ДВАЯКАДЫ́ХАЛЬНЫЯ (Dipnoi або Dipneustomorpha),

надатрад лопасцяпёрых рыб. 1 сучасны атр. рагазубападобныя (Ceratodiformes), 2 сям., 6 відаў. Вядомы з сярэдняга дэвону. Жывуць у прэсных слабапраточных вадаёмах, якія перасыхаюць, Паўд. Амерыкі (амерыканскі лускаўнік, або лепідасірэн — Lepidosiren paradoxa), трапічнай Афрыкі (4 віды пратоптэраў — Protopterus) і Паўн.-Усх. Аўстраліі (рагазуб — Neoceratodus forsteri). У засуху лепідасірэн і пратоптэры ўпадаюць у спячку.

Макс. даўж. каля 2 м, маса каля 10 кг. Цела падоўжанае, сціснутае з бакоў ці вугрападобнае У Д. жабернае і лёгачнае дыханне (адсюль назва), замест плавальнага пузыра «лёгкае», што дазваляе дыхаць атм. паветрам. Прымітыўныя асаблівасці: целы пазванкоў адсутнічаюць, хорда захоўваецца ўсё жыццё, сэрца з артэрыяльным конусам, кішэчнік са спіральным клапанам, верхняя сківіца зрошчана з чэрапам (аўтастылія). Ёсць унутр. ноздры (хааны), «лёгачны» кровазварот, ніжняя полая вена, перадсэрдзе часткова падзелена на правую і левую часткі. Нераст у перыяд дажджоў. Кормяцца беспазваночнымі, рыбамі, земнаводнымі. Пратоптэры і лускаўнік — аб’екты промыслу. Рагазуб ахоўваецца.

т. 6, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРБУ́ША (Oncorhynchus gorbuscha),

прахадная рыба сям. ласасёвых атр. ласосепадобных. Пашырана ў паўн. ч. Ціхага ак. і прылеглай ч. Паўн. Ледавітага ак., на Пд — па амер. узбярэжжы да Каліфорніі, па азіяцкім — да Карэі. Акліматызавана ў Баранцавым і Белым м., у раёне Ньюфаўндленда. На нераст ідзе ў рэкі з быстрай плынню.

Даўж. цела да 68 см (сярэдняя даўж. каля 50 см, маса 1,5 кг). Самы дробны прадстаўнік роду ціхаакіянскіх ласосяў. Афарбоўка ў моры серабрыстая, на хваставым плаўніку дробныя цёмныя плямінкі; у рацэ з’яўляюцца цёмныя плямы на спіне, баках і галаве. Перад нерастам галава і плаўнікі амаль чорныя, цела карычняватае, бруха белае, у самцоў на спіне вырастае горб (адсюль назва), сківіцы загінаюцца крукападобна, на іх вырастаюць вял. зубы. Ікра буйная (дыяметрам да 8 мм). Пасля нерасту гіне. Маляўкі жывуць у гнёздах, потым скочваюцца ў мора, дзе кормяцца ракападобнымі, дробнай рыбай. Мае вял. прамысл. значэнне.

Гарбуша: 1 — звычайны выгляд; 2 — самец у шлюбным убранні.

т. 5, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЁМГА, ласось высакародны (Salmo salar),

рыба сям. ласасёвых атр. ласосепадобных. Пашырана ў паўн. ч. Атл. ак., паўд.-зах. ч. Ледавітага ак. каля берагоў Еўропы і Паўн. Амерыкі. Існуе азёрная форма С. — азёрны ласось (S. s. morpha sebago) у буйных паўн. азёрах Лабрадор, Ладажскае, Анежскае і інш. На Беларусі да пабудовы на рэках плацін заходзіла на нераст з Балтыйскага м. ў рэкі Нёман, Зах. Дзвіна, Вілія, Буг. Апошні раз назіралася ў р. Вілія (1954).

Даўж. цела да 1,5 м, маса да 39 кг. Луска дробная, серабрыстая. Перад нерастам цела цямнее, на баках і галаве паяўляюцца чорныя, чырв. і аранжавыя плямы, у самцоў падаўжаюцца і скрыўляюцца сківіцы. Скура на спіне патаўшчаецца. Плоднасць да 26 тыс. ікрынак. Ікра буйная, аранжавая. У рэкі заходзіць пераважна восенню. Моладзь жыве ў рэках да 5 гадоў, корміцца беспазваночнымі і дробнай рыбай, у моры — рыбай і ракападобнымі. Каштоўны аб’ект промыслу і развядзення.

