынаў, Бел.-укр. ізал., 49), салапа́ць ’высоўваць язык, балбатаць’ (Сл. ПЗБ); сюды ж *селяпа́ць, селепа́ць ’хутка чэрпаць, сёрбаць, хлёбаць лыжкаю’, *саляпану́ць, салепану́ць ’сцябаць чым-небудзь гнуткім’, *селяпа́йла > селепа́йла ’хто хутка чэрпае лыжкаю’ (Нас.). Часцей ужываецца з прыст., параўн. высалапіць, асалапець (гл.). Бел.-укр. ізалекса: укр. солопі́ті, высолопі́ти; у рус. гаворках (солопи́ть ’высоўваць язык, лізаць’, вы́солопить) толькі на сумежных з бел. гаворкамі тэрыторыях (Мартынаў, Бел.-укр. ізал., 49). Фасмер (3, 714) лічыць гукаперайманнем. Паводле Мартынава (там жа; Лекс. Палесся, 14) пранікненне з балт. моў, гл. падрабязна ЭСБМ, 2, 282. Трубачоў (Слав. языкозн. V, 177) высунуў гіпотэзу аб сувязі разглядаемых усх.-слав. слоў са ст.-слав. слѣпати ’скакаць’, рус.-ц.-слав. слѣпати ’цячы, біць крыніцай’; на яго думку, яны працягваюць прасл. дыял. *vysolpiti, *vyselpiti, *vyselpati, *selpati. Гэта сувязь была намечана яшчэ ў Патабні (гл. Патабня, К истории, 206). Фасмер, 3, 715 рускі гідронім Солпа таксама звязваў з вышэйназванымі стараславянскімі і царкоўнаславянскімі словамі, прыцягваючы сюды ж ст.-слав. слапъ ’хваля’, чэш. slap ’парог на рацэ’, серб.-харв. сла̑п, славен. slȃp ’вадаспад; вал, хваля’; сюды ж і балг. слап ’хваля’, макед. слап ’вадаспад’. Агляд усіх версій і семантыкі гл. Анікін, Этимология–1982, 65 і наст., які рэканструюе прасл. *selpati, *sьlpati, *solpъ, якія ўзыходзяць да і.-е. *sel‑ ’скакаць’ з семантычным пераходам ’скакаць’ — ’бурна цячы, струменіць’, уласна кажучы ’скакаць (аб вадзе)’. Прыцягваючы для параўнання яшчэ ўкр. палес. совпатисʼ ’тыкацца, таўчыся’ (гл. і бел. соўпаць(ца)) < прасл. *sъlpati sę (’высунуць язык’, уласна ’выткнуць язык’, а ’тыкацца’ — гэта своеасаблівы варыянт ’скакаць’), для беларуска-ўкраінскай групы ён рэканструюе прасл. *solpati (салупаць) з адпаведнікамі ў славен. slápati ’цячы, выпарацца’, серб.-харв. slàpati ’удараць (па вадзе)’, *solpěti (салапе́ць, славен. slapéti ’сцякаць уніз’, укр. солопі́ти ’глядзець бессэнсоўна’, *selpati ’селепаць’, ст.-слав. слѣпати, *vysolpiti ’высалапіць язык’. Гл. яшчэ Супрун, Веснік БДУ, 1970, 3, 58: бел. асалапець, высалапіць разглядаў як кантамінацыю прасл. *solp‑ і *slop‑, параўн. польск. osłupieć; крытыку яго версіі і гіпотэзы Мартынава гл. Анікін, там жа; гл. яшчэ Скок, 3, 279.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Слой1 ‘пласт чаго-небудзь’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., ТС, Сцяшк., З нар. сл., Сл. ПЗБ), ‘гадавы круг у зрэзе дрэва’ (Сл. ПЗБ, Сцяшк.). Укр. дыял. слій, слой ‘пражылкі ў драўніне’, ‘пасма, валакно’, рус. слой ‘пласт’, польск. słój ‘пласт; пражылкі ў драўніне’, чэш. sloj ‘пласт, гадавое кальцо ў дрэве’, славац. sloj ‘пласт’, славен. slòj ‘брудная лужына; горны пласт’, балг. слой ‘пласт; корка лёду’, макед. слој “пласт’. Прасл. *sъlojь < *sъliti, г. зн. першапачаткова ‘тое, што злілі’ з чаргаваннем у корані i/o, параўн. лой, пралой (гл.). Гл. Бернекер, 1, 729; Праабражэнскі, 2, 323, 387; Фасмер, 3, 674; Сной₁, 581; Борысь, 559. Роднасць *sъlojъ з ст.-прус. slayan ‘полаз саней’, літ. šliẽti, šliejù ‘прыхіляць’, лат. slíet ‘тс’, авест. srayati ‘ён прыхіляецца’, ст.-сакс. hlinōn ‘прысланяць, абапірацца’ (Траўтман, 309; Мюленбах-Эндзелін, 3, 939 і наст; Махэк₂, 555) і рэканструкцыя *slojь Фасмерам (3, 674) лічыцца менш верагоднай. Апошнюю версію рашуча падтрымлівае Трубачоў (Ремесл. терм., 256–257), які рэканструкцыю *sъlojь адносіць толькі да слой2 (гл.). Агляд версій гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 302–303.

Слой2 ‘гліняны паліваны посуд з накрыўкай’ (ПСл), ‘(высокая) шкляная або гліняная пасудзіна’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Сл. ПЗБ, З нар. сл., ЛА, 5), сло́ік ‘тс’ (ТСБМ, Нас., Касп., Др.-Падб., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ, Варл., Сцяшк., З нар. сл., ЛА, 5), ‘высокі гліняны збан’ (Шат.), сло́вік (< сло́ік) ‘слоік’ (Сл. ПЗБ, Сцяшк., Жд. 1, Сл. Брэс.). Укр. слой, слоїк ‘шкляны або гліняны посуд’, дыял. слій, слой ‘міска; куфаль’, польск. słój, słoik ‘шкляная банка’, в.-луж. słojk ‘пасудзіна для масла’, н.-луж. słój ‘міска, бляшанка’. Брукнер (500), Борысь (559) не аддзяляюць ад слой1 (гл.), а Трубачоў (Ремесл. терм., 256–257) рэканструюе прасл. *sъlojь, утворанае з прыстсъ‑ і іменнай асновы *‑lojъ: *liti ‘ліць’, якое потым наблізілася да *slojь ‘слой, пласт’, што адбылося ў польскай мове ў перыяд яе ўжо адасобленага жыцця, паколькі там тое і другое дало słój. Украінскую форму ён разглядае (там жа) як запазычанне з польскай, тое ж трэба, відаць, прызнаць і для беларускага слова. Гл. таксама ЕСУМ, 5, 307.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)