Ліхата́, ліхота ’жорсткасць, лютасць, бязлітаснасць’ (ТС), ’злая бяда, няшчасце’ (Шат.), ’зло’ (Янк. БП), ’непрыемны выпадак; гаротныя, няшчасныя абставіны; злосць, раздражненне’ (Нас.), ліхотка ’кепска, дрэнна’ (Янк. 3.). Укр. лихота, рус. лихота, польск. lichota, н.-луж., чэш., славац. lichota, балг. лихота, ст.-слав. лихота. Прасл. lixota — абстрактны назоўнік ад lixъ > ліхі́ > лі́ха (гл.). (Слаўскі, 4, 231). Аб суф. ‑ота (‑ата) гл. Сцяцко, Афікс. наз., 120–121. Ст.-бел. лихоталіслівасць’ у Скарыны мае іншую семантыку (як ст.-чэш. lichota), чым звычайна ’бяда’ (Булыка, Лекс. запазыч., 207).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

але́й, алею, м.

1. Тлушч з расліннага насення: канаплянага, макавага, ільнянога, гарчычнага, сланечнікавага і пад. Канапляны алей. Какосавы алей. □ Пасля наварыстай капусты і гарачых дранікаў з алеем Юрка вабраўся на палаткі. Курто. [Барановічаў кум:] — Калі ў каго які з гарнец канапель ці семя ёсць, дык ён выцісне якую бутэльку алею і ў Тадулічах. Чорны.

2. Аліўкавы тлушч, які выкарыстоўваецца ў царкоўным абыходку; ялей. Самы просты, звычайны пачатак: нарадзіўся адзін чалавек. Першым поп за яго ўзяў падатак, мазануў алеем па галаве. Дубоўка. // перан. Прытворная ласкавасць, празмерная ліслівасць. Сочыцца мірны алей з языкоў У лорда Сесіля і Поля Банкура І ў тых, што за імі ў цяньку стаяць. Крапіва. Ухмылка крывіць яго пыскі, З іх чуць не капае алей. Марына кланяецца нізка, І Богут зорыць весялей. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ла́ска ’любоў, пяшчота, лагоднасць’, ’ласкавасць, добрая воля, паслуга, спачувальныя, прыхільныя адносіны’, ’літасць, міласць, паблажка, спагада’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Мал., Бяльк., Касп., Шат., Яруш., Сл. паўн.-зах.) і іншыя значэнні гэтай лексемы ў фразеалагізмах (гл. ТСБМ, Сл. паўн.-зах.), ст.-бел. яшчэ ласка — тое ж, што і кграция (XVI ст.). Укр. ласка, рус. ласка, польск. łaska, чэш., славац. láska, славен. láska (паводле БЕР, 3, 316), балг. ласка, ц.-слав. ласка, серб.-харв. ла̏ска, макед. ласкаліслівасць’. Прасл. laska ’пяшчота, любоў, лашчанне, міласэрнасць, велікадушнасць, прыхільнасць, спагада, дружба’ (Слаўскі, 5, 20), якому адпавядаюць літ. lokšnùs (*lāsk‑nus) ’уражлівы, адчувальны, пяшчотны, мілы’ (Буга, Rinkt., 1, 451), лац. lascīvus ’гарэза, распуста, юрлівы’, ст.-інд. laṣati ’жадае’, lásati ’ззяе, блішчыць’, lālasas ’прагны’, ст.-ірл. lainn (< *las‑ni‑s) ’тс’, ст.-грэч. (Гесіхій) λάστη ’распусніца’, гоц. lustus, ст.-в.-ням. lust, ням. Lust ’радасць, задавальненне, жаданне, імкненне, юрлівасць’. Да і.-е. *lās‑/*las‑/*l̥s. Агляд версій гл. Фасмер, 2, 461; Слаўскі, 5, 19–21; БЭР, 3, 316–317. Няма падстаў бачыць тут запазычанне з польск. łaska (Пальцаў, Лекс. і грам., 38).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сало́дкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае прыемны смак, уласцівы цукру, мёду і пад. Салодкія яблыкі. □ То была пара, калі маладыя бярозкі брынялі салодкім сокам. Гартны. Мёд быў надзвычай салодкі. Ён быў яшчэ саладзейшым ад таго, што самі ж [Піліпчык і Васілька] яго дасталі, самі знайшлі. Лынькоў. // У назвах некаторых раслін. Салодкі перац. Салодкі лубін. // Свежы, не кіслы, не кансерваваны. Салодкія агуркі. □ Елі [мужчыны] салодкае малако з хлебам поўнымі конаўкамі. Пташнікаў. // Прыгатаваны з цукрам або з мёдам. Салодкі пірог.

