элега́нтны, ‑ая, ‑ае.

Зграбны, прыгожы, вытанчаны. На.. [Маі] было элегантнае паліто, у руках чорная сумачка. Ярашэвіч. Цяпер на Сіліцкім быў даволі элегантны плашч, на галаве капялюш, на нагах моцныя чаравікі. Арабей. З пакоя выйшла Зося.. У добра скроеным сінім плацці, з двух’яруснай прычоскай-куклай, расчырванелая, яна мела амаль элегантны выгляд. Шамякін. // З густам, прыгожа адзеты; які трымае сябе галантна, далікатна. У белых кашулях і бліскучых чаравіках элегантныя салісты выконвалі лёгкія эстрадныя песенькі аб каханні, сяброўстве, вернасці — на ўсе тэмы, якія толькі цікавяць людзей. Гаўрылкін.

[Фр. élégant.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

во́ка, -а, мн. во́чы і (з ліч. 2, 3, 4) во́кі, вок, вачэ́й, Д вача́м, Т вача́мі і вачы́ма, М на вача́х, н.

1. Орган зроку, а таксама сам зрок.

Левае в.

Блакітныя вочы.

Хвароба вачэй.

Вернае в.

Вочы загарэліся на што-н. (вельмі захацелася мець што-н.). З завязанымі вачамі (неабачліва, не раздумваючы). Падняць вочы (паглядзець уверх або знізу ўверх). Рабіць вялікія вочы (здзіўляцца). Ісці куды вочы глядзяць (ісці абы-куды, без пэўнай мэты). Закрыць вочы каму (перан.: прысутнічаць пры чыёй-н. смерці). Паганае в. (у забабонах: позірк, які прыносіць няшчасце).

2. перан., толькі адз. Здольнасць бачыць, набытая ў працэсе жыццёвага вопыту.

Бывалае в.

Звыклае в.

Гаспадарчае в.

◊

Глядзець вачамі каго або чыімі на што — не мець уласнай думкі.

Кідацца ў вочы — прыцягваць увагу, быць асабліва прыметным.

Лезці ў вочы (разм., неадабр.) —

1) старацца быць увесь час на віду, назойліва маячыць перад вачамі;

2) быць асабліва прыметным.

Адвесці вочы каму (разм.) — адцягнуць увагу чыю-н. ад чаго-н.

Адкрыць вочы каму на каго-што — паказаць каго-н. у праўдзівым свеце.

Закрываць вочы на што — знарок не заўважаць чаго-н., пакідаць без увагі што-н.

Глядзець у вочы чаму (небяспецы, смерці і пад.) — быць блізкім да чаго-н.

Вочы б мае не бачылі (разм.) — пра што-н. непрыемнае, што не хочацца бачыць.

У вочы казаць (сказаць) — казаць (сказаць) адкрыта, прама.

Чортава вока (разм.) — вельмі глыбокае, бяздоннае месца на балоце.

Як вока схопіць або як вокам ахапіць (разм.) — колькі можна ўбачыць, як толькі далёка бачыць вока.

Як вокам маргнуць (разм.) — пра вельмі хуткае дзеянне.

У вочы не бачыў каго (разм.) — ніколі не бачыў каго-н.

За вочы (гаварыць; разм.) — завочна, у адсутнасць.

На вока (разм.) — прыблізна, без дапамогі вымяральных сродкаў.

З вока на вока або вока на вока — сам-насам.

З п’яных вачэй (разм.) — у стане ап’янення.

Упасці (укінуцца) у вока (разм.) — запомніцца, спадабацца.

Адбіраць вочы — асляпляць (пра веснавое сонца).

Берагчы як зрэнку вока — пільна сачыць, уважліва ахоўваць што-н.

Вачэй не зводзіць з каго-чаго (разм.) — вельмі захапляцца кім-, чым-н.

Вачэй не паказваць (разм.) — пазбягаць сустрэчы.

Глянуць адным вокам (разм.) — няўважліва, хутка прачытаць што-н.

Мець вока на каго (разм.) — таіць злосць на каго-н.

Хоць вока выкалі (разм.) — пра начную цемнату.

