Скі́віца, мн. л. скі́віцы ‘кожная з дзвюх костак твару, у якіх умацаваны зубы; пашчэнкі’ (ТСБМ, Байк. і Некр.; віл., Стан., ТС, КЭС, Дразд., ЛА, 3), ‘выпукліна пад вокам ягадка’ (Ласт.), ‘зубны пратэз’ (ТСБМ), скі́выца ‘сківічная косць’ (Дразд.; узд., КЭС), скі́біца ‘скронь’ (Сцяшк.; гродз., Мат. АС), скі́віцы ‘пашчэнкі’ (ЛА, 3), ські́ва ‘пашчэнка’ (Дразд.), skíwicy ‘ніжняя сківіца каня’ (Тарн.), сківіца ‘шула’ (В. Адамчык, Маладосць, 1993, 10, 156). Беларуска-ўкраінская лексіка-семантычная ізалекса, параўн. укр. дыял. скі́віца, ски́віца, скʼі́вʼца ‘сківіца’, гл. Ніканчук, Бел.-укр. ізал., 63–64. Слова няяснага паходжання. Мартынаў (Лекс. Палесся, 11) прапануе дастаткова позняе запазычанне з усходнебалтыйскіх гаворак; дакладная крыніца не выяўлена, параўноўваецца з лат. šķieva ‘трэшчына ў дрэве’. Трубачоў (Слав. языкозн., V, 182) лічыць слова старажытным (мяркуемае прасл. *skyvica), аднак падкрэслівае яго ізаляванасць. Аўтары ЕСУМ (5, 271) адносяць укр. ски́виця да запазычанняў з беларускай мовы, звязваючы яго з скіба (гл.). Хутчэй да ківа́ць (гл.), параўн. качкі́ ‘пашчэнкі’ (Растарг.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Слыць ‘быць вядомым; лічыцца знаным, славіцца’ (ТСБМ, Нас.), ст.-бел. смути ‘лічыцца, называцца’ (Ст.-бел. лексікон). Параўн. укр. сли́ти ‘славіцца’, рус. слыть ‘тс’, стараж.-рус. слути ‘звацца’, ст.-польск. słuć, чэш. slouti, славац. sluť ‘тс’, славен. slúti ‘славіцца’, серб.-харв. слу́тити ‘прадчуваць, здагадвацца’, макед. слути ‘тс’, ст.-слав. слоути ‘выразна гаварыць, агалашаць’. Прасл. *sluti роднаснае лат. sluvêt ‘слыць’, slūt ‘зрабіцца вядомым’, ст.-в.-ням. hlût ‘гучны’, ірл. clunim ‘чую’, лац. clueō, cluēre ‘называцца; быць слаўным’, грэч. λκέω ‘слаўлю, усхваляю’, ст.-інд. śrų́tḥ ‘слых, вуха, слуханне’, да і.-е. kʼléu̯ ‘чуць’; гл. Траўтман, 307; Мюленбах-Эндзелін, 3, 942–943; Майргофер, 3, 372–374; Фасмер, 3, 680 з іншай літ-рай; Махэк₂, 557; Скок, 3, 289–290; Глухак, 564 (лічаць сербска-харвацкае слова вытворным ад *slutъ ‘хто слухае’); Бязлай, 3, 267–268; Борысь, 557–558; ЕСУМ, 5, 301. Далей гл. слава, слова, з якімі яно звязана чаргаваннем галосных.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сяк 1 ’гэтак’ (Нас.), ’без прычыны, без патрэбы, так’ (мёрск., Нар. ск.), у выразах: сяк‑так ’з вялікай цяжкасцю, ледзь-ледзь’, ’ніштавата, памяркоўна’ (ТСБМ), ні сяк ні так (Федар. 4), сяк‑так, сяко‑тако ’абы-як’ (ТС); адсюль займеннік сякі́ ’гэтакі’ (Нас.), сякі́‑такі́ ’некаторы; які папала, нязначны, няважны’ (ТСБМ). Укр. сяк‑так ’абы-як’, сякі́й ’гэтакі’, рус. так-сяк, сяко́й ’тс’, стараж.-рус. сяко, сякъ ’гэтак’, польск. siak у спалучэннях ’не так, іначай’. Дэрыват з суфіксам ‑к ад займенніка *sь ’гэты’, утвораны па аналогіі з так (гл.). Слова не праславянскае, паколькі sj дало б тады š; гл. Міклашыч, 297; Фасмер, 3, 826; гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 496 (з узнаўленнем прасл. *sjako), ESSJ SG, 2, 609–610.