2. у знач. наз. сало́дкае, ‑ага, н. Страва, црыгатаваная з цукрам, варэннем, мёдам і пад., а таксама цукеркі, кандытарскія вырабы. Знае лес І знае сад, Што салодкаму ён [Паўлуша] рад. Муравейка. — Я думаў — можа ты любіш салодкае? — намагаючыся знайсці сваю струнку паводзін, сказаў Бягун. Кулакоўскі. // Страва, якая падаецца на дэсерт. [Граноўская] пачаставала Надзейку салодкім, а мужчынам прапанавала яшчэ выпіць. Гурскі.

3. Разм. Смачны, багаты (пра яду). У чужых руках пірог і з хрэнам салодкі, — ужо больш, нервова сказала Ірына. Новікаў.

4. перан. Разм. Поўны дастатку, задаволення, шчасця, радасці (пра жыццё, лёс). [Алесь:] — Ці гэта.. [сыны] такімі ўрадзіліся, ці гэта што іншае? [Павал:] — Яны ўрадзіліся такімі, якім ім трэба было. А што не ладзяць з сабою і са мною, дык з салодкага жыцця сварыцца ні з кім чалавек не будзе. Чорны. Брыль пражыў цяжкое дзяцінства, не салодкія маладыя гады, але захаваў добрае сэрца. «ЛіМ».

5. перан. Прыемны, які прыносіць задавальненне, асалоду. Салодкі сон. □ Прыемна і мякка цікае гадзіннік, і ў салодкай дрымоце мрояцца розныя сны. Дуброўскі. Красавік — Абуджэнне салодкіх трывог, Прадчуванне грымот, Навальніц і маланак. Звонак. Там [у горадзе] панавалі агонь і дым. Яны як бы паглыналі ўсё.. жыццё Васіля: і летнія вечары над вадою, і салодкія пацалункі Агаты, і тое, што было збудавана яго рукамі... Няхай. // Прыемны на ўспрыманне (пра голас, гукі, пах і пад.). Голас, [«кавалера»] быў вельмі прыемны, пранізваў салодкім агнём усю.. істоту [Ядвігі]. Бядуля. Дык гэта ж унучак ужо ў мяне! Бачыш, Карн? Радасць якая! — сыпала.. [Палагея] салодкімі словамі. Шамякін.

6. перан. Празмерна далікатны, занадта ласкавы. [Казік:] — Куды падзелася яго [Віктара] ранейшая салодкая манера, ліслівасць, ветлівы аптымізм. Машара. // Які выражае ліслівасць, карыслівую дагодлівасць. Салодкія абяцанні. □ Лепш горкая праўда, чым салодкая мана. Новікаў. Салодкай песні век не вер, Пакуль не разбярэшся — хто спявае. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ра́са1 ’верхняе доўгае адзенне праваслаўнага духавенства’ (ТСБМ), сюды ж ра́сішча (ря́сище) ’падранае адзенне, лахманы’, pácce, ря́ссе ’транты, рыззё, зношанае адзенне’ (Нас., Мат. Маг., Юрч., ЛА, 5, Растарг.), ря́ска ’неахайная жанчына ў падранай вопратцы’ (хоцім., Янк. 2), ’зношаная адзежына’ (Юрч.); ст.-бел. рѧсы: рѧсы золотыи оучинимъ тобѣ (Альтбаўэр). Запазычана праз стараж.-рус. і ц.-слав. раса ’тс’ з с.-грэч. ράσον ’манашаскія шаты, убор’, н.-грэч. ρασο ’тс’; зыходнай формай лічыцца лац. rāsum (Фасмер, 3, 443–444, 538; БЕР, 6, 185). Формы з ‑я‑ (‑ѧ‑) другасныя, параўн. рус. ря́са ’убор святара, манаха’, укр. ря́са ’тс’, паводле Брукнера (6) з ням. Rasch ’грубая тканіна, камлот’; усходнебеларускія формы, магчыма, з’яўляюцца гіперычнымі (у мяккаэрых гаворках) або ўзніклі пад уплывам *ręsa ’махры; вісюлькі’ (гл. раса́2).

