1) у шырокім сэнсе — комплекс грамадскіх навук, які вывучае мастацтва: яго асобныя віды, заканамернасці развіцця, сукупнасць пытанняў зместу і формы маст. твораў, маст. культуру грамадства ў цэлым. Уключае літаратуразнаўства, музыказнаўства, тэатразнаўства, кіназнаўства. Уяўляе сабой адзінства тэорыі, гісторыі мастацтва, мастацкай крытыкі. Тэорыя мастацтва вывучае метады творчага працэсу, прынцыпы кампазіцыйнай і маст. формы, адзінства вобразнага зместу і выяўл. сродкаў, заканамернасці эстэт. ўспрыняцця твораў мастацтва, сінтэз розных відаў мастацтва, узаемасувязі колеру, матэрыялу і інш. Гісторыя мастацтва даследуе агульныя заканамернасці развіцця сусв. мастацтва ад першабытнасці да сучаснасці, мастацтва асобных кантынентаў, рэгіёнаў, краін, творчасць розных суполак, аб’яднанняў, асобных майстроў у розныя эпохі і перыяды.
2) У вузкім сэнсе — навука пра пластычныя мастацтвы, архітэктуру, дызайн і тэхн. эстэтыку. Даследуе маст. творчасць, дае яе эстэт. ацэнку і навук. аналіз, спрыяе эстэт. выхаванню грамадства. У структуры М. вылучаюць раздзелы: іканаграфія, сацыялогія мастацтва, псіхалогія мастацтва, музеязнаўства, рэстаўрацыя і ахова помнікаў (гл.Ахова гісторыка-культурнай спадчыны) і інш. Звязана з філасофіяй, археалогіяй, нумізматыкай, геральдыкай і інш. навукамі.
Элементы М. вядомы са старажытнасці і разглядаліся ў кантэксце філасофій, л-ры, багаслоўя, гіст. хронік, практычных кіраўніцтваў па рамёствах. Першыя вядомыя вучэнні пра мастацтва распрацоўваліся ў Стараж. Грэцыі Арыстоцелем і Платонам. Пытанні стылістыкі, іканаграфіі, тэхнікі закраналі ў сваіх трактатах скульпт. Паліклет, жывапісцы Еўфранор, Апелес, Памфіл, эвалюцыю грэч. жывапісу — першыя гісторыкі мастацтва Дурыс і Ксенакрат. Апісанні маст. твораў рабілі падарожнікі Палемон і Паўсаній. Больш цэласны і універсальны характар мелі маст. трактаты Стараж. Рыма. Эстэт. зварот да грэч. мастацтва сцвярджалі Цыцэрон і Квінтыліян, прынцыпы ўзаемасувязі арх. формы і буд. канструкцыі — Вітрувій, помнікі мастацтва апісваў Пліній Старэйшы. Здабыткі архітэктуры і мастацтва Усходу змяшчаюць трактаты стараж. і сярэдневяковай Індыі («Чытралакшана», «Шылпашастра», «Манасара», 1—12 ст.), Кітая (Се Хэ, Ван Вэй, Го Сі, 5—11 ст.), Японіі (Нісікава Сукэнобу, Сіба Какана, Кацусіка Хакусай, 18—19 ст.) і інш., краін ісламу (Султан Алі Мешхедзі, Дуст Мухамад, Казі-Ахмед, Садыгі-бек Афшар, 16 — пач. 17 ст.) і інш. У раннім хрысц. мастацтве эстэтыку «хараства свету і майстэрства творцы» распрацоўваў тэолаг Аўгусцін (4—5 ст.).
Пытанні эстэтыкі візант.рэліг. мастацтва закраналі багасловы Іаан Дамаскін і Феодар Студыт (8—9 ст.), якія сцвярджалі яго вял. ролю як матэрыяльнага пасрэдніка да першавобраза — Божага свету. У 12 ст. трактат пра выяўл. і дэкар. мастацтва напісаў Тэафіл (Германія). У 13 ст. ў Францыі цэласную сістэму хрысц. мастацтва стварыў Фама Аквінскі, суадносіны прапорцый у гатычным мастацтве распрацаваў Вілар дэ Анекур. Важным этапам у станаўленні М. стала эпоха Адраджэння. Гуманіст. ідэалы ант. традыцыі ў мастацтве, прызнанне ў асобе мастака творцы сцвярджаў італьянец Ч.Чэніні («Трактат пра жывапіс», 14 ст.). У 15 ст. акцэнт на навук. прынцып спасціжэння свету і чалавека закладзены ў працах італьянцаў Л.Гіберці («Каментарыі»), Л.Б.Альберціні (работы пра жывапіс, архітэктуру і скульптуру), Франчэска ды Джорджа (пра арх. прапорцыі), А.Філарэтэ («Трактат пра архітэктуру») і інш. У 16 ст. мастацтвазнаўчыя ідэі ў Італіі выказвалі Леанарда да Вінчы (сумяшчаў тэарэтычныя, ідэйна-вобразныя і метадычныя мэты мастацтва), П.Арэціна (адзін з першых крытыкаў венецыянскага жывапісу), Дж.Віньёла, Д.Барбара, С.Сермо, А.Паладыо (распрацоўваў у архітэктуры рэнесансавую ордэрную сістэму на аснове ант.), у Германіі — А.Дзюрэр («Чатыры кнігі пра прапорцыі чалавека», 1528, і інш.), у Нідэрландах — К. ван Мандэр (біяграфіі нідэрл. жывапісцаў). Вял. ўклад у развіццё М. зрабіў італьянец Дж.Вазары («Жыццеапісанні найбольш вядомых жывапісцаў, скульптараў і дойлідаў», 1550). У 17 ст. пашырылася колькасць трактатаў, аглядаў і апісанняў, прысвечаных мастакам і творам мастацтва розных часоў. У Італіі Дж.П.Белоры распрацаваў тэарэт. прынцыпы класіцызму («Жыццеапісанні сучасных жывапісцаў, скульптараў, архітэктараў», 1672). Першы слоўнік тэрмінаў выяўл. мастацтва склаў Ф.Бальдынучы (Італія). Жывапіс класіцызму даследаваў А.Феліб’ен, архітэктуру — Ф.Бландэль (абодва Францыя). Ант. мастацтва даследаваў англічанін Ф.Юніус («Пра жывапіс старажытных». 1637), раннехрысціянскае — італьянец А.Бозіо («Падземны Рым», 1634), праблемы каларыту — француз Р. дэ Піль («Да дыскусіі пра каларыт», 1673; «Асновы курса жывапісу», 1708), італьянец М.Баскіні («Скарбы венецыянскага жывапісу», 1684) і інш. У 18 ст. М. склалася як самаст. навука ў работах І.Вінкельмана (Германія), які паказаў развіццё ант. мастацтва як адзіны працэс змены маст. стыляў, звязаны з эвалюцыяй грамадства і дзяржавы («Гісторыя старажытнага мастацтва», 1763), англічан У.Чэмберса (даследаваў англ. готыку), У.Хогарта («Аналіз хараства», 1754), французаў Ф.Феліб’ена, К.Ф.Кейлюса («Зборы егіпецкіх, этрускіх, грэчаскіх і рымскіх старажытнасцей», т. 1—7, 1767), італьянцаў Л.Ланцы (апісанні жыцця і творчасці італьян. жывапісцаў з часоў антычнасці), Ф.Міліцыа («Запіскі пра антычных і новых дойлідаў», 1781; «Слоўнік мастацтва», 1787) і інш. У перыяд Асветніцтва ў работах Д.Дзідро зарадзілася прафес.маст. крытыка («Салоны», 1759—81, энцыклапедычныя артыкулы і інш.). Ням. філосаф Г.Лесінг увёў тэрмін «выяўленчыя мастацтвы» і прааналізаваў іх спецыфіку. У 19 ст. на развіццё М. ўплывалі эстэт. канцэпцыі ням. філосафаў І.Канта, Ф.Шэлінга, А. і Ф. Шлегеляў, Г.Гегеля і інш. Пераадольваліся канцэпцыі класічных маст. норм, распрацаваных Г.Меерам (Германія) і А.К.Катрмерам дэ Кенсі (Францыя). Новы погляд на свабоду творчасці і індывідуалізму ўнеслі рамантыкі Дж.Констэбл (Англія), Э.Дэлакруа, Ш.Бадлер (Францыя) і інш. У Германіі першыя спробы стварэння ўсеагульнай гісторыі мастацтва зрабілі Ф.Куглер, К.Шназе, А.Шпрынгер. У Францыі развівалася крытыка дэмакр. кірунку, што выступала ў абарону рэалізму (Т.Тарэ і інш.). Вял. ролю адыгралі эстэт. погляды англічаніна Дж.Рэскіна, які імкнуўся адрадзіць гармонію з прыродай і маст. традыцыі сярэднявечча. У канцы 19 ст. ў еўрап. М. абвастрылася барацьба з кансерватыўнай тэндэнцыяй непрыняцця новых маст. кірункаў (імпрэсіянізм, сімвалізм, сезанізм і інш). У Расіі першыя трактаты пра архітэктуру (П.Яропкін, І.Корабаў, М.Зямцоў) і выяўл. мастацтва (І.Урванаў, П.Чакалеўскі і інш.) з’явіліся ў 18 ст. У 19 ст. цікавасць да гісторыі нац. мастацтва выявілася ў творах І.Акімава, П.Свіньіна, І.Снегірова, А.Вастокава, А.Пісарава. У 20 ст. стылістычны аналіз мастацтва зрабіў І.Грабар, візант. мастацтва і хрысц. іканаграфію даследавалі Дз.Айналаў, Н.Кандакоў, усеагульную гісторыю мастацтва — А.Бенуа, І.Цвятаеў, Б.Фармакоўскі. Важны ўклад у развіццё сав. М. зрабілі М.Алпатаў, Н.Гершэнзон-Чагадаева, Грабар, Ю.Колпінскі, В.Лазараў, Г.Недашывін, В.Палявой, Г.Вагнер, Б.Рыбакоў, Дз.Сараб’янаў, А.Фёдараў-Давыдаў, У.Стасаў, У.Фаворскі і інш.Вял. ўклад у развіццё М. зрабілі Г.Апалінэр, А.Англіўель дэ Ла Бамель, Т.Бюрале, Д.Габары (Францыя), Ф.Вікгоф і М.Дворжак (Аўстрыя), А. і Л. Вентуры, А.Баларын. Л.Белозі (Італія), Я.Беластоцкі (Польшча), Я.Гамолка (Чэхія), Э.Панофскі (ЗША), Э.Боўнес (Вялікабрытанія) і інш. Сярод тэарэтыкаў сучаснага мастацтва — К.Малевіч (Расія), У.Страмінскі (Беларусь—Польшча), П.Мондрыян (Нідэрланды), Ле Карбюзье (Францыя) і інш. Сучаснае М. ахоплівае шырокае кола праблем мастацтва ўсіх эпох і краін, мае развітую метадалогію, апіраецца на філас.-эстэт. думку, грамадскія і дакладныя навукі. Сярод кірункаў — іканалогія (Э.Папофскі), даследаванне структуры помнікаў (П.Франкастэль), псіхалогія творчасці (Э.Гомбрых), псіхааналіз (Э.Крыс).
На Беларусі першыя звесткі і выказванні пра мастацтва трапляюцца ў «Словах» Кірылы Тураўскага (11 ст.), прадмовах і пасляслоўях Ф.Скарыны да ўласных выданняў (16 ст.), некат. прамовах-пропаведзях і трактатах Сімяона Полацкага (17 ст.). Вывучэннем бел. мастацтва ў 19 ст. займаліся пераважна прафес. мастакі, якія напісалі шэраг прац мастацтвазнаўчага характару: К.Ельскі (трактат «Аб сувязі архітэктуры, скульптуры і жывапісу», 1822), А.Шэмеш («Успаміны пра Дамеля», 1845), В.Смакоўскі («Валенты Ваньковіч», 1845), А.Ромер (вывучаў бел.нар.дэкар.-прыкладное мастацтва, падрыхтаваў навук. публікацыю пра слуцкія паясы), а таксама У.Сыракомля (апісаў маст. творы, якія знаходзіліся ў 19 ст. ў храмах Мінска) і інш. Матэрыялы пра бел. мастацтва змяшчаў час.«Атэнэум», што выдаваўся ў Вільні. У 1920-я г. ў перыяд. друку з’яўляліся даследаванні пра гравюры ў выданнях Скарыны і В.Вашчанкі, выдадзены «Нарысы па гісторыі беларускага мастацтва» М.Шчакаціхіна, перакладзены працы ням. мастацтвазнаўца А.Іпеля, прысвечаныя самабытнасці бел. мастацтва. Манаграфіі пра набіванку (крашаніну) выдалі А.Шлюбскі і І.Фурман, пра гравюры С.Юдовіна — Фурман, пра мастакоў Віцебска — І.Гаўрыс. Вял. ролю ў развіцці бел. М. адыграў Інстытут беларускай культуры і дзейнасць аднаго з яго заснавальнікаў — Шчакаціхіна. Матэрыялы па праблемах мастацтва змяшчалі час. «Искусство», «Полымя», «Маладняк», «Трыбуна мастацтва», у 1930-я г. — газ. «Літаратура і мастацтва», час. «Чырвоная Беларусь», «Мастацтва і рэвалюцыя». У Зах. Беларусі тэарэт. працы па эстэт. задачах мастацтва пісаў Ф.Рушчыц, па тэорыі фотамастацтва — Я.Булгак. У «Нарысах па гісторыі выяўленчага мастацтва Беларусі» (1940) зроблена спроба вызначыць асн. этапы развіцця бел.выяўл. мастацтва і даць характарыстыку творчасці вядучых мастакоў. З канца 1940-х г. вывучэнне бел. мастацтва вядзецца планамерна і мэтанакіравана. Важнае значэнне ў развіцці бел. М. мела стварэнне Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклоруНац.АН Беларусі, Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, Беларускай акадэміі мастацтваў і інш.Вял. ўклад у развіццё бел. М. зрабілі А.Аладава, М.Арлова, А.Воінаў, Н.Высоцкая, В.Гаўрылаў, П.Герасімовіч, Л.Дробаў, І.Елатомцава, В.Жук, Ю.Карачун, М.Кацар, А.Лявонава, А.Лакотка, П.Масленікаў, М.Нікалаеў, М.Раманюк, Я.Сахута, А.Сурскі, У.Чантурыя, В.Церашчатава, Т.Чарняўская, Р.Шаура, В.Шматаў, Ю.Якімовіч, М.Яніцкая і інш. Праблемы розных відаў мастацтва даследавалі і даследуюць А.Атраховіч, М.Баразна, В.Буйвал, Л.Вакар, П.Васілеўскі, Э.Вецер, Т.Габрусь, Т.Гаранская, В.Гаршкавоз, М.Гугнін, В.Каваленка, П.Карнач, Б.Крэпак, А.Кулагін, В.Лабачэўская, Б.Лазука, Л.Лапцэвіч, Л.Налівайка, Э.Петэрсон, І.Паньшына, А.Пікулік, У.Пракапцоў, Э.Пугачова, У.Рынкевіч, Г.Сакалоў-Кубай, Л.Салавей, А.Сяліцкі, В.Трыгубовіч, Н.Трыфанава, Л.Фінкельштэйн, М.Цыбульскі, М.Шамшур, А.Ярашэвіч і інш. Артыкулы па гісторыі і тэорыі мастацтва, нарысы пра творчасць мастакоў, агляды выставак друкуюцца ў час.«Мастацтва», «Беларусь», «Маладосць», «Нёман», альманаху «Запіскі Беларускай акадэміі мастацтваў» (з 1998), газ. «Культура», штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» і інш.
Літ.:
Базен Ж. История истории искусства: От Вазари до наших дней: Пер. с фр.М., 1995;
Беларускае сучаснае мастацтвазнаўства і крытыка: Прабл. адаптацыі да новых рэальнасцей. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСТРА́ЛІЯ (Australia),
Аўстралійскі Саюз (Commonwealth of Australia), дзяржава ў Паўд. паўшар’і. Займае кантынент Аўстралія, в-аў Тасманія і прылеглыя дробныя астравы. Пл. 7,68 млн.км². Нас. 18 млн.чал. (1994). Афіцыйная мова — англійская. Сталіца — г.Канбера. Адміністрацыйна падзяляецца на 6 штатаў (Новы Паўд. Уэльс, Квінсленд, Вікторыя, Паўд. Аўстралія, Зах. Аўстралія, Тасманія) і 2 тэрыторыі (Паўночная і Сталічная). Пад кіраваннем Аўстраліі а-вы Норфалк, Какосавыя, Каляд. Нац. свята — Дзень Аўстраліі (26 студз.).
Дзяржаўны лад. Аўстралія — федэральная дзяржава ў складзе Садружнасці, што ўзначальвае Вялікабрытанія. На чале дзяржавы брыт. манарх, якога прадстаўляе ген.-губернатар, прызначаны па рэкамендацыі аўстрал. ўрада. Вышэйшы заканад. орган — федэральны парламент, які складаецца з сената і палаты прадстаўнікоў. Гал. ролю ў ажыццяўленні заканад. функцыі адыгрывае палата прадстаўнікоў са 148 дэпутатаў, выбраных усеагульным тайным галасаваннем тэрмінам на 3 гады. Верхняя палата — сенат з 76 сенатараў (па 12 сенатараў ад штатаў і па 2 сенатары ад тэрыторый), выбіраецца тэрмінам на 6 гадоў (палавіна з іх перавыбіраецца кожныя 3 гады). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам. Асн. ўрадавыя рашэнні прымае кабінет міністраў, але юрыд. сілу яны набываюць пасля праходжання праз Выканаўчы к-т — фармальны орган, які ўзначальвае ген.-губернатар.
Прырода. Гл. ў арт.Аўстралія і Тасманія.
Насельніцтва. Пераважная большасць — англа-аўстралійцы, нашчадкі перасяленцаў з Вялікабрытаніі і інш. краін Зах. Еўропы. Захоўваюцца некаторыя культ. і рэліг. адрозненні паміж групамі рознага паходжання. Нядаўнія імігранты жывуць пераважна ў буйных гарадах. Карэнныя аўстралійцы і метысы (каля 250 тыс.чал.) жывуць пераважна ў пустынных малаасвоеных раёнах, часткова на ўскраінах гарадоў і ў сельскай мясцовасці. Карэннае насельніцтва Тасманіі цалкам знішчана, захавалася невял. група англа-тасманскіх метысаў. Паводле веравызнання 76% насельніцтва хрысціяне: англікане і католікі (па 26%), прэсвітэрыяне, метадысты і інш.; ёсць невял. групы мусульман, будыстаў і прадстаўнікоў інш. рэлігій. Гар. насельніцтва 85,2% (1990). Самыя вял. гарады (млн.чал., 1993): Сідней (3,7), Мельбурн (3,2), Брысбен (1,4), Перт (1,2), Адэлаіда (1,1). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 2,3 чал. на 1 км². Больш шчыльна заселены ПдУ, У і ПдЗ краіны (каля 90% насельніцтва). Найбольшая шчыльнасць у штаце Вікторыя — 18 чал. на 1 км².
Гісторыя. Продкі карэнных жыхароў Аўстраліі прыйшлі з Паўд. Азіі і засялілі кантынент, верагодна, у перыяд позняга палеаліту. Цяжкія прыродныя ўмовы і аддаленасць ад інш. народаў свету ўскладнілі развіццё аўстрал. плямёнаў. У канцы 18 ст. яны займаліся паляваннем і збіральніцтвам, не ведалі земляробства і жывёлагадоўлі.
Першыя еўрапейцы ступілі на зямлю Аўстраліі ў пач. 17 ст.: галандцы В.Янсзан (1606) і А.Тасман (1642). У 17 ст. Аўстралію даследавалі партугальцы, у 18 ст. — англічане (Дж.Кук). У 1788 сюды прыбыла англ. эскадра (11 суднаў, узначальваў капітан А.Філіп) з асуджанымі. Яны заснавалі першае паселішча — будучы г. Сідней. З гэтага часу Аўстралія служыла месцам ссылкі асуджаных злачынцаў з Вялікабрытаніі. Пасля адкрыцця ў 1813—15 пераходаў праз Блакітныя горы і хр. Ліверпул да багатых выпасаў прыток еўрапейцаў павялічыўся. З 1830-х г.англ. ўрад перайшоў да т.зв. сістэматычнай каланізацыі. Гаспадаркі, якія гадавалі мерыносавых авечак, паступова аб’ядналіся ў буйныя манаполіі. Адкрыццё запасаў золата (штат Вікторыя) выклікала «залатую ліхаманку» (1851—61) і ўзмацніла прыток імігрантаў з Еўропы. За 10 гадоў насельніцтва павялічылася амаль у 3 разы і дасягнула 1,2 млн.чал., да 1900 — 3,8 млн. Паўстанне ў 1854 на залатых капальнях стала пачаткам аб’яднання рабочых. Да 1870-х г. прафсаюзы Аўстраліі (упершыню ў свеце) дамагліся 8-гадзіннага рабочага дня. У 1891 створана Лейбарысцкая партыя. У канцы 19 ст.англ. ўрад аб’яднаў асобныя калоніі Аўстраліі ў адну дзяржаву і ў 1901 стварыў Аўстралійскі Саюз са статусам дамініёна (6 калоній, у 1906 далучылася Папуа). Пасля 1-й сусв. вайны Аўстралія — малая дзяржава. На Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 Аўстралія запатрабавала перадаць ёй усе б. ўладанні Германіі ў Ціхім ак. Паводле Версальскага мірнага дагавору 1919 яна атрымала (1920) ад Лігі нацый мандаты на кіраванне тэр. Новая Гвінея і, сумесна з Вялікабрытаніяй і Новай Зеландыяй, на в-аў Науру (з 1968 самаст. дзяржава). Паводле Вестмінстэрскага статута 1931 Аўстралія, як і інш. дамініёны, атрымала права на самастойнасць у знешняй і ўнутр. палітыцы, але да 1939 у знешнепаліт. дзейнасці фактычна залежала ад Англіі. У час 2-й сусв. вайны Аўстралія — чл.Антыгітлераўскай кааліцыі. Яе тэр. выкарыстоўвалі ЗША для ваен. аперацый супраць Японіі. Пасля 2-й сусв. вайны ў эканоміку Аўстраліі інтэнсіўна пранікае амер. капітал, і ў знешняй палітыцы Аўстралія пачала арыентавацца на ЗША.
Пасля перамогі на парламенцкіх выбарах (1983, 1993) лейбарысцкі ўрад Аўстраліі ўзяў курс на развіццё інтэграцыйных працэсаў сярод краін азіяцка-ціхаакіянскага рэгіёна. Аўстралія — адзін з ініцыятараў Дагавору аб бяз’ядзернай зоне ў паўд.ч. Ціхага ак., займае актыўную пазіцыю па раззбраенні, у т. л. абмежаванні ядз. узбраенняў, забароне ядз. выпрабаванняў, разблакіраванні рэгіянальных канфліктаў, удзельнічае ў міратворчых аперацыях ААН. Аўстралія — адна з краін-заснавальніц ААН, чл. Арг-цыі Азіяцка-Ціхаакіянскага эканам. супрацоўніцтва (АЦЭС), Савета па ціхаакіянскім эканам. супрацоўніцтве (СЦЭС), інш.міжнар. дагавораў і пагадненняў. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы.
Найб. значныя паліт. партыі: Аўстрал. лейбарысцкая партыя, Ліберальная партыя Аўстраліі, Нац. партыя Аўстраліі (б. Аграрная), Партыя аўстрал. дэмакратаў. Буйнейшае прафс. аб’яднанне — Аўстрал. савет прафсаюзаў.
Гаспадарка. Аўстралія — высокаразвітая індустрыяльна-аграрная дзяржава. У эканоміцы вядучая роля належыць буйным кампаніям, у т. л. кампаніям ЗША, Японіі, Зах. Еўропы. Прамысловасць дае 25% валавога ўнутр. прадукту, у т. л. апрацоўчая 17% (1989). У горназдабыўной прам-сці вылучаецца здабыча каменнага вугалю і метал. рудаў. Запасы каменнага вугалю 48 млрд.т (раёны Ньюкасла, Порт-Кембла і інш.), бурага 35 млрд.т (штат Вікторыя), нафты 279 млн.т, газу 1,3 трыльёна м³ (на шэльфе і ў нетрах мацерыка), урану 526 тыс.т (Паўн. Аўстралія), жал. руды 15,2 млрд.т (Зах. Аўстралія), баксітаў 4,4 млрд.т (Пн і ПдЗ), медзі 16,8 млн.т, нікелю 2,1 млн.т, свінцу 15,9 млн.т, цынку 26,3 млн.т. Буйнейшыя поліметал. радовішчы Маўнт-Айза (Квінсленд) і Брокен-Хіл (Новы Паўд. Уэльс). Значныя запасы алмазаў (на ПнЗ Аўстраліі), волава, марганцу, вальфраму, золата, рэдказямельных металаў. Здабыча (млн.т): вугалю 210 (1990), нафты 24 (1993), жал. руды 117 (1992), баксітаў 39,3; прыроднага газу 22 млрд.м³ (1992). У значных колькасцях здабываюць алмазы, поліметал. руды, волава, марганец, вальфрам, цырконій, ільменіт, рутыл, фасфатную сыравіну і інш. Устаноўленая магутнасць электрастанцый 34,1 млн.кВт, выпрацоўка 150 млрд.кВт∙гадз. Адна з вядучых галін — каляровая металургія. Выплаўка (тыс.т, 1990): алюмінію 1268 (з-ды ў Гладстане, Портлендзе, Ньюкасле), медзі 245 (Маўнт-Айза, Таўнсвіл), свінцу 214, цынку 299 (Порт-Піры, Рысдан, Ньюкасл), волава 381, серабра 1,27; золата 242 т. Вытворчасць сталі 6,7 млн.т (камбінат у Порт-Кембла, значныя цэнтры Ньюкасл, Уаяла, Куінана). Машынабудаванне: вытв-сць аўтамабіляў (386 тыс., 1990, гал. цэнтры Адэлаіда і Мельбурн), с.-г. машын (усе штаты). Развіты электратэхн., прыладабуд., суднабуд. прам-сць, нафтаперапрацоўка і нафтахімія. Вытворчасць угнаенняў (тыс.т, 1990): азотных 224 (Порт-Кембла, Брысбен), фосфарных 270 (ва ўсіх штатах); сернай кіслаты, сінт. каўчуку. Цэлюлозна-папяровая прам-сць працуе на мясц. і прывазной сыравіне. Вытв-сць паперы і кардону 2,06 млн.т. Харч.прам-сць: перапрацоўка мяса, малака, цукр. трыснягу (1991; вытв-сць масла 104 тыс.т, сыру 176 тыс.т, цукру 3,6 млн.т), вінаробства і піваварэнне. Тэкст. і швейная прам-сць працуе на ўнутраны рынак. Сельская гаспадарка высокатаварная і механізаваная. Пад пашай і лугамі 55,8% тэрыторыі, пад апрацаванымі землямі 6,2%. Характэрна буйное землеўладанне, сярэднія памеры фермы 2300 га. Вядучая галіна — пашавая жывёлагадоўля. Пагалоўе (1991; млн.гал.): авечак 162,8 (1-е месца ў свеце), буйн. раг. жывёлы 23,4, свіней 2,5, коней 0,3. Мясная і малочная жывёлагадоўля на ПдУ і ў Тасманіі, мясная ў трапічнай зоне, авечкагадоўля ўздоўж зах. схілаў Усх.-Аўстралійскіх гор і на ПдЗ. Настрыг воўны 1110 тыс.т (1991; каля 30% сусв. вытворчасці; 1-е месца ў свеце). Птушкагадоўля развіта каля вял. гарадоў. Галоўная збожжавая культура — пшаніца (каля 60% пасяўных плошчаў). Зборы вагаюцца па гадах — 15,4 млн.т у 1990, 9,6 млн.т у 1991. Значныя зборы ячменю, аўса, сорга, рысу. У тропіках (на ПнУ) цукр. трыснёг, ананасы, бананы, манга, на Пд і ПдУ — цытрусавыя, персікі, абрыкосы, яблыкі, вінаград. Агародніцтва ў густанаселеных раёнах. Вытв-сць бавоўны 433 тыс.т (1991; Квінсленд, Новы Паўд. Уэльс), тытуню 14 тыс.т. Улоў рыбы 227,3 тыс.т (1991). Транспарт. Даўж. чыгунак 40 тыс.км. Да 80% унутр. грузаў і пасажыраў перавозяць аўтатранспартам. Даўж. аўтадарог каля 900 тыс.км. Экспартныя і імпартныя грузы перавозяць пераважна марскім транспартам замежных краін. Буйнейшыя парты: Дампір, Порт-Хедленд, Сідней, Ньюкасл, Мельбурн, Порт-Кембла, Перт, Брысбен. Асн. аэрапорты каля Сіднея, Мельбурна, Дарвіна. Па сетцы трубаправодаў транспартуюць ваду, нафту, газ. Экспарт склаў (1991—92) 55 млрд.Аўстрал. долараў: мінер. сыравіна і паліва (40%), с.-г. прадукты (30%), вырабы апрацоўчай прам-сці (каля 20%). З пач. 1960-х г. Аўстралія — буйны экспарцёр каменнага вугалю, жал. руды, баксітаў, алмазаў, рэдказямельных металаў. Яна займае 1-е месца ў свеце па экспарце воўны, значны вываз мяса і збожжа. Імпарт склаў (1991—92) 51 млрд.Аўстрал. долараў: машыны, абсталяванне і трансп. сродкі, спажывецкія і хім. тавары, нафта і інш.Гал. гандлёвыя партнёры: Японія, ЗША, Вялікабрытанія, Францыя, краіны Паўд.-Усх. Азіі, Новая Зеландыя.
Гаспадарка Аўстраліі характарызуецца нераўнамернасцю ў размяшчэнні прадукц. сіл. Найб. асвоены ўскраіны кантынента, дзе выпадае дастатковая колькасць ападкаў, што спрыяе вырошчванню с.-г. культур і водазабеспячэнню вял. гарадоў (штаты Вікторыя і Тасманія, усх. часткі Новага Паўд. Уэльса і Квінсленда, невял. раёны вакол Адэлаіды, Перта). На гэтых тэрыторыях, якія займаюць каля 15% пл. краіны, сканцэнтравана больш за 90% насельніцтва, усе вял. і значныя гарады з іх разнастайнай прам-сцю, пасевы ўсіх с.-г. культур, сады і вінаграднікі. Па-за межамі гэтых раёнаў пашырана пашавая жывёлагадоўля, каля радовішчаў карысных выкапняў знаходзіцца некалькі горнапрамысл. цэнтраў. Вял. прасторы ў Цэнтр. Аўстраліі заняты пустынямі і амаль не асвоены. Грашовая адзінка — аўстралійскі долар.
Узброеныя сілы Аўстраліі складаюцца з сухапутных войскаў, ВПС, ВМС. Агульная колькасць 68,3 тыс.чал. (1991). Сухапутных войскаў 30,3 тыс.чал. (6 вайсковых акруг, 1 пях. дывізія, 20 палкоў); на ўзбраенні каля 690 ракетных снарадаў (процітанкавыя і тыпу «зямля—паветра»), танкі, бронетранспарцёры, артылерыя, самалёты і верталёты, стралк. ўзбраенне і інш. У ВПС 22,3 тыс.чал.; на ўзбраенні баявыя самалёты, самалёты і верталёты дапаможнай авіяцыі. У ВМС 15,7 тыс.чал.; на ўзбраенні падводныя лодкі, баявыя караблі рознага прызначэння, марская авіяцыя. Узбр. сілы камплектуюцца па найме з працягласцю кантракта ад 3 да 6 гадоў з наступным прадаўжэннем на 3 гады. Афіцэрскія кадры рыхтуюць у акадэміях, ваен. і камандна-штабных каледжах, вышэйшых спецыялізаваных афіцэрскіх вучылішчах і лётных школах, радавы і малодшы камандны склад — у навуч. цэнтрах і непасрэдна ў часцях. Больш за 30 тыс.чал. рэзерву. Аўстралія — член блока АНЗЮС.
