бабка 1, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.
1. Тое, што і баба 1 (у 1 знач.). [Марыя Хведараўна:] — Я ўжо хутка бабкай стану, вунь дачка піша — унука мне скора пародзіць... Марціновіч.
2. Разм. Старая жанчына наогул. Старэнькія бабкі гаротна ківалі галовамі і цяжка ўздыхалі. Колас.
3. Уст. Жанчына, якая прымае дзяцей у час родаў. Пачакай радзіць, дай па бабку схадзіць. Прыказка.
4. Памянш.-ласк. да баба 1 (у 3 знач.). [Шарэйка:] — Ці лёгка спалася, ці добра ўсталася, бабкі мае ненаглядныя! Брыль.
•••
Бабка надвае варажыла (гадала) — яшчэ невядома.
бабка 2, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.
1. Надкапытны сустаў у жывёлы, а таксама косць гэтага сустава.
2. Сталёвае кавадлачка для кляпання касы. На грудку, забіўшы ў пянёк бабку, Кузьма сеў кляпаць косы. Сачанка.
3. Страва, прыгатаваная з дранай бульбы. Пасярод стала, вывернутая з каструлі, яшчэ дымела бабка, якую любіў і Карніцкі. Паслядовіч.
4. Род здобнага печыва. А пірагі, як сонца, ззялі, І ў роце бабкі раставалі. Колас.
5. Грыб з цёмна-бурай шапкай на высокай ножцы; падбярозавік. Трапляюцца.. ружовыя танканогія сыраежкі і распоўзлыя старыя бабкі — і хоць бы адзін баравічок. Сачанка.
6. Дзесяць снапоў, састаўленых у кучку для прасушкі і накрытых распасцёртым снапом. Ёсць асаблівая прыгажосць у полі, калі яно ўжо не шасціць калоссем, але яшчэ не зусім апусцела, бо бабкі стаяць у рады на кожнай палове, нібы вартавыя. Чарнышэвіч.
•••
Падбіць бабкі гл. падбіць.