Га́йнік1 ’расліна Epipactis Sw.’ (БРС, Кіс.). Калі меркаваць, што спачатку гайнік азначаў расліну Epipactis palustris Grantz, якая расце ў сырых мясцінах, на багнах, то ёсць магчымасць звязаць яе назву з гайно́ ’бярлога, логава’ (гл. гайно́), г. зн. што спачатку гайнік — расліна, якая сустракаецца на гайне́, на брудных, балоцістых месцах. Параўн. Нейштадт, Определитель, 174.

Га́йнік2 ’чорны бусел’ (Шатал.). Ці не таго ж самага паходжання, што і гайнік1? Чорны бусел сустракаецца на багнах і сырых месцах. Іншая магчымасць тлумачэння: гайнік ад гайно ’гняздо чорнага бусла, вельмі масіўнае і грубае’? Да рэалій параўн. Флінт, Птицы, 64–65.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галубцы́ ’галубцы (назва ежы)’ (БРС). Рус. голубцы́, укр. голубці́, польск. gołąbki. У аснове назвы ляжыць *golǫbь — назва птушкі (гэта, магчыма, не па форме, не па знешняму падабенству галубцоў з птушкай, а ў сувязі з вясеннімі і да т. п. абрадамі; гл. Слаўскі, 1, 313). Узаемныя адносіны паміж адпаведнымі словамі са слав. моў вельмі заблытаныя. Рус. голубцы́ як мяркуе Шанскі (1, Г, 122), запазычана, відавочна, з укр. мовы. Польск. слова, паводле Слаўскага (там жа), узята таксама з укр. мовы. Што датычыцца бел. слова, то таксама можна меркаваць аб яго запазычанні з укр. або рус. мовы (няма ў дыялектных крыніцах).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ганта́ль ’ганталь’ (БРС, Сцяшк. МГ, Шат.). Укр. гонта́ль ’тс’, рус. дыял. (на тэрыторыі Літвы) го́нталь. Знешне падобнае на ўтварэнне ад гонт (гл.), суф. ‑аль. Але вельмі падазронае падабенства з фармацыямі тыпу ўкр. бретна́ль ’цвік для дошак’, гухна́ль ’цвік для падковы’, польск. hufnal і г. д., якія запазычаны з ням. Brettnagel, Hufnagel і дзе другая частка ням. складаных слоў (Nagel) прадстаўлена як ‑nal. Калі прыняць, што гонт некаторыя этымолагі выводзяць з ням. gant (дыял.), то можна лічыць, што магло існаваць і ням. (дыял.) gantnagel, з якога магло атрымацца (дысіміляцыя або выпадзенне аднаго з двух nn) або *гонталь, або *готналь. Атрымалася першае.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гульта́й ’гультай’ (БРС, Нас., Касп., Бяльк., Сцяшк., Жд. 1). Слова не вельмі яснага паходжання. Параўн. рус. гультяй, гультай ’тс’, укр. гультай, гільтай. Сабалеўскі (Slavia, 5, 448) выводзіў гэтыя словы з *гольтай. Фасмер (1, 473) звязваў гультай з гулять. Польск. hultaj, holtaj, паводле Слаўскага (1, 435–436), запазычана з укр., якое быццам паходзіць з даўняга *golьtajь *golьtjajь (так ужо ў Сабалеўскага), да *golъ ’голы’. Адносна суфіксацыі і магчымых балтыйскіх уплываў параўн. Мартынаў, Лекс. балтызмы, 24. Паводле Трубачова (Эт. Сл., 7, 171), зыходным з’яўляецца назва дзеяча тыпу *gulʼajь (ад *gulʼati) з суфіксам ‑jь. Формы тыпу гульта́й другасныя (з эпентэтычным ‑t‑). Няпэўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дзе́рава ’дрэва’, таксама і ў форме дзе́раво (Сцяшк.). Апошняе, аднак, азначае ’матэрыял для будаўніцтва’. Форма дзе́рава зыходзіць, бясспрэчна, да прасл. лексемы *dervo, якое дало пачатак славянскім формам: рус. де́рево, укр. де́рево, польск. drzewo, чэш. dřevo, балг. дре́во, серб.-харв. дре̑во, ст.-слав. дрѣво і г. д. Роднаснымі формамі для прасл. *dervo ’дрэва’ лічацца літ. dervà ’смала; смалістае дрэва’, ст.-інд. dā́ru‑ ’дрэва’, кімр. derwen ’дуб’ і г. д. Тут вельмі разгалінаванае сямейства слоў з шматлікімі роднаснымі формамі, аблаўтнымі суадносінамі вакалізму і да т. п. З вялікай літаратуры параўн. Слаўскі, 1, 174; Фасмер, 1, 502; Трубачоў, Эт. сл., 4, 211–213.