Ахова здароўя. Сістэма аховы здароўя дзяржаўная, бясплатная. Існуюць таксама прыватная ўрачэбная практыка і прыватныя клінікі. Узровень нараджальнасці — 15 на 1 тыс.чал. насельніцтва. Дзіцячая смяротнасць — 6,6 дзяцей на 1 тыс. нованароджаных. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 75, у жанчын 80 гадоў (1994).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Аўстраліі ўключае дашкольныя ўстановы, абавязковыя 10-гадовыя агульнаадук. школы для дзяцей з 5—6-гадовага ўзросту, поўныя сярэднія школы (2 гады навучання), прафес.навуч. ўстановы, ВНУ. Існуюць дзярж. і недзярж. навуч. ўстановы. З-за нізкай шчыльнасці насельніцтва ў Аўстраліі існуюць і аднакамплектныя школы (у асноўным пачатковыя). Развіта сістэма завочнага навучання (з 1914), навучання па радыё, з 1958 — з выкарыстаннем тэлебачання. У дашкольных дзіцячых установах у 1985 налічвалася каля 162 тыс. дзяцей. У 1989 агульная колькасць школ складала больш За 10 тыс., у т. л. каля 7,6 тыс. дзяржаўных; у сістэме прафес.-тэхн. адукацыі (каледжы, школы, навуч. цэнтры, курсы з 2—3-гадовым навучаннем) — больш за 937 тыс.чал. У 89 ВНУ Аўстраліі (19 ун-таў, 46 каледжаў павышанага ўзроўню, 16 каледжаў тэхн. і далейшага навучання) навучалася каля 394 тыс. студэнтаў, у т. л. каля 2 тыс. абарыгенаў. Буйнейшыя ун-ты: Сіднейскі (з 1850), Мельбурнскі (з 1853), ун-ты ў Перце (з 1811), Адэлаідзе (з 1874), Тасманіі (з 1890), Клінслендзе (з 1910). Б-кі: публічная ў Мельбурне (з 1853), нац. ў Канберы (з 1902) і інш. Музеі: Нац. галерэі ў Сіднеі і Мельбурне. Аўстрал. музей прыкладных мастацтваў у Сіднеі, бат. музей і гербарый у Брысбене і інш.Навук. даследаванні вядуцца ў Аўстралійскай АН, ва ун-тах, НДІ, лабараторыях.
Друк, радыё, тэлебачанне. У Аўстраліі больш за 3 тыс.перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты «Sun News-Pictorial» («Дзённыя ілюстраваныя навіны», з 1922) і «The Sydney Morning Herald» («Ранішні веснік Сіднея», з 1831). Агенцтва друку Астрэліян Асашыэйтэд Прэс (ААП, з 1935). Радыё дзейнічае з 1923, тэлебачанне з 1956. Сістэма грамадскага радыё і тэлебачання прадстаўлена карпарацыяй Астрэліян бродкастынг карпарэйшэн (АБС, фінансуе дзяржава), якая трансліруе 1 агульнанац. тэлепраграму (з 1974 у колеры), 4 агульнанац. радыёпраграмы, праграмы для моладзі і замежжа. У камерцыйным сектары дзейнічае каля 50 тэле- і каля 140 радыёстанцый. Існуюць таксама сістэмы тэле- і відэатэксту, функцыянуе сістэма спадарожнікавай тэлекамунікацыі АУССАТ (3 спадарожнікі). Аўстралія належыць да ІНТЭЛЬСАТ.
Літаратура. Да пач. 19 ст. развівалася на мовах і дыялектах плямёнаў аўстрал. абарыгенаў, потым — на англ. мове. Л-ра дакаланіяльнага перыяду прадстаўлена рытуальнымі песнямі, магічнымі рытмізаванымі тэкстамі (замовы, заклікі да татэмаў і інш.), казкамі, легендамі, міфамі, зафіксаванымі ў запісах 19—20 ст.Найб. цікавыя сярод іх — міфы: татэмныя («Людзі-каты», «Людзі-сабакі», «Людзі-сокалы» і інш.), пра культурных герояў («Катукан-кара», «Мура-мура» і інш.), касмаганічныя («Кунапіп», «Нурундэрэ», «Джункгова», «Змей-вясёлка» і інш.). Л-ра каланіяльнага перыяду (да канца 19 ст.) развівалася як частка англ. л-ры. Доўгі час пануючым літ. кірункам быў рамантызм, прадстаўнікі якога (Ч.Харпур, Г.Кендал, А.Л.Гордан) распрацоўвалі паэт. жанры. Значная з’ява ў прозе — раман М.Э.Кларка «Пажыццёвае зняволенне» (1870—72). У паслякаланіяльны перыяд л-ра набывае выразна нац. характар. Адбываецца станаўленне і развіццё рэалізму (проза і драматургія — Т.Колінз, М.С.Франклін, К.С.Прычард, В.Э.Палмер, Б.К.Пентан, Ф.Харды, Э.Д.К’юзек, А.Маршал, М.Брэнд, Р.Лоўлер і інш.; паэзія — Б.О’Даўд, М.Гілмар, «універсітэцкія паэты» Дж.А.Райт, Д.А.Сцюарт, «хрысціяналірык» Дж.Маколей і інш.) і мадэрнізму (паэзія — К.Брэнан, «рэлігійны неарамантык» Дж.Шоу Нілсан, члены аб’яднання «Джындыуорабак клаб» І.М’юды, Р.Робінсан і інш.; проза і драматургія — П.Уайт і інш.). У 1960—70-я г. ўзнікла англамоўная л-ра абарыгенаў (паэты К.Уокер, Дж.Дэйвіс, празаік К.Джонсан і інш.).
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. У разьбе, гравіроўцы і размалёўках аўстралійцы-абарыгены спалучалі выявы з умоўнымі магічнымі сімваламі і геам. арнаментам. У асобных раёнах захаваліся пячорныя (плато Кімберлі) і наскальныя (п-аў Арнем-Ленд) размалёўкі (выявы людзей і жывёл у т.зв. «рэнтгенаўскім стылі» — з іх унутр. органамі), скульптура. З 18 і асабліва з сярэдзіны 19 ст. развіваюцца гарады з прамавугольнай сеткай вуліц, мураванымі дамамі ў духу англ. класіцызму і неаготыкі (арх. Ф.Х.Грынуэй і інш.), невял. «каланіяльнымі» дамамі. У 1913—27 па адзіным плане (амер.арх. У.Б.Грыфін) забудавана сталіца Канбера. Прынцыпы сучаснага дойлідства пашыраны з 1950-х г. (арх. Г.Зайдлер і інш.). З пабудоў вылучаюцца крыты плавальны басейн Алімпійскага стадыёна ў Мельбурне (1956), оперны тэатр у Сіднеі (1966, арх. І.Утзан). У выяўл. мастацтве канца 18 — пач. 19 ст. пашыраны «тапаграфічныя» замалёўкі мясц. прыроды. У 19 ст. рамантычныя акварэльныя пейзажы пісаў К.Мартэнс, лірычныя пейзажы — А.Л.Бювелат, жанравыя і сатыр. — С.Т.Гіл. На рубяжы 19—20 ст. разам з акадэмізмам (Дж.У.Ламберт) і салонным мастацтвам развівалася нац. школа рэаліст. мастацтва (Т.У.Робертс, А.Стрытан, Ф.Мак-Кабін), пашырыўся імпрэсіянізм (Ч.Кондэр); з 1930-х г. — кубізм, сюррэалізм. На сучасным этапе ў Аўстраліі рэаліст. мастацтва жывапісу і графікі (У.Добела, Дж.Р.Драйсдэйла, Н.Куніхана, скульптара Л.Дадсуэла) суіснуе з мадэрнісцкімі плынямі. З 1940-х г. развіваецца мастацтва абарыгенаў: у Хермансбергу сем’ямі А.Наматжыра і Парэрулцыя створана школа акварэльнага пейзажа.
Музыка Аўстраліі ўключае элементы муз. культуры абарыгенаў, англа-аўстралійцаў і эмігрантаў брытанскага паходжання.
Найб. архаічнымі з’явамі муз. культуры абарыгенаў з’яўляюцца каробары — абрадавыя сінкрэтычныя дзействы з элементамі спеваў і танцаў, іх абрадавыя, бытавыя і эпічныя песні. Сярод муз. інструментаў «магічныя» чурынгі (драўляныя або каменныя гудзелкі) і пустое бервяно убар, па якім стукалі палкамі, бумерангі, папуаскія барабаны, з духавых — дыджэрыду (труба са згорнутай кары ці з бамбуку), насавая флейта і інш. З 1830-х г. актывізуецца канцэртнае жыццё, створаны Сіднейскае (1833) і Аўстралійскае (1844) філарманічныя т-вы. У канцы 19 ст. ўзніклі тэатр. манаполіі, оперныя кампаніі, на пач. 20 ст. — аўстралійскі балет. Фарміруецца нац. кампазітарская школа (заснавальнікі А.Хіл, Э.Хатчэсан, Э.Трумэн і інш). Уклад у развіццё муз. культуры Аўстраліі зрабіў кампазітар, піяніст і фалькларыст П.Грэйнджэр. Муз. традыцыі абарыгенаў выкарыстоўвалі Дж.Антыл (балет «Каробары», 1946), К.Дуглас, Э.Л.Бейнтан. Сярод сучасных кампазітараў Ф.Вердэр, М.Уільямсан, Р.Міл, Л.Сіцкі, А.Бенджамін, Р.Эдвардс, Д.Уільямс, А.Болт, М.Уэслі-Сміт; дырыжораў — Б.Хейнцэ, піяністаў — Э.Хатчэсан, Р.Вудвард; спевакоў — Дж.Сазерленд, з абарыгенаў — Х.Блэер. У Аўстраліі працуюць (1986): Т-р оперы і балета ў Сіднеі, Нац. мемар. т-р у Мельбурне; 10 сімф. аркестраў (у т. л. Сіднейскі), камерныя аркестры, хары, інстр. ансамблі; Саюз кампазітараў (з 1935), Аўстралійскі муз. цэнтр (з 1976); кансерваторыі ў Сіднеі, Брысбене, Канберы, Хобарце, Мельбурне і інш.
Тэатр. Першыя тэатр. відовішчы каланістаў і катаржан адносяцца да 1780-х г. У 1830—40-я г. ў Сіднеі, Хобарце, Адэлаідзе, Мельбурне пачалі стварацца пастаянныя т-ры. У 2-й пал. 19 ст. яны аб’ядналіся ў трэсты, якія ўзначальвалі тэатр. дзеячы Дж.С.Копін, Д.Бусіка (малодшы) і інш. Рэпертуар складаўся з п’ес еўрап. і амер. класікі, аўстрал. аўтараў. У 1910—30-я г. актывізавалася дзейнасць літ.-тэатр. аб’яднанняў, якія ставілі п’есы нац. і еўрап. аўтараў, што спрыяла фарміраванню нац.т-ра. Шматлікія аматарскія калектывы ў 1936 аб’ядналіся ў «Лігу новага т-ра». У 1954 створаны «Аўстрал. елізавецінскі тэатральны трэст», які меў на мэце развіццё прафес.аўстрал. тэатра, у т. л. балетнага і опернага. Большасць т-раў у Аўстраліі — камерцыйныя. З 1960-х г. ствараюцца эксперым. калектывы т.зв. альтэрнатыўнага тэатра; арганізоўваюцца невял. тэатры ў кафэ, стайнях, старых складах. Працуюць рэжысёры Д.Хіберт, Дж.К.Уільямсан, А.Бура, Б.Хемфрыс і інш.Гал.тэатр. цэнтры — Сідней, Мельбурн, Брысбен, Канбера, Хобарт, Перт. У Адэлаідзе з 1973 адбываюцца міжнар.тэатр. фестывалі. Тэатр. дзеячаў рыхтуе нац.ін-тдрам. мастацтваў (Мельбурн).
Кіно. Вытворчасць ігравых фільмаў у Аўстраліі пачалася ў 1900. Першы гукавы фільм «Са свету ценяў» (рэж. А.Р.Харвуд) зняты ў 1930. Дакумент. кінематаграфія развіваецца з 1930-х г.; у 1937 заснаваны Аўстрал.нац. савет па кіно, у 1970 — Аўстрал. карпарацыя па развіцці кіно (з 1975 Аўстрал. кінематаграфічная камісія). Пастаноўкі фільмаў фінансуюць прыватныя і замежныя фірмы ў супрацоўніцтве з дзярж. цэнтрамі. Найбольшыя кінематаграфічныя арг-цыі: Аўстрал.ін-т, Аўстрал. школа кіно і тэлебачання, Нац. кінабібліятэка. Вядомыя кінарэжысёры: Б.Борэсфард, Т.Берстэл, К.Хенем, М.Тэрнхал, П.Бенет, акцёры С.Таўл, Х.Гібсан, Л.Хант і інш.
Беларусы ў Аўстраліі. Пасля 2-й сусв. вайны Аўстралія стала новым цэнтрам пасялення бел. эмігрантаў. Тут пражывае 9—10 тыс. беларусаў. Найб. іх канцэнтрацыя ў штатах Вікторыя (г. Мельбурн), Новы Паўд. Уэльс (Сідней), Зах. Аўстралія (Перт), Паўд. Аўстралія (Адэлаіда). Больш як 10 бел.нац. арг-цый ажыццяўляюць культ.-асв. і грамадска-арганізац. дзейнасць, рэпрэзентуюць Беларусь у замежжы. Найб. значныя з іх — Бел.цэнтр.к-т у Вікторыі, Бел. аб’яднанне Аўстраліі, Бел. аб’яднанне ў Зах. Аўстраліі, Бел.культ.-грамадскі клуб у Феерфілдзе; тут размешчана і Беларуская цэнтральная рада. Правасл.бел. прыходы ў Адэлаідзе, Мельбурне, Перце і інш. Дзейнасць бел. арг-цыі каардынуе Федэральная рада бел. арг-цый у Аўстраліі. Праз свае арг-цыі беларусы ўдзельнічаюць у рабоце міжнар. і агульнааўстрал. арг-цый: Асацыяцыі па справах Аб’яднаных Нацый, Сусв. антыкамуніст. лігі, К-та Тыдня заняволеных народаў, Аўстралійскай нац. этнічнай рады і інш. З 1976 штогод, потым кожныя 2 гады праходзяць сустрэчы беларусаў Аўстраліі Бел. эміграцыя ўдзельнічае ў бел. і агульнааўстрал. святах, фестывалях, выстаўках, культ. праграмах. У Мельбурне і Адэлаідзе існуюць бел. хары і танц. гурткі. З 1990 пры Федэральнай радзе бел. арг-цый у Аўстраліі дзейнічае к-т дапамогі ахвярам Чарнобыля. Рэгулярныя бел. радыёперадачы арганізаваны ў Сіднеі, Перце і інш. З 1950-х г. выходзілі час. «Новае жыццё», «Наша царква», «Праваслаўным шляхам», «Лучнік».
Літ.:
Петриковская А.С. Государство и развитие национальной культуры в Австралии (1945—1980) // Австралия и Океания в современном мире: Сб. статей. М., 1982;
Small A. Art and artists of Australia. Melbourne, 1981;
Hughes R. The art of Australia. Ringwood, 1981.
М.С.Вайтовіч (гаспадарка), В.В.Халіпаў (літаратура), А.М.Гарахавік (музыка), А.С.Ляднёва (беларусы ў Аўстраліі).
Герб і сцяг Аўстраліі.Аўстралія. Нацыянальны парк Улуру.Да арт.Аўстралія. Астанцовыя горы ў Цэнтральнай Аўстраліі.Аўстралія. Даліна Бараса.Да арт.Аўстралія. Жалезаруднае радовішча Маўнт-Ньюмен у Заходняй Аўстраліі.Да арт.Аўстралія. Від на цэнтр Мельбурна з боку р. Яра.Да арт.Аўстралія. Дзелавая частка Сіднея і гавань.Да арт.Аўстралія. Грамадзянскі цэнтр у Канберы.
Да арт.Аўстралія. Горад Брысбен.Да арт.Аўстралія. Будынак парламента штата Вікторыя ў Мельбурне.Да арт.Аўстралія. Сідней у сярэдзіне 19 ст.Да арт.Аўстралія. Наскальны жывапіс абарыгенаў (злева), малюнкі абарыгенаў на кары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНАМАСТА́ЦТВАкіно,
від экраннага мастацтва, творы якога зроблены на тэхн. базе кінематаграфіі, а таксама з дапамогай інш.тэхн. сродкаў аўдыёвізуальнай камунікацыі (тэлебачанне, відэакасеты, відэадыскі, камп’ютэр і інш.). Асн. творы К. — фільмы — ствараюцца шляхам кіназдымак рэальных, спецыяльна інсцэніраваных падзей рэчаіснасці або ўзноўленых сродкамі анімацыі. У К. сінтэзуюцца эстэт. ўласцівасці л-ры, т-ра, выяўл. мастацтваў, музыкі (гл.Кінамузыка) на аснове спецыфічных сродкаў выразнасці. Кінематограф і К. як яго частка ўзніклі на мяжы 19—20 ст. у выніку развіцця навукі і тэхнікі. Кінематограф фарміраваўся як частка тэхнагеннай культуры, для якой характэрна спалучэнне унікальнасці яе прадукцыі з тыражаваннем. Папярэднікамі кіно акрамя традыц. відаў мастацтва былі: фатаграфія, кірмашовы атракцыён, фанограф, грамафон, патэфон, радыё (як папярэднік гукавога кіно), перыяд. выданні (як папярэднікі хранікальных фільмаў), відовішчы, якія стваралі ілюзію рэальнасці (панарама, дыярама, кругавая праекцыя — папярэднікі шырокаэкраннага, шырокафарматнага, кругавога, варыяэкрана). Прырода сінтэзу кіно дваістая: сінтэз у працэсе нараджэння К. як віду мастацтва і сістэмы яго сродкаў выяўлення, а таксама сінтэз як узаемадзеянне і ўзаемаўплыў мастацтваў на кожным этапе існавання К. і пры стварэнні кожнага канкрэтнага твора. Вынік сінтэтычнасці К. — калектыўнасць стварэння фільма. Кампаненты фільма і адпаведна асн. кінематаграфічныя прафесіі: кінадраматургія — сцэнарыст; рэжысура — рэжысёр; мантаж — мантажор; выява — мастак, аператар; гук — кампазітар, гукарэжысёр; акцёрская творчасць — акцёр, каскадзёр. Гал. роля ў працэсе стварэння фільма звычайна належыць рэжысёру. У сувязі з калектыўнасцю стварэння фільмаў у К. праблема аўтарства спецыфічная. У працэсе яго гіст. развіцця паступова адбывалася станаўленне індывідуальнай аўтарскай свядомасці, што прывяло да ўзнікнення тэрміна «аўтарскае кіно» і вылучэння яго як асобнай з’явы ў процілегласць жанраваму кіно. К. найб. натуральна і адэкватна адлюстроўвае масавую псіхалогію. Сістэма вобразнага засваення свету аўдыёвізуальным К. мае 2 узроўні: выяўленчы (сама кінавыява) і вобразны (вобразны сэнс, які нясе кінавыява). Аснова кінавобразнасці — выяўленчасць. Адносна К. існуе азначэнне «самае безумоўнае з мастацтваў», аднак фатаграфічная прырода К. не адмяняе асобай кінематаграфічнай умоўнасці. Мова К. — гукапластычная мова экраннай выявы, якая рухаецца. К. валодае сістэмай сродкаў адлюстравання, многія з якіх суадносяцца са сродкамі інш. мастацтваў (святло, колер, рытм, лейтматыў, слова і інш.), а некаторыя з’яўляюцца спецыфічнымі і вызначальнымі: кадр, або мантажны кадр, план (адносны маштаб выявы ў кадры), ракурс (пункт погляду камеры, які дапамагае адлюстраваць погляд героя або аўтара на падзеі), мантаж. Вылучаюць віды К.: ігравое кіно (гл.Мастацкі фільм), анімацыйнае кіно, дакументальнае кіно, навукова-папулярнае кіно. Прынцыпамі падзелу кіно на віды з’яўляюцца прадмет экраннага ўвасаблення, спосабы экраннай матэрыялізацыі задумы ў адпаведнасці з запатрабаваннямі ўспрыняцця гледачоў. Існуе тэндэнцыя стварэння фільмаў на стыку ігравога, дакумент. і анімацыйнага кіно. З развіццём К. фарміравалася яго жанравая сістэма. К. выкарыстоўвала жанры інш. мастацтваў (л-ры, т-ра, фальклору і інш.) і выпрацоўвала свае (гл. ў арт.Жанр). Для сучаснага К. характэрна тэндэнцыя да змешвання жанраў (поліжанрызм К.) і відаў К. Найб. пашырана спалучэнне т. зв. «нізкіх», або традыц. відовішчных жанраў К. ў сувязі з аднолькавым узроўнем умоўнасці (авантурны фільм у розных варыяцыях, меладрама, камедыя). На сістэму жанраў дакумент. кіно зрабіла ўплыў літ. публіцыстыка, навук.-папулярнага — навук. літаратура. Паводле паходжання многія кінажанры маюць літ. назвы, але па сутнасці яны не ідэнтычныя.
Гістарычна К. ўзнікла разам з кінематографам. Асобныя фільмы канца 19 ст. (пераважна камічныя, феерычныя, меладрам. стужкі) па сваёй прыродзе належалі да сферы маст. творчасці, хаця цалкам творамі К. іх лічыць нельга. Ад спрошчанага засваення вопыту інш. мастацтваў К. шляхам паступовага назапашвання маст. знаходак распрацоўвала і спецыфічныя сродкі выяўлення (сістэмы планаў, ракурсаў, рухаў камеры, форм мантажу, муз. суправаджэння). Ускладняліся кінадраматургія і акцёрская творчасць. У перыяд фарміравання К., які звычайна датуюць ад узнікнення кінематографа да заканчэння 1-й сусв. вайны, значны ўклад у яго развіццё зрабілі кінематаграфісты Францыі (браты Люм’ер, Ж.Мельес, дзейнасць фірмы «Фільм д-Ар»), ЗША (Э.Портэр, Т.Х.Інс, Д.У.Грыфіт, Ч.Чаплін), Італіі, Даніі, Швецыі, Расіі і інш. Да 1908 у Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі, паказваліся фільмы выключна замежнай вытв-сці. Пазней зарадзілася ўласная кінавытв-сць, у якой вызначыліся асн. тэматычныя і жанравыя кірункі: экранізацыя класікі, крымінальна-прыгодніцкія, быт., камічныя фільмы, салонныя меладрамы. Першым рас. фільмам уласцівы запаволенасць экраннага апавядання, павышаны псіхалагізм (творчасць У.Гардзіна, Я.Баўэра, Я.Пратазанава). Першаадкрывальнікам аб’ёмнай анімацыі быў рас. кінематаграфіст бел. паходжання У.Старэвіч. У канцы 1910-х г. кіно сфарміравалася як від мастацтва (гл.Нямое кіно). Крызіс класічнага маст. мыслення ў канцы 19 ст. адначасова з мадэрнізмам спарадзіў масавую культуру, якая захавала жыццепадабенства і агульнадаступнасць, але змяніла пазнавальна-выхаваўчую арыентацыю на кампенсаторна-забаўляльную. Да яе належаў і кінематограф «асн. патоку». Мадэрнізм яскрава праявіўся ў К. 1920-х г.: ням. кінаэкспрэсіянізм (Ф.Ланг, Ф.Мурнаў) і франц. кінаімпрэсіянізм (Л.Дэлюк), кінаавангард (Р.Клер, Л.Буньюэль, Ф.Лежэ), сав.рэв. кінапаэзія і інш. З дасягненняў К. ЗША найб. значнасць мае эксцэнтрычная кінакамедыя. Праявілася спецыфіка неігравога кіно як сферы К., якое акрамя інфарм., рэпартажнай функцыі адкрыла новыя маст. магчымасці. Сярод найб. значных дасягненняў у сусв. неігравым кіно — творчасць сав.рэж. Дз.Вертава, амер.рэж. Р.Флаэрці і інш., у творах якіх дасягнута арган. зліццё жыццёвага матэрыялу з аўтарскай трактоўкай у кінематаграфічнай форме. У СССР у 1920-я г. ствараліся класічныя творы сав.рэв. кінаавангарда — «тыпажна-мантажнага», «паэтычнага» мастацтва, што вылучыла сав. кіно на адно з першых месцаў у сусв. кінематографе (творчасць С.Эйзенштэйна, У.Пудоўкіна, А.Даўжэнкі і інш.). У гэтым рэчышчы ствараліся і лепшыя бел. фільмы (Ю.Тарыч). З канца 1920-х г. пачало развівацца гукавое кіно, хоць на пачатковым яго этапе тэхн. складанасці гуказапісу абмяжоўвалі сферу выкарыстання сродкаў выразнасці, адкрытых у нямым кіно. Вял. ўклад у яго развіццё зрабілі франц. «паэтычны рэалізм», якому ўласцівы глыбокі псіхалагізм і рамант атмасфера дзеяння (фільмы Ж.Рэнуара, Ж.Фейдэра, Ж.Дзювіўе, М.Карнэ), удзел у кіно майстроў англ. сцэны. Замацавалася ўстойлівая сістэма кінажанраў, асабліва ў кінематографе ЗША У неігравым кіно найб. значныя работы нідэрл. дакументаліста І.Івенса ў жанры эксперым. лірычных кінабалад, англ.дакумент. школа Дж.Грырсана і інш. У СССР гукавое кіно пашырылася з 1930-х г. Лепшыя фільмы вызначаліся спалучэннем эстэтыкі тыпажна-мантажнага К. і магчымасцей гукавога кіно (М.Ром, С.Юткевіч, А.Зархі, І.Хейфіц, Ю.Райзман, Р.Аляксандраў, І.Пыр’еў; у бел. кіно — Ю.Тарыч і У.Корш-Саблін). У гэты час у СССР адзіным творчым метадам быў абвешчаны сацыялістычны рэалізм. Перад 2-й сусв. вайной кансерватыўна-традыцыяналісцкія тэндэнцыі пашырыліся ў К. практычна ўсіх краін, нягледзячы на адрозненні ідэалаг. і эканам. плана. У гады 2-й сусв. вайны ў кіно ўзмацнілася агітацыйнасць, павялічылася роля дакумент. публіцыстыкі. У гэтым жанры працавалі і рэжысёры ігравога кіно (Дж.Форд, Ф.Капра ў ЗША, Райзман, Даўжэнка ў СССР і інш.). Ставіліся фільмы, пабудаваныя на суадносінах дакумент. і ігравых пачаткаў (англ.рэж. Х.Джэнінгс). У сярэдзіне 1940 — пач. 1950-х г. пераважалі фільмы традыц. апавядальнай стылістыкі, на аснове якой К. асімілявала тэхн. навінкі: каляровую выяву (з 1930-х г.), розныя прапорцыі экрана (з 1950-х г. шырокі экран, шырокі фармат і інш.). На першы план вярнулася эстэтыка быт. падабенства, што найб. увасобілася ў тэорыі і практыцы італьян. неарэалізму (Ч.Дзаваціні, Р.Раселіні, В.Дэ Сіка, Дж. Дэ Сантыс, П.Джэрмі і інш.). У СССР у пасляваен. гады складанасці ў становішчы К. былі абумоўлены эканам. цяжкасцямі і ўзмацненнем жорсткасці паліт. рэжыму. Было прынята рашэнне аб скарачэнні кінавытв-сці, што адмоўна адбілася на стане кінематографа рэспублік з невял. кінавытв-сцю, у т. л. Беларусі. З сярэдзіны 1950-х г. на развіццё К. пачала ўплываць канкурэнцыя з боку тэлебачання, што ў канцы 1950-х г. прывяло да крызісу кінематографа галівудскага тыпу (акцёрска-прадзюсерскага) і ўздыму еўрап. кіно, якое менш закранула ўздзеянне тэлебачання. З’явілася аўтарскае кіно ў Італіі (Ф.Феліні, Л.Вісконці, М.Антаніёні, П.П.Пазаліні), Швецыі (І.Бергман), Японіі (А.Курасава), Іспаніі (Буньюэль) і інш., франц. «новая хваля» (А.Рэнэ, Ф.Труфо, Ж.Л.Гадар), «польская школа» (А.Вайда, А.Мунк), «чэшская школа» (М.Форман, І.Менцэль), «кіно адлігі» ў СССР. Пэўны ўздым К. адбыўся ў краінах Лац. Амерыкі, Азіі, Афрыкі. На змену традыц. форме кінаапавядання прыйшлі новыя прынцыпы пабудовы фільма, разнастайныя формы відавога і жанравага сінтэзу. У 1960-я г. ў ЗША акцёрска-прадзюсерскі тып кіно змяніўся рэжысёрскім (С.Кубрык, Дж.Франкенхеймер і інш.). На сусв. К. ўплывалі структуралізм, псіхааналіз, ідэі аўтарскага кіно, эстэтыка франц. «новай хвалі», андэграўнду. Пашырылася т. зв. незалежнае кіно. У СССР у 1960-я г. пашырылася кінавытв-сць, прыйшло новае пакаленне кінематаграфістаў (Р.Чухрай, С.Бандарчук, Л.Куліджанаў, С.Растоцкі, А.Таркоўскі, В.Шукшын, Э.Клімаў, І.Таланкін, на Беларусі — В.Тураў, І.Дабралюбаў, Б.Сцяпанаў і інш.). У К. праявіліся лірычнасць, рамантычнасць, адначасова ўзмацнілася аналітычнасць. Узбагаціліся вобразная мова экрана і яго жанрава-стылявая палітра. Асн. кірункі жанрава-стылявых пошукаў — «дакументальнае» і «жывапісна-паэтычнае» кіно. «Новая хваля» ўласціва і развіццю сусв.дакумент. К., у якім выявіліся сацыялагічная тэндэнцыя, пошукі новых спосабаў адлюстравання рэчаіснасці (творчасць групы «Свабоднае кіно» ў Вялікабрытаніі, «Групы трыццаці» і кірунку «сінема верытэ» ў Францыі). Дакумент. К. ў пэўнай ступені паўплывала на развіццё ігравога кіно. Лепшыя стужкі сав.дакумент. кіно вызначаліся тонкім раскрыццём псіхалогіі чалавека (В.Лісаковіч, Г.Франк і інш.), навук.-папулярнага — паглыбленым імкненнем да вырашэння эстэт. задач, да паэт. раскрыцця навук. пошуку і псіхалогіі творчасці (В.Архангельскі, Б.Загражскі, У.Кобрын, «кіеўская школа» навук.-папулярнага кіно, асабліва Ф.Собалеў). У канцы 1960 — пач. 1970-х г. адрадзілася кіно галівудскага тыпу, адбыўся зварот да жанравага кіно, традыц. форм кінаапавядання. Гэтыя тэндэнцыі найб. ярка выявіліся ў кіно ЗША, якое зноў пачало лідзіраваць у сусв. кінематографе (фільмы Ф.Ф.Копалы, С.Спілберга, Дж.Лукаса, М.Скарсезе і інш.). Разам з тэлебачаннем канкурэнцыю традыц. кінапракату пачалі складаць відэаіндустрыя, новыя формы экраннага мастацтва, не звязаныя з традыц. кінематаграфічнай тэхнікай (у СССР гэтыя працэсы пачаліся пазней), што выклікала змены ў выкарыстанні сродкаў адлюстравання ў К., ужыванне камп’ютэрнай тэхнікі для стварэння спецэфектаў і інш. У 1970 — пач. 1980-х г. у К. СССР выявіліся крызісныя, застойныя з’явы. Лепшым фільмам былі ўласцівы крытыка грамадскіх хібаў, пошукі ў галіне кінамовы, складаныя драматургічныя канструкцыі, зварот да дакументалізму і ўмоўна-метафарычнага пачатку, фалькл., міфалагічных матываў, суб’ектыўнага эпасу ў гіст. творах (творчасць Л.Шапіцька, М.Міхалкова, С.Параджанава, В.Абдрашытава, С.Салаўёва, А.Германа, Г.Панфілава, у бел. кіно В.Нікіфарава, М.Пташука, В.Рубінчыка, В.Рыбарава, В.Чацверыкова і інш.).
З 1980-х г. на сусв. К. пачалі ўплываць тэндэнцыі постмадэрнізму (адлюстраванне крызісу маст. культуры 20 ст.), якія па-рознаму выявіліся ў еўрап. і амер. кіно (творчасць Д.Джармена, П.Грынуэя, прадстаўнікоў франц. «новай хвалі», амер. рэжысёраў пакалення «япі» і інш.). У неігравым кіно ў сярэдзіне 1980-х г. развіваліся маст. традыцыі сусв. і сав.дакумент. К., кінематаграфісты Г.Рэджыо (ЗША), А.Сакураў, А.Касакоўскі (Расія), В.Дашук (Беларусь) і інш. імкнуліся да пошукаў новай формы, спосабаў і метадаў маст. асэнсавання хранікальнага матэрыялу, рэальных падзей. У сав. ігравым кіно пашырылася т.зв. «кіно чорнай хвалі» («чарнушнае кіно») і імкненне да відовішчнасці. У 1990-я г. кіно Расіі, Беларусі і інш. краін, што ўтварыліся пасля распаду СССР, з-за цяжкага фін.-эканам. становішча і спаду вытв-сці перажывае глыбокі крызіс. К. пост-сав. краін практычна не ўпісваецца ў сістэму сусв. К., у якім таксама назіраюцца крызісныя з’явы.