Сёмга: 1 — самец у звычайным, 2 — у шлюбным убранні.

т. 14, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЕТРАПАДО́БНЫЯ (Acipenseriformes),

атрад храстковых рыб. Вядомы з ніжняй юры, сучасныя прадстаўнікі — з верхняга мелу. 2 сям.: асятровыя (Acipenseridae) і весланосыя (Polycdontidea). 25 відаў у Паўн. паўшар’і. У рэках Беларусі вельмі рэдка трапляецца сцерлядзь, раней на нераст заходзілі асетр балтыйскі і асетр рускі, рабіліся спробы вырошчвання гібрыда сцерлядзі і бялугі — бесцера.

Даўж. ад 27 см да 9 м, маса да 2 т (бялуга). На целе 5 радоў рамбічных касцяных пласцінак (жучак) або скура голая. Хваставы плаўнік неаднолькава лопасцевы (гетэрацэркальны), аснова верхняй лопасці ўкрыта ганоіднай рамбічнай луской. Рыла выцягнутае, з вусікамі. Рот высоўны, ніжні, без зубоў. Аснова восевага шкілета — пруткая хорда (целаў у пазванкоў няма). Унутраны шкілет храстковы, на галаве скураныя косці. Прамяні шчэлепнай перапонкі адсутнічаюць. У сэрцы ёсць артэрыяльны конус, у кішэчніку — спіральны клапан. Каштоўныя прамысл. рыбы. У нізоўях вял. рэк, дзе жывуць асетрападобныя, дзейнічаюць рыбагадавальнікі, якія штогод выпускаюць у вадаёмы малявак рыб. Некаторыя віды занесены ў Чырв. кнігі МСАП, інш. краін, сцерлядзь — у Чырв. кнігу Беларусі.

Да арт. Асетрападобныя: асетр рускі (зверху); асетр балтыйскі.

т. 2, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНО́ГІ (Petromyzones),

падклас (атрад) пазваночных кл. кругларотых. 3 сям., 7 родаў, каля 30 відаў. Пашыраны ва ўмераных марскіх і прэсных водах. Прахадныя М. жывуць у моры, на нераст мігрыруюць у рэкі; у жылых ручаёвых М. жыццёвы цыкл адбываецца ў прэснай вадзе. На Беларусі 3 віды: М. рачная (Lampetra fluviatilis), М. ручаёвая еўрапейская (L. planeri) — у бас. рэк Зах. Буг, Зах. Дзвіна, Нёман; М. ўкраінская (L. mariae, або Eudontomyzon mariae) — у бас. рэк Дняпро і Нёман. Бел. мясц. назвы: верацёнка, відун, вугрыца, вярцёлка, мянёга і інш.

Даўж. да 1 м, маса да 3 кг. Цела вугрападобнае, голае. Шкілет храстковы. Спінных плаўнікоў 1 або 2. Шчэлепных адтулін па 7 э кожнага боку. Вочы развітыя, ёсць цемянное вока, здольнае рэагаваць на святло. Рот лейкападобны, на дне прысмоктвальнага дыска; на языку і дыску рагавыя зубы. Сэрца двухкамернае. Многія віды — эктапаразіты рыб. Угрызаюцца ў цела рыбы, смокчуць кроў, выядаюць мышцы і вантробы. Кормяцца таксама беспазваночнымі, лічынкі — водарасцямі, дэтрытам. Пасля нерасту гінуць. З ікры вылупляецца пескарыйка, якая праз 3—4 гады ператвараецца ў дарослую М. Ядомыя. Другарадны аб’ект промыслу.

Міногі: 1 — рачная; 2 — украінская; 3 — ручаёвая.

т. 10, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ікра́, ‑ы, ж.

