ПАДВО́ДНАЯ ВАЙНА́,

баявыя дзеянні падводных лодак (ПЛ) супраць караблёў і суднаў праціўніка з мэтай іх знішчэння, або парушэння яго марскіх камунікацый. Вялася ў 1-ю (1914—18) 1 2-ю (1939—45) сусв. войны. У 1-й сусв. вайне страты гандл. флоту ад ПЛ склалі 14 млн. брута-рэгістравых тон і 192 баявыя караблі. Германія, насуперак міжнар. пагадненням і прававым нормам, тапіла гандл. судны праціўніка і нейтральных дзяржаў. Пытанне аб забароне П.в. абмяркоўвалася на Вашынгтонскай канферэнцыі 1921—22, але яна не прыняла прапанову Вялікабрытаніі забараніць выкарыстанне ПЛ. У 1936 ЗША, Вялікабрытанія, Францыя, Італія, Японія падпісалі пратакол аб правілах дзеянняў ПЛ у адносінах да гандл. суднаў у ваен. час; да пратакола далучыліся СССР (1937) і некаторыя інш. краіны. Паводле гэтага дакумента, ПЛ і надводныя ваен. караблі, у адносінах да гандл. суднаў павінны былі кіравацца нормамі міжнар. права. Толькі ў выпадку ўпартай адмовы гандл. судна прыпыніцца ці супраціўлення агляду (вобыску) яно магло быць затоплена або пазбаўлена магчымасці далейшага плавання пры ўмове, што пасажыры, экіпаж і дакументы з судна будуць вывезены папярэдне ў бяспечнае месца. Аднак гэтыя патрабаванні на практыцы не выконваліся. У сувязі з агрэсіяй супраць Іспаніі прадстаўнікі Вялікабрытаніі, Францыі, СССР і інш. дзяржаў падпісалі ў 1937 Ніёнскае пагадненне аб мерах па барацьбе з пірацкімі дзеяннямі ПЛ фаш. дзяржаў. Нягледзячы на гэтыя дакументы, за гады 2-й сусв. вайны агульныя страты гандл. флоту ад ПЛ склалі каля 23 млн. брута-рэгістравых тон (знішчана таксама каля 400 баявых караблёў). Адначасова флаты дзяржаў, што ваявалі, страцілі 1123 ПЛ (у 1-ю сусв. вайну — 265), з іх Германія — больш за 800. У П.в. вызначыліся многія сав. маракі-падводнікі, у т. л. Героі Сав. Саюза А.Х.Марынеска, ураджэнец г. Віцебск С.Н.Багарад і інш.

Літ.:

Подводники атакуют: Сб. М., 1985;

Дениц К. Немецкие подводные лодки, 1939—1945 гг.: Пер. с нем. СПб., 2000.

В.​А.​Юшкевіч, У.​Я.​Калаткоў.

т. 11, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕ́ДЫЯ (лац. comoedia, грэч. komōdia ад kōmos вясёлая працэсія + oidē песня),

адзін з жанраў драмы, у якім характары, дзеянні, з’явы паказваюцца праз прызму камічнага. Як твор «нізкага» жанру проціпастаўлялася «высокаму» жанру — трагедыі. Мае разнавіднасці: сатыр., лір., сац.-бытавая, памфлет, вадэвіль, інтэрмедыя, жарт, фарс, буфанада, скетч. Выкарыстоўвае маст. сродкі выразнасці (гратэск, алагізм, пародыю, іронію, гумар, сарказм і інш.), высмейвае негатыўныя з’явы сац. жыцця, заганы чалавечых характараў, сцвярджае станоўчы ідэал, носьбітам якога можа быць персаніфікаваная асоба або смех.

Зарадзілася ў Стараж. Грэцыі. «Бацькам» К. лічаць АрыстафанаСтараж. Рыме вылучаліся камедыёграфы Ц.​М.​Плаўт і П.​Тэрэнцый (3—2 ст. да н.э.). У сярэднія вякі К. развівалася ў больш прымітыўных формах фарса, інтэрлюдыі і інш. Росквіту дасягнула ў эпоху Адраджэння ў творчасці Лопэ дэ Вэгі, П.​Кальдэрона (Іспанія), У.​Шэкспіра (Англія), Н.​Макіявелі (Італія), Мальера (Францыя). Вял. ўплыў на зах.-еўрап. К. зрабіла італьян. камедыя дэль артэ. У 18 ст. значны ўклад у развіццё жанру зрабілі П.​Бамаршэ (Францыя), Г.​Лесінг (Германія), Г.​Філдынг і Р.​Шэрыдан (Англія), К.​Гальдоні і К.​Гоцы (Італія), Дз.​Фанвізін, І.​Крылоў (Расія). Высокіх узораў, сац. глыбіні і маштабнасці дасягнула рус. К. ў 19 ст. (А.​Грыбаедаў, М.​Гогаль, А.​Астроўскі, А.​Сухачо-Кабылін, Л.​Талстой, М.​Салтыкоў-Шчадрын). У канцы 19 — пач. 20 ст. вылучыліся «К. ідэй» Б.​Шоу, «К. настрояў» А.​Чэхава, адметныя павышаным псіхалагізмам, шматграннасцю раскрыцця характараў. Стылёвымі пошукамі адзначаны творы Б.​Брэхта, І.​Л.​Караджале, А.​Фрэдра, Б.​Нушыча, К.​Чапека, Л.​Пірамдэла, Э. Дэ Філіпа, Ж.​Ануя, Э.​Іанеска. Папулярнасцю карыстаюцца камедыйныя творы У.​Маякоўскага, М.​Булгакава, М.​Пагодзіна, А.​Карнейчука, В.​Розава і інш.