Літ.:
Аристарко Г. История теорий кино: Пер. с итал. М., 1966;
Красинский А.В. Экран земли белорусской. М., 1973;
Нечай О.Ф. Становление художественного телефильма. Мн., 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАО́С (Lao),
Лаоская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка (Сатхаланалат Пасатхіпатаі Пасасон Лао), дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі, у цэнтр. частцы п-ва Індакітай. Мяжуе на Пн з Кітаем, на У з В’етнамам, на Пд з Камбоджай, на З з Тайландам і М’янмай. Пл. 236,8 тыс.км². Нас. 5,1 млн.чал. (1997). Дзярж. мова — лаоская (лаацянская). Сталіца — г.В’енцьян. Краіна падзяляецца на 16 правінцый (кхуэнгаў) і сталічную акругу. Нац. свята — Дзень абвяшчэння Рэспублікі (2 снежня).
Дзяржаўны лад. Л. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на сесіі парламента на 5 гадоў. Вышэйшы прадстаўнічы і заканад. орган — Нар. сход, дэпутаты якога выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць ураду, прызначанаму прэзідэнтам.
Прырода. Каля 90% тэрыторыі занята сярэдневышыннымі гарамі. У цэнтры — плато Сіянгкхуанг (выш. да 2820 м, г. Бія), на У — паўд.-зах. схілы хр. Чыангшон, на Пд — плато Балавен. Раўнінныя ўчасткі размешчаны на З уздоўж р. Меконг. Карысныя выкапні: алавяныя, жал., медныя руды, каштоўныя камяні, золата, каменная соль, буд. матэрыялы. Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Сярэдняя т-растудз. ад 15 °C на Пн да 23 °C на Пд. У ліп.т-ра 28—30 °C. Ападкаў ад 1500—1700 мм на раўнінах да 3000 мм у гарах; дажджлівы сезон з чэрв. да кастрычніка. Рэкі мнагаводныя, парожыстыя. Найб. рака — Меконг. Лясы займаюць каля 60% тэрыторыі. Пераважаюць лістападныя і вечназялёныя трапічныя лясы з каштоўнымі відамі дрэў (цік, сал, палісандравае, эбенавае, сандалавае, ружовае, жалезнае); у верхнім поясе гор — дубовыя і хваёвыя лясы. Участкі саваннаў. Жывёльны свет: слон, алені, малпы, фазаны, шмат змей. Лясныя рэзерваты Донгсіенгтхонг, Донгхыасау і інш.
Насельніцтва. Жыве больш за 60 народнасцей. Большая ч. насельніцтва адносіцца да тайскай моўнай групы: лао (больш за 60%), тай, горныя тай і інш. Да аўстраазіяцкай моўнай групы (каля 25%) належаць кхмеры і горныя монкхмерскія народы. Жывуць таксама кітайцы, в’етнамцы, індыйцы і інш. Вернікі пераважна будысты (85%) і прыхільнікі розных рода-племянных вераванняў. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 2%. Сярэдняя шчыльн. 21,6 чал. на 1 км². У далінах шчыльн. дасягае 500 чал. на 1 км², у гарах месцамі каля 1 чал. на 1 км². У гарадах жыве 25% насельніцтва. Найб. горад — В’енцьян (каля 500 тыс.ж., 1995). Каля 100 тыс.ж. у гарадах Луангпрабанг, Паксе і Саванакхет. У сельскай гаспадарцы занята каля 80% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — каля 5%. Адзначаецца часовая эміграцыя працоўных у Тайланд пераважна на с.-г. работы.
Гісторыя. Найбольш стараж. сляды чалавека на тэр. Л. адносяцца да верхняга палеаліту. З 9 ст. даліну р. Меконг засялілі лао, якія да 11—13 ст. стварылі тут некалькі княстваў. У 1353 кароль Фа Нгун аб’яднаў іх у дзяржаву Лансанг, якая дасягнула найб. росквіту ў 17 ст. Пануючай рэлігіяй стаў будызм. У пач. 18 ст. Лансанг распаўся на залежныя ад Сіяма (гл.Тайланд) і В’етнама княствы Луангпрабанг, В’енцьян і Цямпатсак. У 19 ст. ў выніку войнаў частка лаоскіх тэрыторый адышла да Сіяма і В’етнама. У 1893 Л. захоплены Францыяй і ў 1898 уключаны ў Франц. Індакітай (Луангпрабанг абвешчаны каралеўствам пад франц. пратэктаратам). У 2-ю сусв. вайну Л. акупіраваны Японіяй (1941—45). У гэты час узнік нац.-вызв. рух Лао Ісара (Вызваленне Лаоса) на чале з прынцамі Сувана Фумам і Суфанувонгам. Пасля капітуляцыі Японіі 12.10.1945 абвешчана незалежная Патэт-Лао (краіна Лао). Аднак Францыя прызнала незалежнасць Л. толькі 22.10.1953 у выніку нац.-вызв. барацьбы, якая вялася пад кіраўніцтвам Фронту вызвалення Л. (з 1956 Патрыятычны фронт Л., ПФЛ). Гал. ролю ў фронце адыгрывала Нар. партыя Л. (вылучылася ў 1955 з Камуніст. партыі Індакітая, з 1972 Нар.-рэв. партыя Л., НРПЛ).
Паводле Жэнеўскіх пагадненняў 1954 (гл.Жэнеўскія нарады 1954—59) Л. абвешчаны нейтральным каралеўствам, створаны ўрад на чале з Сувана Фумам (з 1957 — кааліцыйны з удзелам прадстаўнікоў ПФЛ, нейтралістаў і правых). Спробы правых сіл у 1958—62 захапіць усю ўладу ў Л. прывялі да грамадз. вайны. Пасля Жэнеўскай нарады па ўрэгуляванні лаоскага пытання ў 1962 створаны ўрад на чале з Сувана Фумам, які ўключаў усе паліт. сілы Л. У выніку моцных унутр. супярэчнасцей у крас. 1963 ПФЛ выйшаў з яго і разгарнуў на У Л. ўзбр. барацьбу. Ён атрымаў дапамогу ад Дэмакр. Рэспублікі В’етнам, якая ў час В’етнамскай вайны 1964—73 выкарыстоўвала тэр. Л. для забеспячэння сваіх войскаў у Паўд. В’етнаме ў абход дэмаркацыйнай лініі. Са жн. 1964 ЗША пачалі бамбардзіроўкі тэрыторыі, што кантраляваў ПФЛ. 21.2.1973 у В’енцьяне падпісана пагадненне аб аднаўленні міру і дасягненні нац. згоды ў Л. 5.4.1974 створаны Часовы ўрад нац. адзінства і Нац.паліт. савет з усіх паліт. сіл Л. Да лета 1975 войскі ПФЛ усталявалі свой кантроль над усёй тэр. Л. 29.11.1975 кароль Саванг Ватхана [1959—75] адрокся ад прастола. 2.12.1975 абвешчана Лаоская Нар.-Дэмакр. рэспубліка (ЛНДР) на чале з прэзідэнтам Суфанувонгам (1975—86) і прэм’ер-міністрам К.Фамвіханам (1975—91), узяты курс на пабудову ў Л. сацыялізму. 14.8.1991 прынята канстытуцыя ЛНДР, якая, захоўваючы кіруючую ролю НДПЛ, дазваляла прыватную маёмасць. Прэзідэнтам Л. быў выбраны Фамвіхан (да ліст. 1992, з 1992 Н.Фумсаван), прэм’ер-міністрам — ген. К.Сіфандон. Л. — чл.ААН (з 1955), Арг-цыі дзяржаў Паўд.-Усх. Азіі (АСЕАН, з 1998). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1994.
Дзейнічаюць Нар.-рэв. партыя Л., Фронт за нац. будаўніцтва Л.
Гаспадарка. Л. — слабаразвітая агр. краіна са шматукладнай эканомікай. Штогадовы даход на 1 чал. каля 200—300 дол. Дзяржаве належаць дзяржгасы, многія прамысл. прадпрыемствы, транспарт. У сельскай гаспадарцы пераважаюць кааператывы. С.-г. угоддзяў каля 2 млн.га, палавіна іх пад ворывам, палавіна пад пашай і лугамі. Найб. развіта земляробства. У далінах і на раўнінах пераважае арашальнае земляробства, здымаюць 2 ураджаі за год. У горных раёнах пашырана лядна-агнявое земляробства. Каля 90% пасяўных плошчаў займае рыс, штогадовы яго збор да 2 млн.т. Вырошчваюць таксама кукурузу (горныя раёны на Пн), проса, бульбу, батат, маніёк, сою і інш. бабовыя, алейныя, агародніну, бавоўнік, тытунь, рамі, цукр. трыснёг. Экспартныя культуры: кава, опіумны мак, чай, каўчуканосы, кардамон, перац. Трапічнае садоўніцтва (цытрусавыя, бананы, ананасы, манга). Жывёлагадоўля мае другараднае значэнне. Буйн. раг. жывёлы і буйвалаў каля 2,1 млн. галоў, выкарыстоўваюцца як цяглавая сіла. Коней каля 50 тыс. галоў, свіней 1,7 млн. галоў, авечак і коз 1,1 млн.гал. У лясной гаспадарцы выкарыстоўваюць каля 1 тыс. прыручаных сланоў. Птушкагадоўля. Рыбалоўства (каля 30—50 тыс.т рыбы штогод), паляўніцтва. Лясныя промыслы: нарыхтоўка драўніны каштоўных парод, гумілаку, бензойнай смалы, сыравіны для атрымання бетэлю і інш. У прам-сці вылучаецца здабыча алавянай руды (каля 5 тыс.т штогод), каменнай солі, гіпсу, золата, каштоўных камянёў (сапфіры, чырвоная шпінель). У энергетыцы пераважаюць невял. ЦЭС на імпартным паліве. Працуе ГЭС Нам Нгум (магутнасць 150 тыс.кВт) на р. Нгум, пастаўляе электраэнергію на экспарт у Тайланд. Агульная вытв-сць электраэнергіі 900 млн.кВт∙гадз. (1995). Аснову апрацоўчай прам-сці складаюць лесапілаванне і рысаачыстка, вытв-сцьбуд. матэрыялаў; ёсць невял. цукр., алейныя, вінна-гарэлачныя, піваварныя, тытунёвыя, керамічныя, тэкст. (у т. л. шаўкаткацкія), швейныя, трыкат., гарбарна-абутковыя, металаапр., мэблевыя прадпрыемствы. Шырока развіты маст. рамёствы, у т. л. ювелірныя вырабы з золата і серабра, слановай косці, каштоўных камянёў. Горад В’енцьян — асн.прамысл. цэнтр, вылучаецца таксама вырабам лакавых маст. прадметаў хатняга ўжытку; г. Саванакхет — цэнтр суднабудавання (дробныя рачныя судны) і суднарамонту; гарады Луангпрабанг і Кхонг — цэнтры саматужна-рамесніцкіх промыслаў. Транспарт унутр. водны і аўтамабільны. Рака Меконг і яе асн. прытокі на асобных участках даступныя для невял. суднаў. Унутр. водных шляхоў 4,6 тыс.км. Аўтадарог 27,5 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 2 тыс.км. У краіне 20 тыс. аўтамашын (1997). Авіятранспарт выкарыстоўвае 10 аэрапортаў, у т. л.міжнар. аэрапорт каля В’енцьяна. У 1995 экспарт склаў 348 млн.дол., імпарт — 628 млн. долараў. У экспарце пераважаюць драўніна і піламатэрыялы (33%), электраэнергія (14%), волава, кава, гіпс, натуральныя смолы і інш. У імпарце гал. роля належыць нафтапрадуктам, прамысл. і харч. таварам. Гал.гандл. партнёры: Тайланд (41% экспарту, 45% імпарту), В’етнам (25% экспарту), Японія (11% імпарту), Кітай, Сінгапур. Дадатковыя крыніцы даходаў — замежны турызм (штогод Л. наведвае каля 120—150 тыс. турыстаў пераважна з Тайланда) і грашовыя пераводы грамадзян краіны, якія працуюць за мяжой. Л. штогод атрымлівае замежную дапамогу ў памеры 180—240 млн. долараў. Знешні доўг зах. краінам перавышае 1,2 млрд. долараў. Грашовая адзінка — кіп.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. Агульная колькасць (1998) больш за 200 тыс.чал., у т. л. 100 тыс.чал. у мясц. войсках. Камплектаванне — па прызыве. У сухап. войсках каля 195 тыс.чал. асабовага складу, на ўзбраенні 55 танкаў, 70 бронетранспарцёраў, каля 100 гармат палявой артылерыі і інш. У ВПС каля 3,5 тыс.чал., 30 баявых самалётаў, 15 верталётаў. У ВМС 16 патрульных катэраў.
Літаратура. Найб. раннія помнікі эпіграфікі Л. датуюцца 13 ст. Пасля ўтварэння дзяржавы Лансанг (14 ст.) і пашырэння будызму з’явіліся першыя рэліг. і свецкія творы: паэма «Прынц Хунг» і «Паданне пра Кхуна Балому» (13—15 ст.). На фарміраванне л-ры Л. паўплывала стараж.-інд.л-ра (паэма «Рамаяна» і будыйскі канон «Тыпітака»), Пад уплывам мясц.фалькл. традыцый сюжэты стараж.-інд. л-ры перапрацоўваліся і пераасэнсоўваліся. Вяршыня развіцця сярэдневяковай л-ры — паэма «Сінсай» Панкхама (16—17 ст.). Развіваліся рэлігійна-дыдактычныя і дыдактыка-быт. творы: «Настаўленне Інтыяна» і «Настаўленне дзеда ўнукам» Кэу Дангта; ананімныя аповесці «Путасен», «Мунла Тантай». У выніку распаду дзяржавы Лансанг (1707) і страты незалежнасці (канец 19 ст.) л-ра Л. заняпала. Адрадзілася пасля 2-й сусв. вайны і ў перыяд росту нац.-вызв. руху. Пасля ўзнікнення Лаоскай Нар.-Дэмакр. Рэспублікі (1975) пануючым стаў рэаліст. кірунак. Пераважалі творы малых форм (невял. аповесці, апавяданні, вершы, песні) і публіцыстыка. Асн. тэмы — барацьба за незалежнасць, пабудова новага грамадства Найб. вядомыя паэты — Д.Самсі («Рэвалюцыйная паэзія», 1977), Сісан, празаікі — Чантхі Дыянсаван (раман «Дарогі жыцця», 1970), Сувантхонг Буфанувонг (раман «Другі батальён», 1976—80), К.Фалсена (раман «Каханне», 1980) і інш.
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб. раннія помнікі мастацтва Л. — вялізныя гранітныя «пасудзіны», згрупаваныя пераважна ў Даліне Збаноў (нагор’е Транінь, пач.н.э.). З сярэдзіны 1-га да пач. 2-га тыс.н.э. мастацтва развівалася пад уплывам культуры кхмераў (свяцілішчы каля Саванакхета). З 14 ст. пачала пашырацца будыйская культура. Забудова гал. гарадоў (В’енцьян, Луангпрабанг) была рэгулярнай. Амаль да 20 ст. тут пераважалі драўляныя на палях і глінабітныя дамы. Для культавага буд-ва характэрны храмы-ваты — прамавугольныя ў плане цагляныя будынкі з 3 нефамі, высокімі двухсхільнымі дахамі (Сіенг-Тхонг у Луангпрабангу, 1561; Фра-Кео ў В’енцьяне, 1565). У складзе вял. ватаў былі малельні, б-кі, свяцілішчы (тхаты). Тхаты паўсферычнай, звонападобнай ці ступеньчатай формы ставілі і асобна, спалучалі з тэрасамі, галерэямі (пагада тхат Луанг у В’енцьяне, 1586). Архітэктура 19 ст. адзначана ўплывам Сіяма (ват Сісакет у В’енцьяне, 1820). Сярод сярэдневяковых помнікаў выяўл. мастацтва — каменныя, драўляныя, бронзавыя статуі Буды (вядомы з 14 ст.), у якіх кананічнасць кампазіцыі суіснуе з выразнай пластыкай форм і ліній. У 16—19 ст. створаны ватыўныя рэльефныя выявы на будыйскія сюжэты з выкарыстаннем жывапісу — пхаботы і пхакесоны. З 20 ст. відавочны ўплыў еўрап. архітэктуры (больш рэгулярная планіроўка вуліц і кварталаў гарадоў). У архітэктуры 2-й пал. 20 ст. спалучаюцца сучасныя канструкцыі і формы класічнага дойлідства (комплекс ват Сіенг Кун, манумент Анусавары ў В’енцьяне, 1960-я г.). У 1950—80-я г. развіваюцца станковы жывапіс (мастакі Нуараонг, Вілівонг), графіка (Самнан), скульптура, у нар. мастацтве — ткацтва, апрацоўка металу, разьба па дрэве. Працягваюцца традыцыі насценнай размалёўкі і лакавага жывапісу «лайкхіян» і «лайсуай», жывапісу па трафарэце «лайпхок».
Літ.:
Иоанесян С.И. Лаос: соц.-экон. развитие (конец XIX — 60-е г. XX в.). М., 1972;
Кожевников В.А. Очерки новейшей истории Лаоса. М., 1979;
Симонов В.В. Экономическое развитие Лаоса (50—80-е гг.). М., 1988.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Р.Ч.Лянькевіч (узброеныя сілы), С.А.Сергачоў, В.Я.Буйвал (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).
Герб і сцяг Лаоса.Да арт.Лаос. Даліна р. Меконг.Да арт.Лаос. Уступленне войск Народна-вызваленчай арміі ў г. Саванакхет. 1975.Да арт.Лаос. Пагада тхат Луанг у В’енцьяне.Да арт.Лаос. Скульптура Буды кхафон у ваце Пхакео ў В’енцьяне. 17—18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМБО́ДЖА, Каралеўства Камбоджа (Preahreacheanachakr Kampuchea),
дзяржава ў Азіі на п-ве Індакітай. Мяжуе на З і ПнЗ з Тайландам, на Пн з Лаосам, на У з В’етнамам; паўд.-зах. яе берагі абмываюцца водамі Сіямскага заліва. Пл. 181 тыс.км². Нас. 11163,9 тыс.чал. (1997). Сталіца — г.Пнампень. Падзяляецца на 18 правінцый (кхэтаў) і 3 гарады цэнтр. падпарадкавання. Дзярж. мова — кхмерская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (9 ліст.).
Дзяржаўны лад. К. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1993. Кіраўнік дзяржавы — кароль. Вышэйшы прадстаўнічы орган — Нац. сход (120 членаў, выбіраюцца на 5 гадоў). Вышэйшы орган выканаўчай улады — Каралеўскі ўрад.
Прырода. Большую ч. краіны займае Камбаджыйская раўніна, размешчаная ў ніжнім цячэнні р. Меконг. На З — горы Кравань выш. да 1813 м (г. Араль), на Пн — паўд. адгор’і куэставага ўступа Дангрэк, на У — зах. адгор’і Чыангшон. Карысныя выкапні: жал. і марганцавыя руды, фасфарыты, каменны вугаль, баксіты, алавяныя, свінцова-цынкавыя і вальфрамавыя руды, золата. Буд. матэрыялы: вапняк, пясчанік. базальт, гліна, жвір, мармур, граніт. Запасы каштоўных камянёў (сапфір, рубін, цыркон). Клімат субэкватарыяльны, з сухім сезонам у снеж.—красавіку. Т-ра паветра ўвесь год 25—30 °C. Ападкаў на раўніне 700—1500 мм, у гарах да 2000 мм за год. Рачная сетка густая. Гал. рака — Меконг. Для рэк характэрны ваганні ўзроўню вады (12—15 м у гарах, 7—9 м на раўніне). Глебы чырвоныя і алювіяльныя. Лясы і рэдкалессі займаюць 76% тэр. краіны. На У — лістападныя трапічныя, у гарах — вечназялёныя лясы, шмат каштоўных парод дрэў (сал, цік, лакавае, камфорнае). Пашыраны саванны. На водмелях — мангравыя лясы. Жывёльны свет багаты і разнастайны. У лясах — тыгры, пантэры, чорныя мядзведзі. Шмат птушак. Буйное мелкаводнае воз. Танлесап багатас рыбай. Нац. парк Ангкор, некалькі запаведнікаў.
Насельніцтва. Каля 90% насельніцтва — кхмеры, жывуць в’етнамцы (5%), кітайцы (1%), цямы (чамы), таі і інш. Большасць вернікаў — будысты (95%). За час праўлення рэжыму Пол Пота (1975—78) загінула і прапала без вестак каля 3 млн. чалавек; знішчана каля 90% мусульман, усе хрысціяне, большасць прадстаўнікоў нац. меншасцей. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 61,7 чал. на 1 км²Найб.шчыльн. у даліне р. Меконг, на ўзбярэжжы воз. Танлесап і Сіямскага заліва. Гар. насельніцтва 21%. Найб. гарады (тыс.чал.): Пнампень — 920 (1994), Кампонгсаам — 75 (1990).
Гісторыя. Продкі кхмераў (сучасных жыхароў К.) жылі на тэр. краіны з часоў неаліту (5-е тыс. да н.э.). У 1—2 ст.н.э. ў дэльце р. Меконг узнікла дзяржава Фунань. У сярэдзіне 5 ст.засн. дзяржава Чэнла (напачатку васальная Фунані, пазней незалежная). У сярэдзіне 6 ст. правіцелі Чэнлы, выкарыстаўшы дынастычныя спрэчкі ў Фунані, падпарадкавалі ўсю тэр. сучаснай К. У канцы 7 ст. Чэнла распалася на 2 дзяржавы — Чэнлу Зямлі і Чэнлу Вады. У 9 ст. пры ангкорскай дынастыі (заснавальнік Джаяварман II) на землях Фунані і Чэнлы пачала фарміравацца аб’яднаная дзяржава кхмераў Камбуджадэша. На 9—12 ст. прыпадае перыяд паліт. ўздыму і росквіту культуры, пераважна архітэктуры (гл.Ангкор).Пры Джаявармане VII (каля 1181 — каля 1219] Камбуджадэша дасягнула магутнасці і ўключала акрамя К. тэр. сучасных Бірмы, Лаоса, Тайланда, В’етнама і Малайзіі. Сталіцай імперыі быў Ангкор, пануючай рэлігіяй — індуізм. У канцы 13 ст. Камбуджадэша распалася, адначасова тут пашырыўся будызм. Пасля захопу Ангкора тайцамі (1432) сталіца К. перанесена ў Пнампень. У 15 ст. краіна трапіла ў залежнасць ад Сіяма (сучасны Тайланд) і В’етнама. У 16 ст. ў К. прыбылі першыя еўрапейцы. У 1863 кароль Нарадом I прызнаў пратэктарат Францыі, у 1884 К. стала франц. калоніяй (з 1887 у складзе Індакітая Французскага), што ў канцы 19 — пач. 20 ст. выклікала шэраг нац.-вызв. паўстанняў. У 2-ю сусв. вайну К. з 1941 акупіравана войскамі Японіі (да 1945) і Тайланда (да 1946). Пасля вайны нац.-вызв. барацьбу супраць французаў узначалілі рух Свабодныя кхмеры і камуніст. партыя.
У 1949 Францыя прызнала незалежнасць К. ў рамках Франц. Саюза, а ў 1953 дала ёй поўны дзярж. суверэнітэт і вывела свае войскі. Незалежнасць К. пацверджана Жэнеўскімі нарадамі 1954—59. У 1966 кароль К. ( з 1941) Нарадом Сіянук адрокся ад прастола на карысць свайго бацькі Нарадома Сурамарыта і стварыў паліт. арг-цыю Нар.-сацыяліст. супольнасць (Сангкум), якая перамагла на парламенцкіх выбарах 11.9.1955. Урад Сіянука ўзяў курс на пабудову «каралеўскага сацыялізму» (аднапарт. сістэма, планаванне ў эканоміцы, каапераванне ў сельскай гаспадарцы). У 1957 прыняты закон, які замацаваў за К. статус нейтральнай дзяржавы. У 1960 пасля смерці бацькі Сіянук абвешчаны кіраўніком дзяржавы. У час в’етн. вайны 1964—73 тэр. К. выкарыстоўвалася для стварэння баз В’етконга, што стала прычынай інспіраванага ў 1970 ЗША дзярж. перавароту ген. Лон Нола і ўводу ў К. амер. і паўд.-в’етн. войск. Была абвешчана Кхмерская рэспубліка. Сіянук эмігрыраваў у Кітай, дзе заснаваў Нац. адзіны фронт К. (НАФК), у склад якога ўвайшла і мааісцкая фракцыя камуніст. партыі «чырвоныя кхмеры»). НАФК вёў барацьбу супраць урадавых, амер. і паўд.-в’етн. войск, у 1975 яго атрады занялі Пнампень. Улада перайшла да «чырв. кхмераў», іх лідэр Пол Пот стаў прэм’ер-міністрам; у 1976 Сіянук прымушаны да адстаўкі. Паводле канстытуцыі 1976 К. стала наз.Дэмакр. рэспублікай Кампучыя. У выніку праўлення «чырв. кхмераў», якія шляхам тэрору ўстанавілі рэжым генацыду, за няпоўныя 4 гады загінула да 3 млн. камбаджыйцаў. У снеж. 1978 праціўнікі Пол Пота стварылі Аб’яднаны фронт нац. выратавання Кампучыі, падтрыманы В’етнамам. В’етн. войскі ў студз. 1979 занялі Пнампень. Была абвешчана Нар. рэспубліка Кампучыя. У 1982 Сіянук узначаліў кааліцыйны ўрад у эміграцыі з удзелам груповак (у т. л. «чырв. кхмераў»), якія змагаліся з прав’етн. рэжымам у К. Паводле рашэння Парыжскай міжнар. канферэнцыі 1989 у вер. 1989 В’етнам пачаў вывад сваіх войск з К. У кастр. 1991 на Парыжскай канферэнцыі прынята рашэнне аб стварэнні Найвышэйшага нац. савета на чале з Сіянукам і правядзенні парламенцкіх выбараў пад кантролем Часовай адміністрацыі ААН. На выбарах у маі 1993 перамаглі прыхільнікі Сіянука. У вер. 1993 Канстытуцыйная асамблея абвясціла К. спадчыннай манархіяй, каралём стаў Сіянук. Быў сфарміраваны кааліцыйны ўрад на чале з 2 прэм’ерамі — сынам Сіянука Нарадомам Ранарытам і Хун Сенам. «Чырв. кхмеры», якія байкатавалі выбары, распачалі ўзбр. барацьбу супраць новага ўрада. У ліп. 1997 Хун Сен абвінаваціў Ранарыта ў змове з «чырв. кхмерамі» і накіраваў супраць яго верныя яму войскі; прыхільнікі Ранарыта разбіты, сам ён пакінуў краіну. Прэм’ер-міністрам прызначаны Унг Хуот. К. — чл.ААН (з 1955), АСЕАН (з 1997). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў студз. 1995.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Дзейнічаюць Адзіны нац. фронт за суверэнную, незалежную, нейтральную, мірную К., Нар. партыя К., Будыйская ліберальна-дэмакр. партыя, Нац. ліберальны рух К., Федэрацыя прафсаюзаў.
Гаспадарка. К. — аграрная краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1995 склаў 7 млрд.дол. ЗША, на душу насельніцтва — 660 дол. ЗША. У сельскай гаспадарцы запята 69% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці і сферы паслуг — 31%. Доля сельскай гаспадаркі ў ВУП (%) — 47, прам-сці — 15, сферы паслуг — 35. Апрацоўваецца 2,9 млн.га зямлі (каля 50% пад рысам), каля 0,6 млн.га пад пашай. Пераважае дробнае землеўладанне і пач. формы кааперавання. Пасевы рысу (збор 3390 тыс.т, 1996), кукурузы (60 тыс.т), маніёку, ямсу, батату, соевых бабоў. Вырошчваюць какосавую і цукр. пальмы, цукр. трыснёг, бавоўнік, джут, кунжут, рамі, капок, сезам, арахіс, тытунь. Вял. значэнне маюць плантацыі гевеі. Вытв-сць натуральнага каўчуку каля 30 тыс.т за год. Развіта пладаводства (бананы, апельсіны, мандарыны, ананасы, манга), агародніцтва (баклажаны, гарбузы, перац, капуста і інш.). Гадуюць (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлу — 2,8 (пераважна буйвалы), свіней — 2. Птушкагадоўля (куры, качкі, гусі). У харч. балансе краіны рыба займае другое месца пасля рысу. Улоў рыбы ў 1994—103 тыс.т. Штогод нарыхтоўваюць больш за 100 тыс.м³ каштоўнай драўніны (сандал, цік, палісандр, чорнае дрэва і інш.). У лесе збіраюць кардамон, гутаперчу, сыры лак. Прам-сць развіта слаба і спецыялізуецца пераважна на перапрацоўцы с.-г. сыравіны. Асн. галіны — харч. (рысаачышчальная, мукамольная, цукр., рыбаперапрацоўчая), лёгкая (баваўняная, джутавая, гарбарная), дрэваапр., папяровая, каўчукавая. Гал. цэнтры — Пнампень, Батамбанг, Кампонгсаам, Кампонгцям, Кампот. Ёсць металаапр., аўта- і трактаразборачны, суднарамонтны з-ды ў Пнампені і Кампонгсааме. На імпартнай сыравіне працуе нафтаперапр.з-д у Кампонгсааме. Вытв-сць фасфатных угнаенняў у Батамбанзе, буд. матэрыялаў (цэментны з-д) у Кампоце. Пашыраны невял. прадпрыемствы па вырабе цэглы, мыла, цыгарэт. Вытв-сць электраэнергіі 190 млн.кВтгадз (1995), пераважна на ЦЭС. Невял. здабыча жал. (запасы 6,5 млн.т) і марганцавых (запасы каля 120 тыс.т) руд, фасфарытаў, руд каляровых металаў, каштоўных камянёў, буд. матэрыялаў (запасы мармуру каля 65 тыс.т). Даўж. чыгункі 649 км, аўтадарог 14,8 тыс.км. Аўтапарк 37 тыс. машын, у т. л. 11 тыс. грузавых (1995). Вял. значэнне ў грузаабароце маюць унутр. водныя шляхі, асабліва па р. Меконг. Гал. рачны порт — Пнампень, марскі — Кампонгсаам. Міжнар. аэрапорт у Пнампені. Экспарт (630,5 млн.дол. ЗША, 1994): каўчук, драўніна, рыс, рыба, фрукты, вострыя прыправы). Імпарт (240 млн.дол. ЗША, 1994): нафтапрадукты, машыны і абсталяванне, буд. матэрыялы, харч. прадукты). Асн.гандл. партнёры: Сінгапур, Тайланд, В’етнам, Малайзія, Японія, Кітай. Грашовая адзінка — рыель.