Хоць пальцам у вока (разм.) — пра густую цемру.

|| памянш. во́чка, -а, мн. -і, -чак, н. (да 1 знач.), мн. таксама вачаня́ты, -ня́т (да 1 знач.; разм.).

Строіць вочкі каму-н. (какетнічаць з кім-н.).

|| прым. во́чны, -ая, -ае (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

е́сці, ем, ясі́, есць; ядзі́м, ясце́, яду́ць; еў, е́ла; еш; незак.

1. каго-што і без дап. Ужываць ежу.

Е. яблыкі.

Чаго не ясі, таго ў рот не нясі (прыказка).

2. толькі ў інф. (у спалучэнні з дзеясловам). Ежа, харч.

Наварыць е.

Хацець е.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.), што. Разбураць хімічна, раз’ядаць.

Іржа есць жалеза.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.), што. Выклікаць пякучы боль, раздражняць (пра дым і пад.).

Густы дым еў вочы.

5. перан., каго-што. Не даваць спакою, мучыць (пра сумленне, тугу, боль).

Сэрца маё есць туга.

6. перан., каго (што). Папракаць, назаляць, не даваць спакою (разм.).

Кожны дзень грызуцца, ядуць адзін аднаго.

◊

Дарэмна хлеб есці (разм.) — не прыносіць ніякай карысці, гультаяваць.

Есці вачамі (разм.) — пільна ўглядацца, не адрываючы позірку.

Есці, як не ў сябе (разм.) — прагна есці.

Пасаліўшы, есці можна (разм.) — пра што-н. пасрэднае, цярпімае.

Поедам есці (разм., неадабр.) — бесперапынку папракаць.

|| зак. пае́сці, паем́, паясі́, пае́сць; паядзі́м, паясце́, паяду́ць; пае́ш (да 1 знач.: ужыць для ежы) і з’е́сці, з’ем, з’ясі́; з’есць; з’ядзі́м, з’ясце́, з’яду́ць; з’еш; з’е́дзены (да 1, 3, 5 і 6 знач.).

|| наз. яда́, -ы́, ДМ ядзе́, ж. (да 1 знач.).

У час яды.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

не́сці¹, нясу́, нясе́ш, нясе́; нясём, несяце́, нясу́ць; нёс, не́сла і нясла́, не́сла і нясло́; нясі́; не́сены; незак.

1. каго-што. Узяўшы ў рукі, нагрузіўшы на сябе, перамяшчаць, дастаўляць куды-н.

Н. чамадан.

2. каго-што і без дап. Імкліва рухаць, перамяшчаць сілай свайго руху.

Вецер нясе па небе хмары.

3. каго-што (толькі ў 3 ас.). Прымушаць каго-н. ісці куды-н.; цягнуць (разм.).

Куды цябе нясе?

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Дзьмуць, павяваць, месці (пра халоднае паветра, завіруху і пад.).

Ад акна несла (безас.) холадам.

5. пераважна безас. Моцна пахнуць (у 1 знач.).

Нясе гарам.

6. перан., што. Выконваць якія-н. даручэнні, абавязкі па службе і пад.

Н. адказнасць.

Н. ахову.

Н. вахту.

7. перан., што. Пакутаваць ад чаго-н.; мець страты.

Н. пакаранне.

Н. страты.

8. перан., што. Гаварыць што-н. недарэчнае, бязглуздае (разм.).

9. перан., што. Мець, змяшчаць у сабе; быць носьбітам чаго-н.

Н. радасць людзям.

10. што. Быць аснашчаным чым-н.

Карабель нясе шэсць гармат.

|| зак. пане́сці, -нясу́, -нясе́ш, -нясе́; -нясём, -несяце́, -нясу́ць; -нёс, -не́сла і -нясла́, -не́сла і -нясло́; -не́сены.

П. кару.

П. страты.

|| наз. нясе́нне, -я, н. (да 6 знач.) і но́ска, -і, ДМ но́сцы, ж. (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

адку́ль, прысл.

