прахадная рыба сям. ласасёвых атр. ласосепадобных. Пашырана ў паўн.ч. Ціхага ак. і прылеглай ч.Паўн. Ледавітага ак., на Пд — па амер. узбярэжжы да Каліфорніі, па азіяцкім — да Карэі. Акліматызавана ў Баранцавым і Белым м., у раёне Ньюфаўндленда. На нераст ідзе ў рэкі з быстрай плынню.
Даўж. цела да 68 см (сярэдняя даўж. каля 50 см, маса 1,5 кг). Самы дробны прадстаўнік роду ціхаакіянскіх ласосяў. Афарбоўка ў моры серабрыстая, на хваставым плаўніку дробныя цёмныя плямінкі; у рацэ з’яўляюцца цёмныя плямы на спіне, баках і галаве. Перад нерастам галава і плаўнікі амаль чорныя, цела карычняватае, бруха белае, у самцоў на спіне вырастае горб (адсюль назва), сківіцы загінаюцца крукападобна, на іх вырастаюць вял. зубы. Ікра буйная (дыяметрам да 8 мм). Пасля нерасту гіне. Маляўкі жывуць у гнёздах, потым скочваюцца ў мора, дзе кормяцца ракападобнымі, дробнай рыбай. Мае вял.прамысл. значэнне.
Гарбуша: 1 — звычайны выгляд; 2 — самец у шлюбным убранні.