Літаратура. Развіваецца на кхмерскай мове. Першыя вядомыя пісьмовыя помнікі — надпісы на камянях 7 ст. на санскрыце (у паэт. формах) і стараж.кхмерскай мове. Росквіт кхмерскай культуры, якая развівалася пад уплывам брахманізму і будызму махаяны, адносіцца да ангкорскага перыяду (9 — сярэдзіна 15 ст.); у гэты час у л-ры выкарыстоўвалася таксама мова палі. Да 15 ст. адносяць паэму «Тум і Тэаў» (зап. ў 19 ст.) пра трагічны лёс двух закаханых. У пасляангкорскі перыяд (сярэдзіна 15 — сярэдзіна 19 ст.) вылучаецца лірычная творчасць караля Сампхія (17 ст.) і яго творы ў жанры цьбапаў (законаў). Асобнае месца займае эпас «Рэамкер», сюжэт яго заснаваны на адной з версій «Рамаяны». Вельмі пашырана была будыйская л-ра (зб. «Панясаджатака»), У перыяд франц. каланіяльнага панавання (сярэдзіна 19 ст. — 1953) л-ра К. прадстаўлена пераважна паэзіяй, а таксама раманамі, сюжэты якіх запазычаны з будыйскіх зборнікаў (джатак). Сучасная проза пачала фарміравацца ў 1930-я г. (Ньёк Тхаем, Рым Кін, Ну Хач і інш.). Распрацоўваліся тэмы «маленькага чалавека», бяспраўя жанчыны, барацьбы з феад. перажыткамі. Адчуваецца некат. ўплыў франц. рамантызму. Пасля атрымання незалежнасці (1953) пачалі выдавацца часопісы, развіваліся публіцыстыка, літ.-знаўства. Прыкметнай з’явай стала творчасць празаіка Кіма Саета. На развіццё нац. культуры, у т. л. л-ры, адмоўна адбіліся падзеі ў краіне 2-й пал. 1970-х г. З 1980-х г.л-ра К. набыла магчымасць далейшага развіцця.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Фарміраваліся пад уплывам інд. мастацтва. Найб.стараж. помнікі — арнаментаваная кераміка неаліту, бронз. вырабы сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. У 6—7 ст. будаваліся свяцілішчы (прасаты) — прамавугольныя ў плане цагляныя вежы, падзеленыя пілястрамі і завершаныя пірамідай з несапраўдных паверхаў (Ангкор-Барэй і Самбор-Прэй-Кук); іх сцены аздаблялі разьбой па стуку, несапраўднымі парталамі. Індуісцкія і будыйскія статуі 2-й пал. 6 ст. вылучаліся абагульненай мадэліроўкай, умоўнай перадачай празрыстага адзення, падпарадкаванасцю архітэктуры. У сярэдзіне 6 ст. пачаў фарміравацца ўласна кхмерскі стыль. У 7—8 ст. з аслабленнем уплываў Індыі скульптура стала больш самабытнай (скульптура Харыхары з храма Прасат-Андэт, 8 ст.). Манум. цэласнасць аб’ёмаў спалучалася з мяккай лепкай аголенага цела і строгасцю фігуры. У 9—13 ст. статуі страцілі арх. залежнасць, набылі строгую франтальнасць, часам статычнасць, маналітную веліч і абагульненасць аб’ёмаў, што спалучалася з графічнай стылізацыяй дэталей. У 9 ст. склаўся тып арх. ансамбля з прасаты і дапаможных будынкаў з агароджай і павільёнамі-брамамі «гапура», пазней з галерэямі і каналамі (Баконг у Ролуасе). У 10 ст. будавалі з латэрыту і пясчаніку, пашырыўся разны дэкор, у пышны раслінны арнамент упляталіся выявы божастваў, нябесных паннаў, жывёл і пачвар (барэльефы ў храме Тула Баці). У 9—13 ст. склаўся гіганцкі комплекс Ангкор. З 14 ст. мураванае дойлідства заняпала, стараж. гаралы пакінуты. Будавалі драўляныя палацы і будыйскія храмы (каралеўскі палац і «Сярэбраная пагада» ў Пнампені; храм у г. Удонг) з галерэямі, аздобленыя разьбой, лепкай, размалёўкай золатам па лаку. Узводзілі каменныя звонападобныя ступы. Каменную скульптуру замяніла драўляная, рэльефы — размалёўка на тэмы будыйскіх паданняў. З 2-й пал. 19 ст. гарады забудоўвалі ў стылі франц. эклектыкі. У жывапісе канца 19 — пач. 20 ст.дэкар. стылізацыя спалучалася з рэаліст. выразнасцю твараў (Окна Тэп Німіт Тлак). З 1950-х г. пачалося планамернае горадабудаўніцтва ў традыцыях мясц. архітэктуры (арх. Ванмаліван) і сучасным стылі Масавая забудова — каркасныя дамы на палях. Развіваліся жывапіс і графіка (Нгок Дзім, Сам Юн). Традыц.нар. рамёствы — ручное шаўкаткацтва, батык, разьба па дрэве і слановай косці, гравіроўка па метале, размалёўка керамікі, вышыўка, выразанне са скуры (ажурныя пано, фігуры тэатра ценяў). У перыяд ваен. дзеянняў 1970—75 і праўлення «чырв. кхмераў» (1975—78) большасць кхмерскіх помнікаў мастацтва знішчана.
Літ.:
Миго А. Кхмсры: История Камбоджи с древнейших времен: Пер. с фр.М., 1973;
История Кампучии: Краткий очерк. М., 1981;
Бектимирова Н.Н., Дементьев Ю.П., Кобелев Е.В. Новейшая история Кампучии. М., 1989;
Бектимирова Н.Н. Кризис и падение монархического режима в Кампучии (1953—1970). М., 1987;
Мосяков Д.В. Кампучия: Особенности рев. процесса и полпотовский «эксперимент». М, 1986;
Яго ж. Камбоджа: внутреннее развитие, 1979—1989. М., 1991.
І.В.Загарэц (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).
Герб і сцяг Камбоджы.Да арт.Камбоджа. Вёска кхмераў.Да арт.Камбоджа. Верхняя частка вежы храма Баён у Ангкор-Тхоме. 12—13 ст.Да арт.Камбоджа. Барэльеф у храме Тула Баці.Да арт.Камбоджа. Храм у г. Удонг.Да арг.Камбоджа. Вышэйшы тэхналагічны інстытут у г. Пнампень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗРА́ІЛЬ, Дзяржава Ізраіль (Медынат-Ісраэль),
дзяржава ў Зах. Азіі, на ўзбярэжжы Міжземнага м. Мяжуе на Пн з Ліванам, на У з Сірыяй, тэрыторыяй арабскай аўтаноміі на зах. беразе р. Іардан, Іарданіяй, на Пд з Егіптам і сектарам Газа, на З абмываецца Міжземным м. Падзяляецца на 6 акруг (дыстрыктаў). Пл. 20,8 тыс.км². І. акупіруе ч. суседніх араб. тэрыторый пл. 7,1 тыс.км² (Зах. бераг р. Іардан, сектар Газа, Галанскія вышыні). Нас. каля 5950 тыс.чал. (канец 1997). Паводле пастаноў урада 1950 і парламента 1980, сталіца — г.Іерусалім (не прызнана большасцю краін і ААН). Афіц. мовы — іўрыт (старажытнаяўрэйская) і арабская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (5 іяра па яўр. календары, рухомае — у крас. або маі).
Дзяржаўны лад. І. — дэмакр. рэспубліка. Краіна не мае канстытуцыі; асновы дзярж. ладу рэгулююцца некалькімі заканад. актамі, у т. л. законамі аб грамадзянстве, прэзідэнце, парламенце. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам на 5 гадоў. Паўнамоцтвы прэзідэнта абмежаваны і ў асноўным зводзяцца да прадстаўніцтва. Уся паўната ўлады належыць прэм’ер-міністру, які выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Урад кіруе ўсімі пытаннямі ўнутр. і знешняй палітыкі дзяржавы. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны парламент (кнесет); складаецца з 120 дэпутатаў, якія выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады. Мясц. органы ўлады — муніцыпальныя саветы ў гарадах і сельскія акр. саветы, выбіраюцца на 4 гады. Суд. сістэма складаецца са свецкіх і рэліг. судоў (судоў равінату і судоў шарыяту — для араб. насельніцтва). Сістэму свецкіх судоў (раённых, муніцыпальных і акруговых) узначальвае Вярх.суд. Суды равінату разглядаюць пытанні шлюбу і сям’і, культавыя справы і дзейнічаюць на аснове Талмуда і галахічных пастаноў.
Прырода. Асн. частка тэр. І. — нагор’е выш. 600—700 м. Паўночная, найб. высокая ч. нагор’я наз. плато Галілея (найвыш. пункт — г. Мейрон, 1208 м). На Пд паўпустыннае і пустыннае плато Негеў (60% тэр.). На У грабен Гхор і яго працяг — Вадзі-эль-Араба. Самая нізкая ч. ўпадзіны занята Мёртвым м., узровень якога на 400 м ніжэй узроўню акіяна. Уздоўж Міжземнага м. ўрадлівая ўзгорыстая раўніна, больш шырокая на Пд. Гал. карысныя выкапні — расолы Мёртвага м., багатыя солямі калію, брому, магнію. Ёсць фасфарыты, буд. матэрыялы, невял. запасы медных і жал. руд, нафты і прыроднага газу. Клімат субтрапічны міжземнаморскі з сухім і гарачым летам. Ападкаў ад 800—400 мм на Пн да 100 мм на Пд. Адзіная рака з пастаянным сцёкам — Іардан, працякае праз Тыверыядскае воз., упадае ў Мёртвае м. Астатнія рэкі невялікія, летам перасыхаюць або выкарыстоўваюцца на арашэнне. На Пд пашыраны вадзі. Вада р. Іардан па сістэме каналаў і трубаправодаў перакідваецца на Пд. Глебы карычневыя, шэра-карычневыя, шэразёмы, шэра-бурыя. Уздоўж узбярэжжа захаваліся ўчасткі маквісу, фрыганы; лясы займаюць 5% тэрыторыі. Нац. парк Кармель, некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. Яўрэі складаюць каля 81% насельніцтва, арабы — каля 18%. Жывуць таксама армяне, чэркесы і інш. Каля 60% яўр. насельніцтва нарадзілася ў І. Каля 25% яўр. насельніцтва — выхадцы з Еўропы, каля 15% — з араб. і інш.мусульм. краін. Сярод імігрантаў з Еўропы значную ч. складаюць выхадцы з Беларусі (за 1980—96 выехала больш за 95 тыс.чал.) і інш. частак былога СССР. Сярод вернікаў пераважаюць іудаісты, большасць арабаў — мусульмане-суніты, ёсць друзы і хрысціяне. Сярэдняя шчыльн. 286 чал. на 1 км². У наваколлі Тэль-Авіва шчыльн. больш за 5000 чал., у Негеве зніжаецца да 30 чал. на 1 км². У гарадах жыве 91% насельніцтва (1997). Найб. гарады (тыс.ж., 1996): Іерусалім — 602, Тэль-Авіў — 353 (разам з прыгарадамі і суседнімі гарадамі каля 2 млн. ж), Хайфа — 255. У прам-сці, буд-ве, транспарце і сувязі занята 35% насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 4%, астатнія — у абслуговых галінах.
Гісторыя. Перадумовы для ўтварэння сучаснай дзяржавы І. пачалі складвацца пасля арганізац. афармлення паліт. кірунку ў сіянізме (1897). Сусветная сіянісцкая арганізацыя (ССА) абвясціла сваёй мэтай стварэнне «для яўр. народа праваахоўнага прыстанішча» ў Палесціне (у старажытнасці тут існавалі Ізраільскае царства і Іудзейскае царства) шляхам каланізацыі гэтай тэрыторыі, якая тады ўваходзіла ў склад Асманскай імперыі. У Палесціне жылі пераважна арабамоўныя мусульмане і хрысціяне; напярэдадні 1-й сусв. вайны тут было каля 60 тыс. яўрэяў. Для здзяйснення сваіх намераў сіяністы шукалі саюзнікаў і заступнікаў сярод найб. уплывовых краін свету, найперш Вялікабрытаніі. Каб выкарыстаць сіянісцкі рух для ўзмацнення ўласных пазіцый у Палесціне, урад Вялікабрытаніі ў ліст. 1917 афіцыйна абвясціў пра свае «прыхільныя адносіны» да стварэння тут «нац. ачага для яўр. народа». Пасля перамогі дзяржаў Антанты ў 1-й сусв. вайне і зацвярджэння мандата Вялікабрытаніі на кіраванне Палесцінай (1922) склаліся спрыяльныя ўмовы для каланізацыі (засялення) яе яўрэямі. З 1920 да 1948 мясц.яўр. абшчына (ешуў) павялічылася амаль у 40 разоў. Пасля 2-й сусв. вайны яўр.паліт. арг-цыі, падтрыманыя ЗША, адкрыта паставілі пытанне пра стварэнне ўласнай дзяржавы на тэр. Палесціны, што выклікала процістаянне паміж ешувам і брыт. ўладамі. Узмацніўся і нац.-вызв. рух палесцінскіх арабаў. У гэтых умовах Вялікабрытанія перадала палесцінскае пытанне на абмеркаванне ў ААН. У выніку працяглых дэбатаў Ген. Асамблея галасамі 33 дзяржаў (Вялікабрытанія ўстрымалася ад галасавання) 29.11.1947 прыняла рашэнне аб скасаванні брыт. мандата на Палесціну і падзеле яе на 2 дэмакр. дзяржавы: арабскую (11.1 тыс.км²) і яўрэйскую (14,1 тыс.км², або 56% палесцінскай тэр., са змяшаным насельніцтвам — 499 тыс. яўрэяў і больш за 509 тыс. арабаў); г.Іерусалім вылучаўся ў спец. зону пад міжнар. кантролем. На падставе рэзалюцыі ААН лідэры ССА і яўр. абшчыны ў Палесціне 14.5.1948 абвясцілі ўтварэнне дзяржавы І. Араб. краіны, незадаволеныя рашэннем ААН, на наступны дзень пачалі араба-ізраільскую вайну 1948—49, у выніку якой яны пацярпелі паражэнне, а ізраільцяне заваявалі 6,7 тыс.км² (б.ч. зямель не створанай палесцінскай араб. дзяржавы). Узнікла праблема палесцінскіх бежанцаў-арабаў, што ўскладніла араба-ізраільскія адносіны (гл.Блізкаўсходні канфлікт). У 1949 у выніку пагадненняў аб перамір’і паміж І. і суседнімі араб. дзяржавамі (Егіпет, Іарданія, Ліван, Сірыя) вызначана дэмаркацыйная лінія (працягласць 1239 км, заставалася нязменнай да ізраільска-араб вайны 1967). У 1949 у І. адбыліся выбары ў парламент. Першым прэзідэнтам краіны стаў адзін з лідэраў сіянісцкага руху Х.Вейцман, першым прэм’ер-міністрам — Д.Бен-Гурыён. Яго ўрады (1948—53, 1955—63) аддавалі вял. ўвагу забеспячэнню нац. бяспекі і стварэнню ўзбр. сіл: распушчаны або ўключаны ў склад рэгулярнай арміі вайск. фарміраванні розных паліт. партый і арг-цый, якія існавалі з часоў знаходжання Палесціны пад брыт. мандатам; праходжанню вайск. службы падлягалі мужчыны і жанчыны; да 1960-х г. з дапамогай Францыі створаны сучасныя ВПС.
У 1956 І. разам з Вялікабрытаніяй і Францыяй удзельнічаў ва ўзбр. інтэрвенцыі супраць Егіпта: урад Бен-Гурыёна разлічваў пашырыць паўд. межы І. (кампанія на Сінайскім п-ве). Пасля прыняцця ААН рэзалюцыі, якая асуджала траістую агрэсію, і дыпламат. націску з боку ЗША і СССР войскі І. выведзены з тэр. Егіпта. Улады І. заахвочвалі іміграцыю яўрэяў з усяго свету. Напачатку насельніцтва краіны папаўнялася пераважна за кошт б. вязняў нацысцкіх канцлагераў. У 1950-я г. ўзмацнілася эміграцыя яўрэяў з мусульм. краін Б. і Сярэдняга Усходу, Паўн. Афрыкі; у 1960-я г. іх стала больш, чым яўрэяў еўрап. паходжання. Вырашэнню многіх эканам. праблем краіны спрыяла фін. дапамога з боку ЗША. Аднак араба-ізраільскія адносіны заставаліся напружанымі. 5.6.1967 ізраільскія войскі адначасова нанеслі прэвентыўныя ўдары па тэр. Егіпта, Іарданіі і Сірыі. У ходзе т.зв. шасцідзённай вайны яны занялі егіпецкія (Сінайскі п-аў і сектар Газа), іарданскія (Усх. Іерусалім і Заходні бераг ракі Іардан), сірыйскія (Галанскія вышыні) землі; (усяго каля 70 тыс.км²). З гэтага часу пытанне пра будучыню акупіраваных араб. зямель стала адной з гал. праблем унутрыпаліт. жыцця І. 22.11.1967 Савет Бяспекі ААН прыняў рэзалюцыю, якая прадугледжвала спыненне вайны на Б. Усходзе, забеспячэнне тэр. недатыкальнасці і гарантыі граніц усіх дзяржаў рэгіёна, вывад ізраільскіх войск з акупіраваных тэрыторый. Аднак І. не прыняў гэта рашэнне: амаль усе вядучыя партыі краіны адмовілі ідэю вяртання да даваен. тэрыторый і прызнанне права араб. народа Палесціны на нац. самавызначэнне. Разыходжанні ў пазіцыях партый датычыліся толькі варыянтаў «тэр. уступак» і магчымасці кампрамісу для дасягнення міру на Б. Усходзе. У кастр. 1973 адбылася новая араба-ізраільская вайна (т.зв. Вайна Суднага Дня) — Егіпет і Сірыя спрабавалі ўзбр. шляхам вярнуць страчаныя тэрыторыі. На 1-м этапе вайны І. фактычна пацярпеў паражэнне. На 2-м этапе ізраільцяне з вял. цяжкасцямі аднавілі раўнавагу сіл, пры гэтым страцілі каля 3 тыс.чал. забітымі, 900 танкаў і каля 250 самалётаў; ваен. дзеянні прыпынены пад націскам СССР і ЗША. Урад Г.Меір вымушаны быў пайсці ў адстаўку. Новы кабінет узначаліў у крас. 1974 І.Рабін, але і яго ўрад не здолеў спыніць інфляцыю і пагаршэнне эканам. становішча краіны, што прывяло да аслаблення пазіцый кіруючага с.-д. блока Маарах (утвораны ў 1969). З 1948 да 1977 дзярж. ўлада ў І. належала сацыял-сіянісцкім партыям, якія прапагандавалі лозунг пабудовы «сіянісцкага сацыялізму». У 1977 на выбарах у кнесет перамог правы блок партый Лікуд (лідэр М.Бегін), што знаходзіўся на чале ўлады да 1984. Яго эканам. праграма прадугледжвала пашырэнне прыватнага прадпрымальніцтва на ўсе сферы эканомікі. Аднак лібералізацыя эканомікі не спыніла росту інфляцыі, выкліканай вял. выдаткамі на патрэбы абароны. Ураду Бегіна ўдалося дамагчыся мірнага ўрэгулявання з Егіптам. У 1978 пры ўдзеле ЗША паміж І. і Егіптам заключаны Кэмп-Дэвідскія пагадненні, 26.3.1979 падпісаны мірны дагавор, паводле якога Егіпту вернуты Сінайскі п-аў (крас. 1982). За першыя 30 гадоў існавання І. яго насельніцтва павялічылася ў 5 разоў, пры гэтым на 2/3 за кошт імігрантаў. У чэрв. 1982 Ізраільскія войскі ўварваліся ў Ліван і дамагліся эвакуацыі з Бейрута штаб-кватэры і ўзбр. фарміраванняў Арганізацыі вызвалення Палесціны (ААП). У выніку выдаткаў на вайну і акупацыі Пд Лівана ў І. паглыбіўся эканам. крызіс. У жн. 1983 урад узначаліў І.Шамір. У ліп. 1984 створаны ўрад «нац. адзінства» (кааліцыя Лікуд—Маарах). Абвешчанае кааліцыйным урадам «аздараўленне эканомікі» (прадугледжвала эканам. рост, поўную занятасць працаздольнага насельніцтва, стабілізацыю цэн і інш.) не было поўнасцю выканана, што прывяло да распаду кааліцыі (сак. 1989). Кіраўніком урада зноў стаў Шамір. Нягледзячы на абстрэлы тэр. І. іракскімі ракетамі, І. захоўваў нейтралітэт у час кувейцкага крызісу 1990—91. У чэрв. 1991 пасля паражэння на парламенцкіх выбарах блока Лікуд сфарміраваны ўрад на чале з лідэрам партыі Працы (ядро — блок Маарах) Рабінам. Пасля Мадрыдскай мірнай канферэнцыі па Б. Усходзе (кастр. 1991) пачаліся прамыя араба-ізраільскія перагаворы. У вер. 1993 Рабін і старшыня ААП Я.Арафат падпісалі ў Вашынгтоне ізраільска-палесцінскую Дэкларацыю аб прынцыпах, якая прадугледжвала стварэнне часовага самакіравання на Зах. беразе р. Іардан і ў Газе; І. і ААП абвясцілі пра ўзаемнае прызнанне. У маі 1994 войскі І. пакінулі г. Іерыхон і Газу, што перайшлі пад кіраванне палесцінскай аўт. адміністрацыі. У ліп. 1994 Рабін і кароль Іарданіі падпісалі мірнае пагадненне, якое завяршыла 46-гадовы стан вайны паміж гэтымі краінамі. У кастр. 1994 абодва бакі заключылі поўнамаштабны дагавор, паводле якога вырашаны тэр. спрэчкі і размеркаваны водныя рэсурсы, устаноўлена супрацоўніцтва ў сферы гандлю, эканомікі, абароны навакольнага асяроддзя і турызму. У 1994 І. устанавіў дыпламат. адносіны з Ватыканам. У 1995 паміж І. і ААП падпісана другое пагадненне, якое прадугледжвала вывад ізраільскіх войск (адбыўся ў пач. 1996) з палесцінскіх тэрыторый на зах. беразе, выбары Палесцінскага савета з 88 членаў і прэзідэнта палесцінскай аўт. адміністрацыі. 4.11.1995 Рабін забіты ізраільскім экстрэмістам. Кіраўніком урада стаў Ш.Перас, які прадоўжыў перагаворы з ААП. Аднак у маі 1996 прэм’ер-міністрам І. выбраны Б.Нетаньяху — прыхільнік мінімальнага кампрамісу ў перагаворах з палесцінцамі. І. — член ААН (з 1949). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў маі 1992.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Лікуд (найбуйнейшая партыя), Сацыяліст. партыя Авода (Праца), блок левых партый Мерэц (Дэмакр. І.) у складзе РАЦ (Рух за грамадз. правы), Шынуі (Змяненне) і МАПАМ (Аб’яднаная рабочая партыя), блок камуністаў і левых сіл, рэліг. партыя ШАС (Сефардскія вартаўнікі Торы), Мафдал (Нац.-рэліг. партыя), «Яхадут ха-Тора ха-меухедэт» («Аб’яднаны іудаізм Торы»), Дэмакр.араб. партыя і інш.Прафс. аб’яднанне — Гістадрут (Усеагульная федэрацыя працы І.).
Гаспадарка. І. — індустр.-агр. краіна. Доля ў валавым унутр. прадукце прам-сці і буд. каля 30%, сельскай гаспадаркі — каля 5%; на 1 чал. ў год прыпадае каля 17 тыс. долараў. У прамысловасці пераважаюць дробныя і сярэднія прадпрыемствы, аднак адбываецца канцэнтрацыя вытв-сці. Энергетыка засн. на выкарыстанні імпартаванай нафты. Вытв-сць электраэнергіі 29,6 млрд.кВт∙гадз (1996). Здабыўная прам-сць уключае здабычу хім. сыравіны з вод Мёртвага м.: калійных солей (каля 2 млн.т штогод), брому і магнію. Здабываюць фасфарыты (у Негеве, каля 3 млн.т штогод), буд. матэрыялы, невял. колькасць меднай руды, нафты і прыроднага газу. Развіты металаапрацоўка і машынабудаванне. Сталеліцейны з-д у Ака гадавой магутнасцю 200 тыс.т. Найважнейшую ролю (дае чвэрць усёй прамысл. прадукцыі) адыгрывае вытв-сцьваен. тэхнікі. Выпускаецца разнастайнае прамысл. абсталяванне. Ёсць некалькі аўтазборачных прадпрыемстваў, суднаверф у Хайфе. Добра развітая радыёэлектронная прам-сць спецыялізуецца пераважна на выпуску прадукцыі прамысл. і ваен. прызначэння: электраабсталявання, тэлеапаратуры, сістэм правадной радыё- і радыёрэлейнай сувязі, радыёстанцый, ЭВМ, кантрольна-вымяральных прылад, прыёмнікаў, тэлеф. станцый, мед. і быт. электронікі, канвектараў сонечнай энергіі і інш.Хім.прам-сць — адна з найб. развітых галін. Выпускае ўгнаенні (калійныя і суперфасфат), штучныя кармы, ядахімікаты, шыны і камеры. 2 нафтаперапр. з-ды (Хайфа, Ашдод) перапрацоўваюць штогод каля 10 млн.т нафты. Большая ч. прадукцыі добра развітой фармацэўтычнай прам-сці экспартуецца. Харч.прам-сць — старэйшая галіна прам-сці. Выпускае разнастайную прадукцыю (каўбасныя, малочныя і кандытарскія вырабы, сыры, канцэнтраты, кансервы, сокі). Вінаробства. Тэкст. і швейная прам-сць выкарыстоўвае сувязі з краінамі Еўропы і Амерыкі. Пераважае выпуск баваўняных і сінт. тканін, верхняга і футравага адзення, пасцельнай бялізны, сінт. дываноў, ваен. абмундзіравання. Ёсць некалькі соцень гарбарна-абутковых прадпрыемстваў. Развіты таксама галіны: дрэваапр., папяровая, паліграф., вытв-сць канцтавараў, спарт. інвентару, ювелірных і прыкладнога мастацтва вырабаў. І. займае адно з першых месцаў у свеце на апрацоўцы прамысл. алмазаў і агранцы брыльянтаў. Больш за палавіну прамысл. прадпрыемстваў у раёне Тэль-Авіва, каля чвэрці — у Хайфе. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля палавіны плошчы краіны. Апрацоўваецца каля 440 тыс.га, у т. л. больш за 220 тыс.га арашаецца. Паўпустынныя тэрыторыі выкарыстоўваюцца пад пашу. Большая частка зямлі належыць дзяржаве, якая перадае яе ў шматгадовае карыстанне яўр. калектыўным гаспадаркам (у т. л.кібуцам) і індывід. фермерам. І. сусв. лідэр па с.-г. тэхналогіях. Цытрусавыя займаюць каля 35 тыс.га, інш. фрукты — каля 55 тыс.га, палявыя культуры — каля 230 тыс.га, агародніна, бульба і бахчавыя культуры — каля 45 тыс.га, кветкі — каля 2 тыс.га, пад рыбнымі сажалкамі каля 3 тыс.га. Штогадовы збор (тыс.т): пшаніцы — каля 300, бавоўны-валакна (асн.тэхн. культура) — каля 50, кармавых культур — каля 150, агародніны — каля 1100, бульбы — каля 220, бахчавых культур — каля 160, цытрусавых — каля 1500, інш. фруктаў (яблыкі, вінаград, бананы, аліўкі, авакада, ківі і інш.) — каля 500. Развіта малочна-мясная жывёлагадоўля. Буйн. раг. жывёлы 395 тыс. галоў, кур-нясушак 6,4 млн. галоў, бройлераў 15 млн. галоў, індыкоў 4,1 млн. галоў (1996). Па ўдоі малака на адну карову (больш за 8,5 тыс.л за год) І. займае 1-е месца ў свеце. Гадуюць авечак, коз (разам каля 420 тыс. галоў). Развіты рыбаводства, рыбалоўства ў Тыверыядскім возеры. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 15,1 тыс.км. У краіне каля 1,5 млн. аўтамашын. Даўж. чыгункі 610 км. Асн. чыгунка і аўтадарогі злучаюць Пн і Пд краіны. Нафтаправоды Эйлат—Хайфа, Эйлат—Ашкелон, прадуктаправод Хайфа—Тэль-Авіў. У знешніх зносінах вял. ролю адыгрывае марскі транспарт. Танаж гандл. флоту каля 2 млн.т, частка флоту плавае пад замежнымі флагамі. Гал. парты Ашдод (пераважае экспарт), Хайфа (пераважае імпарт), Эйлат. У краіне 2 міжнар. аэрапорты (імя Бен-Гурыёна каля Тэль-Авіва і Эйлацкі на крайнім Пд), праз іх праходзіць больш за 10 тыс.міжнар. рэйсаў за год. І. — краіна развітога турызму, у год яе наведвае каля 2 млн. замежных турыстаў і паломнікаў. У 1993 замежны турызм даў 2,1 млрд. долараў. Асн. раёны замежнага турызму: Іерусалім, Бейт-Лахм (Віфлеем), Назарэт, узбярэжжы Міжземнага і Мёртвага мораў, Эйлат. І. экспартуе машыны і абсталяванне, узбраенне, аграненыя алмазы, цытрусавыя, кансерваваныя фрукты, мінер. ўгнаенні, хімікаты і інш.; імпартуе паліва, неапрацаваныя алмазы, некат. прамысл. і харч. тавары, кармы, аўтамашыны і інш. Імпарт (у 1996—29,9 млрд.дол.) большы за экспарт (у 1996—20,5 млрд.дол.). Дэфіцыт гандл. балансу пакрываецца за кошт замежнай дапамогі (ЗША і яўр. арг-цыі). Гал.гандл. партнёры ЗША, Германія, Японія, Вялікабрытанія, Італія, Швейцарыя. Грашовая адзінка — шэкель.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС, ВМС і рэзерву. Тэр. краіны падзелена на ваен. акругі: Паўн., Цэнтр. і Паўднёвую. У 1997 налічвалі 175 тыс.чал., рэзерву — 430 тыс.чал. У сухап. войсках 134 тыс.чал., 4,3 тыс. танкаў, каля 6 тыс. бронетранспарцёраў і баявых машын пяхоты, 4,4 тыс.артыл. сродкаў і мінамётаў. У ВПС 32 тыс.чал., 448 баявых (250 у рэзерве) самалётаў і 130 баявых верталётаў. У ВМС 9 тыс.чал., 2 падводныя лодкі, 55 баявых караблёў і катэраў. З 1986 распрацоўваецца сістэма супрацьракетнай абароны. У 1988, 1990, 1995 і 1997 запушчаны касм. апараты ізраільскай вытв-сці, працягваецца распрацоўка развед. сістэм касм. базіравання і супрацьракетных комплексаў «Эроў», «Хец».
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 76, жанчын 80 гадоў. Смяротнасць 6 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 159 чал., урачамі — 1 на 214 чал. Узровень нараджальнасці 20 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць 9 на 1 тыс. нованароджаных (1996).
Асвета, навуковыя ўстановы. У І. існуе сістэма ўсеагульнага абавязковага і бясплатнага навучання для дзяцей ва ўзросце 5—16 гадоў, з 16 да 18 гадоў — па жаданні. У сістэме школьнага навучання 4 тыпы школ: дзярж. (вучыцца большасць дзяцей), дзярж.рэліг. (з паглыбленым вывучэннем іудаізму і яўр. традыцый), араб. і друзскія (навучанне на араб. мове), прыватныя (абслугоўваюць патрэбы розных рэліг. суполак і міжнар. арг-цый). Школы 3 ступеней: пач. (1—6-ы кл.), сярэдняя (7—9-ы кл.) і гімназія (10—12-ы кл., спалучаецца свецкае навучанне з рэліг. выхаваннем). У некат. сярэдніх школах акрамя агульнаадук. праграм уведзена прафес. арыентацыя. Прафес. падрыхтоўку маюць тэхнал. (3 узроўні) і с.-г. школы, вучылішчы адпаведных галіновых мін-ваў. Паводле закона аб сярэдняй адукацыі дзеці, якія нідзе не вучыліся, абавязаны набыць спецыяльнасць у вячэрняй школе (3—4 гады навучання). Для павышэння адукац. ўзроўню розных слаёў насельніцтва створаны спец. дзённыя і вячэрнія курсы для дарослых, курсы па вывучэнні іўрыта ў спец. цэнтрах абсорбцыі для імігрантаў. У сістэме вышэйшай адукацыі — ун-ты, ін-ты і каледжы; навучанне платнае. У 1996/97 навуч.г. ў І. больш за 150 тыс. студэнтаў, у т. л. 102 тыс. ва ун-тах. Буйнейшыя ВНУ: «Тэхніён» — Ізраільскі політэхн.ін-т у Хайфе (засн. ў 1912, адчынены ў 1924), Яўр.ун-т у Іерусаліме (засн. ў 1918, адчынены ў 1925), Ун-т імя Бар-Ілана (з 1955) у Рамат-Гане, Тэль-Авіўскі ун-т (з 1956), Хайфскі ун-т (з 1963), Ун-т імя Д.Бен-Гурыёна ў Негеве (засн. ў 1965 у Беэр-Шэве), Адкрыты ун-т (засн. ў 1974) і інш. У І. шырокая сетка навук. і спец. б-к, цэнтраў апрацоўкі інфармацыі. Буйнейшыя б-кі: Ізраільская нац.б-ка (з 1892; знаходзіцца ў Яўр. ун-це, выконвае функцыі нац.цэнтр. і універсітэцкай б-кі), навук.-тэхн. б-ка пры «Тэхніёне», б-каН.-д. ін-та імя Х.Вейцмана ў Рэховаце, б-кі ун-таў і Кнесета (парламента); Цэнтр.муз.б-ка ў Тэль-Авіве, Б-ка танца і музыкі (аддзяленні ў Тэль-Авіве і Іерусаліме) і інш. Музеі: Нац. музей І. (з 1965), Археал. музей (з 1938), Музей ісламу (з 1970), Мемар. музей Яд ва-Шэм (з 1953; у складзе даследчага і дакумент. цэнтра памяці ахвяр нацызму), музей Акадэміі музыкі і танца ў Іерусаліме; Музей мастацтва (засн. ў 1926, адчынены ў 1931), Гаарэц-музей (з 1958; збор маст. шкла, манет, яўр. мастацтва, фальклору і інш.) у Тэль-Авіве; музеі стараж. (з 1948) і сучаснага (з 1951) мастацтва, Музей мастацтва Японіі, Муз.; Марскі і інш.Н.-д. работу праводзяць Н.-д.ін-т імя Х.Вейцмана (з 1934), навук. асацыяцыі, у т. л. Ізраільская мед. асацыяцыя (з 1912; у 1957 ёю засн. Іерусалімская акадэмія мед. навук), Асацыяцыя інжынераў і архітэктараў (з 1921), н.-д. ін-ты і цэнтры акад. ун-таў, «Тэхніёна», галіновых мін-ваў, Акадэмія мовы іўрыт (з 1953), Камісія па атамнай энергіі (з 1952) 1 інш. Н.-д.работу каардынуе Нац. савет па навук. даследаваннях і развіцці (з 1959) пры Мін-ве навукі і развіцця (з 1982).