На Беларусі К. развіваецца з глыбокай старажытнасці. Яе элементы праяўляліся ў нар. рытуалах, гульнях, святах, тэатралізаваных паказах, у батлейцы. У кананічныя тэксты школьнага тэатра, народнай драмы як інтэрмедыі ўключаліся камедыйныя сцэнкі, якія давалі магчымасць нар. творцам іранізаваць над чалавечымі недахопамі, сатырай і смехам кляйміць прыгнятальнікаў. Нар. камедыйныя сцэнкі карысталіся поспехам ў гледачоў, спрыялі дэмакратызацыі сцэнічнага мастацтва. К. фальклорнага т-ра дасягнула ідэйна-маст. вышынь і паўплывала на бел. прафес. драматургію («Камедыя» К.​Марашэўскага). На высокі прафес. ўзровень жанр К. ўзнялі творы В.​Дуніна-Марцінкевіча «Пінская шляхта» і «Залёты» (2-я пал. 19 ст.), у якіх яркі, спецыяльна падкрэслены камізм становішчаў і сітуацый спалучаўся з сац. зместам. У пач. 20 ст. гэту традыцыю прадоўжыў К.​Каганец (п’еса «Модны шляхцюк»). Класічным узорам бел. К. стала «Паўлінка» Я.​Купалы, а таксама яго вадэвіль «Прымакі», п’еса «Тутэйшыя». У жанры К. шмат і плённа працаваў У.​Галубок, пераважна як стваральнік п’ес сац.-бытавога характару, востраканфліктных («Суд», «Пісаравы імяніны», «Пінская мадонна», «Ветрагоны»), Нар. лубачнасцю, камедыйнай падкрэсленасцю сітуацый вызначаюцца драм. творы «Мікітаў лапаць» М.​Чарота, «Збянтэжаны Саўка», «Конскі партрэт» і «Пасланец» Л.​Родзевіча. У 1920-я г. значнае развіццё атрымала сатыр. К. («Кар’ера таварыша Брызгаліна» Е.​Міровіча). Камедыйным майстэрствам, дынамізмам інтрыгі, завершанасцю сюжэта, псіхал. глыбінёй характараў вызначаюцца сатыр. творы «Хто смяецца апошнім» і «Мілы чалавек» К.​Крапівы. Шырокім выкарыстаннем фалькл. матываў пазначана К. «Несцерка» В.​Вольскага. Каларытнасць характараў, актуальнасць праблематыкі, непрымірымасць да любых праяў амаральнасці, гуманіст. страснасць уласцівыя камедыйным творам А.​Макаёнка («Выбачайце, калі ласка!» «Лявоніха на арбіце», «Зацюканы апостал», «Трыбунал» і інш.). У 1970-я — пач. 1980-х г. важкім укладам у развіццё нац. камедыяграфіі сталі п’есы «Брама неўміручасці» К.​Крапівы, «Амністыя» М.​Матукоўскага, «Адкуль грэх?», «Злыдзень», «Укралі кодэкс» А.​Петрашкевіча, у якіх шырокая палітра ўласнакамедыйных, вадэвільных і сатырычных фарбаў. Атрымала развіццё аднаактовая К. (А.​Махнач, А.​Рылько, В.​Зуб, У.​Няфёд, Н.​Гілевіч, Г.​Марчук і інш.).

Літ.:

Сахновский-Панкеев В.А. О комедии. Л.;

М., 1964;

Штейн А.Л. Философия комедии // Контекст, 1980. М., 1981;

Саннікаў АК. Сатырычныя характары беларускіх камедый. Мн., 1961;

Усікаў Я. Беларуская камедыя. Мн., 1973.

А.​В.​Сабалеўскі.

т. 7, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕ́І ГІСТАРЫ́ЧНЫЯ,

профільная група музеяў, зборы якіх дакументуюць гісторыю развіцця чалавечага грамадства. Падзяляюцца на агульнагістарычныя (гісторыі краіны, краю, горада), археал., этнагр., гіст.-краязн., ваенна-гіст., гісторыі асобных устаноў, гіст. падзей, выдатных асоб, у т. л. мемарыяльныя музеі. Тыпам М.г. з’яўляюцца ансамблі ці комплексы, якія могуць быць абвешчаны музеямі-запаведнікамі, прыкладам комплекснага профілю з’яўляюцца краязнаўчыя музеі.