1. пытальнае. З якога месца? — Адкуль самі будзеце, дзядуля? — запытаўся я. Скрыган. Баян замоўк. Да баяніста Падходзіць дзед. — Скажы, браток, Адкуль ты? Дзе твой край-куток? Колас. Выраз яўнага здзіўлення мільгануў на тварах: што гэта за чалавек, адкуль з’явіўся ён у такую пару... Лынькоў. // З якой крыніцы? ад каго? — Эдэм! Эдэм!.. — смяялася яна. — Адкуль бярэш ты гэтакія словы! А. Астапенка. — Адкуль у цябе гэтулькі дабра? — пытаецца багаты брат у беднага. Якімовіч. // Ужываецца ў клічна-пытальных сказах пры выказванні нязгоды, адмаўлення чаго‑н. [Суседка:] — А я казала свайму: не сёй у панядзелак. Пільнуйся старога Юстыня! Не паслухаў. Ну і вырас лянок... Толькі адна кудзеля і будзе. Адкуль той кужаль! Чарнышэвіч.

2. адноснае. Ужываецца як злучальнае слова: а) для падпарадкавання даданых сказаў месца (часта ў адпаведнасці з суадноснымі словамі «там», «туды», «адтуль» у галоўным сказе). Крамарэвіч ускінуў руку, і граната разарвалася там, адкуль крычалі. Чорны. Маша хітра ўсміхнулася і глянула туды, адкуль усё мацней і мацней даносіўся стукат матацыкла. Кулакоўскі. [Лабановіч:] — Унь там Мікуцічы, а вось дарога на станцыю. Ідзіце, адкуль прыйшлі. Колас; б) для падпарадкавання даданых азначальных сказаў (часта ў адпаведнасці з суадносным словам «той» у галоўным сказе). Дзед прытаіўся за дубам і стаў углядацца ў той бок, адкуль даносілася.. шорганне ног невядомага чалавека. Колас. Мы з бацькам стаім і глядзім у той бок, адкуль да нас ідзе, па лугавой дарозе чалавек. Брыль. Каця.. згладжвае крайкі зляжалае зямлі, адкуль толькі што выняла мадэлі. Скрыган; в) для падпарадкавання даданых дапаўняльных сказаў. [Дзед Бадыль:] Пакутуем, чалавеча. Проста гінем і не ведаем, адкуль паратунку чакаць. Крапіва. Адкуль у старой бяруцца сілы, цярплівасць, прывет — ніхто з нас не дзівіцца. Брыль.

•••

Адкуль (толькі) ногі ўзяліся гл. нага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сабе́​I зваротны займ. sich (пры дзейніку ў 3-й асобе); mich, mir, uns (пры дзейніку ў 1-й асобе); dich, dir, euch (пры дзейніку ў 2-й асобе);

ці ты купі́ў сабе́ кні́гу? hast du dir ein Buch gekáuft?;

уяві́це сабе́! stéllen Sie sich vor!;

ён ду́мае то́лькі аб сабе́ er denkt nur an sich;

◊

рэч у сабе́ філас. das Ding an sich;

мне не па сабе́ разм. mir ist nicht wohl;

сам па сабе́ an (und für) sich; als sólcher;

