МАКЕ́НЗІ (Mackenzie),

рака на ПнЗ Канады. Даўж. ўласна М. каля 1770 км, разам з р.Піс (ад вытокаў р. Фінлі) 4250 км. Пл. басейна (уключае сістэму рэк Нявольніцкая, Піс і Атабаска, якія належаць бас. Вял. Нявольніцкага воз.) 1804 тыс. км². Пачынаецца з Вял. Нявольніцкага воз., цячэ па нізіне Макензі, упадае ў м. Бофарта Паўн. Ледавітага ак., утварае дэльту (пл. каля 12 тыс. км²). Даліна М. складзена з тоўшчаў алювіяльных і водна-ледавіковых адкладаў, моцна забалочаная, укрытая яловымі лясамі. Гал. прытокі: Ліярд, Арктык-Рэд-Рывер, Піл (злева), Вял. Мядзведжая (справа). Жыўленне снегава-дажджавое. Вясенне-летняя паводка. Ледастаў з кастр. да мая. Сярэдні расход вады 11 тыс. м​3/с. Даўж. суднаходных шляхоў усёй сістэмы 2200 км (ад Уотэруэйса на р. Атабаска да порта Такгаяктук на ўзбярэжжы Паўн. Ледавітага ак.). Найб. населеныя пункты: Аклавік, Інувік, Норман-Уэлс, Форт-Норман, Форт-Провідэнс. Адкрыта і ўпершыню пройдзена ад вытокаў да вусця А.Макензі ў 1789, названа ў яго гонар.

т. 9, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)