Першыя зборы гіст. кшталту вядомы ў стараж. свеце, дзе гіст. помнікі канцэнтраваліся ў храмах, свяшчэнных гаях, палацах, дамах сходаў: у Кноскім палацы на в. Крыт (16 ст. да н.э.), храмавай б-цы ў Ашуры (11 ст. да н.э.), храме Апалона ў Дэльфах (Стараж. Грэцыя, 4 ст. да н.э.). Сістэматычнае калекцыяніраванне гіст. помнікаў пачалося ў 15 ст. і атрымала развіццё ў 16—17 ст. ў Італіі, адтуль распаўсюдзілася ў Францыі, Англіі, Германіі і інш. краінах Зах. Еўропы. Калекцыі манет, медалёў, стараж. зброі і выпадковых археал. знаходак захоўваліся ў замках і належалі прыватным асобам (каралям, буйным феадалам, купцам), доступ да іх быў абмежаваны вузкім колам сваякоў і гасцей гаспадара. Першы агульнадаступны М.г. створаны ў час Французскай рэвалюцыі 1789—99 у кляштары малых аўгусцінцаў у Парыжы (1795). На працягу 19 ст. рэалізуецца роля М.г. ў абуджэнні нац. свядомасці этнасаў, што зведалі іншаземны прыгнёт ці агрэсію Адкрываюцца Венгерскі музей у Пешце (1802), нацыянальныя музеі ў Празе (Чэхія, 1818), Спліце (Далмацыя, 1820), Любляне (Славенія, 1821), Заграбе (Харватыя, 1846). М.г. стваралі ў імперскіх сталіцах, каб падтрымаць прыхільнасць да традыцый ці адраджэння гонару за слаўнае мінулае: Ваенны музей у Мадрыдзе (Іспанія, 1804), Венскі музей нац. славы (Аўстрыя, 1850), Галерэя славы ў Берлінс (Германія, 1880), Гістарычны музей у Маскве (1872), Музей арміі ў Парыжы (1905), Імперскі ваенны музей у Лондане (1917). Развіццё дапаможных гіст. дысцыплін паспрыяла ўзнікненню самаст. археал. музеяў: нацыянальных у Неапалі (Італія, 1748), Кальяры (Італія, 1806), Афінах (1874), Паўн. старажытнасцей у Капенгагене (Данія, 1819), Філадэльфіі (ЗША, 1834) і этнаграфічных (гл. Музеі этнаграфічныя). Ствараюцца нац. музеі ў Дамаску (Сірыя, 1919), Багдадзе (Ірак, 1923), музей цюркскай і мусульм. культуры ў Стамбуле (Турцыя, 1923), музей старажытнасцей у Тэгеране (Іран, 1938). На працягу 20 ст. развіццё М г. адбываецца ў кірунку паглыблення спецыялізацыі і пошуку новых форм захавання і папулярызацыі гіст.-культ. спадчыны.

На Беларусі перадмузейныя гіст. зборы вядомы з 15 ст. ў рэзідэнцыях вял. князёў ВКЛ і буйных феадалаў. Першы публічны музей, дзе таксама можна было аглядаць гіст.-археал. матэрыялы, знаходзіўся ў Полацкім езуіцкім калегіуме (1787—1820). Першы агульнадаступны музей гіст. профілю — Віленскі музей старажытнасцей. Каштоўныя гіст.-археал. матэрыялы захоўваліся таксама ў музеях стат. к-таў, царк.-археал. т-ваў, музеі Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, прыватных калекцыях М.Гаўсмана, Э.Гутэн-Чапскага, А.Ельскага, В.​Федаровіча і інш. Актыўны ўдзел у зборы і стварэнні музеяў прымалі Дз.І.Даўгяла, І.І.Дуцкевіч, Е.Р.Раманаў, А.М.Семянтоўскі, А.К.Снітка, Я.П.Тышкевіч і інш. Каштоўныя археал., этнагр. і інш. калекцыі былі прадстаўлены ў Беларускім музеі ў Вільні, Беларускім дзяржаўным музеі, Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі, Музеі Беларускага Палесся і інш. Збіральніцтва і папулярызацыя гіст. помнікаў у перыяд пасля Вял. Айч. вайны звязана з аднаўленнем і пашырэннем сеткі краязн. музеяў, у рамках якіх пераважна і развівалася гіст. музеязнаўства. На канец 1997 на Беларусі дзейнічалі найбуйнейшыя М.г.: Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі (Гродна), Брэсцкай крэпасці-героя музей, Музей ваеннай гісторыі Рэспублікі Беларусь, абл. і раённыя краязн. музеі (гл. адпаведныя арт). Працуюць дзярж. Археалагічны музей «Бярэсце», геалагічны Парк камянёў, ваенна-гіст. Ваўкавыскі ваенна-гістарычны музей, Кобрынскі ваенна-гістарычны музей, Доеўскі музей бітвы за Дняпро, Музей воінаў-інтэрнацыяналістаў, Музей баявой садружнасці беларускіх, рускіх, латышскіх і літоўскіх партызан, Музей партызанскай славы, Музей савецка-польскай баявой садружнасці, Шмырова М.П. музей, музеі гісторыі гарадоў Магілёва, Наваполацка, Оршы, Светлагорска (гл. адпаведныя арт.), Музей гісторыі медыцыны, Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік, гіст.-краязн., нар., баявой і працоўнай славы. Больш за 70% дзярж. музеяў Беларусі маюць гіст.-краязн. кірунак.

Літ.:

Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984.

А.​А.​Гужалоўскі.

т. 11, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННА-ПАВЕ́ТРАНЫЯ СІ́ЛЫ (ВПС),

1) від узбр. сіл дзяржавы, прызначаных для баявых дзеянняў (пераважна ў паветры) сумесна з інш. відамі ўзбр. сіл і самастойна пры выкананні аператыўна-стратэг. задач.