1. Змацаваная сліззю маса зернепадобных яечак, якія адкладваюцца рыбамі, земнаводнымі, малюскамі і іншымі воднымі жывёламі. Ікра жабы. □ Акунь адкладвае ікру ў адзін прыём, таму і нераст у яго цягнецца не больш 3–5 дзён. Матрунёнак. // Харчовы прадукт, які атрымліваецца шляхам апрацоўкі зернепадобных яечак рыбы. Бутэрброд з ікрой.

2. (пераважна з азначэннем). Яда з дробна пасечанай агародніны, грыбоў і інш. Кабачковая ікра. Баклажанавая ікра.

•••

Зярністая ікра — сорт чорнай ікры, прасоленай у непрацёртым выглядзе (у паюсах).

Паюсная ікра — сорт чорнай прасаванай салёнай ікры.

Чорная ікра — ікра асятровых рыб (бялугі, сяўругі, асятра і інш.).

Чырвоная ікра — ікра ласасёвых рыб (кеты, гарбушы і інш.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КАРПАПАДО́БНЫЯ (Cypriniformes),

атрад рыб падкласа прамянёвапёрых. 3 падатр.: харацынападобныя (Characoidei) з 16 сям., гімнотападобныя (Gymnotoidei) з 4 сям., карпавідныя (Cyprinoidei) з 7 сям. Каля 3 тыс. відаў. Харацынападобныя (напр., піраньі, прахілоды) — жыхары прэсных субтрапічных і трапічных вод Амерыкі і Афрыкі. Іх характэрная адзнака — тлушчавы плаўнік (як у ласасёвых). Многія віды падатр. разводзяць у акварыумах (капеіны, неоны). Гімнотападобныя жывуць у прэсных водах Цэнтр. і Паўд. Амерыкі. У большасці прадстаўнікоў падатр. цела моцна выцягнутае, сціснутае з бакоў, звычайна адсутнічаюць спінны і хваставы (можа быць маленькі) плаўнікі. У многіх відаў ёсць эл. органы (электрычны вугор). Карпавідныя жывуць у прэсных вадаёмах Еўразіі, Афрыкі і Паўн. Амерыкі. Некат. віды выходзяць у мора. Характэрная іх рыса — зубы размешчаны на ніжніх глоткавых касцях шчэлепнага апарата. Плавальны пузыр з двума ці больш аддзеламі, злучаны з кішэчнікам. На Беларусі 19 родаў, 25 відаў. Некат. віды інтрадукаваныя (амуры, таўсталобікі). Жывуць у рэках, азёрах, сажалках. 66 відаў і падвідаў К. у Чырв. кнізе МСАП, 2 віды (вусач і рыбец) — у Чырв. кнізе Беларусі.

Даўж. ад 2 см да 1,7 м. Цела ўкрыта цыклоіднай луской або голае. Маюць вебераў апарат. Брушныя плаўнікі за груднымі. Нераст вясной і ў пач. лета. Кормяцца беспазваночнымі, воднай расліннасцю, дэтрытам, ёсць драпежнікі (жэрах). Сярод К. многа прамысл. рыб, з іх на Беларусі пашыраны гусцяра, лешч, лінь, плотка, сазан, карп, карась залаты, карась сярэбраны і інш. Аб’екты промыслу, спарт. лоўлі, сажалкавага і акварыумнага развядзення, акліматызацыі.

