ГІМЕНАМІЦЭ́ТЫ (Hymenomycetidae),
група парадкаў (афілафаральныя і агарыкальныя) базідыяльных грыбоў. Вядома больш за 12 тыс. відаў. Пашыраны на ўсіх кантынентах, пераважна ў лясных біяцэнозах. На Беларусі больш за 2 тыс. відаў. Большасць сапратрофы, многія паразіты. Ёсць ядомыя, лек., ядавітыя. Мікарызаўтваральнікі або мінералізатары адмерлых раслінных рэшткаў.
Пладовыя целы адна- і шматклетачныя разнастайныя па форме, памерах (ад 0,2 да 72 см), кансістэнцыі і афарбоўцы. Характэрная прыкмета гіменаміцэтаў — утварэнне на паверхні пладовага цела гіменія — шчыльнага слоя з базідый і стэрыльных элементаў, якія выконваюць ахоўную функцыю. Гіменафор (вырасты пладовага цела, што нясуць гіменій) пласціністы, трубчасты, складкаваты і інш. Афарбоўка спораў разнаколерная, ад яе залежыць колер гіменафора.
т. 5, с. 247
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГАВО́Р АБ НЕРАСПАЎСЮ́ДЖВАННІ Я́ДЗЕРНАЙ ЗБРО́І,
міжнароднае пагадненне, адкрытае для падпісання 1.7.1968. Распрацаваны па ініцыятыве ядз. дзяржаў — СССР, ЗША і Вялікабрытаніі, падпісаны імі, усяго ўдзельнікаў — больш за 130 дзяржаў. Дагавор абавязвае ядз. дзяржавы не перадаваць няядзерным дзяржавам ядз. зброю ў любым выглядзе і не дапамагаць ім набываць яе. Няядзерныя дзяржавы ў сваю чаргу абавязаліся ўстрымацца ад набыцця такой зброі. Дагавор прадугледжвае кантроль з боку Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі за тым, каб прадухіліць проціпраўны пераход ад мірнага выкарыстання ядз. энергіі да вытворчасці ядз. зброі. Рэспубліка Беларусь далучылася да дагавора ў якасці няядзернай дзяржавы на падставе Пастановы Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь ад 4.2.1993.
Ю.П.Броўка.
т. 5, с. 570
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМАВІ́К,
вобраз у старадаўніх павер’ях беларусаў і інш. народаў. На Беларусі яго ўяўлялі ў выглядзе старога чалавека ў белай вопратцы, з сівой барадой і доўгімі валасамі, які жыў у хаце (пад ці за печчу) або ў сенцах, каморы, клеці. Паводле павер’яў у кожнай хаце (сям’і) быў свой Д. (увасабляў памерлага гаспадара), які нібыта ахоўваў дом, клапаціўся пра гаспадарку, назіраў за сямейным побытам і інш. Прымхлівыя людзі імкнуліся задобрыць Д.: у памінальныя і святочныя дні яго клікалі да стала, «частавалі» лепшымі стравамі, прасілі, каб не рабіў шкоды. Рэліг. значэнне вобраз Д. страціў у канцы 19 — пач. 20 ст. Знайшоў адлюстраванне ў бел. фальклоры (пераважна ў былічках).
М.Ф.Піліпенка.
т. 6, с. 23
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖЫ́НСКАЯ ГАРА́ (да 1958 Святая гара),
найвышэйшы пункт Мінскага ўзвышша і Беларусі. Знаходзіцца каля в. Скірмантава, за 20 км на Пн ад г. Дзяржынск, за 30 км на ПдЗ ад г. Мінск. Выш. 345 м над узр. м. Над рэкамі, вытокі якіх пачынаюцца каля падэшвы гары (Пціч, Іслач, Сула, Уса), узвышаецца на 40—50 м. Складзена з марэны сожскага зледзянення, укрыта лёсападобнымі пародамі (суглінкамі і супескамі), сфарміраванымі ў час паазерскага зледзянення. Мае выгляд буйнога спадзіставыпуклага падняцця. Схілы на ПдЗ стромкасцю да 5°, на Пн і У — да 2°, разараныя, толькі 15% тэрыторыі на ПнЗ пад маладым лесам. На разараных участках плоскасны змыў.
т. 6, с. 161
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЎЖЫНА,
возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Крашанка, за 6 км на Пд ад г.п. Ушачы. Пл. 0,65 км², даўж. 2 км, найб. шыр. 500 м, найб. глыб. 18 м, даўж. берагавой лініі больш за 5 км. Пл. вадазбору 14,3 км². Схілы катлавіны выш. 20—26 м (на ПдЗ 7—15 м), пад хваёвым лесам. Берагі пад хмызняком, месцамі забалочаныя. Дно да глыб. 4—7 м высцілаюць пясчаныя адклады, глыбей — сапрапель і глеі. Шыр. паласы надводнай расліннасці да 25 м. На Пд у возера ўпадае ручай з воз. Баркоўшчына, на Пн выцякае ручай у воз. Вечалле. Уваходзіць у курортную зону Ушачы.