2) Афіц. назва ваеннай авіяцыі ў Рэспубліцы Беларусь, Расійскай Федэрацыі, ЗША і інш. краінах.

Ваен. авіяцыя ў большасці развітых краін з’явілася на пач. 20 ст.; у баях упершыню ўдзельнічала ў 1911—12 у Трыпалітанскай вайне (Італія—Турцыя). Атрад самалётаў Рас. імперыі першы раз удзельнічаў у баях у 1913 у час 1-й Балканскай вайны. Напярэдадні 1-й сусв. вайны ВПС Англіі, Аўстра-Венгрыі, Германіі, Італіі, Расіі і Францыі налічвалі разам каля 900 ваен. самалётаў. У час 2-й сусв. вайны колькасць ВПС многіх краін рэзка павялічылася, узніклі буйныя авіяц. аб’яднанні. У Вял. Айч. вайну лётчыкі СССР здзейснілі каля 3 млн. 125 тыс. самалёта-вылетаў і прычынілі праціўніку вял. страты. Авіяцыя далёкалётнага дзеяння і Грамадз. паветр. флот зрабілі 110 тыс. самалёта-вылетаў, перавезлі каля 83 тыс. партызан, даставілі ім 17 тыс. т узбраення, боепрыпасаў, харчоў, медыкаментаў і інш.

Сучасныя ВПС здольныя наносіць удары па сухап., авіяц. і ваен.-марскіх групоўках праціўніка і аб’ектах глыбокага тылу; знішчаць пункты кіравання і сувязі; парушаць варожыя камунікацыі; ажыццяўляць авіяц. падтрымку войск і сіл флоту і іх прыкрыццё з паветра; праводзіць дэсантаванне і паветр. перавозку сваіх войск і матэрыяльных сродкаў; весці паветр. разведку. На ўзбраенні сучасных ВПС ёсць рэактыўныя, звышгукавыя, усепагодныя ракетаносцы і бамбардзіроўшчыкі, знішчальнікі-бамбардзіроўшчыкі, знішчальнікі, верталёты, аснашчаныя ракетамі і радыёэлектронным абсталяваннем. ВПС Рэспублікі Беларусь маюць групоўку авіяцыі рознага прызначэння. Арганізацыйна яны складаюцца з авіяц. баз і асобных часцей (тылу, сувязі, радыёэлектроннага забеспячэння). У залежнасці ад прызначэння ВПС падзяляюць на авіяцыю далёкалётную, франтавую, ваен.-трансп.; у залежнасці ад характару выканання задач і лётна-тэхн. характарыстык — на знішчальную, знішчальна-бамбардзіровачную, бамбардзіровачную, разведвальную і дапаможную (санітарную, сувязі). ВПС інш. буйных дзяржаў складаюцца са стратэг., тактычнай, ваен.-трансп. авіяцыі і авіяцыі ППА. У ЗША у склад ВПС уваходзяць таксама злучэнні міжкантынент. балістычных ракет і ваенна-касм. сродкаў. Пра развіццё авіяц. тэхнікі гл. ў арт. Авіяцыя.

В.​А.​Юшкевіч.

т. 3, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫГІ́ТЛЕРАЎСКАЯ КААЛІ́ЦЫЯ,

саюз дзяржаў і народаў, якія змагаліся ў другой сусветнай вайне 1939—45 супраць агрэсіўнага блока гітлераўскай Германіі, Італіі, Японіі і іх сатэлітаў. Аснову кааліцыі складалі вял. дзяржавы — Савецкі Саюз (адыграў вырашальную ролю ў дасягненні перамогі), ЗША, Англія, Францыя, Кітай. У ваен. дзеяннях на баку антыгітлераўскай кааліцыі прымалі ўдзел Польшча, Чэхаславакія, Югаславія, Аўстралія, Бельгія, Бразілія, Індыя, Канада, Філіпіны, Эфіопія і інш. Асобныя дзяржавы дапамагалі антыгітлераўскай кааліцыі пастаўкамі ваен. сыравіны (напр., Мексіка). Былі і такія краіны, што аб’явілі вайну Германіі толькі напярэдадні яе разгрому і не зрабілі якога-небудзь укладу ў перамогу. На момант сканчэння 2-й сусв. вайны антыгітлераўская кааліцыя аб’ядноўвала больш за 50 дзяржаў, прычым вайну Германіі аб’явілі і яе былыя саюзнікі Балгарыя, Венгрыя, Італія і Румынія. Дапамогу антыгітлераўскай кааліцыі аказаў народны Рух Супраціўлення, які разгарнуўся ў многіх акупіраваных краінах. У ліку паўнапраўных дзяржаў антыгітлераўскай кааліцыі былі Беларусь і Украіна (будучыя члены — заснавальнікі ААН), а таксама іншыя былыя саюзныя рэспублікі СССР.

