САР’Я́НКА,

рака ў Латвіі і Верхнядзвінскім р-не Віцебскай вобл., правы прыток р. Зах. Дзвіна. Даўж. 87 км, пл. вадазбору 1000 км² (у межах Беларусі адпаведна 38 км і 800 км²). Выцякае з воз. Броджайс у Латвіі, вусце за 1 км на ПдУ ад в. Вусце. Цячэ ў межах Латгальскага ўзв. і паўн.-зах. часткі Полацкай нізіны. Асн. прытокі: Сарыя, Чаўшыца, Асуніца (справа), Мальніца, Тур’я (злева). Даліна трапецападобная, шыр. 200—350 м. Схілы ўмерана стромкія, выш. 10—15 м, парэзаныя ярамі. Пойма перарывістая, месцамі чаргуецца па берагах, шыр. 150—200 м, у разводдзе затапляецца на глыб. да 1 м, у высокае разводдзе — да 1,5—2,5 м. Рэчышча звілістае і малазвілістае, неразгалінаванае, шыр. 5—10 м у верхнім і сярэднім цячэнні, 15—25 м — у ніжнім. Берагі стромкія і абрывістыя. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 7,4 м³/с. Рака — водапрыёмнік меліярац. сістэм.

А.​А.​Макарэвіч.

т. 14, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)