Друк, радыё, тэлебачанне. У І. каля 400 перыяд. выданняў на мовах іўрыт, ідыш, араб., англ., франц., ням., рус., польск., венгерскай. Найб. уплывовая штодзённая ранішняя незалежная газ. «Гаарэц» («Наша краіна», з 1918), найб. тыраж маюць штодзённыя вячэрнія незалежныя газ. «Едыёт Ахранот» («Апошнія навіны», з 1939) і «Маарыў» (з 1948; усе ў Тэль-Авіве, на іўрыце). Інфарм. агенцтвы: Ітанут Ісраэліт Меўгедэт (з 1950, у Тэль-Авіве), Іевіш Тэлеграфік Агенсі (Іерусалім), Палесцін Прэс Сервіс (Іерусалім, араб.інфарм. агенцтва на акупіраваных тэрыторыях). Радыё ў І. з 1948. Першая радыёстанцыя засн. ў Іерусаліме, мае студыі ў Тэль-Авіве і Хайфе, трансліруе 6 праграм унутры краіны і па-за яе межамі на 16 мовах, у т. л. на іўрыце, ідыш, араб., англ., франц., рус., эфіопскай. З 1951 дзейнічае радыё ізраільскіх узбр. сіл «Галей Цахал». Тэлебачанне з 1966, трансліруе агульнанац. праграмы на мовах іўрыт і арабскай.
Літаратура. Да канца 19 ст.л-раяўр. народа развівалася пераважна ў краінах дыяспары на іўрыце, араміце, а таксама на новых мовах рассялення — ладзіна, ідыш і інш. (гл.Яўрэйская літаратура). На мяжы 19—20 ст. цэнтр новай л-ры на іўрыце паступова пачаў перамяшчацца з Усх. Еўропы ў Палесціну (пісьменнікі А.Д.Гордан, І.Х.Брэнер, Х.Н.Бялік, Ш.Чэрніхоўскі). У навелах і раманах Ш.І.Агнона прадстаўлены жанр філас. прытчы, дзе біблейскія і фалькл. матывы спалучаюцца з сюррэаліст. гратэскам. Панарама жыцця яўрэйства ў прозе Х.Хазаза. Глыбокай метафарычнасцю і сугестыўнасцю пазначаны творы паэтаў 1940—50-х г. А.Шлёнскага, Н.Альтэрмана, Л.Гольдберг, у творчасці якіх адчуваецца ўплыў еўрап. сімвалізму і рус. акмеізму. Сплавам традыцый з навацыямі экспрэсіянізму і філас. роздумам экзістэнцыялізму вылучаецца паэзія У.Ц.Грынберга. Традыцыі Бяліка ў 1940—80-я г. прадоўжаны ў паэзіі Ш.Шалома і А.Коўнера. Гал. тэмай маладога пакалення 1940—50-х г. стала барацьба народа за незалежнасць і адраджэнне дзяржавы (проза І.Мосінзана, М.Шаміра, С.Ізхара, Н.Шахама і інш.). З 1960-х г.цэнтр. месца ў л-ры І. займаюць пісьменнікі «новай хвалі», для якіх характэрна экзістэнцыяльная тэматыка, увага да ўнутр. свету асобы, глыбінь чалавечай псіхікі (раманы і навелы А.Б.Іехошуа і А.Оза). Проза А.Апельфельда — своеасаблівы манумент усім, хто загінуў у часы фаш. генацыду. У 1960—70-я г. ўзрасла хваля авангарднай «маладой паэзіі» (І.Аміхай. Н.Зах, Д.Авідан), якой уласцівы абвостраны суб’ектывізм, імкненне перадаць глыбінныя рухі душы. Супярэчлівыя, парадаксальныя пошукі найноўшай л-ры 1970—90-х г. адлюстраваліся ў прозе І.Бен-Нера, Я.Шабтая, Д.Шыца, Ш.Харэвен, Х.Беера, паэзіі Я.Гурвіца, М.Візелціра, А.Шабтая, І.Волаха. Вял. папулярнасцю ў краіне і за яе межамі карыстаецца творчасць старэйшага пісьменніка-гумарыста Э.Кішона.
Архітэктура. Асновы архітэктуры І. склаліся ў канцы 19 — пач. 20 ст., калі з’явілася неабходнасць масавай жылой забудовы для рэпатрыянтаў. Яе асаблівасці закладзены ў пабудове квартала Мішкенот Шаананім («Мірныя дамы», 1860) у Іерусаліме: замкнёныя «гетападобныя» вуліцы, разлічаныя на аднароднае этнічнае і рэліг. насельніцтва, выкарыстанне мясц.арх. форм і традыцый, засваенне тагачасных вобразна-канструкцыйных сродкаў сусв. архітэктуры. Архітэктура пач. 20 ст. развівалася ў рэчышчы «міжземнаморскага стылю» (рэгіянальны варыянт інтэрнац. стылю 1920-х г.), мадэрну і канструктывізму. Сярод найб. значных пабудоў: канцэртная зала Ф.Мана ў Тэль-Авіве (1957, арх. З. і Я.Рэхтэры, Д.Кармі, М.Зархі) з веерападобнай канструкцыяй залы і падвеснай столлю; Нац. музей у Іерусаліме (1965) з кубічнымі аб’ёмамі будынкаў, унутр. дворыкам і пераходамі (арх. А.Мансфельд, Д.Гад) і паркам (арх. Ісаму Нагучы); комплекс іерусалімскага ун-та з 30 будынкаў з падкрэслена функцыян. стылем (арх. Д.Рэзнік, Э.Рау); будынак Кнесета ў Іерусаліме (1966, арх. Кармі, І.Кларвайн) са сплавам рамантызму і манум. выразнасці. З 1970-х г. манументалізацыя набыла выгляд «новага бруталізму» (ажыўленне т.зв. традыцый крыжаносцаў — выкарыстанне вежаў, шчыльных муроў і інш.); шпіталь «Кармел» у Хайфе (арх. Я.Рэхтэр), б-ка «Бет-Арыэла» ў Тэль-Авіве (арх. М.Лупентэлер, Г.Грэмерман) і інш. З 1980-х г. у архітэктуры дамінуе постмадэрнізм, якому ўласцівы інтэрпрэтацыі мясц. і міжнар. традыцый розных эпох, у т. л. араба-ісламскіх: пл. Сюзан Дэлаль у Тэль-Авіве, будынак Вярх. суда ў Іерусаліме (арх. Р.Кармі, А.Кармі-Меламід) і інш. Узводзяцца грамадскія пабудовы ў амерыканізаваным стылі.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Вытокі нац.маст. школы І. звязаны з асяродкам «Бецалель» у Іерусаліме (засн. ў 1906), які гал. ідэяй творчасці абвяшчаў незалежнасць ад іншаземных уплываў, пошук сувязей з нар. традыцыямі, вобразамі людзей і прыроды Палесціны, хоць за аснову браліся выяўл. сродкі еўрап. мастацтва. Феномен маст. школы І. — вял. кола мастакоў розных хваль эміграцыі, якія атрымалі прафес. адукацыю ў розных краінах свету, але сфарміравалі пры гэтым плюралістычны і разнастайны вобраз сучаснага яўр. мастацтва. У 1920 у Іерусаліме ўтвораны Саюз яўр. мастакоў, пачалі ладзіцца выстаўкі. У 1920-я г. пры захаванні ў аснове рэаліст. традыцый пашырыліся авангардныя кірункі (жывапісцы М.Шэмі, І.Сімон, Х.Атар, А.Левін, графікі А.Эльвейл, Ш.Вейль, Я.Штэйнхард, скульптары Х.Арлова, М.Цыфер, Б.Лішанская, Я.Лучанскі і інш.). Тэндэнцыі кубізму і экспрэсіяністычнасць вобразаў уласцівы мастакам А.Ароху, Ш.Себу, скульптарам З.Бен-Цві, І.Данцыгеру, Д.Фейгіну і інш. У 1948 створана суполка мастакоў «Афакім Хадашым» («Новыя далягляды»), праграма якой арыентавалася на міжнар.маст. наватарства і радыкальныя эксперыменты. Пашырыліся абстрактныя, сюррэалістычныя, экспрэсіяністычныя, мадэрнісцкія кірункі (Я.Агам, скульпт. Р.Царфаці, І.Шэмі), з’явіліся новыя віды мастацтва (оп-арт і інш.). Творчасць шэрагу сучасных мастакоў засн. на філас. асэнсаванні формы, колеру, вобразнай ідэі, часта звязанай з біблейскімі запаветамі (жывапіс Н.Безем, А.Кахане, графіка А.Ашайіма, А.Пана, М.Шатры, Ш.Бека). Сярод мастакоў выхадцы з Беларусі І.Капелян, М.Забораў і інш. У дэкар.-прыкладным мастацтве (тэкстыль, кераміка, шкло і інш.) выкарыстоўваюцца стараж. арнаментальныя і сучасныя сімвалы. Развіта мастацтва шрыфту, які грунтуецца на мадэрнізацыі стараж. традыцый яўр. пісьменства.
Музыка. Муз. культура І. складаецца з нац.муз. культур палесцінскіх яўрэяў і арабаў, а таксама з традыцый, прынесеных яўрэямі-перасяленцамі з інш. краін. У муз. фальклоры арабаў (пераважна песенным) захаваліся спецыфічныя рысы, уласцівыя арабскай музыцы; у яўр.муз. мастацтве выявіўся ўплыў яўр. традыцыйна-быт. і рэліг.-абрадавай музыкі. З утварэннем дзяржавы І. створаны муз. ўстановы: Ізраільская філармонія (на базе Палесцінскага яўр.сімф. аркестра, існаваў з 1936), сімф. аркестр радыё і тэлебачання г. Хайфа, камерны аркестр «Рамат Ган», Ізраільская нац. опера (пераўтворана з Палесцінскай яўр. оперы, засн. ў 1941; з 1994 — Новая Ізраільская опера ў пастаянным будынку — Доме оперы). З 1950-х г. працуе муз.т-р «Інбал». Фарміруецца кампазітарская школа, павышаецца ўзровень выканальніцкага майстэрства. Сярод кірункаў прафес. музыкі: традыцыйны, што развівае нар.муз. стыль на класічнай аснове з выкарыстаннем яўр. (М.Лаўры) і ўсх. (Э.Парташ) муз. фальклору; т.зв. міжземнаморскі стыль, прадстаўнікі якога спалучаюць элементы муз. фальклору розных яўр. этнічных груп (П.Бен-Хаім, М.Авідом), блізкі да еўрап. музыкі, а таксама муз.авангард (М.Капытман, Э.Штэйнберг). Працуюць: кансерваторыя ў Халоне (з 1942), Яўр. кансерваторыя ў Тэль-Авіве («Суламіф-кансерваторыя», з 1950), Акадэмія музыкі Рубіна ў Іерусаліме (з 1947), Нац.т-р (з 1958) і Камерны т-р (з 1944), Цэнтр сцэнічных мастацтваў (з 1994), Ізраільскі балет (з 1968), танц. цэнтр «Бат-Дор» (з 1971), муз.ф-т унта ў Тэль-Авіве, муз. школы, т-вы, хар. аб’яднанні і інш. Праводзяцца Міжнар. фестываль музыкі і драмы (з 1961, штогод), Міжнар. конкурс піяністаў імя А.Рубінштэйна і Міжнар. конкурс арфістаў у Тэль-Авіве (з 1959). Існуюць Ліга і Фонд кампазітараў Ізраіля (з 1957).
Тэатр. Нац. акцёрскую школу імкнуліся стварыць калектывы т-раў «Огель» (1926—68), «Мататэ» (1928—49), «Бацал-ярок», «Хамам» і інш., але яны расфарміраваны з-за недахопу сродкаў. У першыя гады станаўлення дзяржавы пераважала сац. роля т-ра над маст. аспектам пастановак: т-р звяртаўся да п’ес ізраільскіх аўтараў, у якіх адлюстроўваліся праблемы сучаснасці. Ставіліся творы і замежных драматургаў. У рэпертуары невял. камерцыйных труп, што ўзніклі ў 1960-я г., пераважалі авангардысцкія п’есы і мюзіклы. Сярод акцёраў і рэжысёраў тагачасных вядучых т-раў: Х.Равіна, А.Мескін, Ш.Фінкель, М.Зохар (т-р «Габіма», засн. ў 1928), С.Бунім, П.Фрай, А.Халфі, Х.Мірон, З.Левіуш (Камерны т-р, засн. ў 1944). З 1958 у Тэль-Авіве працуе Нац.т-р І. У канцы 1970—80-я г. павялічыўся націск на тэатр: закрыта араб. сцэна ў Хайфскім т-ры (засн. ў 1961), забаронены п’есы з антыўрадавым зместам. У апошнія дзесяцігоддзі назіраецца пераход ад сац. тэатра да мастацкага (мюзікл «Адвержаныя», Камерны т-р, 1988). Сярод пастановак 1990-х г.: «Гарадзіш» Х.Мітэльпункта ў Камерным т-ры: «P.S. Твой кот мёртвы» ў т-ры «Габіма», «Флейшэр» І.Эвен-Ора і інш.
Кіно. Уласная кінавытворчасць у І. ўзнікла ў 1950: маст. фільм «Перамір’е» А.Амара. Пасля прыняцця закона аб падтрымцы нац. кінавытворчасці (1954) у кінатэатрах уведзены абавязковы пракат ізраільскіх карцін. Сярод фільмаў: «Памятай!» Ф.Артвіса, сатыр. камедыя «Салах Шабаці» Э.Кішона (абодва 1964). У 1969 створана спец. кампанія па фінансаванні нац. кінавытворчасці «Сенфілда Ісраэл». У 1970-я г. выпускалася па 12—15 фільмаў штогод (пераважна вестэрны, камедыі, муз. стужкі, баевікі). Кінапрамысловасць апіраецца на фінансавую дапамогу амер. і зах.-еўрап. прадзюсераў. Пераважае камерцыйнае кіно, «лёгкія» жанры (папулярны кірунак «кіно Шэнкін» па назве тэль-авіўскай вуліцы, дзе збіраецца ізраільская творчая інтэлігенцыя); ствараюцца фільмы этн. характару. Сярод рэжысёраў 1990-х г.: Ш.Габісан, Э.Фокс, Х.Азулай, Ш.Хасфары, О.Бен-Дор-Ніў, М.Бат-Адам, А.Даян, Д.Вольман, А.Рубінштэйн. Развіваецца дакумент. кіно, якое даследуе праблемы ізраільскага грамадства; рэжысёры: Ц.Рыбенбах, Д.Бен-Шытрыт, А.Птай, Дж.Шлец, А.Гарэн і інш. З 1961 у г. Хайфа працуе «Фільмархіў», дзейнічаюць 2 кінастудыі ў Тэль-Авіве, 1 — у Іерусаліме. Шмат фільмаў здымаецца з кінакампаніямі ЗША, Францыі, Італіі, Германіі, Японіі.
Літ.:
Сэмюэлс Р. По тропам еврейской истории: Пер. с англ.М., 1993;
Корнилов АА Между войной и миром: О процессе принятия внешнеполит. решений в государстве Израиль (1948—1993 гг.). Нижний Новгород, 1994;
Яго ж. Меч и плуг Давида Бен-Гуриона. Нижний Новгород, 1996;
Sachar H.M. A History of Israel. T. 1—2. New York, 1987—91;
Фиш Г. Очерки современной израильской литературы: Пер. с англ.М., 1994;
Werner E. From generation to generation. Studies on Jewish musical tradition. New York, [1967].
Г.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.С.Кошалеў (гісторыя), Р.Ч.Лянькевіч (узброеныя сілы), Г.В.Сініла (літаратура), Я.Ф.Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).
Герб і сцяг Ізраіля.Да арт.Ізраіль. Краявід каля паўднёвых берагоў Мёртвага мора.Да арт.Ізраіль. Іерусалім, прамысловая зона ў раёне Рамот.Да арт.Ізраіль. Сцяна плачу ў Іерусаліме.Да арт.Ізраіль. Руіны старажытнай крэпасці Масада каля Мёртвага мора.Да арт.Ізраіль. Д.Кармі, І.Кларвайн. Будынак кнесета ў Іерусаліме.Да арт.Ізраіль. Будынак Вярхоўнага суда ў Іерусаліме.Да арт.Ізраіль. Панарама квартала Ямін Мошэ — першага пасялення яўрэяў па-за межамі Старога горада ў Іерусаліме.Да арт.Ізраіль. Ш.Себа. Пастух. 1959.Да арт.Ізраіль. Ш.Бек. Партрэт. 1970.Да арт.Ізраіль. А.Левін. Від. 1924.Да арт.Ізраіль. А.Кахане. Ахвярапрынашэнне Іцхака. 1954.Да арт.Ізраіль. А.Арох. Як пажываюць родныя, блізкія. 1960.Да арт.Ізраіль. Н.Безем. Ільвіная брама. 1976.Да арт.Ізраіль. Новая Ізраільская опера. Сцэна са спектакля «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» Дз.Шастаковіча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАЗІ́ЛІЯ (Brasil),
Федэратыўная Рэспубліка Бразілія (República Federativa de Brasil), дзяржава ў Паўд. Амерыцы, займае ўсх. і цэнтр.ч. мацерыка. Мяжуе на Пн з франц. Гвіянай, Сурынамам, Гаянай, Венесуэлай, на З — з Калумбіяй, Перу, Балівіяй, на ПдЗ і Пд — з Парагваем, Аргенцінай, Уругваем. На У абмываецца Атлантычным ак., даўж. берагавой лініі 7,4 тыс.км. Пл. 8,5 млн.км² (5-я па велічыні краіна свету). Нас. 162,2 млн.чал. (1994). Афіц. мова партугальская. Сталіца — г.Бразілія. Падзяляецца на 26 штатаў (Акры, Алагоас, Амазонас, Амапа, Баія, Гаяс, Мараньян, Мату-Гросу, Мату-Гросу-ду-Сул, Мінас-Жэрайс, Пара, Параіба, Парана, Пернамбуку, Піауі, Рандонія, Рарайма, Рыо-дэ-Жанейра, Рыу-Гранды-ду-Норты, Рыу-Гранды-ду-Сул, Санта-Катарына, Сан-Паўлу, Сеара, Сержыпі, Такантынс, Эспірыту-Санту) і федэральную сталічную акругу. Нац. свята — Дзень незалежнасці (7 вер.).
Дзяржаўны лад. Бразілія — федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1988. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, што выбіраецца ўсеаг. галасаваннем на 4 гады. Заканад. ўладу ажыццяўляе 2-палатны Нац. кангрэс, які складаецца з палаты дэпутатаў і федэральнага сената. Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту, які фарміруе ўрад. Штаты маюць уласныя канстытуцыі і заканад. сходы. На чале штатаў стаяць губернатары. Суд. сістэма складаецца з Вярх. федэральнага суда (11 суддзяў, якіх пажыццёва прызначае прэзідэнт са згоды сената), федэральных апеляцыйных судоў, ваен. трыбуналаў, судоў штатаў.
Прырода. На крайняй Пн адгор’і Гвіянскага пласкагор’я (на мяжы з Венесуэлай найвышэйшы пункт краіны — г. Ла-Небліна, 3014 м). Паўн. палавіну краіны займае Амазонская нізіна (Амазонія). Далей на ПдБразільскае пласкагор’е (сярэдняя выш. 600—900 м), якое паступова павышаецца на ПдУ (г. Бандэйра, 2890 м) і стромка абрываецца да вузкай Прыатлантычнай нізіны. У верхнім цячэнні р. Парана акумулятыўная нізіна Пантанал. Бразілія займае адно з вядучых месцаў у свеце па запасах жал. руды (больш за 100 млрд.т), марганцу, вальфраму, баксітаў, волава, нікелю, хрому, медзі, поліметал. і уранавых рудаў, сурмы, берылію, азбесту, рэдказямельных элементаў, золата. Есць радовішчы нафты і прыроднага газу, каменнага вугалю, алмазаў, каштоўных і вырабных камянёў, фасфарытаў і інш. Клімат мяняецца з ПнЗ на ПдУ ад вільготнага экватарыяльнага да сезоннага вільготнага субтрапічнага. Сярэднемесячная т-ра паветра 16—29 °C, толькі на Пн паніжаецца зімой да 12 °C, зрэдку бываюць замаразкі. Ападкаў 2000—3500 мм за год у Амазоніі, 1400—2000 мм на Бразільскім пласкагор’і і ў Пантанале, 700—500 мм на ПнУ, дзе адзначаюцца частыя і працяглыя засухі. Самая вял.р.Амазонка з густой сеткай прытокаў. 18 з іх даўж. больш за 1500 км кожны (найб. Рыу-Негру, Мадэйра, Тапажос). На З і Пд рэкі Парана, Парагвай, Уругвай, на У і ПнУ — Сан-Франсіску, Такантынс. Патэнцыяльныя гідраэнергет. рэсурсы 21 млн.кВт. Пераважаюць чырванаколерныя фералітавыя глебы, на Пд жаўтазёмы і чырвона-карычневыя, уздоўж рэк алювіяльныя. Пад лесам 38% тэр. краіны. На З Амазоніі густыя вільготныя экватарыяльныя лясы — гілея або сельвас, з каштоўнымі відамі дрэў (больш за 400 відаў), на У і на схілах Гвіянскага і Бразільскага пласкагор’яў пераважаюць лістападныя лясы. Цэнтр.ч. Бразільскага пласкагор’я занята саваннай (мясц. назва кампас), на ПнУ паўпустыннае рэдкалессе (каатынга), на Пд пераважна араўкарыевыя лясы. Жывёльны свет багаты і разнастайны. Больш за 20 нац. паркаў (Арагуая, Жау, Ігуасу, Піку-да-Небліна і інш.), запаведнікі, заказнікі.
Насельніцтва. Асн. частка (95%) — бразільцы, нацыя, якая склалася ў выніку змяшання еўрапейцаў (пераважна партугальцаў, а таксама італьянцаў, іспанцаў і інш.) з неграмі (у асн. з Зах. Афрыкі) і індзейцамі; белыя (каля 55%), негры (каля 6%), мулаты і метысы (больш за 30%), каля 300 тыс. індзейцаў (пераважна ў Амазоніі) і каля 3 млн. імігрантаў — партугальцаў, іспанцаў, італьянцаў, немцаў, японцаў і інш.; ёсць выхадцы з краін Усх. Еўропы, у т. л. беларусы. Каля 89% вернікаў — католікі, 8% — пратэстанты і прадстаўнікі інш.хрысц. канфесій, ёсць будысты, мусульмане, іудаісты і інш. На ПнУ сярод нашчадкаў б. рабоў захаваліся афр. культы. Сярэднегадавы прырост каля 2,5%. Сярэдняя шчыльн. 18,4 чал. на 1 км². На ПнУ, ПдУ і Пд краіны (каля 40% тэр.) жыве каля 90% насельніцтва, у т. л. ў зоне Атлантычнага ўзбярэжжа (9% тэр.) — каля 50%. Слаба населена (ад 1 да 5 чал. на 1 км²) паўн.ч. краіны. У гарадах жыве 70% (1993). Найбольшыя гарады (1991, тыс.ж.): Сан-Паўлу — 9480, Рыо-дэ-Жанейра — 5336, Салвадор — 2056, Белу-Арызонты — 2019, Фарталеза — 1758, Бразілія — 1596, Рэсіфі — 1290, Курытыба — 1290, Нова-Ігуасу — 1286, Порту-Алегры — 1263, Белен — 1246, Манаус — 1011.
Гісторыя. Чалавек на тэр. Бразіліі з’явіўся ў 8—7-м тыс. да н.э. Карэнныя жыхары яе — індзейскія плямёны (гуайкуру, тупі-гуарані, айморэс, карыбы і інш.), якіх напярэдадні з’яўлення тут партугальцаў было 800 тыс. — 1 млн.чал.Партуг. мараплавец П.А.Кабрал 1.5.1500 абвясціў адкрытую ім Зямлю Святога Крыжа ўладаннем партуг. караля. Партуг. каланізацыя напачатку абмяжоўвалася нарыхтоўкай і вывазам мясц.чырв. дрэва pau-brasil (адсюль і назва Бразілія). З 1530 партугальцы перайшлі да арганізаванай каланізацыі. У 1532—36 узбярэжжа падзелена на 13 капітаній (феад. землеўладанняў) на чале з капітан-губернатарамі (сталіца — Баія). У с.-г. вытворчасці найб. развіццё атрымала плантацыйная сістэма, заснаваная на эксплуатацыі неграў-рабоў з Афрыкі. На працягу 16 ст. на браз. узбярэжжы намагаліся замацавацца французы. Бандэйранты — удзельнікі ваен. паходаў ва ўнутр. раёны Бразіліі — частку індзейцаў знішчылі ці ператварылі ў рабоў. Паўстанні індзейскіх плямён (1555, 1557, 1561) былі задушаны партугальцамі. Збеглыя негры стварылі сваю рэспубліку Палмарыс (1630—97). У 1680 адменена рабства індзейцаў. У 1720 у Бразіліі ўведзена пасада віцэ-караля, рэзідэнцыя якога ў 1763 пераведзена з Баіі ў Рыо-дэ-Жанейра. Палітыка партуг. улад стрымлівала эканам., паліт. і культ. развіццё Бразіліі, выклікала паўстанні каланістаў (у капітаніях Мараньян у 1684—85 і Мінас-Жэрайс у 1720), абуджала нац.-вызв. рух. У 1789 у капітаніі Мінас-Жэрайс узнікла змова Тырадэнтыса, якая мела на мэце ўзбр. паўстанне і абвяшчэнне Бразіліі незалежнай рэспублікай (раскрыта партугальцамі). Пасля акупацыі Партугаліі войскамі франц. імператара Напалеона I (1807) у Бразіліі знайшоў прытулак каралеўскі дом Браганса на чале з прынцам-рэгентам Жуанам (з 1816 кароль Партугаліі Жуан VI). У краіне былі адменены абмежаванні на арганізацыю мануфактур, рамёстваў і промыслаў, заснаваны Браз. банк, адкрыта Нац.б-ка ў Рыо-дэ-Жанейра (1808), адменены мытныя тарыфы на ўвоз друкаванай прадукцыі (1821) і інш. У 1815 абвешчана стварэнне Аб’яднанага каралеўства Партугаліі, Бразіліі і Алгарві (паўд.ч. Партугаліі), што афіцыйна скасоўвала статус Бразіліі як калоніі. Партугальская рэвалюцыя 1820 вымусіла Жуана VI вярнуцца ў Лісабон, рэгентам у Бразіліі застаўся яго сын прынц Педру. Ідэю незалежнасці краіны падтрымалі кансерватыўныя браз. колы, якія звязвалі незалежнасць з захаваннем манархіі. У 1822 Бразілія абвешчана незалежнай імперыяй (прызнана Партугаліяй у 1825), прынц-рэгент каранаваны як імператар Педру I. Паводле першай браз. канстытуцыі 1824 дзяржава стала канстытуцыйнай манархіяй. Пасля няўдалай спробы Педру I зрабіць у 1831 дзярж. пераварот ён адрокся ад прастола на карысць 5-гадовага сына (з 1840 імператар Педру II). Паступовая перабудова сац.-эканам. адносін вяла да змяншэння ролі рабскай працы. У 1850 забаронены гандаль рабамі, пасля чаго амаль спыніўся прыток неграў-рабоў з Афрыкі (на працягу 350 гадоў у Бразілію ўвезена каля 5 млн. рабоў). Гасп. развіццю Бразіліі садзейнічаў рост іміграцыі (ад 20 тыс.чал. у 1822—50 да 650 тыс. у 1871—89). З 1860-х г. у Бразіліі ўзмацніўся рух за ўстанаўленне рэспублікі, які спалучаўся з абаліцыянізмам. Адмена рабства, абвешчаная парламенцкім актам 1888, прадвызначыла лёс браз. манархіі. У выніку выступлення маладых афіцэраў-рэспубліканцаў у 1889 скінуты Педру II і ў краіне ўстанавіўся рэсп. лад. Паводле канстытуцыі 24.2.1891 краіна стала называцца Аб’яднанымі Штатамі Бразіліі. Барацьба сялян за зямлю ў канцы 19 ст. вылілася ў шэраг выступленняў, найб. буйное — у штаце Баія ў 1896—97. З канца 19 ст. ў Бразілію пранікаў англ. і паўн.-амер. капітал. Аграэкспартная накіраванасць эканомікі зрабіла Бразілію да 1-й сусв. вайны адным з буйнейшых пастаўшчыкоў кавы на сусв. рынак. У пасляваен. час уладу ў краіне ўтрымлівалі кансерватыўныя «кававыя» вярхі штатаў Сан-Паўлу і Мінас-Жэрайс. У 1920-я г. ва ўмовах слабай апазіцыі і спаду рабочага руху супраць урада адкрыта выступілі маладыя афіцэры — «тэнентысты» (ад партуг. «тэнентэ» — лейтэнант). Іх паўстанні ў Рыо-дэ-Жанейра (1922), Сан-Паўлу і штаце Рыу-Гранды-ду-Сул (адпаведна ліп. і кастр. 1924) задушаны ўрадавымі войскамі, але барацьба працягвалася да 1927. На пачатку эканам. крызісу 1929—33 апазіц. сілы згуртаваліся ў Ліберальны альянс і вылучылі на выбарах 1930 кандыдатам у прэзідэнты Ж.Варгаса. Праграма альянсу патрабавала дэмакратызацыі краіны і «агульнанац. рэвалюцыі ў інтарэсах усяго народа», была падтрымана большасцю «тэнентыстаў». З-за перашкод па-праанглійску настроеных улад спадзяванні апазіцыі перамагчы на выбарах не спраўдзіліся, таму Ліберальны альянс перайшоў да ўзбр. барацьбы, якую падтрымлівалі ЗША. Вырашальную ролю ў падрыхтоўцы і правядзенні паўстання адыгралі «тэнентысты», якія перацягнулі на свой бок шэраг вайск. часцей. Паўстанне пачалося 3.10.1930 адразу ў некалькіх штатах (т.зв. Ліберальная рэвалюцыя). Пры падтрымцы насельніцтва паўстанцы ўстанавілі кантроль над усёй краінай. У Рыо-дэ-Жанейра быў сфарміраваны ўрад Ліберальнага альянсу на чале з Варгасам, які ўстанавіў часовы ваен. рэжым, увёў пратэкцыянісцкі мытны тарыф, адмяніў гандл. пошліны паміж штатамі, стварыў працоўнае заканадаўства, былі ўведзены выбарчыя правы для жанчын. Мэтай урада было выкараненне класавай барацьбы і пашырэнне свайго ўплыву на рух працоўных («сац. гармонія»). Да 1934 урад пайшоў на кампраміс з кансерватыўнымі сіламі. У 1937 Варгас разагнаў кангрэс, устанавіў дыктатарскі рэжым «новай дзяржавы», у 1938 разграміў фаш. партыю «інтэгралістаў» і забараніў усе паліт. партыі. На ўзор фаш. Італіі ўводзілася карпаратыўная сістэма. Рэжым «новай дзяржавы» стымуляваў развіццё нац. прам-сці, дзярж. сектара, абмяжоўваў прывілеі замежнага капіталу. На пач. 2-й сусв. вайны Бразілія захоўвала нейтралітэт, у 1942 абвясціла вайну Германіі і Італіі, у 1945 — Японіі. Краіна далучылася да антыгітлераўскай кааліцыі і падпісала Дэкларацыю Аб’яднаных Нацый, у 1944 накіравала 50-тысячны корпус на італьян. фронт. У 1945 Варгас абвясціў пра ўвядзенне ў краіне дэмакр. свабод і заснаваў уласную Трабальісцкую («рабочую») партыю, якая заклікала да нац. адзінства на аснове супрацоўніцтва класаў, да абароны нац. эканомікі і паляпшэння становішча працоўных. Кансерватыўныя сілы з дапамогай ваен. вярхоў у кастр. 1945 дамагліся адхілення Варгаса ад улады. На прэзідэнцкіх выбарах у снеж. 1945 перамог маршал Э.Г.Дутра. У 1946 прынята канстытуцыя Бразіліі, якая абвясціла дэмакр. правы і свабоды. Урад Дутры наладзіў цеснае эканам. і ваен.-паліт. супрацоўніцтва з ЗША У 1947 у прадмесці Рыо-дэ-Жанейра прадстаўнікі ЗША і 20 лац.-амер. краін, у т. л. Бразілія, падпісалі Міжамер. дагавор аб узаемадапамозе (дагавор Рыо-дэ-Жанейра), аформіўшы першы ваен.-паліт. блок у пасляваен. свеце. На прэзідэнцкіх выбарах 1950 зноў перамог Варгас. Яго ўрад (1951—54) аднавіў нацыянал-рэфармісцкі курс, які атрымаў падтрымку ў шырокіх колах насельніцтва. У жн. 1954 незадаволеныя палітыкай прэзідэнта генералы-змоўшчыкі запатрабавалі яго адстаўкі. Варгас скончыў самагубствам. У перадсмяротным лісце ён абвінаваціў у змове міжнар. і мясц.фін.-эканам. групы. Хваля нар. абурэння стрымала правыя сілы ад устанаўлення дыктатуры. Курс на адстойванне канстытуцыі і дэмакр. свабод, абарону нац. інтарэсаў і правоў працоўных працягвалі прэзідэнты Ж.Кубічэк ды Алівейра (1956—61), Ж.Куадрус (студз.—жн. 1961) і Ж.Гуларт (1961—64). У выніку перавароту 31.3.—1.4. 1964 уладу захапілі ваенныя. Прэзідэнтам з надзвычайнымі паўнамоцтвамі стаў маршал У.Кастэлу Бранку (1964—67). Была адменена канстытуцыя 1946, распушчана большасць прафсаюзаў. Сотні тысяч людзей былі арыштаваны, кінуты ў турмы, пазбаўлены паліт. правоў на 10 і больш гадоў, прафсаюзы пастаўлены пад кантроль урада і інш. У 1965 замест усіх скасаваных партый створаны праўрадавы Нац. саюз абнаўлення (АРЕНА) і апазіцыйны Бразільскі дэмакр. рух (БДР), у які ўступіла большасць трабальістаў. Дзейнасць, праграмы і фінансы абедзвюх партый кантраляваліся ваен. ўладамі. Паводле новай канстытуцыі 1967 правы кангрэса значна абмежаваны (у 1968 кангрэс увогуле распушчаны), а прэзідэнта выбірала калегія выбаршчыкаў з членаў Нац. кангрэса і прадстаўнікоў ад штатаў. Выбраны прэзідэнт маршал А. да Коста-і-Сілва (1967—69) у 1968 выдаў акт, які даваў кіраўніку дзяржавы неабмежаваныя паўнамоцтвы. За кошт вял.сац. выдаткаў для насельніцтва да канца 1860-х г. эканоміка краіны стабілізавана і забяспечаны высокія тэмпы яе развіцця. У знешняй палітыцы ваен. рэжым арыентаваўся на саюз з ЗША. Час прэзідэнцтва ген. М.Гарастазу (1969—74) — перыяд найб. поспехаў браз. дыктатуры. Эканам. ўздым забяспечаны за кошт скарачэння выдаткаў на аплату працы, павышэння нормы прыбытку, прытоку замежнага капіталу, мабілізацыі рэсурсаў дзяржавы на перабудову эканомікі.