Пачатак утварэнню антыгітлераўскай кааліцыі пакладзены заявамі аб узаемнай падтрымцы ўрадаў СССР, ЗША і Англіі пасля нападу фаш. Германіі на СССР, англа-сав. і сав.-амер. перагаворамі летам 1941, падпісаннем 12.7.1941 сав.-англ. пагаднення аб сумесных дзеяннях у вайне супраць Германіі, Маскоўскай нарадай 1941 трох дзяржаў (гл. Маскоўскія нарады 1941, 1943, 1945), а таксама шэрагам інш. пагадненняў паміж саюзнікамі. 1.1.1942 у Вашынгтоне падпісана Дэкларацыя 26 дзяржаў (Дэкларацыя Аб’яднаных Нацый), якія знаходзіліся на той час у стане вайны з Германіяй, Італіяй, Японіяй і іх саюзнікамі. У Дэкларацыі гаварылася, што дзяржавы антыгітлераўскай кааліцыі абавязаны выкарыстоўваць свае ваен. і эканам. рэсурсы для барацьбы супраць фаш. дзяржаў і не заключаць з імі сепаратных дагавораў. Пазней дзяржавы антыгітлераўскай кааліцыі падпісалі шэраг дакументаў, сярод якіх найбольшае значэнне маюць пастановы Тэгеранскай (1943), Крымскай і Патсдамскай (абедзве 1945) канферэнцый (пра ўсе гл. асобныя арт.) кіраўнікоў урадаў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі. Антыгітлераўская кааліцыя ў цэлым вырашыла задачы, што стаялі перад ёю ў 2-й сусв. вайне, і стала асновай для ўтварэння Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

т. 1, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРО́ЛІЗНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

адна з галін мікрабіялагічнай прамысловасці. Спецыялізуецца на перапрацоўцы нехарчовых раслінных матэрыялаў метадам гідролізу для атрымання этылавага спірту, кармавых дражджэй, глюкозы і ксіліту, фурфуролу, арган. кіслот, лігніну і інш. прадуктаў. Сыравінай служаць адходы лясной, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровай прам-сці, перапрацоўкі с.-г. сыравіны (салома, сланечнікавае шалупінне, кукурузныя храпкі, сцёблы бавоўніку, мелес з цукр. буракоў і інш.). Пры гідролізе раслінных тканак вугляводы пераходзяць у раствор (пад уздзеяннем вады і цяпла ў прысутнасці каталізатараў), а лігнін застаецца. У гэтым працэсе нерастваральныя поліцукрыды ператвараюцца ў растваральныя монацукрыды (гексозы і пентозы), якія хім. і біяхім. шляхам перапрацоўваюцца ў крышт. манозы (глюкозы, ксілозы), этылавы спірт, гліцэрын, ксіліт, сарбіт і інш., у альдэгіды і іх вытворныя (фурфурол, фуран і інш.), арган. кіслоты (воцатную, лімонную, яблычную і інш.), бялкова-вітамінныя дрожджы і антыбіётыкі. З 1 т сухой сыравіны ў залежнасці ад тэхналогіі можна атрымаць да 150 кг фурфуролу, або 140 кг першасных спіртоў, або 300 кг крышт. глюкозы, або 250 кг кармавых дражджэй і каля 300 кг гідролізнага лігніну.

Гідролізная прамысловасць развіваецца з пач. 20 ст. У б. СССР з 1935 наладжана вытв-сць этылавага спірту, з 1940-х г. — кармавых дражджэй і фурфуролу. На Беларусі гідролізную прадукцыю вырабляюць з 1936 на Бабруйскім гідролізным заводзе, з 1963 на Рэчыцкім доследна-прамысловым гідролізным заводзе, шматлікіх спіртавых і крухмальных з-дах. Выпускаецца тэхн. рэктыфікаваны этылавы спірт і этылавы спірт-сырэц, кармавыя дрожджы, фурфурол, вуглякіслы газ. У 1994 выраблена (разам з прадпрыемствамі мікрабіял. прам-сці) 49 тыс. т таварнай прадукцыі кармавых дражджэй (найб. у 1990 — 508 тыс. т). Значную гідролізную прамысловасць, якая спецыялізуецца пераважна на вытв-сці фурфуролу і этылавага спірту, маюць ЗША (найб. вытворца фурфуролу), Францыя, Італія, Японія, Фінляндыя; развітая вытв-сць этылавага спірту, кармавых дражджэй і фурфуролу ў Расіі, Германіі і інш. краінах. Гідролізная прамысловасць — перспектыўная галіна біятэхналогіі, здольная вырашаць праблемы, звязаныя з вытв-сцю харч. прадуктаў, лекавых прэпаратаў, энергет. паліва і сыравіны для хім. і біяхім. Вытв-сці.

Т.​П.​Цэдрык.

