СТРЭЛКАЛІ́СТ (Sagittaria),

род кветкавых раслін сям. шальнікавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў Амерыцы і Еўразіі. У Японіі і Кітаі культывуецца С. трохлісты (S. trifolia). На Беларусі 1 від — С. звычайны, або стрэлкалісты (S. sagittifolia).

Трапляецца на балотах, забалочаных лугах, уздоўж берагоў рэк, азёр, часта ўтварае зараснікі.

Шматгадовыя водныя або балотныя травяністыя расліны выш. 30—100 см. Лісце ў прыкаранёвай разетцы: падводнае — стужкападобнае, тое, што плавае — доўгачаранковае, яйцападобнае; надводнае — са стрэлкападобнай пласцінкай. Аднаполыя кветкі белыя, у гронкавых суквеццях. Плод — шматарэшак. Клубні маюць да 50% крухмалу, 8% цукру, ядомыя. Харч., кармавыя, часам дэкар. расліны.

А.​М.​Скуратовіч.

Стрэлкаліст звычайны.

т. 15, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)