папро́сту, прысл.
1. Проста, непасрэдна; без цырымоніі. [Ян:] — Я напісаў.. [Аляксандры]. Папросту напісаў, няхай крыўдзіцца, калі хоча. Чарнышэвіч. [Пацяроб:] — А скажы ты мне, золатка, папросту, па-нашаму: што гэта ты сабе думаеш? Зарэцкі.
2. Разм. Не на літаратурнай мове. І тут, у горадзе, .. [сяляне] гавораць папросту, па-вясковаму, па-мужыцку. Арабей.
3. у знач. узмацняльнай часціцы. Проста, аж. Ганарджыя папросту баяўся глянуць у той бок, дзе хадзіў Элія. Самуйлёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паслане́ц, ‑нца, м.
Той, хто пасланы куды‑н. для выканання якіх‑н. даручэнняў. У штаб часта заходзілі пасланцы ад партызанскіх брыгад і атрадаў. Шчарбатаў. У тую ж ноч прыйшоў пасланец з пушчы, і .. [Алімпа] пайшла з ім. Сабаленка. / у перан. ужыв. Я ўбачыў.. [Стасю], і мне здалося, што яна — пасланец лёсу. Я ж яе ведаў... Навуменка. Не чайкі — галубы, Пасланцы міру, Ляцяць над нашым мірным караблём. Аўрамчык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прасвятлі́цца, ‑светліцца; зак.
1. Спец. Стаць светлым, святлейшым. Раствор прасвятліўся.
2. перан. Стаць ясным, спакойным, радасным. [Раечка] дала па адной [цукерцы] хлопчыку і дзяўчынцы. Тварыкі іх прасвятліліся. Лобан.
3. перан. Зрабіцца лагічным, ясным. Пасля дакладу думкі многіх, што тут прысутнічалі, не прасвятліліся, а быццам затуманіліся. Сабаленка. // Высветліцца, стаць зразумелым. Потым загадка прасвятлілася: у трэстаўскай кузні працаваў той жа самы дзядзька Алесь, які быў некалі калгасным кавалём. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
радзе́ць, ‑ее; незак.
Станавіцца рэдкім (у 1–3 знач.) або больш рэдкім, менш густым, менш частым. Туман увачавідкі радзеў, у праяснелых разрывах яго ўжо зусім выразна мільгалі лапікі маку, камяні. Быкаў. Густы лес пачаў радзець, на змену вялікім дрэвам пайшоў малады дубняк. Васілеўская. Паступова воплескі радзелі, сёй-той падымаўся і выходзіў з залы. Асіпенка. // Змяншацца колькасна. Дружная сям’я танкістаў радзела з кожным боем. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
расчарава́нне, ‑я, н.
Пачуццё, стан незадаволенасць выкліканы няздзейсненымі спадзяваннямі, надзеямі, марамі. Марына Паўлаўна змоўкла, працятая крыўдай і расчараваннем. Зарэцкі. Ён з расчараваннем зразумеў, што хлопцы .. не здагадваюцца, што перад імі адзін з лепшых гоншчыкаў свету, той самы Судакоў. Радкевіч. // у кім-чым. Страта веры ў каго‑, што‑н. У «турэмнай» лірыцы Коласа мы знаходзім некалькі вершаў, прасякнутых настроямі расчаравання ў сябрах, паплечніках па рэвалюцыйнай справе. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ро́днасць, ‑і, ж.
1. Адносіны паміж людзьмі, якія маюць агульных продкаў. Бацькі і дзеці знаходзяцца ў роднасці першай ступені. // перан. Блізкасць, падабенства па асноўных уласцівасцях, прыкметах. У .. [Ганны і Васіля] была тая ж шчырасць, як і ў тыя разы. Але той блізкасці, роднасці — дзіўна — не было ўжо. Мележ.
2. Блізкасць, падабенства, заснаванае на агульнасці паходжання. Роднасць славянскіх моў тлумачыцца іх агульнасцю паходжання ад агульнаславянскай мовы-асновы. Юргелевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ру́пнасць, ‑і, ж.
Тое, што і руплівасць. Бацька заўважыў: усё, за што б сын ні ўзяўся, робіць без ахвоты, без цікавасці, без той рупнасці, якая так яму ў Міці падабалася. Навуменка. Можна з пэўнасцю сказаць, што ніколі дасюль у паэзіі не ўзнікала столькі рупнасці за лёс чалавека і чалавецтва, столькі хваляванняў аб сягонняшнім і заўтрашнім, столькі думак, якія прыходзяць ад ведання жыцця Радзімы і планеты. Лужанін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сельсаве́т, ‑а, М ‑веце, м.
1. Сельскі Савет. Бывае, што ў роздумах успамінаецца той час, калі мой бацька быў першым у гэтых месцах старшынёй сельсавета. Кулакоўскі. // Будынак, дзе знаходзіцца сельскі Савет. [Людзі] збіраліся ля старога дома ў садзе, дзе быў сельсавет. Чорны.
2. Частка раёна, якая знаходзіцца ў веданні сельскага Савета. Аўгіння пабыла да сябе павагі не толькі ў роднай вёсцы, але ва ўсім сельсавеце. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скарахо́д, ‑а, М ‑дзе, м.
Разм. Той, хто вельмі хутка ходзіць, бегае. — А я думаю: што гэта за скараходы наперадзе, дагнаць немагчыма! — адразу пажартаваў.. [лейтэнант]. Лось. / у перан. ужыв. Андрэй Завацкі спыніў на дарозе калгасную машыну і спытаў у вадзіцеля: — Куды ж гэта ты, скараход мой, ляціш? Ваданосаў. // Спартсмен, спецыяліст па скарасному бегу (на каньках, лыжах і пад.). // Даўней — пасыльны, ганец.
•••
Боты-скараходы гл. боты.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
служа́ка, ‑і, м.
Разм. Вопытны, старанны служачы (звычайна пра ваеннага). Карпенка на ўсё жыццё запомніў тыя мудрыя словы старога служакі. Быкаў. Гарнізон у .. [оберлейтэнанта] быў невялікі, але надзейны: старыя служакі, яшчэ ў Бельгіі былі пад яго камандаваннем. Шамякін. // Пагард. Той, хто выслужваецца перад кім‑н.; паслугач. Думай думкі, што чыніці У бядзе паганай, Калі панскія служакі Прывядуць да пана! Купала. Хіба Панасюк служака ці падхалім? Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)