Сяк 2 ’плытагон’ (віц., Нар. лекс.), ’селянін Смаленскай губерні’: сякі́ гонюць ганкі ў Рыгу (Касп.). Відаць, мясцовае ўтварэнне на базе польск. flisak ’плытагон’ з адсячэннем пачатку слова і неарганічным змякчэннем зычнага.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жуда́ 1 ’жах’ (ТСБМ). Рус. кур., арл., смал. жуда ’тс’, ’непакой’, ’нястача’. Сюды ж, відаць, рус. жуть, жуткий (> жудь, жудкий). Параўн. серб.-харв. жу̑д ’жаданне’, балг. дыял. жу̀дя ’не спаць, мучыцца, не засынаючы’. Параўн. літ. žudýti ’мардаваць; забіваць, мучыць’, žū́ti ’гінуць’, лат. zust ’знікаць, страчвацца’, zudums ’страта’, zaudēt ’губіць’. Карскі (Труды, 392–393) указваў на роднасны характар бел. (рус.) і літ. слоў (Фасмер, 2, 63, недакладна прыпісаў Карскаму думку пра балт. паходжанне слова: у Карскага чытаем: «жуда́… сродни лит. žudaũ, žudýti умерщвлять»). Булахаў (Курс суч., 159) ўказваў на слова жуда як балтызм. Мартынаў Міхневіч (Маладосць, 1970, 7, 150) лічылі жудасны ўтвораным па балт. тыпу ад жуда (параўн. дзіва > дзівосны), а пра слова жуда адзначалі яго пашыранасць толькі на бел. і рус. глебе і пісалі: «магчыма, таксама з’яўляецца балтызмам». Буга (2, 688) прыводзіў для жуда іншыя балт. адпаведнасці: літ. жэмайц. žiadùs ’суровы, шурпаты’ і да т. п., аднак яны не мяняюць справы, бо Фрэнкель (1303) звязваў іх з тым жа літ. žudyti. Трубачоў адносіць рус. і бел. жуда да дыялектызмаў прасл. слоўніка (Слав. языкозн., V, 172). Фасмер (2, 63) на семантычнай падставе думку аб балт. паходжанні слова жуда лічыў няпэўнай. Ён, аднак, не ведаў семантычна цікавага дадатку Бугі. Праабражэнскі (1, 236) прывёў думку Патабні (РФВ, 2, 10) аб суаднесенасці жуда з літ. gañsti ’пужацца’, што выклікала пярэчанні Фасмера па фанетычных матывах. Скок (1, 564) адносіць серб.-харв. жуд < *ghьḷd‑ да кораня glad ’голад’. БЕР (1, 556) звязвае балт. жудя з рус. жуда, балт. формамі тыпу літ. žudyti і услед за Фасмерам, параўноўваючы з ірл. gūas ’небяспека’, англа-сакс. gietan ’забіваць’, узводзіць да і.-е. *gʼheu̯d‑. Аднак, калі прымаць такі пункт гледжання, слав. формы павіяны былі б мець не ž, а z, а ж тлумачыцца як запазычанне з літ. Магчыма, таму Покарны (1, 448), прыводзячы балт., ірл., герм. формы, не ўключыў у адпаведны артыкул слав. Дабрадомаў (РР, 1977, 3, 157–160), зыходзячы з пашырэння слова на бел. і рус. тэрыторыях, выказаў думку пра балт. крыніцу, хаця балт. этымон няясны. Балт. паходжанне прымае Лаўчутэ, Сл. балт., 54. Але балт. паходжанне, калі ўлічваць пашырэнне кораня на балг. тэрыторыі, малаверагодна: трэба або аддзяляць балг. слова (жу̀дав ’слабы, няплённы (аб зямлі, збожжы)’), або знаходзіць іншую этымалогію. Шанскі (1, Д, Е, Ж, 300–301) вагаецца паміж рознымі супастаўленнямі кораня. Магчыма, трэба лічыць жуда бязафіксным наз. ад дзеяслова жудзець (гл.) з развіццём значэння ’гусці, шумець’ > ’дакараць’ > ’выклікаць непрыемныя пачуцці’ ці ’перашкаджаць спаць’ (для балг.). Параўн. жуда 2. Вытворнае жу́дасны зусім не абавязкова балтызм. У слав. мовах ёсць шэраг вытворных ад асноў на ‑s‑, спіс якіх не закрыты (параўн. неба, чуда), але жудасны лёгка тлумачыцца як вытворнае ад жудасць (жуд‑ост‑ьн‑ > жудостн‑ > жудасн‑). Бардовіч–Шакун, Марфемны слоўнік беларускай мовы, 1975, с. 200.