Аднак эканам. крызіс 1974—75 і рост цэн на імпартную нафту запаволілі тэмпы росту эканомікі. Урад ген. Э.Гейзела (1974—79) ва ўмовах узмацнення апазіцыі дыктатуры ў 1978 распрацаваў праграму лібералізацыі рэжыму: адменены цэнзура друку і частка рэпрэсіўных законаў, надзвычайныя паўнамоцтвы прэзідэнта. У знешняй палітыцы ўрад Гейзела пачаў адыход ад безагаворачнай арыентацыі на ЗША на карысць прыярытэту гандл.-эканам. інтарэсаў Бразіліі. Урад ген. Ж.Б.Фігейрэду (1979—85) паскорыў працэс лібералізацыі (амністыя палітвязням і палітэмігрантам, пераход да шматпартыйнасці з 1980, скасаванне партый АРЕНА і БДР). Буйнейшай сярод апазіцыйных стала Партыя бразільскага дэмакр. дзеяння. Пагаршэнне эканам. сітуацыі на мяжы 1980-х г. узмацніла апазіц. настроі. У 1983 распачалася масавая кампанія за прамыя прэзідэнцкія выбары і пераход да цывільнага кіравання. Прыхільнікі гэтага курсу аб’ядналіся ў Дэмакр. саюз. У 1985 улада перададзена цывільнаму ўраду. Прэзідэнт Ж.Сарней (1985—90) стварыў новае прац. заканадаўства, прыняў праект агр. рэформы. Канстытуцыйныя папраўкі аднавілі ўсеагульныя прамыя выбары прэзідэнта і ліквідавалі абмежаванні дэмакр. свабод, права голасу атрымалі 20 млн. непісьменных. Нац. кангрэс, выбраны ў 1986, прыняў у 1987 новую дэмакр. канстытуцыю. Нягледзячы на поспехі, эканам. курс урада з-за немагчымасці сумясціць высокія тэмпы росту эканомікі і выплату працэнтаў па вял. знешнім доўгу, які да 1989 дасягнуў каля 115 млрд. долараў, пацярпеў няўдачу. На прэзідэнцкіх выбарах 1989 перамог Ф.Колар ды Мела, які стварыў уласную Партыю нац. рэканструкцыі. Яго ўрад (1990—92) скараціў дзярж. выдаткі, але не здолеў спыніць інфляцыю. У 1992 адбыўся буйнейшы ў гісторыі Бразіліі паліт. крызіс, выкліканы абвінавачваннямі Колара ды Мелы ў карупцыі і злоўжыванні службовым становішчам. Пасля яго адстаўкі на чале дзяржавы стаў віцэ-прэзідэнт І.Франку. На прэзідэнцкіх выбарах 1994 перамог сацыял-дэмакрат Ф.Э.Кардозу. Бразілія — член ААН (з 1945), Арг-цыі амер. дзяржаў і інш.Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Дзейнічаюць партыі: браз. сацыял-дэмакратыі, браз.дэмакр. дзеяння, ліберальнага фронту, Сацыял-дэмакратычная, Дэмакр. трабальісцкая, партыя працоўных, Нар. сацыялістычная, нац. рэканструкцыі; Адзіны прафцэнтр працоўных (у 1993 аб’ядноўваў больш за 15 млн.чл.), прафс. цэнтр «Форса сіндыкал» (каля 8 млн.чл. у 1993), Усеагульны цэнтр працоўных, Усеагульная канфедэрацыя працоўных, Незалежны прафес. саюз.
Гаспадарка. Бразілія — індустр.-агр. краіна, буйнейшая па эканам. патэнцыяле ў Лац. Амерыцы, 10-я ў свеце па велічыні валавога ўнутр. прадукту (ВУП). Важную ролю ў яе эканоміцы адыгрываюць міжнар. кампаніі: агульная сума прамых прыватных замежных інвестыцый складае больш за 30 млрд.дол. ЗША (з іх больш за 70% інвестыцыі ЗША, ФРГ, Японіі). У дзярж. сектары чыгункі, сувязь, ч. марскога транспарту, здабыча і значная ч. перапрацоўкі нафты, большая частка вытв-сці эл. энергіі, здабычы жал. руды, каменнага вугалю, большасць прадпрыемстваў чорнай металургіі. Прамысловасць дае больш за 26% ВУП, сельская і лясная гаспадарка, рыбалоўства — 8, буд-ва — 6,7, транспарт і сувязь — 6,6%. Здабыча (1993): жал. руды 153,1 млн.т, марганцавай 722 тыс.т (па колькасці марганцу), баксітаў 9,4 млн.т, волава 25,6 тыс.т, золата 76 т, алмазаў 1500 тыс. каратаў, фасфарытаў 3,4 млн.т, нафты 32 млн.т, каменнага вугалю каля 30 млн.т. Здабыча нафты задавальняе патрэбы краіны прыкладна на 50%, як паліва выкарыстоўваецца этылавы спірт расліннага паходжання (штогадовая вытв-сць больш за 15 млрд.л, на ім працуе каля 1/3 аўтатранспарту). Вытв-сцьэл. энергіі 248,8 млрд.кВт∙гадз (1993), з іх 92% — на ГЭС. Буйнейшая ў свеце ГЭС Ітайпу (12,6 млн.кВт) на р. Парана. Значныя ГЭС: Кубатан на р. Тыетэ; Фурнас, Пейшоту, Марымбонду, Жагуара і Эстрэйту на р. Рыу-Гранды; Трэс-Марыяс і Паўлу-Афонсу на р. Сан-Франсіску; Жупія і Ілля-Салтэйра на р. Парана. Працуе АЭС Ангра 1. Прадпрыемствы чорнай металургіі пераважна на ПдУ (з-ды ў гарадах Волта-Рэдонда, Піасагуэра, Белу-Арызонты, Ітабіра). Выплаўка чыгуну 23,9 млн.т, сталі 25,7 млн.т (1994). Каляровая металургія (вытв-сць алюмінію, медзі, нікелю, волава) развіта ў штатах Сан-Паўлу і Мінас-Жэрайс. Апрацоўчая прам-сць забяспечвае 85% патрэб краіны. Бразілія ўваходзіць у лік буйных маш.-буд. краін свету. Вылучаецца трансп. машынабудаванне — вытв-сць аўтамабіляў (больш за 1 млн. штогод), самалётаў, суднаў, трактароў, а таксама станкоў, эл.-тэхн. вырабаў. Адна з найб. дынамічных галін — вытв-сць камп’ютэрнай тэхнікі і яе кампанентаў. Развіта ваен.прам-сць, у т. л. на экспарт. Найбуйнейшыя цэнтры машынабудавання Сан-Паўлу, Рыо-дэ-Жанейра, Белу-Арызонты. У Бразіліі — буйная нафтаперапр. (Рыо-дэ-Жанейра і Кубатан), разнастайная хім. (пераважае выпуск пластмасаў, азотных і фосфарных угнаенняў) і нафтахім. (штаты Сан-Паўлу, Баія, Рыу-Гранды-ду-Сул), цэлюлозна-папяровая (штаты Парана і Сан-Паўлу), тэкст. (пераважае вытв-сць баваўняных тканін) і гарбарна-абутковая (штат Мінас-Жэрайс, гарады Сан-Паўлу і Рыо-дэ-Жанейра) прам-сць. У харчасмакавай прам-сці найб. развіты экспартныя галіны: цукровая (вытв-сць цукру 7,4 млн.т, 1993), алейная (соевага алею 3,6 млн.т, 1993), а таксама тытунёвая, мясная, кававая і інш. Нарыхтоўка драўніны 268,9 млн.м³, у т. л. 191,2 м³ паліўнай. Марское і рачное рыбалоўства (каля 1 млн.т штогод). Сельская гаспадарка (занята 30% самадзейнага насельніцтва) дае больш за 40% экспартнай прадукцыі. Бразілія — адна з буйнейшых у свеце с.-г. краін. Пад ворывам і шматгадовымі культурамі каля 5% пл. краіны, пад лугамі і пашай каля 20%. Гал. экспартныя культуры (1993): кава — 1,27 млн.т (1-е месца ў свеце), какава — 346 тыс.т (2-е месца ў свеце), соя — 22,7 млн.т, бавоўна — 405 тыс.т, цукр. трыснёг — 251,4 млн.т; вырошчваюцца пераважна на ПдУ і Пд. Экспартнае значэнне маюць (1992): апельсіны — 18 млн.т, бананы — 5,6 млн.т, тытунь — 663 тыс.т, сізаль — 126 тыс.т. На Пд развіта вінаградарства. Гал.харч. культуры (1993): збожжа — 44,2 млн.т (у т. л. кукуруза — 30 млн.т, рыс — 10,2 млн.т, пшаніца — 2,2 млн.т), маніёк — 21,7 млн.т, фасоля, боб. Жывёлагадоўля на пашавых землях Бразільскага пласкагор’я, у Амазоніі, у адкормачных гаспадарках на Пд і ПдУ. Пагалоўе (млн. галоў, 1993): буйн. раг. жывёлы 153, свіней 31, авечак 19,7, коз 12,5. Вытв-сць (млн.т, 1993): ялавічыны і цяляціны 3,1, свініны 1,2, мяса птушкі 3,2, малака 15,7. Транспарт. Даўжыня аўтадарог 1,8 млн.км, з іх з цвёрдым пакрыццём (пераважна на У) 12,3%. Пабудавана Трансамазонская шаша (ад Рэсіфі да граніцы з Перу), будуецца мерыдыянальная Трансбразільская шаша. На аўтатранспарт прыпадае 60% усіх перавозак грузаў і 95% пасажыраў. Чыгунак 19,2 тыс.км, з іх электрыфікавана 2,1 тыс.км, чыг. сетка сканцэнтравана на ПдУ, Пд і ўзбярэжжы акіяна. Даўжыня ўнутр. водных шляхоў больш за 31 тыс.км. Гал. водныя сістэмы: Амазонка з прытокамі, Сан-Франсіску, Парана. Марскі флот (агульная грузападымальнасць больш за 10 млн.т) базіруецца на 40 глыбакаводных партах. Найбуйнейшыя універсальныя парты Сантус, Рыодэ-Жанейра, Рыу-Гранды, Паранагуа, Порту-Алегры, спецыялізаваныя на экспарце жал. руды — Тубаран і Сан-Себасцьян. Авіяц. транспарт (больш за 1000 аэрапортаў і аэрадромаў з цвёрдым пакрыццём) займае значнае месца ва ўнутр. і міжнар. пасажыраперавозках. У экспарце каля 70% па кошце складаюць гатовыя вырабы. Вывозяцца сталь, алюміній, волава і інш. каляровыя металы, самалёты, аўтамабілі, абутак, жал. руда, кава, какава, соя, цукар, апельсінавы сок і інш. Імпартуецца нафта, машыны і абсталяванне, некаторыя харч. і хім. прадукты і інш. Замежны гандаль вядзецца пераважна з ЗША, Германіяй, Японіяй, Вялікабрытаніяй, краінамі Лац. Амерыкі. Бразілія экспартуе ў Беларусь цукар і каву, імпартуе калійныя і азотныя ўгнаенні. У 1992 Бразілію наведалі 1 млн. 975 тыс. турыстаў. Знешні доўг 120,7 млрд. долараў (1992). Грашовая адзінка — крузада.
Узброеныя сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. На канец 1994 налічвалі 336,8 тыс.чал.Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Сухап. войскі (219 тыс.чал.) аб’яднаны ў некалькі баявых камандаванняў, маюць на ўзбраенні 520 лёгкіх танкаў, 290 баявых разведвальных машын, 795 бронетранспарцёраў, розныя артыл. сістэмы і мінамёты, тактычныя ракеты і інш. Бразільскія ВПС самыя шматлікія (59,4 тыс.чал.) і аснашчаныя ў Лац. Амерыцы, маюць больш за 1000 самалётаў і верталётаў амер., франц. і браз. вытворчасці, з якіх каля 330 баявых. ВМС (58,4 тыс.чал.) маюць 46 баявых караблёў і 51 баявы катэр (у т. л. авіяносец, 4 падводныя лодкі, 12 фрэгатаў, 39 дэсантных катэраў, 5 рачных патрульных караблёў і манітор). Марская авіяцыя мае процілодачную эскадрыллю (11 баявых самалётаў) і інш.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 57 гадоў, у жанчын 67 гадоў. Смяротнасць 9 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 270 чал., урачамі — 1 тэрапеўт на 848 чал. Узровень нараджальнасці 21 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць 60 на 1 тыс. нованароджаных (1994).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Бразіліі ўключае дашкольныя ўстановы для дзяцей 2—6 гадоў, пач. (асноўную) 8-гадовую школу, абавязковую для дзяцей 7—14 гадоў, сярэднія школы (3-гадовыя каледжы з класічным або тэхн. ухілам, заканчэнне якіх дае права на паступленне ў ВНУ), прафес.навуч. ўстановы, ВНУ (дзярж. і прыватныя). Найбольшыя ун-ты: у Рыо-дэ-Жанейра (з 1920), Сан-Паўлу (1934), г. Бразілія (з 1961), Каталіцкі ў г. Кампінас (з 1941). Буйнейшыя б-кі: Нац. (з 1810), Партуг. каралеўская чытальная зала (з 1897), Мін-ва замежных спраў (з 1906) — усе ў Рыо-дэ-Жанейра, Муніцыпальная ў Сан-Паўлу (з 1925). Музеі: Нац., Нац.гіст., Нац. прыгожых мастацтваў у Рыо-дэ-Жанейра; сучаснага мастацтва і этнагр. ў Сан-Паўлу. Навуковыя даследаванні вядуцца ў навук. цэнтрах, ін-тах, спецыялізаваных ін-тах, ін-тах пры ун-тах. 12 акадэмій, якія маюць карпаратыўны характар (не вядуць н.-д. дзейнасці). Старэйшыя з іх Бразільская акадэмія л-ры (з 1897) і Бразільская АН (з 1916).
Друк, радыё, тэлебачанне. Выходзіць 270 штодзённых газет агульным тыражом 8,5 млн.экз. (1990). Буйнейшыя: «О Globo» («Зямны шар», з 1925), «О Estado do São Paulo» («Штат Сан-Паўлу», з 1875), «О Dia» («Дзень», з 1951). Урадавая інфарм. служба Эмпрэза Бразілейра ды камунікасан радыубраз (ЭБКР, засн. ў 1979). Радыёвяшчанне з 1921. Дзейнічае каля 2800 радыёстанцый (з 1989). Асноўныя: «Радыу Насіянал», «Радыу глобу», «Радыу Эльдараду», «Радыу жорнал ды Бразіл», «Радыу Тупі», «Радыу Мундыял». Тэлебачанне з 1952. Працуе 235 тэлевізійных станцый. Буйнейшае аб’яднанне, у якое ўваходзяць 1410 радыё- і 177 тэлестанцый, — Эмусорас ды Радыу і Тэлевізаў.
Літаратура. Нац.л-ра Бразіліі, якая развіваецца пераважна на партуг. мове, пачала складвацца на рубяжы 18—19 ст. Але актыўнае творчае жыццё ішло на працягу ўсяго калан. перыяду: трактаты і пісьмы місіянераў-езуітаў, хронікі і апісанні падарожжаў, паэт. і драм. творы ў стылі барока. Шырока засвойваліся партуг., індзейскія і негрыцянскія фалькл. багацці. У 16—17 ст. мелі пашырэнне рэліг.тэатр. пастаноўкі — аўта, у якія, каб палегчыць іх успрыманне індзейцамі-язычнікамі, уводзіліся сюжэты з мясц. паданняў і міфаў. Буйнейшыя тагачасныя аўтары: Ж. ды Аншыета, Б.Тэйшэйра Пінту, А.Віейра, А. ды Са, Г. ды Матус, М.Батэлью ды Алівейра, Н.Маркес Перэйра, С. да Роша Піта. У творах 18 ст. спалучыліся класіцыстычныя памкненні, уплыў асветы і эстэтыкі Аркадыі (італьян.літ. акадэміі). Пераадоленне барочнага светаўспрымання, мноства хвалебных і любоўных паэм, сатыр, элегій, ліслівых санетаў, прысвечаных вяльможам, спалучаліся з пошукамі нац. асноў творчасці. У эпічных паэмах «Уругвай» (1769) Ж.Б. да Гамы і «Карамуру» (1781) Ж. ды Санта-Рыта Дурана асветніцкі ідэал «натуральнага» чалавека ўвасобіўся ў вобразе індзейца. Вядучым лірыкам, адным з заснавальнікаў як нац. л-ры, так і лац.-амер. рамантызму быў Т.А.Ганзага. Яго кн. вершаў «Дырсеева Марылія» (ч. 1—2, 1792—99) уласцівы пастаральны каларыт і культ прыроды. Ганзага і паэты К.М. да Коста, І.Ж. ды Алварэнга Пейшоту заклалі эстэт. прынцыпы «мінаскай школы» (Мінас-Жэрайс — штат на ПдУ Бразіліі), удзельнічалі ў антыпартуг. руху «інканфідэнтаў». Лічыцца, што іх пяру належыць паэма «Чылійскія лісты» (1786) — вострая сатыра на калан. чыноўніцтва. Абвяшчэнне незалежнасці Бразіліі ў 1822 прадвызначыла канчатковае аддзяленне яе л-ры ад партугальскай. Сцвярджэнне ў 19 ст. рамантызму ў браз. л-ры ішло праз «перадрамантызм» тых аўтараў, якія захавалі сувязь з «аркадыйскім» рухам (А.П. ды Соза Колдас і Ж.Б. ды Андрада-і-Сілва). Аптымізму, рамантычнай ідэалізацыі абарыгенаў (індзейцаў) у індыянізме — значнай плыні ўнутры рамантызму (паэты Ж.Г. ды Магальяэнс і А.Гансалвіс Дыяс, раманісты Бразіліі да Сілва Гімараінс і Ж.М. ды Аленкар) — прыйшлі на змену «сертанізм» (паэтызацыя патрыярхальнага сял. жыцця), песімістычныя матывы філас. лірыкі. У 2-й пал. 19 ст.браз.л-ра зазнала ўплыў Парнаскай школы, даволі моцныя былі тэндэнцыі сімвалізму, натуралізму, рэгіяналізму (адлюстраванне прыроды розных раёнаў краіны і нораваў жыхароў). Раманы «Ханаан» (1902) Ж.П. да Граса Араньі, «Сертаны» (1902) Э. да Куньі, «Запіскі архіварыуса Ісаяса Каміньі» (1909) А.Э. ды Лімы Барэту прадвызначылі нац. спецыфіку развіцця гэтага жанру ў наступныя дзесяцігоддзі. 20 ст. адзначана рэаліст. і авангардысцкімі пошукамі ва ўсіх літ. родах. Вострыя сац. праблемы ўзнімаў «паўн.-ўсх. раман» (Г.Рамус, Ж.Ліне ду Рэгу, Ж.Амаду). Жанр гарадскога сац.-псіхал. рамана распрацоўваў Э.Верысіму. Прадстаўнікі паэзіі і прозы авангардысцкіх кірункаў — Ж.О. ды Андрадзі, Ж. ды Ліма, М.Р. ды Андрадзі, К.Д. ды Андрадзі, В. ды Марайс.
Архітэктура, выяўленчае мастацтва. Ад стараж. індзейскіх культур на тэр. Бразіліі захаваліся наскальныя выявы, каменная скульптура, кераміка з геам. і антрапаморфным арнаментам. З прыходам партугальцаў (1500) паявілася мураваная архітэктура, будаваліся гарады і крэпасці (Алінда, Рэсіфі, Салвадор, Рыо-дэ-Жанейра), умацаваныя сельскія сядзібы—фазэнды (дом памешчыка, царква, гасп. пабудовы і хлявы для рабоў). У 18 ст. ў раёне здабычы золата і алмазаў (цяпер штат Мінас-Жэрайс) сфарміравалася самабытная архітэктура браз. барока, якая вылучалася пластычнасцю аб’ёмаў, багаццем колеру, пышнасцю ляпнога дэкору, размалёўкамі і залачонай разьбой па дрэве ў інтэр’ерах (арх. М.Ф. ды Лісбоа, яго сын Алейжадынью і інш.). Для ўпрыгожання будынкаў выкарыстоўваліся і бела-блакітныя керамічныя пліткі («азулежус»), з якіх складваліся сюжэтныя кампазіцыі. Развіваліся станковая скульптура, якая адлюстравала нац.-вызв. імкненні (Алейжадынью), і дэкар. пластыка (В. ды Фансека-і-Сілва), узнік станковы жывапіс (М. да Коста Атаідзі). З абвяшчэннем незалежнасці Бразіліі (1822) у яе культуры ўзмацніўся свецкі пачатак, у архітэктуры — франц. класіцызм (арх. О.Гранжан ды Мантыньі). У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. раслі гарады з багатымі будынкамі ў духу еўрап. эклектызму, а пазней у стылі мадэрн. Жывапіс (гіст., батальны, партрэт, пейзаж) таксама фарміраваўся пад уплывам франц. класіцызму, рамантызму і акадэмізму (Н.А. і Ф.Э.Тане); у ім узмацнялася цікавасць да нац. вобразаў (В.Мейрэліс ды Ліма, П.Амерыку ды Фігейрэду-і-Мелу) і рэаліст. паказу нар. жыцця (жанрыст Ж.Ф. ды Алмейда Жуніяр, партрэтыст Э.Вісконці). У 20 ст. пошукі самаст. шляху ў архітэктуры выявіліся ў адраджэнні формаў калан. эпохі («неакаланіяльны стыль») з выкарыстаннем нац. традыцый, сучаснай буд. тэхнікі і лаканічных геаметрызаваных формаў. З 1930-х г. складваецца самабытная браз. школа архітэктуры з экспрэсіўнай пластычнасцю і маляўнічасцю абагульненых крывалінейных формаў (арх. О.Німеер). Рэканструяваліся старыя гарады (Сан-Паўлу, Рыо-дэ-Жанейра) і будаваліся новыя, у т. л. сталіца Бразілія (арх. Л.Коста, Німеер). У 1960—70-я г. пашырылася прамысл. і жыллёвае буд-ва (вышынныя будынкі, вял. жылыя масівы). Паявілася імкненне да замкнутасці прасторы, строгасці формаў, масіўнасці дэталяў, цікавасць да формы і колеру, працягваліся пошукі нац. спецыфікі (арх. А.Гарсія Роза, Ф.Р.Карвалью, Ж.М.Кардозу і інш.). У выяўл. мастацтве з 1920-х г. пошукі ў духу сацыяліст. рэалізму (маст. К.Партынары, Т. ду Амарал) перапляліся з выкарыстаннем прыёмаў найноўшых еўрап. кірункаў (рух «Тыдзень сучаснага мастацтва», Сан-Паўлу, 1922). Драм. выразнасцю вылучаецца дэмакр. графіка (О.Гаэлдзі, К.Скліяр, Р.Кац). Жахі вайны і фашызму выкрываў Л.Сегал. Для скульптуры характэрныя ваганні паміж нац. і абстрактна-сімвалічнымі вобразамі. Разнастайныя віды нар. мастацтва Бразіліі — негрыцянскага (статуэткі, шматколернае адзенне, хатняе начынне ў традыцыях афр. мастацтва) і асабліва індзейскага (фігурная кераміка, драўляныя статуэткі, паліхромная размалёўка хацін тукана, разныя зааморфныя лаўкі карыбаў, узорнае ткацтва, пляценне, вырабы з пер’я).
Музыка. Муз. фальклор у Бразіліі склаўся на аснове амер., еўрап. (пераважна партугальскіх) і афр. крыніц. У сучаснай нар. музыцы пераважаюць афр. элементы (песенна-танц. жанры батукада, самба, машышы, ударныя і шумавыя інструменты), у крэольскай — песенныя жанры (дэзафіў, мода, мадынья, лунду) і вак.-інстр. формы гар. музыкі (шора). Сярод муз. інструментаў: віялан (6-струнная гітара), віёла, кавакінью (струнныя), барабаны, шумавыя. Прафес.муз. творчасць развівалася пад еўрап. уплывам. У 19 ст. пераважалі оперныя жанры італьян. ўзору. Заснавальнік браз.нац. оперы К.А.Гоміс («Гуарані», 1870). У канцы 19 — пач. 20 ст. фарміруецца нац. кампазітарская школа: Л.Мігіс, Э.Освалд, А.Леві, Ф.Брага, А.Непамусену. Сярод кампазітараў нац. кірунку: Э.Віла-Лобас, О.Л.Фернандыс, Ф.Міньёні, Р.Гнаталі, К.Гуарньеры, Ж.Сікейра, К.Сантору (пазней звярнуўся да дадэкафоніі). Сярод прыхільнікаў муз.авангардызму С.Гера Пейшы (засн. «Групу новай музыкі»), Э.Крыгер і інш. Працуюць (1996): у Рыо-дэ-Жанейра оперны т-р «Сан-Жуан», Браз.муз. акадэмія імя Фернандыса, Нац. школа музыкі Федэральнага ун-та; у Сан-Паўлу Кансерваторыя драмы і музыкі і інш. Дзейнічаюць цэнтр фалькл. даследаванняў, Саюз музыкантаў (з 1954) і Ордэн музыкантаў (з 1960); выдаюцца муз. часопісы, праводзяцца міжнар. конкурсы піяністаў (з 1957) і скрыпачоў (з 1965).
Тэатр. Элементы т-ра былі ў абрадавых гульнях афра-браз. культу, т.зв. макумбах. Першыя спектаклі ў 16 ст. наладжвалі езуіты — ставілі інсцэніроўкі літ. твораў ці стваралі аўта (кароткія драм. паказы на рэліг. сюжэты). У 18 ст. рабіліся спробы стварыць прафес.тэатр. Ставіліся п’есы прадстаўнікоў браз. класіцызму (М.Батэлью ды Алівейры, А.Ж. да Сілвы, І.Ж. ды Алварэнгі Пейшоту, К.М. да Косты). У 1813 адкрыты Каралеўскі тэатр св. Жуана, дзе выступалі пераважна партуг. і італьян. трупы. Абвяшчэнне незалежнасці Бразіліі (1822) садзейнічала развіццю нац. тэатра і драматургіі. Пасля 1-й сусв. вайны колькасць замежных труп паменшала, больш інтэнсіўна развіваўся нац. т-р. На пач. 1920-х г. створаны пастаянныя драм. трупы К. ды Соза, А.Азеведу, Л.Фроіса, Г.Кардзіна, якія адначасова з замежнай драматургіяй ставілі творы нац. аўтараў. Пасля 2-й сусв. вайны працавалі шматлікія тэатр. трупы ў Рыо-дэ-Жанейра і Сан-Паўлу, створаны тэатр.навуч. ўстановы. Вялікую ролю ў абнаўленні браз.т-ра адыграла дзейнасць т-ра «Камедыянты» (засн. ў труп А.Марына, А.Чэлі, Дж.Рата, студэнцкага т-ра Пернамбуку. Грубая камедыя, т.зв. шаншада, якая пераважала ў рэпертуары т-раў, саступіла месца творам драматургіі, што адлюстроўвалі грамадска значныя з’явы жыцця, — п’есам Ж.Камаргу, Н.Радрыгіса, Г.Фігейрэду і інш.
Кіно. Вытворчасць фільмаў у Бразіліі пачалася ў 1903. У 1915 створана першая кінастудыя, дзе здымаліся пераважна браз. варыянты замежных фільмаў, экранізаваліся творы л-ры. У першых гукавых фільмах, гал. чынам муз. камедыях, здымаліся вядомыя спевакі, выкарыстоўваліся нац.муз. мелодыі, сюжэты фільмаў былі звязаны з штогадовымі карнаваламі. У 1940-я г. створаны кінастудыі «Атлантыка» (Рыо-дэ-Жанейра) і «Вера-Крус» (Сан-Паўлу). Найб. значныя стужкі знялі рэж. У.Маўру, А.Кавалканці, Л.Барэту. У 1950—60-я г. пачалі дзейнасць рэжысёры т.зв. «новага кіно», творчасць якіх сфарміравалася пад уплывам італьян. неарэалізму (А.Віяні, Н.Перэйра дус Сантус і інш.). У 1970—80-я г. ўзмацніўся кантроль урада над кінапракатам з мэтай стымуляваць кінавытворчасць. Адначасова з камерцыйнымі здымаліся творы, заснаваныя на міфал. і фалькл. матывах, гіст. фактах. Ствараліся карціны, у аснове якіх сур’ёзныя сац. праблемы. Сярод лепшых фільмаў: «Кангасейра» (1953), «Песня мора» (1954), «Рыо 40°» (1955), «Там, дзе канчаецца асфальт» (1956), «Чырвоная смакоўніца» (1961), «Абяцанне» (1962), «Высушаныя жыцці» (1964), «Зямля ў трансе» (1966), «Дона Флор і абодва яе мужы» (1976), «Падзенне» (1977), «Насенне помсты».
Літ.:
История Латинской Америки: Доколумбова эпоха — 70-е годы XIX в. М., 1991;
Коваль Б.И. Бразилия вчера и сегодня. М., 1975;
Челядинский А.А. Демократическая альтернатива фашизму: (Опыт борьбы коммунистических партий Латинской Америки в 60—80-е годы). Мн., 1991. С. 132—141;
Тертерян И.А. Бразильский Роман XX века. М., 1965;
Художественное своеобразие литератур Латинской Америки. М., 1976;
Культура Бразилии. М., 1981;
Кириченко Е.И. Три века искусства Латинской Америки. М., 1972;
Каптерева Т.П. Искусство Бразилии. М., 1986;
Leite J.P.T. Pintura moderna brasileira. [Rio de Janeiro], 1978;
Lemos C.A. Arquitetura brasileira. São Paulo, 1979;
Эстрела А. Современная бразильская музыка // Музыкальная культура стран Латинской Америки. М., 1974;
Алваренга О. Бразильские народные танцы-действа // Тамсама;
Яе ж. Бразильские народные танцы и песни // Музыка стран Латинской Америки. М., 1983.
