Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́РАСТ,
адкладанне рыбамі і кругларотымі спелых ікры і малака з далейшым апладненнем. Адбываецца пры пэўных для кожнага віду ўмовах (сезон, т-ра, салёнасць вады, глыбіня, скорасць цячэння, субстрат і інш.), адным ці некалькімі заходамі. Субстратам для Н. літафільных рыб (асятры, ласосі, галавень, жэрах і інш.) служыць камяніста-галечнікавы грунт, псамафільных (напр., гальцы, печкуры) — пясок, часам карэньчыкі раслін, фітафільных (карп, лешч, плотка, сазан, шчупак і інш.) — расліны, астракафільныя (напр., гарчакі) адкладаюць ікру ў мантыйную поласць малюскаў, пад панцыр крабаў і інш., пелагафільныя (белы амур, камбалы, таўсталобікі, чахонь і інш.) — у тоўшчу вады. У трапічных і субтрапічных рыб сезонны Н. слаба выяўлены, расцягнуты, выспяванне ікры і Н. часта парцыённыя, раз за некалькі месяцаў. Большасць рыб халодных і ўмераных шырот нерастуюць раз за год, некат. прахадныя рыбы — 1—2 разы за жыццё. У час Н. ў многіх рыб развіваецца шлюбны ўбор.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУКСУ́Н (Coregonus muksun),
паўпрахадная рыба роду сігаў сям. ласосяў. Пашыраны ў апрэсненых і прыбярэжных водах Паўн. Ледавітага ак., нерастуе ў рэках Сібіры. На п-ве Таймыр жыве азёрная форма.
Даўж. да 75 см, маса да 8, зрэдку да 13 кг. Верхняя сківіца даўжэйшая за ніжнюю. Корміцца пераважна заабентасам, ракападобнымі, зрэдку рыбай. Нераст не кожны год. Аб’ект промыслу і развядзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́БЛА (Rutilus rutilus caspicus),
рыба сям. карпавых, падвід плоткі. Жыве ў Каспійскім м., недалёка ад берагоў. Паўпрахадная, чародная рыба.
Даўж. да 35 см (зрэдку да 50 см), маса да 800 г. Спінны плаўнік кароткі, грудныя, брушныя і анальныя плаўнікі звычайна цёмныя. Рот паўніжні. Корміцца пераважна малюскамі, таксама ракападобнымі, лічынкамі хіранамід і расліннасцю. На нераст вясной заходзіць у р. Волгу, Церак, Урал, Эмбу. Маляўкі скочваюцца ў мора, дзе жывуць да палавой спеласці (2—5 гадоў). Аб’ект промыслу. Колькасць скарачаецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛУ́ГА (Huso dauricus),
рыба роду бялуг сям. асятровых. Пашырана на Д. Усходзе, у бас. Амура. 2 формы: паўпрахадная (на нераст заходзіць у Амур) і рачная (пастаянна жыве ў Амуры). Трапляецца таксама ў азёрах.
Даўж. да 5,6 м (часцей 1,5—2,5 м), маса да 1000 кг (звычайна 50—100 кг). Рот вял., паўмесяцавы. Ікра буйная, да 4 мм у дыяметры. Маляўкі кормяцца бентасам, дарослыя — рыбай. Жыве да 55 гадоў. Колькасць падтрымліваецца штучным развядзеннем. Занесена ў Чырв. кнігу МСАП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНТА́І (Theragra),
род рыб сям. трасковых. 2 віды: М. далёкаўсходні — T. chalcogramma (пашыраны ў паўн.ч. Ціхага ак.) і М. атлантычны — T. finnmarchica (Нарвежскае м.). Жывуць на глыб. 500—700 м. Чародныя.
