МАНТЭВЕ́РДЗІ ((Monteverdi) Клаўдзіо Джавані Антоніо) (хрышчаны 15.5.1567, г. Крэмона, Італія — 29.11.1643),

італьянскі кампазітар, дырыжор; адзін з першых класікаў оперы. З 1590 чл. акадэміі «Санта-Чэчылія» ў Рыме. З 1590 служыў пры двары герцага Мантуанскага. З 1613 капельмайстар сабора Сан-Марка ў Венецыі. Адзін з арганізатараў першага публічнага опернага т-ра (Венецыя). Апіраючыся на прынцыпы фларэнтыйскай камераты, заклаў традыцыі опернай венецыянскай школы. Ператварыў оперу ў муз. драму, развіў оперныя формы (арыя, ансамбль, хор, арк. інтэрмедыя), увёў у оперу уверцюру, стварыў розныя тыпы рэчытатыву, узбагаціў сродкі гармоніі і аркестроўкі. Як музыкант-віртуоз выкарыстаў новыя выканальніцкія прыёмы. Стваральнік т.зв. ўсхваляванага стылю, дасягнуў гранічнай драматызацыі мадрыгала, ператварыўшы яго ў драм. сцэну. Аўтар 8 опер, з якіх цалкам захаваліся «Арфей» (паст. 1607), «Вяртанне Уліса на радзіму» (паст. 1640), «Каранацыя Папеі» (паст. 1642) — узоры эмацыянальна-псіхал. напружанай канфліктнай драматургіі. Сярод інш. твораў балет, хар. канцэрты, месы, матэты, каля 150 свецкіх і духоўных мадрыгалаў.

Літ.:

Конен В. Клаудио Монтеверди, 1567—1643. М., 1971.

К.Мантэвердзі. Партрэт работы невядомага мастака.

т. 10, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)