ГРАБ

(Carpinus),

род кветкавых раслін сям. бярозавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі, Еўропе, Паўн. Амерыцы (1 від). Лесаўтваральнікі (утвараюць грабавыя лясы). На Беларусі 1 дзікарослы — граб звычайны, або еўрапейскі (С. betulus), і 3 інтрадукаваныя ў Цэнтр. бат. садзе Нац. АН віды: граб каралінскі (С. caroliniana), каўказскі (С. caucasica) і ўсходні, або грабіннік (С. orientalis). Граб звычайны — цеплалюбны зах.-еўрап. від. Расце як дамешак ці ўтварае другі ярус ў мяшаных і лісцевых лясах; на месцы высечаных лясоў стварае чыстыя другасныя (вытворныя) насаджэнні — грабнякі.

Аднадомныя лістападныя дрэвы (выш. да 30 м), рэдка кусты з густой яйцападобнай кронай і вертыкальна-рабрыстым ствалом. Кара гладкая, светлая, серабрыста-шэрая, потым цёмная, трэшчынаватая. Лісце двухрадна размешчанае, чаргаванае, простае, шчыльнае, цёмна-зялёнае. Кветкі дробныя, аднаполыя, аднадомныя, у павіслых зеленавата-чырв. каташках. Цвітуць адначасова з распусканнем лісця. Плод — аднанасенны рабрысты арэшак. Ценевынослівыя, засухаўстойлівыя расліны. Устойлівыя да гарадскіх умоў, шкоднікаў і хвароб. Жывуць да 100—300 (400) гадоў. Добра пераносяць падстрыганне. Размнажаюцца насеннем і вегетатыўна (парасткамі). Дэкар., дубільныя, кармавыя, тэхн. і фарбавальныя расліны. Драўніна цяжкая, цвёрдая, выкарыстоўваецца ў машынабудаванні, сталярнай, такарнай справе, ідзе на выраб муз. інструментаў, мэблі, паркету. Выкарыстоўваюць для азелянення нас. месцаў. Ёсць дэкар. садовыя формы: пірамідальная, ніцая, калонападобная, лопасцялістая, пурпуровая і інш.

Г.У.Вынаеў.

т. 5, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)