Даўж. да 75 см, маса да 1,5 кг. Верх цела са шматлікімі цёмнымі плямамі. Спінных плаўнікоў 3, анальных 2, хваставы з невял. выемкай. Вочы вялікія. Кормяцца ракападобнымі; дробнай рыбай. Ікра пелагічная, дробная; нераст на мелкаводдзі. М. далёкаўсходні — аб’ект промыслу. Тлушч з печані багацейшы на вітаміны за трасковы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСЯ́НКА, вярхоўка (Leucaspius delineatus),
рыба атр. карпападобных. Пашырана ў басейнах Чорнага, Каспійскага мораў. У рэках паўд.ч. Балтыйскага м., на Беларусі ў рэках басейнаў Дняпра, Прыпяці, Нёмана, Зах. Дзвіны, Зах. Буга, у поймавых старыцах і азёрах Палесся. Чародная, жыве ў паверхневых слаях вады.
Даўж. 4—5, часам да 9 см. Палавая спеласць на 2-м годзе жыцця. Нераст парцыённы, пачынаецца ў 2-й пал. мая—чэрвені. Корміцца зоапланктонам, насякомымі, ікрой рыб. Жыве да 4 гадоў. Выкарыстоўваецца як прынада пры лоўлі драпежных відаў рыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРП,
рыба сям. карпавых, культурная форма сазана (Cyprinus carpio). Расселены ўсюды ў прэсных вадаёмах. Карпаводства ўзнікла ў Стараж. Кітаі. У Еўропе селекцыя вядзецца з часоў Стараж. Рыма. Зыходная форма свойскага К. — дунайскі К. Сярод парод свойскага К. адрозніваюцца К. лускаваты, люстраны, рамчаты, голы і інш.
Даўж. да 1 м, маса да 16, зрэдку да 30 кг. Колер спіны звычайна чарнавата-зялёны, бакі жоўтыя з зеленаватым адлівам, бруха белаватае. Вочы залацістыя. Спінны плаўнік доўгі. Луска буйная, авальная. Рог з тоўстымі губамі. Нераст вясной. Корміцца планктонам, бентасам, воднымі раслінамі. Асн. аб’ект сажалкавага і басейнавага рыбаводства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬЯ́НЫ (Phoxinus),
род рыб сям. карпавых атр. карпападобных. Каля 10 відаў. Пашыраны ў прэсных водах Еўропы, Паўн. Азіі і Паўн. Амерыкі. Большасць гальянаў жыве ў ручаях, невял. рэчках з чыстай, празрыстай вадой. На Беларусі 2 віды: гальян звычайны (нар. назвы красаўка, гаркуша, маляўка, скамарох, залатаўка, крумела, фарэлька і інш.; Р. phoxinus) і гальян азёрны (нар. назвы аўдотка, сняток, лінёк; Р. percnurus). 1 паўн.-амер. від у Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. да 20 см, маса да 100 г. Зрэдку ярка-афарбаваныя, на баках яркія плямкі або вял. расплыўчатыя плямы. У малявак уздоўж цела чорная палоска. Луска дробная, на бруху адсутнічае. Кормяцца водарасцямі, воднымі беспазваночнымі і насякомымі. Маюць шлюбнае ўбранне. Нераст парцыённы на быстрай плыні. Некаторыя прамысловыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМУ́РЫ,
рыбы атрада карпападобных. 2 віды: амур белы (Ctenopharyngodon idella) і амур чорны (кітайская плотка; Mylopharyngodon piceus). Радзіма — Усх. Азія ад р. Амур да Паўд. Кітая. На Беларусь амур белы завезены ў 1963, чорны — у 1977. Ва ўмовах Беларусі не нерастуюць; вытворнікі і лічынкі завозяцца. Амур белы штучна разводзіцца ў Белаазерскай садковай рыбнай гаспадарцы і гадуецца ў сажалках і некаторых азёрах.
Даўж. цела да 120 см, маса да 32 кг. Луска буйная. Палавая спеласць у 7—9 гадоў пры даўж. каля 70 см. Нераст у чэрв. — ліпені. Кормяцца пераважна воднай расліннасцю, малюскамі, хутка растуць. Перспектыўныя для зарыблення каналаў меліярац. сістэм, водапрыёмнікаў, вадаёмаў, якія хутка зарастаюць.