баязлі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўсяго баіцца, нясмелы, палахлівы. Князю было прыкра, што яго чалядзінец такі затуканы і баязлівы... Гарэцкі. // Які выражае боязь, нясмеласць. Жанчына глянула на сына нейкім баязлівым позіркам, пачуўшы ў ягоных словах як бы здзек. Чорны. Казік пазірае на мяне баязлізымі вачамі. Баранавых. / у перан. ужыв. Кволыя і баязлівыя тоны мацнеюць, напаўняюцца бадзёрасцю. Бядуля. Я не знаю сам, браточкі, Чаму мне так мілы Буры, плач асенняй ночкі, Спеў яе пастылы, Лесу гоман, гуд нястройны, Шум лазы ў балоце, Баязлівы, неспакойны Шолах у чароце. Колас. // у знач. наз. баязлі́вы, ‑ага, м. Той, хто ўсяго баіцца. Баязліваму і свой цень страшны. Прыказка.

•••

Не з баязлівага дзесятка гл. дзесятак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гамані́ць, ‑маню, ‑моніш, ‑моніць; незак.

1. Весці гаворку, размаўляць з кім‑н. Да брата Прыходзяць сябры, Гамоняць аб справах Да позняй пары. Астрэйка. // Гаварыць, расказваць пра што‑н. Доўга гаманіў Базыль ды аб усім патроху. Нікановіч. Сядзяць людзі-падарожнікі ды грэюцца. Стары белабароды дзед гамоніць нешта. Каваль.

2. Узнімаць гоман, шумець, гучна перагаворваючыся. На пустой, спаленай вуліцы Паплавоў ціснуўся, гаманіў натоўп. Мележ. За ракой гаманілі начлежнікі. Пташнікаў.

3. перан. Ствараць бязладныя гукі, шумець, гусці. А мора несціханае гамоніць, на дзюны хвалі ўспененыя гоніць. А. Вольскі. Шумяць лугавіны, разліўшы духмянасць, Гамоняць пад ветрам.. палі. Ляпёшкін. // Поўніцца, запаўняцца шумам, гоманам. Горад шумеў і гаманіў рознымі галасамі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ганя́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Праследуючы, бегаць за кім‑, чым‑н., каб дагнаць, злавіць. [Лабановічу] было лёгка, проста хацелася бегчы, ганяцца за гэтымі белымі пушынкамі, нібы яны былі жывымі, або ён сам быў яшчэ дзіця. Колас. // Высочваць месцапрабыванне каго‑н., каб затрымаць, схапіць. Самадзяржаўна-памешчыцкая ўлада пры жыцці Каліноўскага многа гадоў праследавала яго, занялася за ім па пятах. Лушчыцкі.

2. за кім-чым. Разм. Імкнуцца да чаго‑н., дамагацца каго‑, чаго‑н. Не прывык я за славай ганяцца — Можна хораша жыць без яе: У мяне ёсць цікавая праца, Ад якой не магу адарвацца, — І таму маё сэрца пяе. Непачаловіч.

3. Зал. да ганяць (у 1, 2 і 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гна́цца, ганюся, гонішся, гоніцца; пр. гнаўся, ‑лася; незак.

1. Бегчы, імчацца за кім‑, чым‑н. следам, каб дагнаць або злавіць. Сабака гнаўся за зайцам. □ — Дзяржы, дзяржы яго! Каравул! — крычалі.. [Вірка і Бруй] і гналіся за Саўкам. Колас. / Пра з’явы прыроды, гукі і пад. І прайшла паўз мяне сінявокая, А за крокамі гналася рэха. Глебка. // перан. Спрабаваць зраўняцца з кім‑н. у якой‑н. справе. Гнацца за перадавікамі вытворчасці.

2. за чым. Спакушацца чым‑н., дамагацца чаго‑н. Не імкнуўся я ніколі За багаццем хіжа гнацца. Усяго ў мяне даволі — Цэлы свет — маё багацце. Панчанка.

3. Зал. да гнаць (у 1–6 знач.).

•••

Гнацца за доўгім рублём — шукаць лёгкага вялікага заработку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аса́да 1, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Тое, што і аблога (у 2 знач.). Асада крэпасці. Асада горада. Зняць асаду.

2. Гіст. Сядзіба асадніка. Яшчэ калі паны пачалі хапаць каля вёсак зямлю і рабіць сабе асады, сын Альшэўскага — лекар і вядомы забойца — выдаў бацьку карнікам за сувязь з беларускімі партызанамі. Бажко.

аса́да 2, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Стан паводле дзеясл. асаджваць ​1 — асадзіць ​1. Яшчэ больш важная навука — Умець дагнаць касу да ладу І даць ёй выклепку, асаду. Колас.

2. Дзяржанне ў прыладах працы, інструменце (малатку, долаце, гэблі і пад.). Асада нажа.

3. Рамка. Партрэт у прыгожай асадзе.

4. Тое, што і шуфляда (у 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ваява́ць, ваюю, ваюеш, ваюе; незак.