мець пры сабе́ dabéihaben* vt

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

Вято́к, веточок ’маладзік’ (Нас.; Чач.). Польск. wietek, wiotek, чэш. валаш. vetek ’першая або апошняя квадра месяца’, якія з прасл. vetъxъ ’стары’; больш падрабязна гл. пад ветах. Што датычыцца бел. вяток, то яно, зыходзячы з даных геаграфіі (гродз., вілен., Нас.), семантыкі і фанетыкі, запазычана з польскай мовы. Праблематычным застаецца час, калі адбылося запазычанне. Магчыма, гэта даволі новае слова перыяду моцнага польскага ўплыву, а магчыма, і вельмі старое кантактнае запазычанне, калі польск. wietek, wiotek займала больш шырокую тэрыторыю (зараз толькі на поўдні, гл. Купішэўскі, Słownictwo, карта 3 і ст. 47–48). У такім разе семантычныя змены тыпу ’стары месяц’ — ’маладзік’ і да т. п. адбываліся таксама рана. Параўн. яшчэ бел. паўн.-зах. вётак ’назва старога месяца’ (Маш., Atlas, 2, карта 1). Верагодна таксама дапускаць незалежнае ўзнікненне бел. слова як утворанага з памяншальнай суфіксацыяй ‑ок і пад. (параўн. вятлюк) або фанетычным шляхам; параўн. жанік < жаніх.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галава́ч. У бел. мове гэта слова мае некалькі значэнняў: ’раскідзістае дрэва на адкрытым месцы’ (Сцяшк. МГ), ’вялікая сасна на полі; векавы лес’ (Яшкін), ’апалонік (паўзуны)’ (Сцяшк. МГ, Шатал., Жд. 3), ’галавень’ (Жд. 2). Таксама шмат вытворных з такой суфіксацыяй і рознымі значэннямі і ў іншых слав. мовах (падрабязны агляд матэрыялу дае Трубачоў, Эт. сл., 7, 7, але бел. мова прадстаўлена толькі прыкладам на ’апалонік’ з Жд. 3). Прасл. фармацыя *golvačь (ад *golva ’галава’ + суф. ‑(a)č‑ь). У аснове назвы ляжыць прыкмета ’вялікай галавы’ (сюды ’апалонік’ і ’галавень’). Далей метафарызацыяй узнікае ’раскідзістае дрэва’ (’з вялікай кронай’), ’вялікая сасна’ і, урэшце, ’векавы лес’. Можна ставіць пытанне: ці ўсе слав. словы, якія прыводзіць Трубачоў пад праформай *golvačь, праславянскага паходжання? Даная словаўтваральная мадэль ва ўсе часы была прадуктыўнай (і ў перыяд самастойнага існавання асобных слав. моў). Так што лепш гаварыць пра словаўтваральную мадэль *golvačь праславянскага характару.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Га́ньба ’ганьба’ (БРС, Нас., Шат., Касп.), таксама ’прыродная вада’ (Шат., Касп.), укр. ганьба́, польск. gańba (старая форма), hańba (больш новая форма, пад уплывам чэш. мовы; гл. Слаўскі, 1, 401–402), чэш. hanba, н.-луж. gańba, в.-луж. hańba. Прасл. *ganьba (уласна дыял. прасл., толькі ў зах. і ўсх.-слав. мовах) — утварэнне ад дзеяслова *ganiti. Гл. падрабязна Слаўскі, там жа. Бернекер (1, 376) лічыў усх.-слав. словы паланізмамі, але, паводле Слаўскага (там жа), без дастатковай аргументацыі. Булыка (Запазыч., 78–79) лічыць ст.-бел. ганьба, ганба паланізмамі (як і вытворныя адсюль дзеясловы). Аб запазычанні, магчыма, сведчыць націск у бел. слове (га́ньба; параўн. укр. ганьба́). Сюды ганьбава́ць, га́ньбіць (БРС, Нас., Касп.), ст.-бел. ганбити (Булыка, Запазыч.), гане́бны (ст.-бел. ганебный; Булыка, Запазыч.). Укр. (ст.-укр.) ганба Цімчанка (1, 506) таксама лічыў запазычаннем з зах.-слав. моў (чэш. hanba, польск. hańba).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апсі́к, псік ’вокліч для адгону катоў’ (РБС, Касп., Бесар., Нас.), псікаць (Нас.). Рус. дыял. (зах.) псик, укр. дыял. (лемк.) псик, польск. a psik ’вокліч для адгону катоў; гукапераймальнае пра чыханне’, разм. apsik, dać apsik ’даць па носе’ (Вечаркевіч), славен. psîk ’шыпенне’. Літ. дыял. apsìk ’вокліч для адгону катоў’. Пашырэнне ў асноўным на польскай і беларускай тэрыторыі робіць малаверагодным дапушчэнне Бесар., 40, аб паходжанні апсік з цюркскай назвы кошкі пшик (бышык, пышык, мышык). Няма пэўнасці і ў этымалогіі, якую прыводзіць Германовіч, Междометия, 63, аб сувязі слоў апсік, псік з назвай сабакі пёс (*pьsъ), таму што гэты вокліч ужываецца па наяўных даных толькі для адгону катоў. Магчыма, трэба тлумачыць як гукапераймальнае слова, якое перадае гук, які быццам вымаўляе кошка для выражэння незадаволення; на гукапераймальны характар указвае фіксацыя гукакомплексу прынамсі ў двух выпадках (славенскім і польскім) у яўна гукапераймальным значэнні.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)