т. 6, с. 188
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЧО́РНАЕ ВО́ЗЕРА,
у Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Шэвінка, за 8 км на ПнУ ад г.п. Шуміліна. Пл. 0,29 км², даўж. 1,8 км, найб. шыр. 240 м, найб. глыб. 7,9 м, даўж. берагавой лініі больш за 4 км. Пл. вадазбору 4,3 км². Схілы катлавіны выш. 5—8 м, пераважна разараныя. Берагі зліваюцца са схіламі, каля ўрэзу вады параслі хмызняком, на У і З сплавінныя. У паўд. ч. востраў пл. 0,1 га. Дно да глыб. 2 м (вакол вострава да 4—5 м) пясчанае, ніжэй сапрапелістае. Зарастае слаба. Упадаюць 2 ручаі, на У выцякае ручай у воз. Філіпенскае.
т. 7, с. 26
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПЛА́СА ЎРАЎНЕ́ННЕ,
дыферэнцыяльнае ўраўненне з частковымі вытворнымі Δu(x, y, z) = 0, дзе Δ — Лапласа аператар, u(x, y, z) — шуканая функцыя. Уведзена П.Лапласам (1782) у працах па нябеснай механіцы і тэорыі гравітацыйнага патэнцыялу.
Да Л.ў. зводзіцца шэраг задач фізікі і тэхнікі, напр., яго задавальняе т-ра пры стацыянарных працэсах, патэнцыял эл.-статычнага поля па-за межамі зарадаў, гравітацыйны патэнцыял па-за межамі прыцягальных мас. У прамавугольных дэкартавых каардынатах яно мае выгляд
, дзе x, y, z — незалежныя пераменныя Рашэнні Л.ў., якія маюць неперарыўныя частковыя вытворныя да 2-га парадку ўключна, наз. гарманічнымі функцыямі.
А.А.Гусак.
т. 9, с. 134
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЕ РЭА́ЛЬНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА,
агульнаадукацыйная сярэдняя навуч. ўстанова ў 1885—1918 у Магілёве. Уваходзіла ў Віленскую навуч. акругу. Утрымлівалася за кошт казны, збораў за навучанне і сродкаў мясц. т-ва ўзаемнага крэдыту. Мела 7 класаў і падрыхтоўчае аддзяленне. У 1907 навучалася 236 юнакоў, у 1915—321. Працавалі выкладчыкі з ун-таў Парыжа, Масквы, Пецярбурга, Варшаўскага політэхн. ін-та і інш. Выкладаліся: рус., ням. і франц. мовы, геаграфія, прыродазнаўства, гісторыя, хімія, заканазнаўства, матэматыка, фізіка, касмаграфія, маляванне, чарчэнне, асновы ваен. навукі, музыка, гімнастыка. Выпускнікі мелі льготы пры паступленні ў вышэйшыя тэхн. і с.-г. навуч. ўстановы, на фізіка-матэм. ф-ты ун-таў. Цяпер у будынку М.р.в. пед. каледж.
А.Ф.Самусік.
т. 9, с. 453
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ ЛІТАРАТУ́РНА-МУЗЫ́ЧНА-ДРАМАТЫ́ЧНЫ ГУРТО́К Існаваў у Магілёве ў 1905—14. Аб’ядноўваў мясц. інтэлігенцыю
(у 1912 каля 300 чал.). Меў у сваім складзе сімф. аркестр (дырыжор У.Крэвінг),
хор (кіраўнікі М.Фідзюноў, В.Зубоўскі), вял. групу прафес. музыкантаў (спевакі С.Мігай, Ю.Рэйдэр, Я.Казанская, Е.Калабазіна, піяністы В.Багалюбава і А.Боркус, скрыпач С.Дзісман, музыказнаўцы С.Вяржбіцкі, Ю.Дрэйзін). Удзельнікі гуртка наладжвалі канцэрты і муз. вечары (больш за 10 у сезон), чыталі лекцыі пра жыццё і творчасць выдатных кампазітараў, пісьменнікаў і паэтаў, ставілі асобныя дзеі і акты, выконвалі уверцюры, арыі, ансамблі, хары, у т. л. з опер «Жыццё за цара» і «Руслан і Людміла» М.Глінкі, «Пікавая дама» і «Яўген Анегін» П.Чайкоўскага і інш.
А.Л.Капілаў.
т. 9, с. 468
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ДНЫЯ РУ́ДЫ,
прыродныя мінер. ўтварэнні (мінералы, горныя пароды), якія выкарыстоўваюцца ў прам-сці для здабычы медзі. Вядома больш за 200 медзьзмяшчальных мінералаў, але толькі каля 20 з іх утвараюць М.р. Гал. мінералы медзі ў сульфідных рудах (больш за 90% сусв. запасаў М.р.): хальказін, барніт і халькапірыт; у медна-нікелевых радовішчах — кубаніт; у акісленых рудах: купрыт, малахіт, брошантыт, азурыт, хрызакола і інш., а таксама медзь самародная. Радовішчы медзі падзяляюцца на 9 геолага-прамысл. тыпаў (медна-нікелевыя, медзістых пясчанікаў і сланцаў, медна-калчаданныя, медна-парфіравыя і інш.). Сярэдняя колькасць медзі у іх 0,3—5%. Найб. здабыча медзі ў Чылі, ЗША, Расіі, Казахстане, Канадзе, Замбіі, Аўстраліі.
У.Я.Бардон.
т. 10, с. 250
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)