Жуда́ 2 ’дзеці’ (навагр., Нар. словатв., 43). Параўн. рус. арл. жуд ’шум, гудзенне’. Магчыма, развіццё знач. ’шум’ > ’тыя, хто робіць шум’. Не выключана і сувязь з жуда 1, нават перанос ’жах’ > ’непакой’ > ’крыніца непакою’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Будо́ўля ’будынкі; будаванне’ (БРС, Др.-Падб., Бяльк., Гарэц., Інстр. I, Нас.). Укр. буді́вля, польск. budowla. Няяснае слова. Сувязь з бу́да́, будава́ць, буды́нак бясспрэчная, але якая? Няясныя таксама адносіны паміж усх.-слав. і польскім словам. Брукнер, 46, лічыў, што польск. budowla (як і torgowla) з усх.-слав. моў. Лер-Сплавінскі, JP, 22, 111–117 (Studia, 184), думае, што budowla (суф. ‑owla) з’яўляецца польскім, не запазычаным словам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бу́кіш ’удар ілбом’ (Нас., Сцяц.), ’стукнуцца лбамі ў бойцы (пра бараноў)’ (Янк. III); букіш: (чорт) даў мне букіш пад ногі, што аж я перакінуўся (Федар., 1). Параўн. польск. дыял. bukisz ’тс’. Бясспрэчна, ад *bukati (параўн. бел. бу́кацца ’біцца лбамі’, рус. бу́каться). Бу́кіш < *buk‑yšь (суфікс *‑yšь). Зыходзячы з геаграфіі слова, можна думаць і пра запазычанне з польск. bukisz (якое па паходжанню гукапераймальнае, гл. Варш. сл., 1, 230).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бізу́н 1 ’бізун’. Укр. бізу́н, рус. дыял. бізу́н. Запазычанне з польск. bizun, bizon ’тс’ (а гэта, як лічыць Брукнер, 28, з венг. bizonyi ’праўда, сапраўды’, гл. Брукнер, там жа, там і матывацыя). Сюды, мабыць, адносіцца і бізуннік ’зараснік сітняку, Scirpus lacustris L.’ (Яшкін).

Бізу́н 2 ’вельмі бедны чалавек’ (Сцяц., Нас.). Пераноснае ўжыванне слова бізу́н 1, запазычанага з польскай мовы. Параўн. польск. goły jak bizun.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Валіза 1 ’чамадан’ (Шпіл.), валіска (лях., Янк. Мат.). З польск. walizek, waliza < франц. valise (Карскі, Белорусы, 160; Кюнэ, Poln., 113; Фасмер, 1, 269; Рудніцкі, 1, 301).

Валіза 2 ’завала, гультай, лодыр’ (Бір. Дзярж., З нар. сл.); ’неахайны’ (Мат. Гом., КСТ); ’бамбіза’ (КСП). Верагодна, пераноснае значэнне валіза 1 ’чамадан’ (параўн. пераноснае ўжыванне бочка, мех, вантух, сундук); на асэнсаванне слова зрабіла ўплыў збліжэнне з валіць і бамбіза.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Варэ́йка ’гліняны гаршчок, гаршчок’ (Янк. Мат., Інстр. I, Бяльк., Шатал.). Параўн. палес. вары́йка ’гаршчок’ (Лысенка, ССП), укр. варі́йка ’маленькі гаршчок’. Утварэнне ад *variti ’варыць’ (гл.). Зыходнае: *varěja, *varějьka. Параўн. чэш. дыял. vařaja, vařeja, vařejka, славац. varajka, varejka ’мешалка, апалонік’. Фантастычна Махэк₂ (678), які выводзіць з *tvar‑ (ад кораня *tver‑ ’памешваць’). Пра магчымыя сувязі бел. слова на слав. глебе гл. Цыхун, БЛ, 5, 49–50.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ву́шмала, ву́шмъла ’пра чалавека (звычайна пра хлопчыка) з насунутай на вочы шапкай’ (мядз., міёр., Малько, вусн. паведамл., З нар. сл.), ву́шмалы ’вушы’ («дам па вушмалах», КСП). Падабенства да літ. ãšmalas ’рукавіца з футра’, нягледзячы на семантычную аддаленасць, прымушае бачыць тут запазычанне, аднак сувязь з ву́ха, ву́шы не выклікае сумнення; экспрэсіўным характарам слова, відаць, тлумачыцца рэдкая суфіксацыя (інфікс ‑ма‑, як у таўсма́ты < тоўсты, параўн. вушлаты).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)