т. 5, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́НТЭ Аліг’еры

(Dante Alighieri; 15.5 ці 15.6.1265, г. Фларэнцыя, Італія — 13 ці 14.9.1321),

італьянскі паэт. Па некат. звестках, вучыўся ў Балонскім ун-це. У 1300 адзін з прыёраў Фларэнцыі, у 1301 амбасадар горада пры папскім двары ў Рыме. Быў абвінавачаны ў выступленнях супраць папы і гар. улад і прыгавораны да спалення на кастры; усё астатняе жыццё правёў у выгнанні. У ранніх вершах апяваў Беатрычэ Партынары, каханне да якой пранёс праз усё жыццё. Гэтыя вершы і далучаная да іх проза на італьян. мове склалі першы буйны твор — «Новае жыццё» (1291—93, выд. 1576), у якім распрацаваў правілы «новага салодкага стылю» (ускладненыя маральна-філас. ідэі, сімволіка і алегарызм, вытанчанасць маст. формы). Пазней яго творчасць развівалася ў 2 кірунках: на лац. мове ствараў трактаты па пытаннях італьян. мовы («Пра народнае красамоўства», 1303—04), аб дзярж. уладзе («Пра манархію», 1312—13), на італьян. мове — трактат, прысвечаны філас., маральным і літ. пытанням («Баль», 1304—07) і вершы (т.зв. «рыфмы»). У 1311—13 напісаў 13 «Пасланняў» на лац. мове, эклогі, а таксама трактат «Спрэчка аб вадзе і зямлі» (1320). Вяршыня творчасці Д. — «Боская камедыя» [1306—1318(?)—21]. Гэты манум. твор позняга сярэднявечча ўяўляе сабой энцыклапедыю філасофіі, касмагоніі, гісторыі, рэлігіі, маралі, паліт. поглядаў еўрап. чалавека напярэдадні Адраджэння. Твор падзелены на 3 часткі (кантыкі): «Пекла», «Чысцец» і «Рай». У алегарычнай форме Д. гаворыць аб сучаснасці, яскрава звязваючы яе з Антычнасцю. Стройная лагічная схема твора базіруецца на сімволіцы лічбаў (пачынаючы ад лічбы 3 — сімвала Тройцы: 3 кантыкі, тэрцына — асн. вершаваны памер, кожная кантыка складаецца з 33 песняў і г.д.). Творчасць Д. зрабіла вял. ўплыў на развіццё л-ры. Яго творы перакладзены амаль на ўсе мовы свету. На бел. мову «Боскую камедыю» пераклалі Я.​Семяжон, А.​Мінкін, У.​Скарынкін.

Тв.:

Le opere di Dante. Firenze, 1965;

Рус. пер. — Новая жизнь;

Божественная комедия. М., 1967;

Малые произведения. М., 1968.

Літ.:

Enciclopedia Dantesca. Roma, 1970—85;

Голенищев-Кутузов И.Н. Данте. М., 1967.

С.​В.​Логіш.

Дантэ.

т. 6, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ПАЛ (італьян. cupola купал, скляпенне ад лац. cupula бочачка) у архітэктуры, прасторавая апорная канструкцыя пакрыццяў (або само пакрыццё), форма якой блізкая да паўсферы ці іншай паверхні вярчэння. Перакрывае без апор значныя па памерах памяшканні пераважна круглыя, шматвугольныя, эліптычныя ў плане.

Вядомы са старажытнасці, першапачаткова ў выглядзе т. зв. несапраўдных К., дзе гарыз. рады муроўкі навісалі адзін над адным і не перадавалі сценам намаганняў распору (будынкі ў г. Эшнуна ў Двухрэччы, цяпер Ірак, пач. 3-га тыс. да н.э.). Удасканалены ў архітэктуры Стараж. Рыма (Пантэон, каля 125), Візантыі, Еўропы, Каўказа (паявіліся знешнія абалонкі, канфігурацыя якіх адрознівалася ад уласна К.). Быў пашыраны ў рус. сярэдневяковай архітэктуры, у збудаваннях Сярэдняй Азіі (маўзалей Гур-Эмір у Самаркандзе, 1404). Сярод выдатных купальных збудаванняў — сабор Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ ў Фларэнцыі (1420—36, арх. Ф.​Брунелескі), царква Сан-Ларэнца ў Турыне (абодва Італія; 1668—87, арх. Г.​Гварыні), Казанскі сабор у Санкт-Пецярбургу (1801—11, арх. А.​Вараніхін) і інш.

На Беларусі вядомы з 11—12 ст. Ужываліся ў крыжова-купальных храмах (Сафійскі сабор і Спаса-Ефрасіннеўская царква ў Полацку, Благавешчанская царква ў Віцебску). Пашыраны ў архітэктуры стыляў рэнесансу, барока, дзе адыгрывалі важную ролю ў інтэр’еры і вонкавым выглядзе збудаванняў. Ставілі К. над сяродкрыжжам крыжова-купальных базілік (касцёлы езуітаў у Нясвіжы і Гродне, Успенскі сабор у в. Жыровічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.). З канца 18 ст. шырока выкарыстоўваліся ў культавай і грамадз. архітэктуры класіцызму (палац і Петрапаўлаўскі сабор у Гомелі). Купальныя вярхі былі пашыраны і ў драўляным дойлідстве 18—19 ст. (Міхайлаўская царква ў в. Рубель Столінскага р-на Брэсцкай вобл.). У 20 ст. з развіццём маналітнага і зборнага жалезабетону, танкасценных скляпенняў-абалонак і метал. канструкцый павялічылася разнастайнасць структур і форм К.: рабрыстыя, рабрыста-кальцавыя, сеткавыя, з хвалістай унутр. паверхняй, «геадэзічныя» (утвораныя са стандартных шматвугольных элементаў), зборныя і інш. Жалезабетоннымі К. накрыты будынкі цыркаў у Мінску і Гомелі. Ствараюцца новыя тыпы К. з палімерных матэрыялаў, з падвойнай надзіманай абалонкай і інш.

