род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 100 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 1 дзікарослы від — Р. звычайная (S. aucuparia). Расце ў падлеску, на палянах, па берагах рэк, у парках, садах, на вуліцах і інш. З інтрадукаваных відаў найб. вядомыя Р.: арыя (S. aria), гібрыдная (S. hybrida), глагавіна (S. torminalis). Выведзены шэраг сартоў, напр., Дэсертная, Гранатная, Лікёрная, Рубінавая і інш.
Лістападныя дрэвы выш. 10—25 м або кусты. Лісце суцэльнае, лопасцевае ці няпарнаперыстае. Кветкі белыя, светла-жоўтыя або чырванаватыя. духмяныя, у шчыткападобных суквеццях. Плод — дробны яблык. Плады маюць у сабе караціноіды, сарбіт, вітамін C. Выкарыстоўваюцца ў харч. і лікёра-гарэлачнай прам-сці, у медыцыне, служаць кормам для птушак. Драўніна каляровая, ідзе на дробныя вырабы. Пладовыя, дэкар., лек., меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЖА́НКА (Aruncus),
род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва ўмераных абласцях Паўн. паўшар’я, пераважна ў горных раёнах. Рэлікты трацічнай тургайскай флоры. На Беларусі ў зах. і цэнтр. раёнах трапляецца валжанка звычайная, або двухдомная (A. vulgaris). Расце ў шыракалістых і хвойна-шыракалістых лясах. Рэдкі знікаючы від, занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. Вырошчваецца ў Цэнтр.бат. садзе АН Беларусі, уведзены ў культуру.
Двухдомныя шматгадовыя травяністыя расліны або кусты з галінастым сцяблом выш. да 2 м і тоўстым дравяністым карэнішчам. Лісце двойчы-, тройчыперыстае, пілавата-зубчастае, на доўгіх чаранках. Кветкі дробныя, белыя або крэмавыя, у коласападобных гронках, сабраных у буйную раскідзістую мяцёлку. Плод — шматлістоўка. Дэкар., лек. і меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРО́Л-МАГІ́ЛЬНІК (Aquila heliaca),
птушка сямейства ястрабіных атр. сокалападобных. Пашыраны ў Паўд. Еўропе, Азіі, Паўн.-Зах. Афрыцы. На Беларусі вельмі рэдкі выпадкова залётны від. Жыве ў старых лісцевых і мяшаных лясах, якія чаргуюцца з адкрытымі мясцінамі. Занесены ў Чырв. кнігу СССР.
Вял. арол, даўж. цела 72—84 см, размах крылаў каля 2 м, маса 2,5—3 кг. Самкі большыя за самцоў. Дарослыя птушкі цёмна-бурай афарбоўкі, галава вохрыстая або белаватая, на плячах белыя плямы. Дзюба масіўная, моцная. Гнёзды з тоўстых галін на верхавінах высокіх дрэў. Нясе 2 (радзей 3) белыя яйцы. Корміцца пераважна дробнымі млекакормячымі, птушкамі, мярцвячынай. Карысны для сельскай і лясной гаспадаркі (знішчае шкодных грызуноў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РКУТ (Aquila chrysaëtos),
драпежная птушка сям. ястрабіных атр. сокалападобных. Пашыраны ў лясных, горных і пустынных раёнах Еўразіі, Паўн. Афрыкі, Паўн. Амерыкі. На Беларусі вельмі рэдкі від, адзначаны ў Бел. Паазер’і і на Палессі. У час вандровак і пралёту трапляецца часцей. Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. 80—95 см, размах крылаў да 2 м, маса да 6,5 кг. Самкі большыя за самцоў. Апярэнне цёмна-бурае, знізу святлейшае з дамешкам залаціста-рыжаватага колеру. Пер’е на патыліцы і ззаду шыі залаціста-жоўтае. Цэўка аперана да пальцаў. Дзюба і лапы дужыя, жоўтыя. Кіпцюры вялікія, чорныя. Гнёзды на высокіх дрэвах і скалах. Корміцца млекакормячымі, птушкамі, земнаводнымі, мярцвячынай. Выкарыстоўваецца як лоўчая птушка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЙНІК (Epipactis),
род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. Каля 25 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўропы, Азіі, у Афрыцы і Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляюцца гайнікі: балотны (Epipactis palustris), расце на балотах, забалочаных лугах, у хмызняках; чамярыцападобны (Epipactis helleborine), расце ў хваёвых, лісцевых і мяшаных лясах; цёмна-чырвоны (Epipactis atrorubens), расце ў лісцевых і хваёвых лясах, рэдкі від, занесены ў Чырв. кнігу.
Шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным сцяблом выш. да 1 м і моцным паўзучым або пакарочаным карэнішчам. Лісце чаргаванае, простае, сядзячае, падоўжана-яйцападобнае. Кветкі паніклыя, двухполыя, белыя, ружовыя, цёмна-чырв., зеленаватыя і інш. колеру, пераважна ў аднабокіх рыхлых і доўгіх гронках. Плод — каробачка. Лек. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЛУ́КТА,
у беларусаў бандарная пасудзіна для запарвання бялізны. Звычайна мела кадзепадобную форму, да 1 м у вышыню, на трох ножках (утвараліся даўжэйшымі клёпкамі). Бялізну складвалі ў Ж. і залівалі шчолакам або перасыпалі попелам (найлепшым лічыўся попел бярозавай драўніны), потым залівалі кіпенем. Праз некаторы час ваду злівалі праз адтуліну ў днішчы, якая закрывалася коркам, а бялізну паласкалі ў балеі ці ночвах. Часам у сял. гаспадарцы выкарыстоўвалі і больш архаічны від Ж. — кадаўб, зроблены са ствала дрэва без днішча, які ставілі ў цэбар ці кадку. У сял. побыце Ж. выкарыстоўвалі да сярэдзіны 20 ст.
В.С.Цітоў.
Выдзеўбаная жлукта-кадаўб без дна ў цэбры. Вёска Запярынне Пухавіцкага раёна Мінскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ПЦІ,
плецены абутак з лыка або вяровак у слав., балцкіх і некаторых інш. народаў. Да пач. 20 ст.асн.від абутку бел. сялян. Паводле спосабу пляцення былі прамыя і косыя. Беларусы рабілі Л. пераважна з падэшваю прамога пляцення, якую для трываласці падпляталі лазою, лыкам, вяровачкамі або падшывалі скураю. Найпрасцейшыя з іх (Віцебшчына і Магілёўшчына) — «шчарбакі» ці «шчарбачні». Найб. пашыраныя на Беларусі былі коверзні. На Палессі і ў некат. раёнах цэнтр. Беларусі насілі Л. з адкрытым верхам наска — «зрачыя». Л. косага пляцення — «пахлапні», «пахрасні» бытавалі ва ўсх. раёнах Беларусі як святочны абутак. На Беларусі выраблялі таксама скураныя і вяровачныя Л.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДБЕ́Л (Tussilago),
род кветкавых раслін сям. складанакветных. 1 від — П. звычайны, або камчужная трава, ці маташнік (T. farfara). Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы і Паўн. Амерыцы (заноснае). На Беларусі трапляецца па берагах канаў, рэк, ручаёў, на пустках.
Шматгадовая травяністая расліна выш. да 20 см з паўзучым карэнішчам, якое паглыбляецца ў глебу больш як на 1 м. Адзіночныя кветаносныя сцёблы шчыльна ўсаджаны чырванавата-бураватым лускападобным лісцем. Прыкаранёвае лісце доўгачаранковае, з верхняга боку — гладкае, з ніжняга — лямцавае, бялявае [адсюль назва — под(ніз)белы]; адрастае пасля цвіцення. Жоўтыя кветкі ў кошыках дыям. 2—3 см, цвітуць ранняй вясной. Плод — сямянка. Піянерная расліна — хутка асвойвае свабодныя плошчы, але потым выцясняецца інш. раслінамі. Лек. расліна, ранні меданос.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІНО́ДЫЯ (ад грэч. palinōdia перапеў),
твор вершаванай формы, у якім аўтар адракаўся ад таго, што было ім напісана ў папярэднім творы. У старажытнасці асаблівай папулярнасцю карысталіся П. стараж.-грэч. паэта Стэсіхора. Пазней П. называлі ўсякае адрачэнне. На Беларусі гэты від творчасці быў пашыраны ў 1-й пал. 17 ст. ў перыяд росквіту палемічнай літаратуры. Адна з першых П. належыць М.Сматрыцкаму, напісаная ў 1610-я г. супраць свайго ж твора «Трэнас» (не захавалася). У далейшым пад П. разумелі твор, напісаны супраць пэўнага твора процілеглага паліт. ці рэліг. зместу. Найб. значны такі твор — «Палінодыя...» З.Капысценскага (1621—22), накіраваны супраць кнігі уніяцкага апалагета Л.Крэўзы «Абарона уніі» (1617).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУГАЧЫ́ (Bubo),
род птушак сям. савіных атр. совападобных. 12 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Аўстраліі і Антарктыды. Жывуць у лясах, стэпах, пустынях, у гарах да выш. 4700 м. Актыўныя ўначы. На Беларусі 1 від — П. звычайны (B. bubo), рэдкая аселая і вандроўная птушка. Трапляецца часцей на Палессі ў лясах. Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. да 75 см, размах крылаў да 180 см, маса да 3,2 кг. Самкі большыя за самцоў. Апярэнне рыхлае, рыжавата-жаўтаватае ці белаватае з падоўжнымі і папярочнымі плямкамі, зверху цёмнае, знізу светла-жоўтае, пёравыя «вушкі» чорныя ці з папярочным малюнкам. Радужына вачэй чырванавата-аранжавая або карая. Дзюба і кіпцюры чорныя. Ногі моцныя, пальцы апераныя. Драпежнікі. Адкладваюць да 6 яец.