бразго́тка, ‑і. ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Разм.
1. Дзіцячая цацка, пры ўзмахванні якой утвараецца бразгат, шум. Дзікавіцкі, чакаючы абеду, сядзеў на рагу стала з ўнукам на каленях, які прытанцоўваў і стукаў бразготкай то аб стол, то па галаве дзеду. Дуброўскі.
2. толькі мн. (бразго́ткі, ‑так). Бомы, званочкі. Чуецца ржанне коней, звон бразготак і музыка. Козел. Не відаць было зухаватых «братоў», пралятаючых з форсам, з бразготкамі на падбадзёраным цуглямі і пугай кані. Крапіва.
3. Невялікі прадмет, які з’яўляецца аздобай. Пецька — піжон. Тыдзень есці не будзе, а бразготку ўпадабаную купіць. Мехаў. [Галя:] — А што гэта такое? Бразготкі нейкія? [Міход:] — Добрыя бразготкі. Гэта ж золата... Сабаленка.
4. Спецыяльная прылада для ўтварэння гукаў, падобных на трэск; трашчотка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
захапі́цца, ‑хаплюся, ‑хопішся, ‑хопіцца; зак., кім-чым.
1. Праявіць да чаго‑н. вялікую цікавасць, цалкам аддацца якой‑н. справе, занятку. Захапіцца спортам. □ Многія аднакласнікі, у тым ліку і Грыша Верас, захапіліся зборам этыкетак. Жычка.
2. Поўнасцю паглыбіцца ў які‑н. занятак, забыўшыся аб усім астатнім. Манг зноў захапіўся працай і забыўся на голад. Маўр. Леанід так захапіўся ўрокам, што і не заўважыў, як ён закончыўся. Шахавец.
3. Залюбавацца, зачаравацца чым‑н. Зусім забыўся Голуб, дзе ён, захапіўся малюнкам ціхага поля, такога блізкага, роднага. Галавач. Я толькі з любімай магу захапіцца Успененым морам, паводкай зары. Панчанка.
4. Адчуць цягу, сімпатыю да каго‑н. Маша не магла забыцца, як .. [Славік] з першага позірку захапіўся ёй. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
з’е́хацца, з’едуся, з’едзешся, з’едзецца; зак.
1. Сабрацца дзе‑н., прыехаўшы з розных месц (пра многіх, многае). — Я пачала ўжо не без трывогі чакаць, калі скончацца канікулы, з’едуцца настаўнікі і я прыйду ў школу. Шамякін. З’ехалася ўся радня, якая толькі была ў шляхецкай акрузе, і вырашыла, што Казімір павінен жаніцца. Пестрак.
2. Разм. Едучы, сустрэцца з кім‑н. дзе‑н. Хочацца пакінуць гэтыя цёмныя вазы, гэтых людзей, з якімі давялося.. разам з’ехацца, калі выязджалі з вёскі ў горад. Чорны. — Якраз з Алесем Садовічам на станцыі з’ехаліся і разам дадому ішлі, — як бы апраўдваўся Лабановіч за свой «парожні» выгляд. Колас.
3. Разм. Паспець ехаць разам з кім‑, чым‑н. На веласіпедзе з машынай цяжка з’ехацца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
за́раз, прысл.
1. У сучасны момант, у гэты час, цяпер. Усе цяпер на копцы бульбы, Дораг зараз кожны дзень. Панчанка. Дзе раней быў мох, там зараз канюшыны стог. З нар. // Толькі што, зусім нядаўна. Расказаная зараз гісторыя. // У самым скорым часе, хутка (пра дзеянні, падзеі, якія маюць вось-вось адбыцца). Ціха, дзеці, калі ласка, Раскажу вам зараз казку. Муравейка.
2. (звычайна з часціцай «жа»). Неадкладна, у гэты ж момант. [Цімафею Міронавічу] закарцела тады як-небудзь паказаць .. сваю сілу, зараз жа, неадкладна праверыць дзейнасць яе на якім-небудзь аб’екце. Зарэцкі.
зара́з, прысл.
Адразу, за адзін раз, адначасова. Рабіць дзве работы зараз. □ Богут ветлівым паклонам Гасцей вітае дарагіх І раскрывае сваё лона, Каб прытуліць зараз дваіх. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасмяя́цца, ‑смяюся, ‑смяешся, ‑смяецца; ‑смяёмся, ‑смеяцеся; зак.
1. Смяяцца некаторы час. Крыху пасядзеўшы, пагаманіўшы, пасмяяўшыся, Базыль звярнуўся да гаспадара, да «валачобнікаў», запрашаючы ўсіх да сябе. Колас. [Антось:] — Рабіць цэлы дзень і не пасмяяцца, не пажартаваць! Чарнышэвіч.
