МАКЕ́НЗІ (Mackenzie),

рака на ПнЗ Канады. Даўж. ўласна М. каля 1770 км, разам з р.Піс (ад вытокаў р. Фінлі) 4250 км. Пл. басейна (уключае сістэму рэк Нявольніцкая, Піс і Атабаска, якія належаць бас. Вял. Нявольніцкага воз.) 1804 тыс. км². Пачынаецца з Вял. Нявольніцкага воз., цячэ па нізіне Макензі, упадае ў м. Бофарта Паўн. Ледавітага ак., утварае дэльту (пл. каля 12 тыс. км²). Даліна М. складзена з тоўшчаў алювіяльных і водна-ледавіковых адкладаў, моцна забалочаная, укрытая яловымі лясамі. Гал. прытокі: Ліярд, Арктык-Рэд-Рывер, Піл (злева), Вял. Мядзведжая (справа). Жыўленне снегава-дажджавое. Вясенне-летняя паводка. Ледастаў з кастр. да мая. Сярэдні расход вады 11 тыс. м³/с. Даўж. суднаходных шляхоў усёй сістэмы 2200 км (ад Уотэруэйса на р. Атабаска да порта Тактаяктук на ўзбярэжжы Паўн. Ледавітага ак.). Найб. населеныя пункты: Аклавік, Інувік, Норман-Уэлс, Форт-Норман, Форт-Провідэнс. Адкрыта і ўпершыню пройдзена ад вытокаў да вусця А.Макензі ў 1789, названа ў яго гонар.

т. 9, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́РАЧ,

рака ў Слуцкім, Клецкім і Салігорскім р-нах Мінскай вобл., правы прыток р. Случ (бас. р. Прыпяць). У верхнім цячэнні рака наз. Копанка. Даўж. 150 км. Пл. вадазбору 2030 км².

Пачынаецца каля в. Вошкаты Капыльскага р-на на Капыльскай градзе, цячэ па паўд.-зах. ч. Цэнтральнабярэзінскай раўніны і паўн. ч. нізіны Прыпяцкае Палессе. Асн. прытокі: Удава, Мажа, (справа), Волка, Вызенка (злева). Даліна на вял. працягу невыразная, месцамі трапецападобная, шыр. 400—800 м. У месцах, дзе даліна выразная, пойма двухбаковая, чаргуецца па берагах, шыр. 100—200 м. Рэчышча амаль на ўсім працягу каналізаванае. Шыр. яго да в. Морач Капыльскага р-на 2—4 м, ніжэй 20—25 м, каля Чырвонаслабодскага вадасховішча (плаціна за 50 км ад вусця ракі) 40—50 м. Замярзае ў сярэдзіне снеж., крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Веснавы крыгаход 5 сут. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 8,7 м³/с. М. выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. сістэм.

Рака Морач.

т. 10, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУХАВЕ́Ц,

рака ў Брэсцкай вобл., правы прыток р. Зах. Буг. Даўж. 112,6 км. Пл. вадазбору 6600 км². Цячэ па Прыбугскай раўніне (вярхоўе) і Брэсцкім Палессі. Пачынаецца ў сутоках рэк Myxa і Вец у г. Пружаны. Уваходзіць у Дняпроўска-Бугскі водны шлях.

Асн. прытокі: Дахлоўка, Жабінка (справа), Дняпроўска-Бугскі канал, рэкі Трасцяніца, Асіпоўка, Рыта (злева). Даліна ў верхнім цячэнні невыразная, шыр. ў сярэднім цячэнні 400—600 м, ніжэй 1,5—2 км. Схілы ўмерана стромкія, выш. 4—8 м (у ніжнім цячэнні 3—6 м). Пойма двухбаковая, нізкая, парэзаная старыцамі і меліярац. каналамі, месцамі забалочаная. Рэчышча каналізаванае на ўсім працягу. У верхнім цячэнні рака называецца канал Мухавец. Ад г. Кобрын да Брэста рака зарэгуляваная. Замярзае ў сярэдзіне снеж., крыгалом у 2-й пал. сакавіка. Сярэднегадавы расход вады каля Брэста 34,9 м³/с. Суднаходства ад г. Кобрын (64 км ад вусця), працягласць навігацыйнага перыяду 230—240 сутак. На рацэ гарады Брэст, Пружаны, Жабінка, Кобрын.

Рака Мухавец.