Літ.:

Кузнецов А.В. Тектоника и конструкция центрических зданий. М., 1951;

Гохарь-Хармандарян И.Г. Большепролетные купольные здания. М., 1972.

Т.​В.​Габрусь.

т. 9, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКЕЛА́НДЖЭЛА, Мікеланджэла Буанароці (Michelangelo Buonarroti; 6.3.1475, Капрэзе-Мікеланджэла, Італія — 18.2.1564),

італьянскі скульптар, жывапісец, архітэктар, паэт; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў Адраджэння. Вучыўся жывапісу ў Д.​Гірландайо ў Фларэнцыі (1488), скульптуры ў Бертольда ды Джавані ў маст. школе ў садзе К.​Медычы пры манастыры Сан-Марка (1489—92). Зазнаў уплывы Джота ды Бандоне, Данатэла, Мазачыо, Якопа дэла Кверчы, ант. скульптуры. Працаваў у Фларэнцыі, Балонні, Рыме. Ужо ў ранніх работах вызначыліся гал. рысы яго творчасці — манументальнасць, унутр. напружанасць і драматызм вобразаў, дынамічнасць кампазіцыйнага вырашэння, майстэрскае выяўленне прыгажосці цела чалавека: рэльефы «Мадонна каля лесвіцы», «Бітва кентаўраў» (абодва каля 1490—92), статуя «Вакх» (1496—97), скульпт. група «Аплакванне Хрыста» («П’ета») у саборы св. Пятра (каля 1498—99) і інш. У каласальнай статуі «Давід» (1501—04) і кардоне для размалёўкі Палацца Век’ё «Бітва пры Кашыне» (1504—06) М. ўвасобіў гераічны парыў і грамадз. доблесць фларэнційцаў, якія выступілі супраць тыраніі Медычы. Вяршыня яго творчасці — размалёўка скляпенняў Сіксцінскай капэлы ў Ватыкане (1508—12). Жывапісны цыкл, які ўключае сцэны з Кнігі Быцця ў цэнтр. ч. плафона, манум. фігуры прарокаў і сівіл на бакавых частках скляпення, выявы продкаў Хрыста і біблейскія эпізоды ў распалубках, ветразях і люнетах, стварае грандыёзна ўрачыстую кампазіцыю, што ўспрымаецца як гімн фізічнай і духоўнай прыгажосці, сцвярджае бязмежнасць творчых магчымасцей Бога і створанага па яго падабенству чалавека. Размалёўкі ў Сіксцінскай капэле, як і інш. жывапісныя творы М., вызначаюцца дакладнасцю пластычнай лепкі, напружанай выразнасцю малюнка і кампазіцыі, вытанчанай гамай прыглушаных колераў. У 1505—45 працаваў над афармленнем пахавальні папы Юлія II у царкве Сан-П’етра ін Вінколі ў Рыме: статуі «Звязаны раб», «Раб памірае», «Раб абуджаецца», «Атлант» (усе 1513—19), «Майсей» (1515—16), а таксама 4 няскончаныя фігуры рабоў (1532—34), якія даюць уяўленне аб творчым працэсе мастака. З 1520-х г. светаадчуванне М. набыло трагічны характар і глыбокі песімізм, абумоўленыя крушэннем ілюзій аб стварэнні адзінай моцнай дзяржавы, стратай у Італіі паліт. і грамадз. свабод, крызісам рэнесансавага гуманізму. Гэта ярка выявілася ў вобразным ладзе скульпт.-арх. ансамбля ў пахавальні роду Медычы ў Новай сакрысціі царквы Сан-Ларэнца ў Фларэнцыі: прасякнутыя адчуваннем цяжкага роздуму, бязмэтавасці складаных рухаў, пазбаўленыя партрэтных рысаў статуі герцагаў Ларэнца і Джуліяна, фігуры «Раніца», «Дзень», «Вечар», «Ноч», якія сімвалізуюць незваротнасць руху часу (усе 1520—34). Сярод інш. твораў: фрэска «Страшны Суд» на алтарнай сцяне Сіксцінскай капэлы (1536—41), размалёўкі капэлы Пааліна ў Ватыкане (1542—50), бюст «Брут» (1537—38), скульпт. кампазіцыі «П’ета» (да 1550—55) для фларэнційскага сабора Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ і няскончаная «П’ета Ранданіні» (1555—64), якая прызначалася для ўласнага надмагілля. У позні перыяд працаваў пераважна ў архітэктуры. Пабудовы М. вызначаюцца павышанай пластычнасцю, унутр. дынамізмам і напружанасцю арх. мас, вял. ролю маюць рэльефнае аздабленне сцен, актыўная святлоценявая арганізацыя іх паверхні пры дапамозе высокіх пілястраў, падкрэслена аб’ёмных карнізаў, аконных і дзвярных парталаў. Аўтар праектаў і кіраўнік буд-ва б-кі Лаўрэнцыяны ў Фларэнцыі (1523—34), сабора св. Пятра і ансамбля пл. Капітолія ў Рыме (з 1546, работы завершаны са зменамі пасля смерці М.). Як літаратар сфарміраваўся пад уплывам літ.-эстэт. і філас. ідэй фларэнційскіх паэтаў 15 ст. (Л.​Медычы, Л.​Пульчы), неаплатонікаў і Дж.​Саванаролы. Пісаў пераважна мадрыгалы і санеты. Лірыка М. адметная складанасцю формы, глыбінёй думкі. Тэмы прыгажосці, якую ён трактаваў як боскі пачатак у чалавеку, кахання, якое змагаецца са старасцю і смерцю, адзіноцтва мастака ў варожым да яго свеце, бацькаўшчыны пад уладай тырана набылі ў творах М. высокі грамадз. пафас і трагічнае гучанне. Літ. творы, высока ацэненыя сучаснікамі, пры жыцці М. не публікаваліся (першае выданне — «Вершы», 1623). Творчасць М. падрыхтавала станаўленне маньерызму, зрабіла вял. ўплыў на развіццё прынцыпаў барока і ўсяго еўрап. мастацтва. Іл. гл. таксама да арт. Адраджэнне, Давід, Італія, Манументальнае мастацтва.