М.С.Вайтовіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.Я.Калаткоў (гісторыя), І.Л.Лапін (літаратура).
Герб і сцяг Бразіліі.Да арт.Бразілія. Узбярэжжа заліва Рыо-дэ-Жанейра.Да арт.Бразілія. Вадаспад Ігуасу на р. Парана.Да арт.Бразілія. К.Партынары. Збор кавы. 1935. Фрагмент.Да арт.Бразілія. Статуя Хрыста на вяршыні ўзгорка Каркаваду ў Рыо-дэ-Жанейра. Скульптар П.Ландоўскі. 1931.Да арт.Бразілія. Царква Сан-Франсіску ў Ору-Прэту. Арх. і скульптар Алейжадынью. 1766—94.Да арт.Бразілія. Вуліца 9 Ліпеня ў Сан-Паўлу.Да арт.Бразілія. Падрыхтоўка саджанцаў кававых дрэў да пасадкі.Да арт.Бразілія. Інтэр’ер кафедральнага сабора ў г. Бразілія. Арх. О.Німеер. 1960.Да арт.Бразілія. Адміністрацыйныя і грамадскія будынкі. Арх. О.Німеер. 1957—60.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШАЯ СУСВЕ́ТНАЯ ВАЙНА́ 1914—18,
вайна паміж дзвюма кааліцыямі дзяржаў: Цэнтральнымі дзяржавамі (Германія, Аўстра-Венгрыя, Турцыя, Балгарыя) і Антантай (Расія, Францыя, Вялікабрытанія, Сербія, пазней Японія, Італія, Румынія, ЗША і інш.). Усяго ўдзельнічала 38 дзяржаў (разам з дамініёнамі і калоніямі) з насельніцтвам больш за 1,5 млрд.чал. Выклікана абвастрэннем супярэчнасцей сярод гал.капіталіст. краін за ўмацаванне свайго панавання ў свеце, за перадзел ужо падзеленага свету і падпарадкаванне інш. народаў. Тая акалічнасць, што некат. краіны (напр., Сербія, Чарнагорыя) вялі нац.-вызв. барацьбу, не мяняе агульнага імперыял. характару вайны.
Германія імкнулася дамагчыся панавання ў Еўропе, разграміць свайго гал.эканам. канкурэнта — Англію, пазбавіць яе калоній і ваенна-марскога флоту; разбіць Францыю, Бельгію, Галандыю і захапіць іх калоніі; аслабіць Расію, забраць у яе Польшчу, Беларусь, Украіну, Прыбалтыку, замацавацца на Балканах і Б. Усходзе. Аўстра-Венгрыя хацела захапіць Сербію і Чарнагорыю, Турцыя — рас. Закаўказзе, Балгарыя — усх.ч. Сербіі. Англія імкнулася захаваць сваё калан. панаванне, для чаго намервалася разграміць Германію, захапіць яе калоніі і адваяваць арабскія тэрыторыі ў Турцыі. Францыя разлічвала вярнуць сабе захопленыя Германіяй у 1871 правінцыі Эльзас і Латарынгію і завалодаць сумежным Саарскім вугальным басейнам, абараніць свае калоніі (найперш Марока) ад дамаганняў Германіі. Расія імкнулася адлучыць ад Аўстра-Венгрыі Галіцыю, завалодаць Канстанцінопалем (Стамбулам) і Чарнаморскімі пралівамі. Свае агрэсіўныя мэты мелі Японія, Італія і інш.Гал.імперыял. дзяржавы спадзяваліся таксама, што вайна дапаможа адцягнуць прац. масы метраполій ад рэв. руху, а калан. народы — ад нац.-вызв. барацьбы. Рыхтуючыся да перадзелу свету, Германія (гал. ініцыятар вайны) заключыла ў 1879 ваен. саюз з Аўстра-Венгрыяй, да якога ў 1882 далучылася Італія, і т.ч. быў створаны Траісты саюз. Гэтаму блоку супрацьстаяла Антанта, сфарміраваная ў 1907. Кіраўніцтва 2-га Інтэрнацыянала падтрымала свае ўрады і т.ч. адмовілася ад сваіх ранейшых антываен. рэзалюцый Штутгарцкага (1907) і Базельскага (1912) кангрэсаў аб інтэрнац. салідарнасці працоўных. Супраць імперыяліст. вайны выступілі рас. бальшавікі і шэраг левых груповак у інш.с.-д. партыях.
Зачэпкай для вайны паслужыла забойства членамі сербскай падп. арг-цыі 28.6.1914 у Сараеве (тады ў Аўстра-Венгрыі) наследніка аўстр. трона эрцгерцага Франца Фердынанда (гл.Сараеўскае забойства). 28.7.1914 Аўстра-Венгрыя аб’явіла вайну Сербіі. Расія заявіла пра падтрымку Сербіі і пачала частковую, а 30 ліп. агульную мабілізацыю. 1.8.1914 Германія аб’явіла вайну Расіі, а 3 жн. — Францыі. Англія 4 жн. заявіла аб стане вайны з Германіяй. Вайну Германіі аб’явілі таксама англ. дамініёны (Аўстралія, Канада, Новая Зеландыя і Паўд.-Афрыканскі Саюз). 23 жн. супраць Германіі выступіла Японія. 29 кастр. на баку аўстра-герм. блока ў вайну ўступіла Турцыя. Напярэдадні вайны аўстра-герм. блок разгарнуў 193 дывізіі (3,5 млн.чал.), дзяржавы Антанты — 287 дывізій (6 млн.чал.). Германія сканцэнтравала на Зах. фронце 7 армій у складзе 96 дывізій. Ва Усх. Прусіі знаходзілася 8-я армія (14 дывізій), 2 дывізіі былі на Брэслаўскім (Вроцлаўскім) напрамку. Аўстра-Венгрыя разгарнула ў Галіцыі 4 арміі (45,5 дывізіі), супраць Сербіі — 2 арміі (14 дывізій). Турэцкія ўзбр. сілы (0,5 млн. чал) у складзе 14 карпусоў разгарнуліся ў 6 арміях: каля Стамбула, у Тур. Арменіі, Месапатаміі, Сірыі і Палесціне. Францыя сканцэнтравала на фронце 85 дывізій. Экспедыцыйная армія Англіі налічвала 5,5 дывізіі (87 тыс.чал.) і разгарнулася ў раёне Брусель—Льеж—Намюр. Узбр. сілы Расіі стварылі 2 фронты — Паўночна-Заходні фронт 1914—15 (у пач. вайны 2 арміі, 381 тыс.чал.) на мяжы з Усх. Прусіяй і Паўд.-Зах. фронт (4 арміі, 697 тыс.чал.) на подступах да Галіцыі. Сербія выставіла 13 дывізій (247 тыс.чал.), Чарнагорыя — 6 дывізій (60 тыс.чал.).
Герм. войскі пачалі наступленне на Зах.-еўрап. фронце 2.8.1914. Хутка яны прайшлі Бельгію і Люксембург, захапілі паўн. дэпартаменты Францыі і прасунуліся да Парыжа. 5—12 вер. паміж Вердэнам і Парыжам разгарнулася вял. бітва на р. Марна з удзелам 6 англа-франц. і 5 герм. армій (гл.Марнскія бітвы). У выніку ўпартага супраціўлення саюзнікаў немцы страцілі ініцыятыву, і ў ліст. знясіленыя бакі перайшлі да абароны, якая паклала пачатак пазіцыйнай вайне. Поспеху англа-французаў у значнай меры паспрыяла наступленне рас. войск на Усх.-герм. фронце, што вымусіла немцаў ужо 26 жн. пачаць перавод ч. войск на У.
Першы перыяд кампаніі 1914 на ўсх.-еўрап. тэатры ваен. дзеянняў адзначаны 2 буйнымі наступленнямі: Усходне-Прускай аперацыяй 1914 і Галіцыйскай бітвай 1914. У ходзе наступлення на Усх. Прусію 2 рас. арміі пасля першых поспехаў пацярпелі цяжкае паражэнне і адступілі. Важнае месца займалі баі на Паўд.-Зах. фронце. 18 жн. ў ходзе Галіцыйскай бітвы пачалося наступленне 8-й арміі ген. А.А.Брусілава. На працягу месяца рас. войскі разбілі аўстра-венграў, занялі Львоў, адкінуўшы праціўніка да Карпат, і блакіравалі крэпасць Перамышль (здалася 22.3.1915). Аднак саюзнікі прапанавалі Расіі наступаць супраць Германіі. Рас. камандаванне перагрупавала гал. сілы з р. Сан на сярэднюю Віслу да Варшавы. У ходзе Варшаўска-Івангародскай аперацыі 1914рас. войскі атрымалі перамогу. У Закаўказзі рас. армія адбіла наступленне туркаў на Ардахан і Сарыкамыш (гл.Сарыкамышская аперацыя 1914—15) і перанесла ваен. дзеянні на тэр. праціўніка. На аўстра-сербскім фронце ў жн.—вер. 1914 сербы адкінулі ворага за межы краіны. Гал. вынікам барацьбы на моры было ўсталяванне Англіяй блакады герм. ўзбярэжжа, што адрэзала Германію ад яе калоній і паўплывала на ўвесь ход вайны. У цэлым кампанія 1914 завяршылася перамогай Антанты, планы герм.Ген. штаба на «маланкавую вайну» праваліліся. У кампанію 1915, не маючы сіл для наступальных аперацый на абодвух тэатрах ваен. дзеянняў, герм. камандаванне вырашыла засяродзіць гал. ўвагу на ўсх.-еўрап. тэатры, каб вывесці Расію з вайны. На зах.-еўрап. тэатры планавалася заняць абарону. У выніку масіраванага наступлення герм. і аўстра-венгерскія войскі у чэрв. 1915 захапілі б.ч. Польшчы, у т. л. 4 жн. — Варшаву; фронт наблізіўся да Беларусі.
У жн. 1915 пачалося герм. наступленне ў напрамку Коўна—Вільня—Мінск. 9.9.1925 у стыку Паўночнага фронту 1915—18 і Заходняга фронту 1915—18 немцы здзейснілі Свянцянскі прарыў 1915, захапілі г. Вілейку. У вер.рас. войскі пакінулі Вільню, Гродна, Ліду, Брэст, Пінск і інш. гарады зах. Беларусі. Стаўка Вярх. Галоўнакамандавання была пераведзена з г. Баранавічы ў Магілёў. 19 вер. перадавыя ням. раз’езды перарэзалі чыгунку Мінск—Масква ў раёне Смалявіч. Вял. намаганнямі рас. войскам удалося ліквідаваць прарыў і адкінуць праціўніка ў раён азёр Свір і Нарач. У кастр. 1915 фронт стабілізаваўся па лініі Дзвінск—Паставы—Баранавічы—Пінск. Каля палавіны тэр. Беларусі апынулася пад ням. акупацыяй.
На зах.-еўрап. тэатры англа-франц. войскі правялі шэраг абмежаваных аперацый на вузкіх участках фронту. 22.4.1915 у ходзе баёў каля г. Іпр (Бельгія) немцы ўпершыню ўжылі зброю масавага паражэння — газ хлор. У канцы вер. 1915 франц.-англ. войскі правялі наступальную аперацыю ў Шампані. Аднак прарваць фронт ім не ўдалося. 23.5.1915 Італія выйшла з Траістага саюза і аб’явіла вайну Аўстра-Венгрыі (узнік новы італьян. фронт). У лют. 1915 англа-франц. войскі высадзілі дэсант на беразе праліва Дарданелы з мэтаю захопу Стамбула, але іх штурмы былі адбіты туркамі (у студз. 1916 дэсант эвакуіраваны). Паражэнне гэтага дэсанта і адыход рас. войск з Галіцыі паўплывалі на рашэнне Балгарыі ўступіць 14.10.1915 у вайну на баку аўстра-герм.-тур. блоку. Гэта пагоршыла становішча сербскай арміі, якая пад ударамі Аўстра-Венгрыі і Балгарыі адступала да Адрыятыкі; яе рэшткі эвакуіраваны саюзнікамі на востраў Корфу. У выніку паражэння Сербіі ўсталяваліся бесперашкодныя зносіны паміж Германіяй і Турцыяй.
На азіяцка-каўказскім тэатры ваен. дзеянняў рас. войскі паспяхова прасоўваліся ў напрамку воз. Ван і Алашкерт, баі вяліся на тэр. Ірана. Аднак туркі разграмілі англічан у Месапатаміі і акружылі іх корпус у Кут-эль-Амары, у Егіпце — падышлі да Суэцкага канала. На моры герм. падводны флот разгарнуў «бязлітасную вайну» супраць усіх караблёў, у т. л. і нейтральных краін (гл.Падводная вайна). За 1915 Германія і яе саюзнікі дасягнулі значных поспехаў на ўсх.-еўрап., балканскім і азіяцкім тэатрах, захапілі вял. тэрыторыі. Аднак на зах.-еўрап. тэатры Англія і Францыя паспяхова трымалі фронт. На 1916 краіны Антанты запланавалі правесці 2 скаардынаваныя аперацыі: 15 чэрв. на ўсх.-еўрап. і 2 ліп. на зах.-еўрап. тэатрах. У кампаніі 1916 на зах.-еўрап. тэатры вылучыліся 2 аперацыі — каля крэпасці Вердэн (гл.Вердэнская аперацыя 1916) і на р. Сома. 1 ліп. англа-франц. войскі пачалі наступленне на Соме, найб. моцныя баі адбыліся восенню 1916. Тут англічане ўпершыню выкарысталі новую ваен. тэхніку — танкі. Немцы аслабілі, а потым і спынілі націск на Вердэн; у кастр.—снеж. французы выбілі іх з найб. важных пазіцый у раёне крэпасці. Бакі страцілі сотні тыс.чал., але лінія фронту на ўчастку 35 км прасунулася ўглыбіню толькі на 10 км. Каб аслабіць герм. атакі на Вердэн, рас. армія датэрмінова правяла у сак.Нарачанскую аперацыю 1916, якая скончылася безвынікова. Больш значны поспех мела Паўднёва-Заходняга фронту наступленне 1916 (пачалося 4.6.1916) пад камандаваннем ген. Брусілава. 8-я армія ўзяла Луцк, 9-я армія выйшла на лінію р. Стаход, а потым заняла Букавіну і ч.Усх. Галіцыі. 29.7.1916 войскі Зах. фронту правялі Баранавіцкую аперацыю 1916, але прарваць фронт не змаглі. У выніку «Брусілаўскага прарыву» праціўнік панёс страты да 1,5 млн.чал. і быў вымушаны спыніць сваё наступленне ў Італіі, Аўстра-Венгрыі быў нанесены такі ўдар, пасля якога яна да канца вайны ўжо не здолела весці актыўныя баявыя дзеянні.
Англа-франц. наступленне на Соме і рас. наступленне ў Галіцыі прадвырашылі пералом у 1-й сусв. вайне на карысць Антанты. Пад уражаннем гэтых перамог 27.8.1916 у вайну ўступіла Румынія, спадзеючыся адваяваць ў Аўстра-Венгрыі Трансільванію. Аднак рум. армія была хутка разбіта перакінутымі на дапамогу аўстрыйцам герм. войскамі; немцы занялі Бухарэст. Рас. войскі ўступілі ў Румынію. У канцы снеж. 1916 Рум. фронт стабілізаваўся. У 1916 у абмен на зброю для Расіі ў Францыю і на Балканы перакінуты Рус. экспедыцыйныя корпусы. На азіяцка-каўказскім тэатры ў 1916 рас. войскі ўзялі Эрзурум, Трапезунд, Эрзінджан; англічане ж тут дзейнічалі няўдала: акружаны ў 1915 корпус у Кут-эль-Амары 28.4.1916 капітуляваў. Восенню 1916 туркі трымалі супраць рускіх 27, а супраць англічан 18 дывізій.
Летам 1916 адбылася Ютландская бітва 1916 — адзіная буйная бітва на моры, у якой ням. караблі не здолелі перамагчы англ. флот і ліквідаваць марскую блакаду. У канцы 1916 — пач. 1917 стратэг. ініцыятыва ў цэлым перайшла да Антанты, аднак Расія была настолькі стомлена, што пэўныя прыдворныя колы пачалі шукаць сепаратнага міру з Германіяй. 6.4.1917 у вайну на баку Антанты ўступілі ЗША. Няўдалае крас. наступленне англа-франц. войск у раёне Араса, Сен-Кантэна і Рэймса (загінула больш за 200 тыс.чал.) выклікала хваляванні ў франц. арміі, у Рус. экспедыцыйным корпусе пачаўся рух за вяртанне на радзіму. На італьян. і азіяцка-тур. тэатрах саюзнікі пераламілі ход вайны на сваю карысць. У Расіі ў выніку Лютаўскай рэвалюцыі 1917 самадзяржаўе было скінута і да ўлады прыйшоў Часовы ўрад, які ў пытаннях працягу вайны быў яшчэ ў большай залежнасці ад зах. саюзнікаў, чым царызм. Аднак шматлікія ахвяры і эканам. цяжкасці, выкліканыя вайной, рабілі яе ўсё больш непапулярнай у салдацкіх масах; на фронце адбывалася братаннерус. і герм. салдат; з’явіўся лозунг рас. бальшавікоў аб пераўтварэнні вайны імперыял. у грамадзянскую. 1.7.1917 пачалося няўдалае наступленне рас. войск Зах. фронту. У канцы жн. (пач.вер.) 1917 герм. войскі авалодалі Рыгай. Адразу пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 савецкі ўрад Расіі прыняў Дэкрэт аб міры, у якім прапанаваў усім ваюючым бакам пачаць перагаворы з мэтай заключэння справядлівага міру без анексій і кантрыбуцый. У сувязі з адмовай англа-франц. блоку ад гэтых прапаноў сав. ўрад пачаў сепаратныя перагаворы з аўстра-герм. кааліцыяй і 4.12.1917 падпісаў з ёю Дагавор аб перамір’і на Заходнім фронце 1917. У лют. 1918 іх саюзнікі парушылі перамір’е, пачалі буйнамаштабнае наступленне на ўсіх франтах. Паколькі старая армія развальвалася, а часці Чырв. Арміі толькі ствараліся, праціўніку ўдалося захапіць вял. тэрыторыю па лініі Нарва—Растоў-на-Доне, у т. л. ў Беларусі па лініі Расоны—Полацк—Сянно—Орша—Магілёў—Жлобін—Навазыбкаў. Туркі ўварваліся ў Закаўказзе.
3.3.1918 быў падпісаны Брэсцкі мір 1918. З сак. па ліп. 1918 герм. камандаванне правяло 4 наступальныя аперацыі на зах.-еўрап. тэатры, выкарыстаўшы апошні шанц завяршыць вайну на сваю карысць, але беспаспяхова. 8—13 жн. саюзнікі правялі Ам’енскую аперацыю 1918 і нанеслі буйное паражэнне немцам. 26.9.1918 англа-франц. і амер. войскі перайшлі ў агульнае наступленне, прарвалі герм. абарону і вымусілі праціўніка пакінуць тэр. Францыі. У 1918 вырашальныя перамогі былі атрыманы саюзнікамі і на інш. тэатрах. 29 вер. капітулявала Балгарыя, 30 кастр. — Турцыя, 3 ліст. — Аўстра-Венгрыя, 11 ліст. — Германія.
1-я сусв. вайна цягнулася больш за 4 гады (51 месяц і 2 тыдні) і мела надзвычай разбуральны характар. З 74 млн.чал., мабілізаваных з 33 дзяржаў і 5 калоній, загінула і памерла ад ран каля 10 млн.чал., паранена больш за 20 млн.чал., каля 10 млн.чал. памерла ад эпідэмій і голаду. Вайна забрала вял. ахвяры і сярод мірнага насельніцтва: у выніку артабстрэлаў і паветраных бамбардзіровак гінулі жыхары гарадоў; тур. ўлады ўчынілі генацыд армян; падводныя лодкі тапілі пасажырскія судны. Вельмі цяжкім было становішча ў Беларусі. Зах. губерні, у т. л.бел., былі аб’яўлены на ваен. становішчы, уводзіўся жорсткі ваен.-паліцэйскі рэжым. У бел. губернях у дзеючую армію было мабілізавана 50% мужчын. Астатняе працаздольнае насельніцтва прыцягвалася на абарончыя работы. У час баявых дзеянняў на Беларусі гінула мірнае насельніцтва, разбураліся гарады і вёскі, знішчаліся матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці. Адступленне рас. войск суправаджалася масамі бежанцаў. Колькасць прадпрыемстваў скарацілася на 65%, колькасць рабочых — больш, чым на 1/3. Пасяўныя плошчы ў неакупіраваных паветах скараціліся ў 1914—17 на 15,6%, пагалоўе жывёлы — на 11,4 (кароў на 33,9%). Пагоршылася матэрыяльнае становішча сял. мас. Адбываліся забастоўкі, салдацкія выступленні, найб. буйное — Гомельскага перасыльнага пункта паўстанне 1916. На акупіраванай тэр.зах. Беларусі герм. ўлады стварылі «Нямецкае ваеннае ўпраўленне Беласток—Гродна»; 1.2.1918 яно як састаўная ч. пад назвай «Літва—Поўдзень» уключана ў «Нямецкае ваен. ўпраўленне Літва». Акупанты праводзілі масавыя рэквізіцыі с.-г. прадукцыі, вывозілі сыравіну (асабліваму рабаванню падвергліся лясы Белавежскай пушчы) і прамысл. абсталяванне ў Германію. Такая палітыка выклікала супраціўленне насельніцтва, аж да нападаў сялян на рэквізіцыйныя атрады. Пасля акупацыі ў 1918 усх. Беларусі ўзбр. барацьба набыла арганізаваныя формы партызанскай вайны.
28.6.1919 краіны Антанты (без Расіі) падпісалі Версальскі мірны дагавор 1919 з Германіяй, паводле якога Францыя вяртала Эльзас і Латарынгію, часова акупіравала Саарскую вобл., усе герм. калоніі (у Афрыцы, Кітаі, а-вах Ціхага акіяна) пераходзілі да Англіі, Францыі, Японіі; абмяжоўваліся ўзбр. сілы і ўзбраенні Германіі, на яе ўскладвалася кантрыбуцыя. У вер. 1919 — жн. 1920 былі падпісаны выпрацаваныя на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 аналагічныя мірныя дагаворы паміж краінамі Антанты і інш. дзяржавамі герм. блоку. Пасля распаду Аўстра-Венгрыі на яе тэр. ўзніклі Аўстрыя, Венгрыя, Чэхаславакія. Сербія аб’ядналася з Чарнагорыяй і паўд.-слав. правінцыямі Аўстра-Венгрыі (Харватыя, Славенія, Далмацыя, Боснія і Герцагавіна) у Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 — Югаславія). Адрадзіла незалежнасць Польшча. За кошт б. Аўстра-Венгрыі павялічылі свае тэрыторыі Румынія і Італія. Арабскія ўладанні Турцыі ў асн. перайшлі да Англіі і Францыі, Ірак атрымаў фармальную незалежнасць. Т.ч. шэраг народаў Усх. Еўропы сталі незалежнымі ці ўз’ядналі свае тэрыторыі, але іншаземнае панаванне на пазаеўрап. абшарах у асн. захавалася. ЗША за ваен. пастаўкі атрымалі вял. прыбыткі, павысілі свой міжнар. статус і ўзмацнілі прэтэнзіі на сусв. панаванне. Версальскі дагавор не ліквідаваў, а ўзмацніў супярэчнасці паміж краінамі, не задаволенымі новым перадзелам свету і паслужыў падставай падрыхтоўкі да Другой сусветнай вайны 1939—45.
Літ.:
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 2. Мн., 1972;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994;
Зайончковский А.М. Мировая война 1914—1918 гг.Т. 1—3. 3 изд. М., 1938—39;
Вержховский Д.В., Ляхов В.Ф. Первая мировая война 1914—1918 гг.М., 1964;
Ростунов И.И. Русский фронт первой мировой войны. М., 1976;
Португальский Р.М., Алексеев П.Д., Рунов В.А. Первая мировая в жизнеописаниях русских военачальников. М., 1994;
Такман Б. Первый блицкриг. Август 1914: Пер. с англ. М.; СПб., 1999;
Мессенджер Ч. Энциклопедия войн XX в.: Мировые конфликты с 1900 г. до наших дней: Пер. с англ.М., 2000;
Больных А. Морские битвы Первой мировой войны: Схватка гигантов. М., 2000.
П.А.Селіванаў.
Да арт.Першая сусветная вайна. Бой вядуць амерыканскія салдаты.Да арт.Першая сусветная вайна. Англійскі танк накіроўваецца да германскіх пазіцый. 1916.Да арт.Першая сусветная вайна. Спаленая беларуская вёска. Заходні фронт. 1915.Да арт.Першая сусветная вайна. Перавязачны пункт у Мінску.Да арт.Першая сусветная вайна. Газавая атака на Заходнім фронце. 1915.Да арт.Першая сусветная вайна. Расійская кулямётная ўстаноўка, прыстасаваная для стральбы па паветраных цэлях.Да арт.Першая сусветная вайна. Расійскія крэйсер і падводная лодка на Балтыйскім моры. 1916.Да арт.Першая сусветная вайна. Братанне на руска-германскім фронце. 1917.Да арт.Першая сусветная вайна. Паветраны бой паміж германскімі і англійскімі самалётамі. 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНЕСУЭ́ЛА (Venezuela),
Рэспубліка Венесуэла (República de Venezuela), самая паўн. дзяржава ў Паўд. Амерыцы. На Пн абмываецца Карыбскім м. Мяжуе на З з Калумбіяй, на Пд з Бразіліяй, на У з Гаянай. Падзяляецца на 21 штат, 1 тэрыторыю, 1 федэральную (сталічную) акругу, 1 федэральнае ўладанне (72 дробныя астравы ў Карыбскім моры). Пл. 912 тыс.км², нас. 20,1 млн.чал. (1993). Сталіца — г.Каракас. Афіц. мова — іспанская. Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (5 ліп.).
Дзяржаўны лад. Венесуэла — федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1961. На чале дзяржавы і ўрада прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — двухпалатны Нац. кангрэс у складзе палаты дэпутатаў і сената. Выканаўчы орган — урад.
Прырода. Венесуэла размешчана паміж паўн. ланцугом Андаў і Гвіянскім пласкагор’ем. Берагі на У і З нізінныя, у цэнтр.ч. скалістыя. На ПнЗ высокія хрыбты Андаў: Сьера-дэ-Перыха (да 3540 м), Кардыльера-дэ-Мерыда (г. Балівар, 5007 м), якія абкружаюць тэктанічную ўпадзіну воз. Маракайба. На Пн уздоўж узбярэжжа цягнуцца Карыбскія Анды. Частку краіны паміж Андамі і Гвіянскім пласкагор’ем займае нізіна р. Арынока (Льянас-Арынока). Для Гвіянскага пласкагор’я характэрны выш. 300—500 м, асобныя астраўныя горы і хрыбты (на мяжы з Бразіліяй г. Ла-Небліна — 3014 м, на Уг. Рарайма — 2772 м і інш.), сталовыя масівы. Нетры Венесуэлы багатыя нафтай і прыродным газам, жал. рудой, золатам, баксітамі, алмазамі, ёсць радовішчы вугалю, марганцавых і медных рудаў і інш. Клімат субэкватарыяльны гарачы, на ПдЗ экватарыяльны; дажджлівы сезон у крас. — верасні. Сярэднія месячныя т-ры 25—29 °C, у гарах халадней. Ападкаў 1000—2500 мм за год, ва ўпадзіне воз. Маракайба да 300 мм. Густая рачная сетка. Гал. рака — Арынока: правыя яе прытокі парожыстыя, з вадаспадамі, левыя раўнінныя. Схілы Андаў і Гвіянскага пласкагор’я ўкрыты пераважна лістападнымі лясамі. На крайнім Пд пастаянна вільготныя вечназялёныя лясы. Раўніны Арынока заняты саваннай — «льянас» (травяністыя абшары з невял. купкамі дрэў). Па ўзбярэжжы мангравыя зараснікі.
Насельніцтва. Каля 95% — венесуэльцы, народ, які ўтварыўся ад змяшання ісп. перасяленцаў з мясц. насельніцтвам — індзейцамі і неграмі-рабамі, прывезенымі з Афрыкі. У 19—20 ст. тут пасяліліся групы эмігрантаў, найб. з Паўд. Еўропы і з суседніх краін. Індзейцаў каля 200 тыс.чал., пераважна ў малаасвоеных раёнах на Пд, З, У. Паводле расавага складу метысаў 67%, белых 21%, чорных 10%, індзейцаў 2%. Большасць вернікаў — католікі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 22 чал. на 1 км². Каля 80% яго жыве на Пн (ад дэльты р. Арынока да воз. Маракайба) на плошчы, якая займае 20% тэр. краіны. У гарадах жыве 92% насельніцтва (1993). Найб. гарады (тыс.ж., 1991): Каракас — 1824,9, Маракайба — 1207,5, Валенсія — 903,1, Баркісімета — 602,6, Сьюдад-Гуаяна — 542,7, Барселона — 455,3, Маракай — 354,4, Сьюдад-Балівар — 225,8, Сан-Крыстобаль — 220,7, Кумана — 212,5, Матурын — 207,4, Мерыда — 168,0.
Гісторыя. Тэр. Венесуэлы са стараж. часоў насялялі індзейскія плямёны аравакскай, карыбскай і інш. моўных сем’яў. Пасля адкрыцця Амерыкі ў 1498 Х.Калумбам іспанцы арганізоўвалі экспедыцыі для вывучэння новых зямель. Зямлю ў заліве Маракайба яны назвалі Венесуэлай — «маленькай Венецыяй». Падставай для такой назвы было тое, што свае жытлы індзейцы будавалі на пáлях. У 16 ст. іспанцы заваявалі і каланізавалі ўсю тэр. Венесуэлы. На створаных тут плантацыях цукр. трыснягу, бавоўніку, тытуню працавалі індзейцы і негры-рабы. Бязлітасная эксплуатацыя, імкненне ісп. улад затрымаць развіццё нац. эканомікі і культуры выклікалі незадаволенасць насельніцтва (паўстанні 1749, 1795, антыісп. змова 1797). Нар. паўстанне 1810 у Каракасе дало пачатак вайне за незалежнасць Венесуэлы. (гл.Вайна за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26). У ліп. 1811 нац. кангрэс абвясціў 1-ю Венесуэльскую рэспубліку. Першая канстытуцыя, прынятая 21.12.1811, не прадугледжвала карэнных сац. змен на карысць шырокіх слаёў насельніцтва, таму рэспубліка страціла падтрымку насельніцтва і рэв. армія вымушана была капітуляваць (25.7.1812). Ісп. панаванне ў Венесуэле ліквідавана ў выніку доўгай вызв. вайны (разгром ісп. сіл у чэрв. 1821, канчатковы — у 1823). У 1819 Венесуэла і Новая Гранада ўтварылі рэспубліку Вялікая Калумбія. У 1830 Венесуэла аддзялілася ад яе і стала самаст. рэспублікай (першы прэзідэнт Х.А.Паэс). У перыяд праўлення т.зв. кансерватыўнай алігархіі (1830—48), з якой пазней вылучылася партыя унітарыстаў (буйныя землеўладальнікі, каталіцкае духавенства), аформілася ліберальная партыя, т.зв. федэралісты, падтрыманыя маладой гандл. буржуазіяй і часткай плантатараў-экспарцёраў. Праўленне лібералаў, якія правялі шэраг рэформ (адмена рабства ў 1854, прыняцце ліберальнай канстытуцыі і інш.), выклікала паўстанні кансерватараў. Іх вяртанне да ўлады (1858) стала прычынай грамадз. вайны (1859—63, скончылася перамогай лібералаў) і шматлікіх пераваротаў. У 1864—1953 краіна называлася Злучанымі Штатамі Венесуэлы. Чарговая стабілізацыя ў час праўлення ліберала А.Гусмана Бланка (1870—89) паспрыяла значнаму эканам. і культ. развіццю краіны, пераважна за кошт замежнага капіталу. Адкрыццё ў Венесуэле радовішчаў нафты (1870-я г.) стала прычынай пагранічнага канфлікту ў 1895 з Брыт. Гаянай, у выніку якога да Вялікабрытаніі адышла значная ч. нафтаноснага раёна. Новы канфлікт узнік у 1902 у выніку заблакіравання партоў у Венесуэле Вялікабрытаніяй, Германіяй і Італіяй, якія дамагаліся вяртання доўгу (каля 20 млн.дол.). Пацвярджэнне ў 1904 міжнар. Гаагскім трыбуналам справядлівасці прэтэнзій гэтых трох дзяржаў узмацніла пазіцыі міжнар. капіталу ў Венесуэле. У выніку дзярж. перавароту 1908 усталявалася дыктатура Х.В.Гомеса (1909—35). У гэты перыяд у Венесуэле пачала расці роля амер. капіталу, інвеставанага пераважна ў нафтавую прам-сць.