1. Весці вайну супроць каго‑н. Ваяваць да перамогі. // Прымаць удзел у вайне. У імперыялістычную вайну Васіль Хамутоўскі ваяваў з Грыбоўскім у адной часці, жыў у адным акопе. Курто. Брэсцкая зямля ашаламіла разбэшчаных захопнікаў: ваявалі жывыя і мёртвыя, руіны стралялі ва ўпор. «Звязда».

2. перан.; з кім-чым. Змагацца, імкнуцца пераадолець што‑н.; дамагацца ажыццяўлення чаго‑н. З першых жа дзён Максіму прыйшлося ваяваць з сялянскаю кансерватыўнасцю, з неарганізаванасцю клінкоўскіх хлопцаў. Колас. Здалося, што машына пайшла трошкі лягчэй: некалькі кіламетраў можна праехаць, а там зноў прыйдзецца ваяваць са снегам. Кулакоўскі. Ваяваць за якасць работы з механізатарамі .. Ўладзіміру Верамейчыку давялося ўсё лета. Дуброўскі.

3. Разм. Сварыцца; варагаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ву́сікі, ‑аў; адз. вусік, ‑а, м.

1. Памянш.-ласк. да вусы (у 1, 2 знач.); маленькія вусы. Собіч не любіў гэтага чалавека, вяртлявага, цыбатага, быстравокага, з тоненькімі моднымі вусікамі. Скрыган.

2. Ніткападобныя атожылкі на сцябле некаторых паўзучых раслін, якімі яны прымацоўваюцца да іншых прадметаў. У прыбудоўцы сенцах гаспадарыць адзін толькі неспакойны вецер,.. пакалыхваючы дзікі вінаград, што моцна ўчапіўся за тонкія дошкі, за кроквы, пераплёўшы іх сваімі цапкімі вусікамі. Колас.

3. Членістыя прыдаткі на галаве ў членістаногіх жывёл.

4. Спец. Доўгія тонкія выступы якой‑н. дэталі, прыстасавання ў выглядзе спружынак, дроцікаў. [Язэп] захапіў рукой жыта і раптам убачыў міну і два драцяныя вусікі, што тырчалі ў розныя бакі. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адштурхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце, зак., каго-што.

1. Штурхнуць ад сябе, адсунуць штуршком. [Ядвіся] раптоўна абхапіла рукамі яго шчокі і, умомант прыблізіўшы яго галаву, пацалавала, а потым з сілаю адштурхнула яго і кінулася за дзверы. Колас.

2. перан. Парваць сувязь, блізкія адносіны з кім‑н., аддаліць ад сябе, праявіўшы раўнадушнасць, халоднасць. Прыязнасць да Паходні ў Янукевіча была і цяпер, ён лічыў яго сваім выхаванцам, не верыў у плёткі І паклёпы і не хацеў адштурхнуць ад сябе. Хадкевіч. // Выглядам, паводзінамі выклікаць непрыязнасць, агіду. У гэтым прызнанні было столькі нявіннай прастаты, шчырай даверлівасць, што такая вестка мяне не толькі не адштурхнула, а зрабіла паненку яшчэ больш прывабнай. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

азіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.

1. Незак. да азірнуць. Сашка ўсё круціў галавой і азіраў неба: хоць бы хутчэй той каршун прылятаў, а то нешта ў сон хіліць. Даніленка. На праспект выходзіць Пастушэня, ён ужо забыў, куды ідзе, азірае жоўтыя прысады, з любасцю ўглядаецца ў фасады, як у твары дарагіх людзей. Русецкі.

2. Рабіць агляд чаго‑н. у думках; успамінаць. Хоць я няволяй цяжка змучан І з родным берагам разлучан, Ды я душою ажываю, Як вокам мыслі азіраю Цябе, мой луг і бераг родны. Колас. Пісьменнік [Пятрусь Броўка] нібы з вышынь сваёй чалавечай сталасці, новым прасветленым поглядам азірае шлях, які прайшла яго краіна, і свой уласны жыццёвы шлях. Бярозкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

акрэ́сліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.

1. Дакладна вызначыць межы чаго‑н. (тэрыторыю распаўсюджання, кола пытанняў ці абавязкаў, аб’ём матэрыялу і пад.). Тут жа гуртам акрэслілі круг Саўкавых абавязкаў, а таксама дамовіліся і аб плаце. Колас. Сябры! У будаўнічых рашучых паходах, Дзе сэрцы палаюць любімай зарой, На карце вялікіх жывых пяцігодак Мы творчыя справы акрэслім мяжой. Куляшоў. У новай гаспадарцы трэба было нанава перагледзець планы, вызначыць напрамак развіцця, акрэсліць задачы на бягучы год. Дуброўскі. // Вызначыць месцазнаходжанне чаго‑н. Карэкціроўшчык.. сядзеў на зрубе адрынкі, стараючыся праз бінокль.. дакладна акрэсліць месцазнаходжанне браневіка. Брыль.

2. Даць азначэнне чаму‑н., вызначыць якое‑н. паняцце. [Галіна:] — Ці здолеў бы ты, Лявоне, акрэсліць, што такое чалавечае шчасце? Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)