Тв.:

Рус. пер. — Неизмеримы гения деянья: Стихотворения. М., 1997.

Літ.:

Либман М.Я. Микеланджело Буонарроти. М., 1964;

Микеланджело: Жизнь. Творчество. М., 1964;

Михеланджело и его время. М., 1978;

Алпатов М. Поэзия Микеланджело // Алпатов М. Эподы по истории западноевропейского искусства. М., 1963;

Балдини У. Микеланджело — скульптор: Пер. с итал. М., 1979;

Кристофанелл и Р. Дневник Микеланджело неистового: Пер. с итал. М., 1985;

Хойзингер Л. Микеланджело: Очерк творчества: Пер. с нем. М., 1996.

Т.​В.​Пешына.

Мікеланджэла. П’ета. Сабор св. Пятра. Каля 1498—99.
Мікеланджэла. Стварэнне Адама. Фрагмент размалёўкі Сіксцінскай капэлы ў Ватыкане.

т. 10, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЬДО́НІ ((Goldoni) Карла) (25.2.1707, г. Венецыя, Італія — 6.2.1793),

італьянскі драматург. Стваральнік італьян. рэаліст. камедыі. Скончыў Падуанскі ун-т (1731). З 1734 працаваў драматургам у т-рах. Імправізаванай камедыі дэль артэ супрацьпаставіў драматургію з рэальнымі характарамі і зместам. Яго п’есы — камедыі тагачасных нораваў («камедыі характараў») і камедыі з нар. жыцця на венецыянскім дыялекце. Папулярнасць Гальдоні прынесла вершаваная трагікамедыя «Велізарый» (1734). У 1738—42 напісаў некалькі камедый на традыц. сюжэты («Збяднелы гандляр» і інш.); першая цалкам арыгінальная — «Ветлівая кабета» (1743). У 1748—50 стварыў камедыі «Венецыянскія блізняты», «Хітрая ўдава», «Кавалер і дама, або Чычысбей», «Сям’я прадаўца антыкварыяту», «Добрая жонка» і інш. У 1750—51 напісаў і паставіў 16 камедый, найб. удалыя «Камічны тэатр», «Кавярня», «Ілгун», «Сапраўдны сябар», «Сумленны авантурыст», «Жаночыя плёткі» і інш. У 1752—53 на тэатр. сцэне з’явіліся п’есы «Мальер», «Землеўладальнік», «Гаспадыня атэля» і інш. У 1753—56 працаваў у т-ры Сан-Лука (цяпер т-р Гальдоні) у Венецыі. Творы гэтага перыяду адзначаны сцэнічнымі і стылістычнымі эксперыментамі («Персідская трылогія», «Англійскі філосаф», «Тэрэнцый», «Тарквата Таса», «Пляц у Венецыі Камп’ела» і інш). У канцы 1750-х г. напісаў лепшыя свае камедыі: «Закаханыя», «Забаўны выпадак», «Новы дом», «Добрая маці» і інш. У 1760—62 у т-ры Сан-Лука стварыў камедыі «Вясковая трылогія», «Самадуры», «Сеньёр Тадэра, буркун», «К’ёджынскія перапалкі» і інш. З 1762 у Парыжы кіраваў т-рам італьян. камедыі. Там напісаў некалькі твораў на франц. мове («Трылогія Зелінды і Ліндора» і інш.), «Мемуары Карла Гальдоні...» (т. 1—2, 1784—87). Аўтар 267 п’ес: 155 камедый у прозе і ў вершах, 18 трагедый і трагікамедый, 94 лібрэта сур’ёзных і камічных опер. На Беларусі творы Гальдоні ставіліся з 19 ст. Яны ўвайшлі і ў рэпертуар сучасных бел. т-раў: «Забаўны выпадак» (т-р імя Я.​Коласа, 1942), «Ілгун» (т-р Я.​Купалы, 1955), «Гаспадыня атэля» (Рускі драм. т-р, 1951), «Венецыянскія блізняты» (тамсама, 1960), «Слуга двух гаспадароў» (т-р імя Я.​Коласа, 1969).

Тв.:

Tutte le opere. V. 1—14. Milano, 1935—56;

Рус. пер. — Комедии. Т. 1—2. Л.;

М., 1959.

Літ.:

Реизов Б. Карло Гольдони, 1707—1793. Л.;

М., 1957;

Карло Гольдони: Биобиблиогр. указ. М., 1959.

С.​В.​Логіш.

К.Гальдоні.

т. 4, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)