Ра́са2 ’групоўка людзей аднаго фізічнага тыпу’, ’парода’ (Некр. і Байк., ТСБМ). З ням. Rasse (праз польскую або рускую); зыходнай можа быць італ. razza ’тс’ і араб. raʼs ’галава, выток’ (Брукнер, 454; Фасмер, 3, 444; Сной₂, 602). Сюды ж расо́вы ’пародзісты, надзелены якасцямі добрай пароды’ (Скарбы), што з’яўляецца запазычаннем з польск. rasowy ’тс’.

Раса́1 ’вадзяныя кроплі на паверхні раслін’ (ТСБМ, Стан., Ласт., Сл. ПЗБ), pocа́ ’тс’ (ТС), расі́на ’капля расы; вельмі малая колькасць якой-небудзь вадкасці’ (Нас., Байк. і Некр., Ян.), расі́ца памянш. ’раса’ (Нас.), ро́ска ’капля вадкасці, якая выступае на саску ў каровы незадоўга перад цяленнем’ (ТС), параўн. ст.-бел. роса ’тс’ (Альтбаўэр), укр. роса́ ’раса’, рус. роса́ ’тс’, польск. rosa ’тс’, в.-луж., н.-луж. rosa ’тс’, чэш., славац. rosa ’тс’, ’пот’, ’сляза’, славен. rósa ’раса’, ’пот, сляза’, серб., харв. roòa ’раса’, балг. роса́ ’раса’, ’кропля поту’, макед. роса ’тс’, ст.-слав. роса ’тс’. Прасл. rosa, параўн. літ. rasa, лат. rasa ’тс’, ’дробны дождж’, грэч. δρόσος ’кропля расы’, ’вільгаць’, ст.-інд. rasā‑ ’сок раслінаў’, ’вільгаць’. Імаверна, аддзеяслоўная форма ад і.-е. асновы *res‑ ’цячы’ < *eres‑ ’тс’, параўн. хец. aršzi, ст.-інд. ársati ’тс’ (Міклашыч, 283; Фасмер, 3, 503; Скок, 3, 158; Бязлай, 3, 197; Шустар-Шэўц, 2, 1237; Глухак, 531; Сной, 545). Сюды ж раса́, роса́ ’пацёкі на вокнах’ (Сл. ПЗБ; чач., хойн., лельч., ЛА, 4) — метафарычны перанос, параўн. рус. пск. роса́ ’тс’, літ. rasóti ’пакрывацца расой’ і ’запацяваць (пра акно)’. Параўн. таксама як раса́ вісі́ць ’пра вялікую колькасць’ (Ян.).