т. 11, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАТА́,

рака ў Пскоўскай вобл. Расіі і Полацкім р-не Віцебскай вобл. Беларусі; правы прыток р. Зах. Дзвіна. Даўж. 93 км. Пл. вадазбору 651 км². Выцякае з воз. Колпіна за 1,4 км на ПнУ ад в. Колпіна Невельскага р-на, цячэ праз воз. Неклач (Расія), па Полацкай нізіне і воз. Ізмак. Вусце ў межах г. Полацк. Даўж. на тэр. Беларусі 86 км, пл. вадазбору больш за 470 км². Прытокі: Лютая, Страдань (справа), Тросніца і Чартоўка (злева). Даліна трапецападобная, шыр. 100—400 м. Пойма двухбаковая, месцамі адсутнічае, шыр. 150—300 м. Рэчышча моцназвілістае, на асобных участках у верхнім і сярэднім цячэнні на працягу 14,2 км каналізаванае: шыр. яго 5—10 м, ніжэй упадзення р. Лютая месцамі да 30 м. Замярзае ў 1-й дэкадзе снеж., крыгалом у пач. красавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 4,8 м³/с. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. сістэм. Пры ўпадзенні ў Зах. Дзвіну — г. Полацк.

т. 11, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЛІВА,

рэчывы, якія пры спальванні вылучаюць значную колькасць цеплаты і выкарыстоўваюцца для атрымання цеплавой энергіі. Паводле паходжання падзяляюць на прыроднае (антрацыт, буры вугаль, газы прыродныя гаручыя, гаручыя сланцы, драўніна, каменны вугаль, нафта, торф) і штучнае (напр., кокс каменнавугальны, коксавы газ, генератарныя газы), паводле агрэгатнага стану — на цвёрдае, вадкае і газападобнае, паводле прызначэння — на маторнае паліва, кацельнае і інш. Многія віды П. выкарыстоўваюць як сыравіну ў хім. і нафтахім. прам-сці (гл. Нафтаперапрацоўка).

Уласцівасці П. ў значнай ступені абумоўлены яго хім. саставам. Большасць гаручых рэчываў — вугляродзістыя рэчывы (ад амаль чыстага вугляроду да складаных арган. злучэнняў), некаторыя віды П. (напр., ракетнае паліва) не маюць вугляроду. Асн. характарыстыка П. — цеплата згарання. Важнымі з’яўляюцца экалагічныя характарыстыкі П. і прадуктаў яго згарання, напр., выкарыстанне маторнага паліва дае каля 50% таксічных атм. выкідаў (аксіду вугляроду, аксідаў азоту і вуглевадародаў). Выкарыстанне т.зв. альтэрнатыўнага П. — звадкаваныя гаручыя газы, спірты, прадукты іх перапрацоўкі і сумесі з бензінам, штучнае вадкае паліва, вадарод, памяншае расход нафты і таксічнасць адпрацаваных газаў.

Л.​М.​Скрыпнічэнка.

т. 11, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНАЯ ДЗВІНА́,

рака ў Валагодскай і Архангельскай абласцях Расіі. Даўж. 744 км, пл. басейна 357 тыс. км². Утвараецца ад сутокаў рэк Сухана і Юг (каля г. Вялікі Усцюг). Да вусця р. Вага цячэ ў шырокай даліне, падзяляецца на рукавы, потым даліна рэзка звужаецца і пасля ўпадзення р. Пінега зноў разбіваецца на рукавы, якія збіраюцца ў адзіны паток каля г. Архангельск. Ніжэй г. Архангельск пачынаецца дэльта (пл. каля 900 км²). Асн. прытокі: Вычэгда, Пінега (справа), Вага (злева). Сярэдні гадавы расход вады каля с. Усць-Пінега 3330 м³/с. Ледастаў ад канца кастр. — пач. ліст. да пач. мая. Уплыў марскіх прыліваў да вусця р. Пінега. П.​Дз. злучана праз р. Сухана, воз. Кубенскае і інш. з Волга-Балтыйскім водным шляхам (Паўночна-Дзвінская водная сістэма), праз р. Пінега — з р. Кулой. У бас. П.​Дз. больш за 17 тыс. азёр. Суднаходная, сплаўная. На П.​Дз. — гарады Вялікі Усцюг, Красавіна, Котлас, Навадзвінск, Архангельск.

т. 12, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́НА (Rhône),

рака ў Швейцарыі і Францыі. Даўж. 812 км, пл. басейна 98 тыс. км². Пачынаецца з Ронскага ледавіка ў Лепіцінскіх Альпах. Цячэ цераз Жэнеўскае воз., па Ронскай нізіне, упадае 2 рукавамі ў Ліёнскі зал. Міжземнага м., на З ад г. Марсель утварае дэльту (пл. больш за 12 тыс. км²). Гал. прытокі: Эн, Сона, Ардэш (справа), Ізер, Дзюранс (злева). У верхнім і сярэднім цячэнні жывіцца талымі водамі ледавікоў і снежнікаў. У правых прытоках пераважае дажджавое жыўленне. Да самага вусця Р. захоўвае рысы альпійскага рэжыму. Летняя паводка і зімовая межань. Р. — самая мнагаводная рака Францыі. Сярэдні гадавы расход каля вусця 1780 м³/с. На Р. і яе прытоках Ізер і Дзюранс каскады ГЭС (каля 70% агульнай магутнасці ГЭС Францыі). Суднаходная ад вусця р. Эн. Цераз р. Сона і шматлікія каналы злучана з рэкамі Рэйн, Мозель, Марна, Сена, Луара. У абход дэльты пабудаваны суднаходны канал ад г.Арль да Марселя. Выкарыстоўваецца для арашэння. На Р. — гарады Жэнева (Швейцарыя), Ліён, Валанс, Авіньён, Арль (Францыя).

