НІВЯ́НІК (Leucanthemum),

род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 20 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі 1 від Н. звычайны, або папоўнік (L. vulgare, нар. назвы белая ляхаўка, лугавы рамонак, румянак лясны, пастрэл). Трапляецца каля дарог, на лугах, у хмызняку. Мае шмат садовых форм і сартоў пад агульнай назвай садовы рамонак. Разам з Н. найвялікшым (L. maximum) культывуецца як дэкар. расліна.

Шматгадовыя карэнішчавыя травы выш. да 1 м з прамастойнымі галінастымі сцёбламі. Лісце суцэльнае, радзей перысталопасцевае, чаргаванае. Суквецце — буйны адзіночны кошык. Краявыя кветкі несапраўднаязычковыя, белыя, сярэдзінныя — трубчастыя, жоўтыя. Плод — сямянка. Дэкар. расліны.

В.В.Маўрышчаў.

Нівянік звычайны.

т. 11, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)