Раса́2 ’жытняя кветка’ (Арх. Федар.): расуе жыта, што раса, калмаценька (дзятл., Сл. ПЗБ), ’цвіценне, красаванне’: расуе жыта, пускае расочкі — гэта раса (воран., Сл. ПЗБ), ре́сы ’парасткі на клубнях бульбы’ (драг., ЖНС), ра́сы ’махры, растрапаныя канцы, акраўкі’ (ТС), сюды ж расо́чка ’пылок кветкі жыта’ (Сл. ПЗБ), параўн. укр. ря́са ’каласок жыта ці аўса’, рус. дыял. ряса́, ря́са ’махры, кутасік’, польск. rzęsa ’вейка’, ст.-польск. rzęsa ’усялякія вісячыя ўпрыгожванні’, rząsa ’коцікі ляшчыны і альхі’, чэш. řasa ’вейка; складка (у тканіне)’, славац. riasa ’тс’, н.-луж. rěsa ’мужчынскія кветкі на вярбе, альсе, бярозе, што маюць форму завушніцы’, славен. resa ’асцюк; ніці, што вісяць па краі адзення’, серб.-харв. ре́а ’кіціца; махры, кутасік’, балг. реса̀ ’тычынка, суквецце арэха, ляшчыны, вярбы; фрэнзлік, кутасік’, макед. реси мн. л. ’водарасці (у Охрыдскім возеры)’. Ад прасл. *ręsa, што хутчэй за ўсё з *ręd‑sa < *ręd‑ (Фасмер, 3, 538; Бязлай, 3, 173; Сной, 534; Глухак, 525), роднаснага да *ręditi ’упрыгожваць’, ’нанізваць’, параўн. рус. наряжать, наряд, рядить. Іншыя версіі гл. Махэк₂, 529 (< *rępsáti ад кораня *ręp‑ ’драць, трапаць, згібаць’), Скок, 3, 131 (няпэўнае параўнанне з ст.-інд. raçana ’папружка, рэмень’, прапанаванага раней Младэнавым, 560). Няяснымі застаюцца адносіны да краса, красаванне ’цвіценне злакавых раслін’ (гл.). Спробы вытлумачыць семантычную эвалюцыю ад *krasa ’росквіт жыцця’ да *krasa > rasa ’кветка раслін’ не ўлічваюць розную якасць *r‑ (непалаталізаваны/палаталізаваны). Параўнанне краса ’ўпрыгожванне, паляпшэнне свайго выгляду, выстаўленне сябе на агляд’ і краса́, раса́ ’квітненне злакавых’, што супастаўляюцца з паралельнымі формамі з семантыкай ’выхваленне, праслаўленне, хвальба’ — ісл. hrosa ’хваліць, хваліцца’, hroesni ’хвальба, ліслівасць’, нарв. rose ’тс’, нарв. дыял. rösen ’статны, заўважны, відны’, швед. rosa ’праслаўляць’ (Общ. лекс., 144–146), не пераконваюць. Можна канстатаваць адваротнае развіццё раска > краска, падобна як сустракаецца пераасэнсаванне ветка > кветка і наадварот (Станкевіч, Зб. тв. 1, 442–443): арш. кветка аўсу, квяцісты авёс / гродз. ветка аўсу, вяцісты авёс, параўн. адарві кветку кляновую (Нас.). Гл. расаваць.

Раса́3 ’абрадавы выхад (святкаванне з рытуальнымі дзеяннямі і пачастункам) у поле на веснавога Юр’я’ (мін., Доўн.-Зап. 1), расу́ таптаць (Шлюб.), хадзіць на ро́су (лях., Архіў БЭЛА), росу трусыты/тэрусіць/гнать ’тс’ (пін., Агапкіна, Основы), Rasa ’Купанне’ (Федар. 1). Семантычная кандэнсацыя словазлучэнняў тыпу (ісці, пайсці, выйсці, хадзіць і пад.) на/у расу з далейшым пераасэнсаваннем назоўніка як каляндарнага тэрміна сферы традыцыйнай культуры. Параўн. рус. зах. роса́ ’свята Івана Купалы’ (Даль), калін. ро́сы мн. л. ’касьба раніцой або ўвечары’, уладз. па ро́су пойти ’пайсці на сенакос’. Да раса1 (гл.). Гл. Бел. міф., 424–426; Агапкіна, Основы, 417–418.

Раса́4: расы́ няма на яго ’пажаданне няшчасця’ (Ян.). Верагодна, аддалена звязана з народнымі ўяўленнямі аб расе як шкоднай вадкасці (амбівалентнымі звычайным пазітыўным, жыццядайным), якая набывае такія ўласцівасці пад чароўным уздзеяннем. Таксама імавернай падаецца метафарычная замена: (хваробны, смяротны) пот → раса. Параўн. рус. дыял. медвяная роса́ ’хвароба раслін, пры якой яны пакрываюцца саладкаватай жыжкай’, варонеж. ро́сный ’заражаны мучністай расой ці грыбковымі хваробамі (аб раслінах)’, а таксама укр. перегна́ти на ро́су (каго) ’даць каму-небудзь; выцяць’. Да раса1 (гл.). Гл. Бел. міф., 424. Параўн. росісць ’нешта дрэннае’: шоб вас поела росісць (ТС), гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)