2. з каго-чаго. Выказаць смехам адносіны да каго‑, чаго‑н. Іван Сцяпанавіч і Наталля Аляксееўна пасмяяліся яшчэ з тых успамінаў і з той прыемнай яе дружбы і пайшлі далей. Васілевіч. [Пятрок] жыве з сваёй жонкай Ульянай і па-ранейшаму памагае Алімпе, якая з усяе тае заварухі толькі пасмяялася. Ракітны. // Аднесціся да каго‑, чаго‑н. з насмешкай; пажартаваць з каго‑, чаго‑н. «А што, калі ён з мяне пасмяяўся», — з смуткам падумала .. [Зося] пра пастушка. Чорны. Хлопчык думаў, што Сцёпка непісьменны, пасмяяцца хацеў з яго. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасту́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Стукаць некаторы час; стукнуць некалькі разоў. З дзіцячай цікаўнасцю.. [сын] аглядаў і мацаў кожную рэч. Пакратаў шторы, пастукаў пальцамі па сцяне. Шамякін. Дзед пастукаў па цэбры драўляным малатком. Бядуля. Кветачкі пальцаў цвёрда, нібы ў лад думкам, пастукалі аб стол. Мележ. // Стукам (у дзверы, акно і пад.) даць знаць аб сваім прыходзе, просячы ўпусціць куды‑н. Вось Мікіта звярнуў направа, адчыніў брамку і нясмела пастукаў у шыбу. Скрыпка. Я мінуў перакошаныя і парысаваныя бартамі грузавых машын бетонныя слупы і пастукаў у парадныя дзверы. Карпюк. У акно моцна пастукалі. Лынькоў. // Падаць сігнал, стукнуўшы некалькі разоў; паведаміць аб чым‑н. стукам. Лёня ўжо збіраўся, як толькі яны наблізяцца да скрыжавання, пастукаць па брызенце, але яго апярэдзіў Хоміч. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
патрабава́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Настойлівы ў сваіх патрабаваннях. Патрабавальны загадчык. Патрабавальны настаўнік. □ Жадаючы з першага дня паказаць сябе патрабавальным начальнікам, .. [Сцяпан] сурова спытаў, чаму памяшканне дагэтуль не атынкавана. Шамякін. Зусім не пакрыўдзіўся Жэня на Дыбу — чалавека справядлівага і патрабавальнага. Гроднеў. Шафранскага я толькі адзін раз бачыў у вочы, на выпускным вечары, але чуў, што гэта чалавек нязломны, суровы і патрабавальны, што ён вельмі не любіць хлусоў і манюк. Сабаленка. // У якім адчуваецца патрабаванне. Стой! — патрабавальны голас спыніў Яўсея. Паўлаў. Сярод ночы раздаецца асцярожны, але патрабавальны стук у акно. Пінчук.
2. З высокімі запатрабаваннямі. Патрабавальны чытач. // Які патрабуе да сябе ўвагі, асаблівых умоў; капрызны. Грэчка — параўнальна цеплалюбівая расліна; асабліва патрабавальная яна да цяпла ў першыя фазы развіцця. «Весці».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перабы́ць, ‑буду, ‑будзеш, ‑будзе; зак.
Разм.
1. што і без дап. Пражыць нейкім чынам, перачакаць нейкі час, да якой‑н. пары. Перабыць ноч у знаёмых. □ [Шашура] перабыў зіму, а ўвесну з сваімі памочнікамі.. са зброяй накіраваўся ў лес. Мележ. Да раніцы студэнтам дазволілі перабыць у вагонах. Карпаў. Не ўрадзіў мак — перабудзем і так. Прыказка.
2. Пабываць у розны час у каго‑н., дзе‑н., наведаць каго‑, што‑н. — пра ўсіх, многіх. Бадай што ўсе перабылі ў нас, не зайшла толькі Аксеня. Лупсякоў. Такія госці тут не ў навіну: іх перабыло ўжо немаведама колькі. Новікаў. // Пабываць у каго‑н. у руках, трапіць пад чыё‑н. падпарадкаванне ў розны час. Шмат у яго [Максімавых] руках перабыло трохрадак. Куляшоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пераваро́т, ‑у, М ‑роце, м.
1. Змена існуючага грамадска-палітычнага ладу або ўрада сілай. Дзяржаўны пераварот. Рэвалюцыйны пераварот. Палітычны пераварот.
2. Рэзкі паварот, карэнныя змены ў развіцці, ходзе чаго‑н. Пераварот у навуцы. Тэхнічны пераварот. □ З’яўленне такога натоўпу зрабіла ў доме цэлы пераварот. Колас. І вось за адзін вечар адбыўся цэлы пераварот, адчуў Віця, што цяпер не толькі пра свае клопаты думаць трэба. Нядзведскі.
3. Спец. Фігура вышэйшага пілатажу, пры якой самалёт пераварочваецца ў паветры. Зрабіўшы правы, пасля левы віражы, Крывахіж паправіў на плячах лямкі парашута.. І пайшлі перавароты, пасля пятля... Алешка. // Гімнастычная фігура, пры якой цела гімнаста пераварочваецца ў паветры.
•••
Дварцовы пераварот — насільная змена манарха, кіраўніка дзяржавы сіламі прыдворных груп высокапастаўленых асоб без ўдзелу народных мас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перакры́ць, ‑краю, ‑крыеш, ‑крые; зак., што.
1. Накрыць нанава, яшчэ раз, іначай. Перакрыць будынкі гонтамі. □ Дах пацёк, і адзін бок прыйшлося перакрыць саломай, а другі — толькі залатаць. С. Александровіч.
2. Закрыць, спыніць свабодны рух, цячэнне, наступленне чаго‑н. [Падун] павінен знікнуць пад вадой, калі Ангару канчаткова перакрыюць. Корбан. — Я перакрыў трубы, — таямніча.. паведаміў Стралецкі, — каб замарозіць вадакачку. Гурскі. // Закрыўшы, перагарадзіўшы што‑н., спыніць доступ. — Калі шлях.. выпадкам перакрыюць, бяжыце вось сюды. Асіпенка.
3. Перавысіць якія‑н. паказчыкі, вынікі і пад.; апярэдзіць. Перакрыць норму. Перакрыць планавае заданне. Перакрыць графік. □ Цяпер мы ўсе вышыні перакрылі, Да сонечных шляхоў зрабіўшы смелы марш. Хведаровіч. // Заглушыць якімі‑н. гукамі, галасамі іншыя гукі і галасы. Касцельны звон перакрылі раптоўны піск цыркуляркі і грукат матора. Броўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)