СНЕ́ЖАНЬ (назва ад слова «снег»),
дванаццаты месяц каляндарнага года (31 дзень), першы месяц зімы. У С. Сонца праходзіць праз пункт зімовага сонцастаяння (21 або 22 снеж.). 15 С. даўж. дня ў Мінску 7 гадз 24 мін, выш. Сонца над гарызонтам у поўдзень 12,7°. Сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 41 МДж/м², радыяцыйны баланс адмоўны (-17 МДж/м²). Сярэдняя т-ра паветра ад -2 °C на ПдЗ да -5,5 °C на ПнУ Беларусі. Адносная вільготнасць паветра дасягае максімуму (88—91%), пахмурных дзён 20—23, ападкаў 35 мм за месяц. У 2-й дэкадзе звычайна ўстанаўліваецца ўстойлівае снегавое покрыва, укрываюцца лёдам рэкі і азёры. У С. 12—21 дзень з адлігай. У канцы месяца глеба прамярзае на 20—30 см. С. — цяжкі перыяд для жывёльнага свету. У пошуках корму прылятаюць да чалавечага жылля чачоткі, шчыглы, чыжы, аўсянкі, галкі, сарокі, вароны. Ліс палюе на мышэй-палёвак і зайцоў, ваўкі нападаюць нават на свойскую жывёлу. Заканчваецца гон у дзікоў, у ментуза ў канцы С. пачынаецца нераст. У садах вядуць барацьбу з мышападобнымі грызунамі.
т. 15, с. 68
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)