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кары́сць, укр. користь, рус. корысть, чэш. kořist ’здабыча, трафеі’, польск. korzyść ’карысць’, серб.-харв. ко̏рист, славен. korȋst ’здабыча’. Зыходнае значэнне ’здабыча’ (Фасмер, 2, 343). Тады прасл. koristь ад koriti ў значэнні ’пакараць’ (чэш. kořiti, в.-луж. korić, рус. корить і інш.) (Міклашыч, 130), гл. карыць. Аднак гэта версія не мае тлумачэння з пункту гледжання словаўтварэння. Мы не ведаем суфікса ‑stь, з дапамогай якога б фарміраваліся назоўнікі ад дзеясловаў. Вельмі праблематычная версія аб koristati < ko‑ristati (ristati ’гнацца’) (Варбот, Этимология, 1970, 65–70). Іншыя этымалогіі яшчэ менш надзённыя. Агляд версій гл. Трубачоў, Эт. сл., 11, 71–73.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Касцярня́ ’месца, дзе сабраны людскія косці’ (Нас.). Пад праформай *kosterъ Трубачоў (Эт. сл., 11, 154) разглядае формы з розных слав. моў: балг. дыял. костер ’крывы вінаградарскі нож’, макед. коштерица ’від змяі’, серб.-харв. кбстер ’від асятра’, польск. дыял. kościer ’пустазелле Bromus secalinus’, ст.-рус. костеръ ’грубае тоўстае сцябло некаторых раслін’, рус. костерь ’пустазелле’. У лік бел. форм трапіла вытворнае і зафіксаванае толькі ў Нас. косцерня (аб яго значэнні гл. вышэй). Такім чынам, можна меркаваць (відавочна, услед за Трубачовым), што гэта бел. слова з’яўляецца вельмі каштоўным рэліктам, хоць і ў вытворнай форме старога прасл. *kosterъ. Параўн. яшчэ Фасмер, 2, 347–348.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Касцёр ’каласоўнік, Bromus secallinus L.’ (Байк. і Некр.); ’града ці стажок складзеных дроў’; ’грудок чаго-н., вельмі многа’; ’раскладзены агонь на полі, у лесе’; ’вогнішча’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. костёр ’касцёр, агонь’; ’купа дроў і да т. п.’, ’вялікая ўкладка снапоў у полі’, ’кастрыца’ і г. д., укр. косте́р ’сажань дроў’, славен. kóster ’вогнішча; купа дроў’ і г. д. Праформа *kostrъ, генетычна звязана з прасл. *kostra ’кастрыца; шкілет, касцяк; вострыя костачкі рыбы; шэрсць казы; хвошч палявы’ і г. д. Да этымалогіі гл. досыць складаны агляд Трубачова, Эт. сл., 11, 158–160. 163–164. Гл. яшчэ тлумачэнне Фасмера, 2, 347–348.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Касі́р ’касір’ (ТСБМ). Рус. касси́р, укр. каси́р. Бел. і ўкр. лексемы, здаецца, запазычаны з рус. мовы. У рус. мове гэта слова было запазычана з ням. у Пятроўскую эпоху. Гл. Фасмер, 2, 207; Шанскі, 2, К, 86. Зыходнай ням. формай было спачатку Kassierer, адкуль узята рус. касирер (у паперах Пятра I). Сучасная форма касси́р упершыню ў рус. мове фіксуецца ў Слоўніку Нордстэта 1780 г. (Шанскі, там жа). Усё ж такі не вельмі ясным, у высвятленні Шанскага, застаецца пытанне аб узаемадзеянні форм ням. і італ. паходжання. Паводле Шанскага атрымліваецца, што ням. Kassier (< італ. cassiere) не адлюстроўваецца ў старых рус. паперах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Катле́та ’катлета’ (ТСБМ, БРС). Рус. котле́та, укр. котле́та. Можна меркаваць, што непасрэднай крыніцай запазычання для бел. было рус. котле́та. У такой форме яно адзначаецца ўжо ў 1803 г. Запазычанне з франц. côtelette (ад côte ’рабро’). У канцы XVIII ст. рус. слова з’яўляецца ў крыніцах у форме, блізкай да франц. напісання (котелеты ’адбіўныя з мяса з рэбернай часткі’). Гл. Шанскі, 2, К, 359. Франц. пашырылася ў еўрапейскіх мовах (у прыватнасці, у ням.; параўн. ням. Kotelett, запазычанае да 1715 г.). Гл. яшчэ Фасмер, 2, 352 (вельмі коратка). Лінгвістычная гісторыя слова і далейшыя этымалагічныя сувязі гл. у Клюге, 414.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)