т. 8, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Плаў 1 ’бераг, падмыты вадой’ (чырв., З нар. сл.), ’зыбучы травяны дзірван на зарослым возеры’ (Сл. ПЗБ; ТС; в.-дзв., Нар. сл.; хойн., рэч., добр., Мат. Гом.), ’нізіна, якая ў разліў заліваецца вадой’ (Касп.), плав ’прорва, топкае балота, дзе калышацца верхняе покрыва’, плаў ’акно на балоце’ (Сл. Брэс.; Нар. лекс.; ЛА, 5), плавы́ ’азёры, багатыя рыбай, пакрытыя зыбкім і непраходным дзірваном’ (Нік. Очерки), плаў, плавы ’нізкая мясцовасць, дзе рака праходзіць праз балота’ (Касп.), плавок ’дрыгвяністае балота’ (жытк., стол., Яшк.), ’забалочаны вадаём; зыбкае бязлеснае балота; гразкае месца, заліўны луг ля ракі ці возера’ (палес., Талст.; слаўг., жытк., стол., Яшк.), ’плывучае покрыва з рэштак раслін, плаў на балоце, ля возера’ (палес., ЛА, 2); ’плывучае па вадзе смецце’ (ветк., добр., Мат. Гом.). Укр. плав ’плывучы востраў з чароту і невялікіх раслін’, ’зыбучы дзірван’, ’смецце і ўсялякія прадметы, што плывуць па рацэ’, рус. наўг. пла́вы ’тарфяная багна’, пск. плавье, плавьё ’балота з купінамі’, ’заліўная сенажаць’, ’нанесены глей’, польск. pław — пра розныя прадметы, што плаваюць на вадзе і ў вадзе, ’цякучая рака, кроў’, сёння — ’водны транспарт’, ’плаванне’, ’плыт’; славен. splàv ’плыт’, ’тое, што прынесена вадой’, серб.-харв. plȃv ’лодка, човен’, splȃv ’плыт, паром; баркас’, макед. сплав ’плыт’. Прасл. *plavъ/plavь < і.-е. *plōw‑o‑s (Банькоўскі, 2, 620). Да плыць, плы́сці (гл.). Сюды ж: на пла́ве ’ў стане плавання, на вадзе’ (ТСБМ).

Плаў 2 ’нераст рыбы’ (паўн.-усх., КЭС), рус. смал. плав ’нераст’, польск. pław ’выцяканне насення, палюцыя; месячныя ў жанчын’. Відавочна, з польск. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Не́сці ’несці, дастаўляць і інш.; несці яйкі’ (БРС, ТСБМ, Сл. ПЗБ, Бяльк.), а таксама несць, нясці (Бяльк., Сл. ПЗБ), несці (ТС); укр. не́сти, рус. не́сти, польск. nieść, чэш. nésti, славац. niesť, в.-луж. njesć, н.-луж. njasć, славен. nesti, серб.-харв. не́сти, балг. неса́, макед. несе́ ’несці яйкі’. Прасл. *nesti, роднаснае літ. néšti, лат. nest ’несці’ і інш., гл. Фасмер, 3, 67; Шустар-Шэўц, 13, 1014; Махэк₂ (396) і Бязлай (2, 220) адрозніваюць аманімічныя формы са значэннем ’несці, дастаўляць і пад.’ ад формаў са значэннем ’несці яйкі’; апошнія разглядаюцца як збліжаныя на базе народнай этымалогіі з *nesti ’несці, дастаўляць’ утварэнні ад прасл. *nersti (гл. нераст), якое мела значэнне, акрамя ’нерасціцца’, таксама ’пладзіцца, несці яйкі (пра птушак)’. Малаверагодна, паколькі апошняе значэнне добра выводзіцца з ’дастаўляць’, параўн. не́сьціся ’імчацца; нясціся (пра курэй)’ (Касп.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ты́рла ‘месца на пашы, дзе стаіць жывёла (авечкі, каровы, коні) у час гарачыні або ноччу’ (ТСБМ), ‘месца збору і адпачынку касцоў’ (Ян.), тырло ‘месца, дзе ў поўдзень дояць кароў’ (П. Місько). Параўн. укр. ти́рло, те́рло, ти́рво ‘месца на пашы для збору жывёлы’, ‘такавішча’, рус. ты́рло ‘агароджанае месца, стойла для скаціны’. Паводле Фасмера (4, 132) і ЕСУМ (5, 572), запазычанне з рум. tîrlă ‘загон для авечак’, якое ўзыходзіць да серб. тр́ло ‘зімовае памяшканне для жывёлы’, дыял. трла̀ ‘тс’, харв. tŕlo ‘тс’, балг. тъ́рло, макед. трло ‘летні загон для авечак’, генетычна звязаных з прасл. tьr̥ti ‘церці’ > це́рці (гл.); мяркуемая зыходная форма *tьrdlo (Куркіна, Этимология–1976, 30). Сюды далучаюць таксама формы аналагічнага паходжання са значэннем ‘нераст, нерасцілішча’, ‘цёрла, церніца’ і інш., што ўзводзяць да прасл. *tŕ̥dlo (Борысь, 627) або да прасл. *tŕ̥lo, параўн. ст.-слав. тръло (ESJSt, 16, 991).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)