т. 13, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САР’Я́НКА,

рака ў Латвіі і Верхнядзвінскім р-не Віцебскай вобл., правы прыток р. Зах. Дзвіна. Даўж. 87 км, пл. вадазбору 1000 км² (у межах Беларусі адпаведна 38 км і 800 км²). Выцякае з воз. Броджайс у Латвіі, вусце за 1 км на ПдУ ад в. Вусце. Цячэ ў межах Латгальскага ўзв. і паўн.-зах. часткі Полацкай нізіны. Асн. прытокі: Сарыя, Чаўшыца, Асуніца (справа), Мальніца, Тур’я (злева). Даліна трапецападобная, шыр. 200—350 м. Схілы ўмерана стромкія, выш. 10—15 м, парэзаныя ярамі. Пойма перарывістая, месцамі чаргуецца па берагах, шыр. 150—200 м, у разводдзе затапляецца на глыб. да 1 м, у высокае разводдзе — да 1,5—2,5 м. Рэчышча звілістае і малазвілістае, неразгалінаванае, шыр. 5—10 м у верхнім і сярэднім цячэнні, 15—25 м — у ніжнім. Берагі стромкія і абрывістыя. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 7,4 м³/с. Рака — водапрыёмнік меліярац. сістэм.

А.​А.​Макарэвіч.

т. 14, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УША́,

рака ў Нясвіжскім р-не Мінскай вобл. і Карэліцкім р-не Гродзенскай вобл., левы прыток р. Нёман. Даўж. 105 км, пл. вадазбору 1220 км². Пачынаецца каля зах. ускраіны в. Качановічы Нясвіжскага р-на, цячэ праз воз. Свіцязь, упадае ў р. Нёман на У ад в. Ярэмічы Карэліцкага р-на. Асн. прытокі: Гарадніца, Сноўка, Змейка, Цятранка (злева), Міранка (справа). Даліна слаба выражаная, схілы пераважна нізкія, забалочаныя, месцамі павышаюцца да 12 м. Пойма двухбаковая, забалочаная. Шыр. разліву ў ніжнім цячэнні да 2,5 км, у верхнім і сярэднім — ад 100 м да 1 км. Рэчышча звілістае, у вярхоўі на працягу 10,1 км каналізаванае. Каля г. Нясвіж і в. Качановічы цячэ праз сажалкі. Берагі абрывістыя, у верхняй і ніжняй ч. забалочаныя. Ледастаў ад сярэдзіны снеж. да канца сакавіка. Веснавое разводдзе на працягу 1 мес, найб. ўзровень над межанню 3 м. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 7,3 м³/с. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. сістэм.

А.​А.​Макарэвіч.

Рака Уша ў Карэліцкім раёне Гродзенскай вобл.

т. 16, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧО́РНАЯ ГА́НЧА,

рака ў Польшчы і Гродзенскім р-не Беларусі, левы прыток р. Нёман. Даўж. 145 км, пл. вадазбору 1916 км² (у межах Беларусі даўж. 35 км і пл. вадазбору 178 км²). Пачынаецца ў Польшчы на паўд. схіле Балтыйскай грады, цячэ праз азёры Ганча і Вігры, перасякае граніцу за 1 км на ПдЗ ад в. Лясная. Вусце за 1 км на ПнЗ ад в. Загорнікі. Злучана праз Аўгустоўскі канал з р. Нёман. У Беларусі цячэ па паўн. схілах Гродзенскага ўзв. і зах. частцы Сярэднянёманскай нізіны. Асн. прыток — р. Марыха (злева). Пад лясамі 84% тэр. вадазбору. Даліна шыр. 0,7—3,5 км, глыбока ўрэзаная. Пойма шыр. 0,2—1 км, двухбаковая, забалочаная, парасла хмызняком; ёсць участкі надпоймавых тэрас выш. да 10 м. Рэчышча (шыр. да 10 м) звілістае, з буйнымі меандрамі. Выш. берагоў ад 0,5 да 3 м. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 17 м³/с. Сярод рыб харыус, стронга ручаёвая (у Чырв. кнізе Беларусі).

А.​А.​Макарэвіч.

Рака Чорная Ганча.

т. 17, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)