салодкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае прыемны смак, уласцівы цукру, мёду і пад. Салодкія яблыкі. ▪ То была пара, калі маладыя бярозкі брынялі салодкім сокам. Гартны. Мёд быў надзвычай салодкі. Ён быў яшчэ саладзейшым ад таго, што самі ж [Піліпчык і Васілька] яго дасталі, самі знайшлі. Лынькоў. // У назвах некаторых раслін. Салодкі перац. Салодкі лубін. // Свежы, не кіслы, не кансерваваны. Салодкія агуркі. ▪ Елі [мужчыны] салодкае малако з хлебам поўнымі конаўкамі. Пташнікаў. // Прыгатаваны з цукрам або з мёдам. Салодкі пірог.

2. у знач. наз. салодкае, ‑ага, н. Страва, црыгатаваная з цукрам, варэннем, мёдам і пад., а таксама цукеркі, кандытарскія вырабы. Знае лес І знае сад, Што салодкаму ён [Паўлуша] рад. Муравейка. — Я думаў — можа ты любіш салодкае? — намагаючыся знайсці сваю струнку паводзін, сказаў Бягун. Кулакоўскі. // Страва, якая падаецца на дэсерт. [Граноўская] пачаставала Надзейку салодкім, а мужчынам прапанавала яшчэ выпіць. Гурскі.

3. Разм. Смачны, багаты (пра яду). У чужых руках пірог і з хрэнам салодкі, — ужо больш, нервова сказала Ірына. Новікаў.

4. перан. Разм. Поўны дастатку, задаволення, шчасця, радасці (пра жыццё, лёс). [Алесь:] — Ці гэта.. [сыны] такімі ўрадзіліся, ці гэта што іншае? [Павал:] — Яны ўрадзіліся такімі, якім ім трэба было. А што не ладзяць з сабою і са мною, дык з салодкага жыцця сварыцца ні з кім чалавек не будзе. Чорны. Брыль пражыў цяжкое дзяцінства, не салодкія маладыя гады, але захаваў добрае сэрца. «ЛіМ».

5. перан. Прыемны, які прыносіць задавальненне, асалоду. Салодкі сон. ▪ Прыемна і мякка цікае гадзіннік, і ў салодкай дрымоце мрояцца розныя сны. Дуброўскі. Красавік — Абуджэнне салодкіх трывог, Прадчуванне грымот, Навальніц і маланак. Звонак. Там [у горадзе] панавалі агонь і дым. Яны як бы паглыналі ўсё.. жыццё Васіля: і летнія вечары над вадою, і салодкія пацалункі Агаты, і тое, што было збудавана яго рукамі... Няхай. // Прыемны на ўспрыманне (пра голас, гукі, пах і пад.). Голас, [«кавалера»] быў вельмі прыемны, пранізваў салодкім агнём усю.. істоту [Ядвігі]. Бядуля. Дык гэта ж унучак ужо ў мяне! Бачыш, Карн? Радасць якая! — сыпала.. [Палагея] салодкімі словамі. Шамякін.

6. перан. Празмерна далікатны, занадта ласкавы. [Казік:] — Куды падзелася яго [Віктара] ранейшая салодкая манера, ліслівасць, ветлівы аптымізм. Машара. // Які выражае ліслівасць, карыслівую дагодлівасць. Салодкія абяцанні. ▪ Лепш горкая праўда, чым салодкая мана. Новікаў. Салодкай песні век не вер, Пакуль не разбярэшся — хто спявае. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)