схамяну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑меняцеся; зак.

1. Раптам успомніць пра што‑н.; раптоўна заўважыць памылку, недагляд і пад. Было ўжо далёка за поўнач, калі першай схамянулася Наташа: «Гулянне гуляннем, а мне пара і дадому». Хадкевіч. — Не, стой! — раптам схамянулася .. [Наталька], — можа тваёй маці нічога не трэба гаварыць. Чорны. — А венікаў зноў не нарэзаў, — схамянуўся Антось. Аношкін.

2. Выйсці са стану нерухомасці, задуменнасці, падхапіцца, здрыгануцца. І тут Іван трывожна схамянуўся — толькі цяпер да ягонай свядомасці дайшоў трывожны сэнс цішыні. Быкаў. Нечакана зазвінеў званок — Юновіч схамянуўся, убачыў, што ідзе да школы: адтуль ужо гурмою высыпалі на вуліцу дзеці. М. Стральцоў. // Набыць здольнасць разважаць; прыйсці ў сябе; ачомацца. [Карніцкі:] — Вы, таварышы, ведаеце, каго можаце прапусціць у самы лагер? Схаменяцеся, ды позна будзе! Паслядовіч. І схамянуцца не ўправіліся, як полымя ўхапілася ўжо за суседняе гумно. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)