У снеж. 1941 Венесуэла спыніла дыпламат. адносіны з дзяржавамі фаш. блоку, у лют. 1945 абвясціла вайну Германіі і Японіі. У кастр. 1945 у Венесуэле адбыўся дзярж. пераварот, які ўзначаліла партыя Дэмакр. дзеянне. У 1946 упершыню пасля 1881 адбыліся парламенцкія выбары. Новы ўрад Р.Гальегаса (1947—48) павысіў падаткі на даходы замежных нафтавых кампаній, планаваў інш.прагрэс. мерапрыемствы. Пасля ваен. перавароту 1948 хунтай распушчаны Нац. кангрэс, адменены дэмакр. свабоды, анулявана канстытуцыя. Рэзкае ўзмацненне эканам. і паліт. залежнасці Венесуэлы ад ЗША, зніжэнне жыццёвага ўзроўню, рэпрэсіі выклікалі масавы пратэст насельніцтва. Пачатая 21.2.1958 у Каракасе ўсеагульная забастоўка перарасла ва ўзбр. паўстанне. Да ўлады прыйшла хунта на чале з В.Ларасабалем, якая аднавіла дэмакр. свабоды, абвясціла амністыю паліт. вязням, легалізавала паліт. партыі. На прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбарах (снеж. 1958) перамагла партыя Дэмакр. дзеянне, яе лідэр Р.Бетанкур стаў (лют. 1959) прэзідэнтам. 23.1.1961 прынята новая канстытуцыя, якая дзейнічае і цяпер. Але наступленне ўрада Бетанкура і наступнага прэзідэнта Р.Леоні (1964—69) на дэмакр. сілы падарвала ўплыў партыі Дэмакр. дзеянне. На прэзідэнцкіх выбарах у снеж. 1968 перамог кандыдат Сацыял-хрысціянскай партыі Р.Кальдэра Радрыгес, які паклаў пачатак правядзенню незалежнай эканам. палітыкі (нацыяналізацыя нафтавай і жалезаруднай прам-сці краіны, праграма сац. рэформ). З 1984 урады краіны зноў фарміравала партыя Дэмакр. дзеянне. У лют. і ліст. 1992 зроблены 2 спробы ваен. перавароту, якія выклікалі востры сац.-паліт. крызіс у краіне. 5.6.1993 Вярх. суд і сенат кангрэса Венесуэлы прынялі рашэнне аб адхіленні ад улады К.А.Перэса, выбранага прэзідэнтам у 1988. Прэзідэнтам краіны на перыяд да лют. 1994 быў выбраны Р.Х.Веласкес. З лют. 1994 прэзідэнтам краіны зноў стаў Кальдэра Радрыгес. Венесуэла — чл.ААН з 1945, чл. Руху недалучэння, Арг-цыі амер. дзяржаў і шэрагу інш.міжнар. арг-цый.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. У Венесуэле больш за 20 партый, з іх найбуйнейшыя Дэмакр. дзеянне, Сацыял-хрысц. партыя, Рух да сацыялізму і інш. Буйнейшыя прафс. аб’яднанні — Канфедэрацыя працоўных Венесуэлы, Канфедэрацыя незалежных прафсаюзаў Венесуэлы, Адзіны цэнтр працоўных Венесуэлы.
Гаспадарка. Венесуэла належыць да найб. развітых краін Лац. Амерыкі. Прам-сць да 35% валавога ўнутр. прадукту (ВУП), сельская гаспадарка — 6%. Працаздольнае насельніцтва занята ў абслуговых галінах (56%), прам-сці (28%), сельскай гаспадарцы (16%). Вядучае месца ў гасп. комплексе належыць нафтаздабыўной і нафтахім. прам-сці. Гэтыя галіны даюць 23% ВУП, 70% даходаў дзяржавы, 82% экспарту. Здабыча (млн.т, 1993): нафты 127,8, жал. руды 16,9, каменнага вугалю 3,9; золата 8033 кг. Здабываюць таксама баксіты, марганцавыя, нікелевыя, свінцова-цынкавыя руды, серабро, алмазы і інш.Асн. раёны здабычы нафты — упадзіна воз. Маракайба і паўн.ч. басейна р. Арынока. Там жа здабыча газу (мае ўнутр. значэнне). Перапрацоўка нафты ў гарадах Маракайба, Кабімас, Амуай, Пуэрта-ла-Крус, Пунта-Кардон, Каракас. Асн. цэнтры нафтахіміі — Маракайба, Валенсія, Пуэрта-Кабельё, Барселона; хім. прам-сці — Каракас, Маракайба, Сьюдад-Гуаяна. Выплаўка сталі 2,9 млн.т, алюмінію 600 тыс.т (1991). Металургічныя камбінаты ў Сьюдад-Гуаяне, Маракайба. Вытв-сць аўтамабіляў, трактароў, с.-г. машын, эл. і электроннай апаратуры ў Каракасе і Баркісімета. На р. Карані ГЭС Гуры і Макагуа, на долю якіх прыпадае ⅓ усіх энергет. магутнасцей краіны. Вытв-сць электраэнергіі 58,5 млн.кВт∙гадз (1992). Ёсць прадпрыемствы цэментнай (Маракайба, Баркісімета, Каракас), дрэваапр. (Маракайба, Пуэрта-Кабельё, Маракай), цэлюлозна-папяровай (Валенсія, Каракас, Сьюдад-Гуаяна), тэкст. (Мерыда, Сан-Крыстобаль, Баркісімета, Каракас, Барселона), гарбарна-абутковай (Каракас, Маракайба, Сан-Крыстобаль, Барселона, Валенсія), харч. і харчасмакавай, буд. матэрыялаў і інш. У сельскай гаспадарцы пануе буйное землеўладанне. Каля ¾ с.-г. плошчаў сканцэнтравана ў буйных уладальнікаў (больш за 500 га). С.-г. ўгоддзі займаюць 25% тэр. краіны, у т. л. ворыва 7%, лугі і паша 18%. Сельская гаспадарка не забяспечвае ўнутр. патрэб краіны. Асн. земляробчы раён на Пн і ПнЗ, жывёлагадоўчы — Льянас. Гал. культуры (тыс.т, 1993): кукуруза 700, рыс 645, цукр. трыснёг 6900, сорга 250, бульба 215, какава 382, бананы 1215, памідоры 200, кава, бабовыя, арахіс. Садоўніцтва (у т. л. каля 200 тыс.т апельсінаў штогод). З тэхн. культур вырошчваюць бавоўнік і сізаль. Пагалоўе (млн. галоў, 1993): буйн. раг. жывёлы 14,7, свіней 2,1, коз 1,65, авечак 0,5. Вытв-сць (тыс.т, 1993): ялавічыны 377, свініны 110, мяса птушкі 480. Марское і рачное рыбалоўства. Гал. від транспарту — аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 77,8 тыс.км, у т. л. 22,8 тыс.км з цвёрдым пакрыццём і 24,7 тыс.км гравійных. Гал. аўтамагістралі: Каракас—Сьюдад-Балівар, Каракас — мяжа з Калумбіяй. Чыгунак 542 км. Суднаходства па р. Арынока і яе прытоках (12 тыс.км). Уздоўж узбярэжжа кабатажныя перавозкі. Больш за 100 марскіх і рачных портаў. Гал. парты па экспарце нафты і нафтапрадуктаў: Маракайба (грузаабарот больш за 70 млн.т штогод), Амуай (40 млн.т), Кабімас, Пуэрта-ла-Крус, Пунта-Кардон, па экспарце жал. руды — Сьюдад-Балівар (рачны порт даступны для марскіх суднаў). Гал. порт краіны па імпарце і экспарце ненафтавых тавараў — Ла-Гуайра (аванпорт Каракаса). Развіты паветр. транспарт (360 аэрапортаў і аэрадромаў). Даўж. нафтаправодаў 6370 км, газаправодаў 4010 км, нафтапрадуктаправодаў 480 км. Экспарт: нафта і нафтапрадукты, жал. руда, пракат, золата, баксіты і алюміній, бананы. Імпарт: харч. тавары, хімікаты, тавары лёгкай прам-сці, машыны і трансп. сродкі. Гал.гандл. партнёры: ЗША, краіны Зах. Еўропы, Японія. Беларусь у 1992—93 экспартавала ў Венесуэлу калійныя ўгнаенні, матацыклы, веласіпеды. Грашовая адзінка — балівар.
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Венесуэлы ўключае дашкольныя ўстановы для дзяцей 3—6 гадоў, абавязковую 9-гадовую школу (7—15 гадоў), агульнаадук. сярэднія і сярэднія спец. школы, ВНУ. У сістэму вышэйшай адукацыі ўваходзяць ун-ты (дзярж. і прыватныя), ін-ты і каледжы вышэйшага тыпу. Буйнейшыя ун-ты: Цэнтральны ун-т (з 1725) і каталіцкі ун-т «Андрэс Бельё» ў Каракасе, Андскі ун-т у Мерыдзе (з 1785), ун-т у Валенсіі (з 1852). Буйнейшыя б-кі: Нац.б-ка ў Каракасе (з 1833), б-ка Цэнтральнага ун-та. Музеі: Нац. пантэон, Балівара, прыгожых мастацтваў, прыродазнаўча-гіст. (усе ў Каракасе). Навук. даследаванні вядуцца ў галіновых акадэміях, ун-тах, н.-д. цэнтрах і ін-тах, навук. т-вах.
Друк, радыё, тэлебачанне. Буйнейшыя газеты: «El Universal» («Усеагульная», з 1909), «Últimas Notícias» («Апошнія паведамленні», з 1941), «El Nacional» («Нацыянальная», з 1943), «El Mundo» («Свет», з 1958). Дзейнічаюць дзярж. і прыватнае інфарм. агенцтва ІНАКК. Радыёвяшчанне з 1930. Буйнейшыя радыёстанцыі: «Радыё Насьёналь», «Радыё Каракас», «Радыё румбас», «Радыё кантынентэ». Тэлебачанне з 1952.
Літаратура. Развіваецца пераважна на ісп. мове. Літ. помнікі дакалумбавай эпохі не захаваліся. У калан. перыяд пераважалі наследаванні ісп. узорам, гіст. хронікі, у паэзіі — гангарызм (культ «чыстай формы», мудрагелістая метафарычнасць, ускладненасць сінтаксісу і вобразнасці). Абуджэнне нац. свядомасці крэолаў у 18 ст. прадвызначыла станаўленне ўласна венесуэльскай л-ры. На ідэалы асветы і незалежнасць арыентаваліся першыя паэты і драматургі, нац.-патрыят. публіцыстыка Ф.Міранды і С.Балівара. Неакласіцысты, якія аб’ядналіся вакол літ.час. «La Oliva» («Аліва», 1836—46), вызначалі творчую атмасферу амаль да сярэдзіны 19 ст. Іх буйнейшы прадстаўнік — А.Бельё («Зварот да паэзіі», 1823, з няскончанай паэмы «Амерыка» — маніфест маладой л-ры; «Ода землеўладанню ў тропіках», 1826). У 1830—80-я г. ў л-ры панаваў рамантызм. Ён увабраў у сябе маст. і паліт. арыенціры краіны, якая сцвярджала сваю незалежнасць. Патрыят. і грамадз. матывы ўласцівыя паэзіі Р.М.Баральта (элегічная паэма «Развітанне з Айчынай», 1844), прозе Ф.Тора (раман «Пакутнікі», 1842) і Х.В.Гансалеса (паэма ў прозе «Месеніяны», каля 1852). Пільная ўвага да мясц. каларыту рамантыкаў Х.А.Майтына, А.Ласана, Х.Р.Эпеса стала зыходнай і цэнтральнай пасылкай для кастумбрыстаў (бытапісальнікаў) Д.Мендосы, Ф. дэ Салеса Перэсы, Н.Болета Перасы. У канцы 19 ст. з’явіліся творы, у якіх спалучаліся натуралістычныя і рэалістычныя тэндэнцыі: раманы «Пеонія» (1890) М.В.Рамера Гарсіі, «Страсці» (1895) Х.Хіля Фартуля. Значнай з’явай у л-ры Венесуэлы на мяжы 19—20 ст. быў мадэрнізм. Адчувальны ў творчасці рамантыка і парнасца Х.А.Перэса Банальдэ (зб. вершаў «Строфы», 1877; паэма «Флор», 1883), ён у поўнай ступені сцвердзіў сябе ў паэзіі М.Санчэса Пескеры і К.Борхеса, у раманах — М.Дыяса Радрыгеса, Л.М.Урбанехі Ачэльполя. З 1920-х г. у творчасці Урбанехі, Ачэльполя, Р.Бланка Фамбоны (пачынаў як мадэрніст) і інш. эстэтаў намеціўся паварот да рэалізму. У наступныя гады праз паэзію постмадэрнізму (Л.Э.Мармаль, А.Э.Бланка) і прагрэсіруючы рэалізм адкрыліся новыя перспектывы асэнсавання нац. вытокаў, сац.-паліт. рэчаіснасці. Праблему «варварства і цывілізацыя» ўзнялі раманы Р.Гальегаса «Павітуха» (1925) і «Донья Барбара» (1929), крытычнае бачанне свету нажывы і дыктатуры адбілася ў кнігах Х.Р.Пакатэры, М.Пікона Саласа, Р.Дыяса Санчэса. Актуальная праблематыка, пошукі нетрадыцыйных мастацкіх рашэнняў уласцівыя творчасці А.Услара П’етры, М.Атэра Сільвы, С.Гармендыі, Х.В.Абрэу, Э.Субэра, Э.Каламбані.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. У дакаланіяльны перыяд на тэр. Венесуэлы развівалася культура індзейскіх плямён. Сярод стараж. помнікаў наскальныя размалёўкі, пахавальныя урны, статуэткі, каменныя блокі з выявамі ягуараў, кракадзілаў, сімвалаў Сонца і Месяца, размаляваная і фігурная кераміка, амулеты. Творы манум. архітэктуры індзейцаў не захаваліся. Першыя гарады, заснаваныя іспанцамі ў 16 ст., мелі прамавугольную сетку кварталаў. У калан. перыяд узводзіліся аднатыпныя збудаванні (умацаванні, храмы і жылыя дамы) з дэкар. ўпрыгожаннямі. Архітэктура вызначалася прастатой: сабор (1664—74), «Дом з жалезнымі рашоткамі» ў г. Кора, дом С.Балівара (канец 18 ст.) у Каракасе. Пасля абвяшчэння Венесуэлы незалежнай рэспублікай (1830) і асабліва ў канцы 19 ст.буд-ва пашырылася пераважна ў Каракасе (грамадскія будынкі, шматкватэрныя дамы ў неакласічным ці неагатычным стылях. У канцы 19 — 1-й пал. 20 ст. архітэктура паслядоўна змянялася ад неакласіцызму (Нац. капітолій у Каракасе, 1872—75, арх. Л.Урданета), неагатычнага, маўрытанскага і «каланіяльнага» стыляў да функцыяналізму (пабудовы арх. К.Р.Вільянуэвы 1930-х г.). З сярэдзіны 20 ст. яна характарызуецца ансамблевасцю, комплекснай забудовай жылых раёнаў, навізной арх. форм і жалезабетонных канструкцый, сінтэзам мастацтваў (арх. Вільянуэва, С.Дамінгес, Г.Бермудэс, Х.М.Галія і інш.).
Выяўленчае мастацтва калан. перыяду адметнае партрэтным жывапісам канца 18 — пач. 19 ст. (Х.Лавера). З 1830-х г. цэнтральнай у творчасці мастакоў стала тэма вольнай радзімы, развіваюцца гіст. жывапіс (М.Тавар-і-Тавар, А.Мічэлена) і скульптура (М.Гансалес, Э.Паласіяс-і-Кавельё) патрыят. зместу; К.Рохас ствараў жанравыя карціны. На пач. і ў сярэдзіне 19 ст. пашыраны кастумбрызм, ілюстраванне навук. прац (К.Фернандэс, А.Х.Каранса). З пач. 20 ст. стаў пашырацца гіст. жанр (Ц.Салас); у традыцыях франц. імпрэсіяністаў і П.Сезана працавалі пейзажысты Ф.Брант, Р.Манастэрыяс, А.Рэверон і інш.; творы на тэмы нар. побыту стваралі жывапісец Э.Палеа, графік П.А.Гансалес, скульптар Ф.Нарваэс. Значнае месца ў мастацтве Венесуэлы займаюць мастакі-мадэрністы, якія звяртаюцца да ўмоўна-дэкар. жывапісу, абстрактнага мастацтва, поп-арту.
Музыка. Ва ўнутр. абласцях Венесуэлы захавалася стараж.муз. культура індзейцаў, у т. л. рытуальныя танцы марэ-марэ, тура, себукан. На ўзбярэжжы пашырана афра-амер. музыка (танцы бамба, мерэнге, сангеа і інш.). Пераважае крэольская музыка, гал. месца ў якой займае харопа (аб’ядноўвае танцы, спевы, інстр. п’есы, спаборніцтвы спевакоў-імправізатараў). Асн. крэольскія інструменты — куатра (шчыпковы), гітара, арфа, ударны марака. Праф.муз. творчасць (з 18 ст.) звязана пераважна з культавай музыкай (сярод майстроў Х.М.Аліварэс, Х.Ф.Веласкес, Х.А.Кара дэ Баэсі). У развіццё музыкі 19 ст. значны ўклад зрабілі Ф.Ларасабаль, Ф.Вільёна, Т.Карэньё, Х.А.Мантэра, аўтар першай нац. оперы «Вірхінія» (1873). Заснавальнік нац. кампазітарскай школы В.Э.Соха (арганізатар Нац.сімф. аркестра Венесуэлы, 1930). Сярод кампазітараў 20 ст. Х.Б.Пласа Альфонса, Х.В.Лекуна, Х.А.Кальканьё, К.Фігерэда, А.Саусе, Э.Кастэльянас, А.Лаура; у кірунку авангардызму (дадэкафонія, алеаторыка, электронная музыка, аўдыёвізуальныя сродкі) працуюць А.Эставес, Р.Эрнандэс Лопес, Х.А.Абрэу, Х.Л.Муньёс, А.Х.Ачоа, А. дэль Манака, Я.Іаанідыс. Цэнтр муз. культуры Венесуэлы — г. Каракас.
Тэатр. Элементы тэатр. мастацтва мелі драматызаваныя танцы і рытуальныя цырымоніі індзейскіх плямён Венесуэлы. Тэатры тут узніклі ў сярэдзіне 18 ст.: «Ла роса» ў Ла-Гуайры і «Калісеа» ў Каракасе (з пастаяннай трупай), дзе ставіліся п’есы нац. і еўрап. драматургаў. У 20 ст. актывізацыя тэатр. жыцця звязана са з’яўленнем жанру муз. камедыі (сайнетэ), з дзейнасцю асацыяцыі венесуэльскіх пісьменнікаў (канец 1930-х г.) і Т-ва сяброў т-ра на чале з А.Сертадам (1940—50-я г.). У 1954 засн.Нац. школа сцэн. мастацтва. У 1960-я г.тэатр. мастацтва не адыгрывала значнай ролі ў культ. жыцці краіны, гал. ўвага аддавалася развіццю радыёвяшчання і тэлебачання, дзе выступалі пераважна замежныя гастралёры. Сярод т-раў Каракаса: «Тэатра мунісіпаль», «Тэатра насьёналь», «Паліэдра», «Атэнеа», Тэатр камедыі. У ліку драматургаў і тэатр. дзеячаў: І.Грамка, Р.Пінеда, А. дэ Пас-і-Матэас, К.Ортыс, А.Лопес, М.Гарсія, К.Пальма, К.Маркес.
Кіно. Першы фільм зняты ў Венесуэле ў 1909 — кароткаметражная стужка «Карнавал у Каракасе». У 1920—30-я г. актыўна працавалі рэж. А.Кардэра і Э.Ансола. Першы гукавы фільм зняты ў 1937. Да канца 1940-х г. выйшлі некалькі дакумент. і хранікальных фільмаў, а таксама мастацкі — «Бабулін медальён» (рэж. Г.Відаль). У 1948—54 у Каракасе працавала кінастудыя «Балівар-фільм». Сюжэты фільмаў былі звязаны з гіст. падзеямі ў краіне, з жыццём і дзейнасцю нац. героя 19 ст. С.Балівара. Міжнар. вядомасць атрымаў дакумент. фільм «Арая» (1958, рэж. М.Бенасераф). У 1966 засн.Нац. сінематэка, у 1969 — Нац. асацыяцыя кінадзеячаў Венесуэлы, у 1972 — школа-студыя «Атэнеа». Здымаюцца маст., дакумент., хранік. і рэкламныя фільмы. Сярод вядучых рэжысёраў: К. дэ ла Серда, М.Адрэман, Д.Арапеса, М.Валерстэйн, М.Карбанель, Л.А.Рочэ, М. дэ Педра, Р.Чальбаўд.
Літ.:
Венесуэла: Экономика, политика, культура. М., 1967;
Художественное своеобразие литератур Латинской Америки. М., 1976;
Герб і сцяг Венесуэлы.Да арт.Венесуэла. М.Тавар-і-Тавар. Партрэт А.Гусмана Бланка.Да арт.Венесуэла. Падвеска з выявай бажаства ў выглядзе алігатара.Да арт.Венесуэла. Размаляваная жаночая постаць. Кераміка. 500. Эль-Такуё (штат Лара).
Да арт.Венесуэла. У цэнтры Каракаса.Да арт.Венесуэла. У гарах Кардыльера-дэ-Мерыда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
В’ЕТНА́М (Viêt Nam),
Сацыялістычная Рэспубліка В’етнам (Công Hòa Xã Hôi Chu Nghia Viêt Nam), дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі. Займае ўсх.ч. п-ва Індакітай. Абмываецца на У і ПдПаўд.-Кітайскім морам, яго залівамі Бакбо (Танкінскі) і Сіямскім. Мяжуе з Кітаем (на Пн), Лаосам і Камбоджай (на З). Падзяляецца на 50 правінцый; 3 гарады цэнтр. падпарадкавання (Ханой, Хайфон, Хашымін). Захоўваецца і гісторыка-геагр. падзел на Паўн. частку (Бакбо), Цэнтр. (Чунгбо) і Паўд. (Намбо). Пл. 329,6 тыс.км². Нас. 71,8 млн.чал. (1993). Сталіца — г.Ханой. Дзярж. мова в’етнамская. Нац. свята — Дзень абвяшчэння Дэмакр. Рэспублікі В’етнам (2 вер.).
Дзяржаўны лад. В’етнам — сацыяліст. дзяржава. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае Нац. сход тэрмінам на 4 гады. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нац. сход (395 дэпутатаў) — выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 4 гады. Вышэйшы выканаўчы і распарадчы орган — Урадавы савет (урад) — узначальвае прэм’ер-міністр.
Прырода. Большую частку тэр. займаюць невысокія і сярэдневышынныя горы. Найб. узвышаная паўн.-зах. частка — хр. Хаангльеншон з вяршыняй Фаншыпан (3143 м). Уздоўж зах. межаў цягнуцца горы Чыангшон (Анамскія) з лакальнымі пласкагор’ямі і плато (найб. Кантум і Даклак на Пд). Каля ўзбярэжжаў — нізіны, найб. значныя ў дэльтах рэк Меконг (каля 50 тыс.км²) і Хангха (каля 15 тыс.км²). Карысныя выкапні (знаходзяцца пераважна на Пн): каменны вугаль (геал. запасы каля 15 млрд.т), жалезная руда, волава, свінец, цынк, малібдэн, вальфрам, тытан, баксіты, храміты, марганец, фасфарыты і апатыты; вял. запасы нафты і газу ў нетрах шэльфа Паўд.-Кітайскага м. Клімат субэкватарыяльны мусонны, на Пн трапічны. Зіма на Пд гарачая, на Пн халаднаватая, лета ўсюды гарачае. Сярэдняя т-растудз. на раўнінах на Пн 15 °C, на Пд 26 °C, ліп. адпаведна 28 °C і 29 °C. У гарах халадней. Вылучаюцца 2 сезоны: летні (з сярэдзіны мая да сярэдзіны кастр.) — гарачы і дажджлівы; зімовы (з сярэдзіны кастр. да сярэдзіны сак.) — цёплы і сухі. Восенню бываюць тайфуны, у далінах рэк і на ўзбярэжжы — разбуральныя навадненні. Ападкаў 1500—2000 мм за год, у гарах да 3000 мм. Большая частка іх прыпадае на летні сезон. Рэкі горныя — кароткія, парожыстыя і мнагаводныя, багатыя гідраэнергіяй (сумарныя рэсурсы 15 млрд.кВт). На Пд ніжняе цячэнне р. Меконг, на Пн сярэдняе і ніжняе р. Хангха (Чырвоная). Прыкладна 40% тэр. (амаль выключна ў гарах) пад вечназялёнымі субтрапічнымі і трапічнымі лясамі. Вышэй за 600—700 м на Пн і 1000—1200 м на Пд побач з трапічнымі пародамі растуць дуб, бук, каштан, хвоя. Значныя ўчасткі, асабліва ў дэльце Меконга, заняты балотнай расліннасцю, у прыбярэжнай паласе — мангравыя зараснікі.
Насельніцтва. Налічваецца больш як 60 народнасцей і плямён. Асноўнае насельніцтва — в’етнамцы, або кінь (прыкладна 87%), якія жывуць пераважна на раўнінах, у перадгорных раёнах і ў гарадах. Блізкія да іх мыонгі (каля 1 млн.чал.). На Пд на раўнінах жывуць кхмеры (каля 1 млн.), ва ўзвышаных і горных раёнах на Пн — горныя таі (каля 2,5 млн.чал.), меа, ман і горныя моны, на ПдЗ — горныя кхмеры, на ПдУ — чамы і горныя чамы. У гарадах жыве каля 2 млн. кітайцаў. Сярод большай часткі вернікаў пашыраны будызм, які цесна пераплецены з даасізмам, канфуцыянствам, культам продкаў, ёсць хрысціяне (пераважна католікі), чамы — брахманісты і мусульмане. Частка горных плямён захоўвае стараж.традыц. вераванні. Сярэдняя шчыльн. 218 чал. на 1 км² (ад 20—30 чал. на 1 км² у гарах да 1000—1500 чал. на 1 км² у асвоеных нізінных раёнах). Гар. насельніцтва 20% (1993). Найб. гарады (тыс.ж., 1989): Хашымін — 3924, Хайфон — 1448, Ханой — 1088, Дананг — 370, Кантхо — 284, Нячанг — 270, Хюэ — 260, Намдынь — 220, Лангсюен — 214, Куінён — 202.
Гісторыя. Тэр. В’етнама заселена чалавекам у ніжнім палеаліце. Непасрэднымі продкамі в’етнамцаў былі лакв’еты. У 3 ст. да н.э. на Пн В’етнама ўтварыліся протадзяржавы Намв’ет і Аўлак, якія ў 111 да н.э. былі заваяваны стараж. кітайцамі. Пазней тут распаўсюдзіліся будызм махаянісцкага толку і канфуцыянства. На Пд В’етнама каля 2 ст.н.э. ўзнікла протадзяржава Цьямпа, якая знаходзілася пад уплывам Стараж. Індыі (будызм хінаянісцкага толку, індуізм у шываісцкай форме). У пач. 10 ст.Паўн. В’етнам вызваліўся ад кіт. панавання. Тут правілі каралі з дынастый Кхук [906—923], Ню [939—965], Дзінь [968—981; засн. военачальнікам Дзінь Бо Лінем, які назваў краіну Дайкав’ет — Вялікі стараж. В’ет], Ранніх Ле [981—1009]; у 10—11 ст. захоплены паўн. землі Цьямпы. Пры ўладарах дынастыі Лі [1010—1225] створана цэнтралізаваная дзяржава, у 1069 назва краіны зменена на Дайв’ет (Вялікі В’ет). Пасля палацавага перавароту 1225 сваяк караля Чан заснаваў аднайм. дынастыю (існавала да 1400). Яе ўладары стварылі моцную армію і баяздольны флот, пры падтрымцы народа адбілі ўварванні манголаў [паводле мірнага дагавора 1289 кіт. (манг.) дынастыя Юань фармальна прызнавалася сюзерэнам Дайв’ета; арганізатар абароны краіны галоўнакамандуючы Чан Хынг Дао стаў нац. героем]. З 1371 кіраўніком урада і фактычным правіцелем быў Хо Кюі Лі, які абмежаваў спадчынныя ўладанні знаці, упарадкаваў падаткаабкладанне і інш., аднак уварванне кіт. войск паклала канец праўленню заснаванай ім дынастыі Хо [1400—07]. Пасля вываду кіт. войск у выніку выступленняў патрыётаў-в’етаў іх кіраўнік Ле Лоі заснаваў дынастыю Позніх Ле [1428—1789] і прадоўжыў рэформы Хо (адноўлены статус абшчыны, праведзены адм. рэформа і ўлік зямлі, немаёмныя сяляне атрымалі надзелы). У 1471 канчаткова далучаны паўд. землі Цьямпы. У выніку аслаблення ўлады правіцеляў дому Ле (з 16 ст.) і міжусобіц 17 ст.Пн краіны фактычна захапілі буйныя саноўнікі Чыні, Пд — Нгуены. У 17 ст. ў Дайв’еце з’явіліся партуг., ісп., франц. місіянеры-католікі. Масавыя сял. выступленні (з 2-й пал. 18 ст.) у абедзвюх частках краіны перараслі ў тэйшонаў паўстанне пад лозунгам аднаўлення ўлады дынастыі Ле. Пасля спынення дынастыі Ле (1789) Нгуены пры падтрымцы французаў задушылі паўстанне і аб’ядналі дзяржаву пад сваёй уладай (1802). Пры імператарскай дынастыі Нгуенаў [1802—1945] у 1-й пал. 19 ст. адноўлена разбураная паўстаннем гаспадарка, умацавана сістэма адм. улады, пашырыліся кантакты з Францыяй. З 1804 краіна афіцыйна наз. В’етнам (Паўднёвы В’ет). У 1858 пачаўся захоп В’етнама французамі, якія пад выглядам абароны каталіцкіх місіянераў увялі ваен. эскадру ў бухту Дананг, у 1859 занялі Сайгон. Пазней акупіравана зах. частка Паўд. В’етнама — Кахінхіны (Намбо), што замацавана дагаворам 1862, у 1867 анексіравана астатняя ч. краіны. Паводле франка-в’етнамскага дагавора 1874 увесь Пд В’етнама трапіў пад уладу франц.калан. адміністрацыі. У ходзе 2-й франка-в’етн. вайны 1883—84 франц. войскі занялі ключавыя ваен. пазіцыі ў краіне і прымусілі яе правіцеляў прызнаць пратэктарат Францыі над усім В’етнамам. Пратэктарат быў падзелены на 2 часткі: паўн. (Танкін, ці Бакбо) і цэнтр. (Анам, Чунгбо). З 1893 калонія Кахінхіна і пратэктараты Анам і Танкін у складзе франц. Індакітайскага саюза (разам з Камбоджай і Лаосам). Французы заснавалі ў В’етнаме горназдабыўную прам-сць, вытв-сць рысу (76% экспарту), кавы, чаю, каўчуку. В’етн. памешчыкі валодалі 50%, каланізатары — 9% зямель. 58% мясц. сялян не мелі ўласнай зямлі. У канцы 19 ст. зарадзіўся нац.-вызв. рух (рух «вернасці імператару», партыз. выступленні сялян). У 1904 створана Таварыства абнаўлення В’етнама (выступала за выгнанне французаў з дапамогай Японіі і стварэнне канстытуцыйнай манархіі), якое ў 1912 рэарганізавана ў Таварыства адраджэння В’етнама. У 1919—20 пачаў рэв. дзейнасць Хо Шы Мін. У 1923 засн. Канстытуцыйная партыя (выступала за рэформу калан. парадкаў і наданне краіне статуса дамініёна), у 1927 — Нац. партыя В’етнама (патрабавала ліквідаваць калан. рэжым). Падрыхтаванае апошняй Йенбайскае паўстанне 1930 пацярпела няўдачу. У 1930-я г. ў нац.-вызв. барацьбу ўключылася Камуніст. партыя В’етнама (засн. ў пач. 1930, з кастр. 1930 наз.Камуніст. партыя Індакітая — КПІК). На пач. 2-й сусв. вайны тэр. В’етнама акупіравана яп. войскамі (1940—41); захавалася і франц.калан. адміністрацыя. У маі 1941 пад кіраўніцтвам КПІК створана Ліга барацьбы за незалежнасць В’етнама (гл.В’етмінь). 9.3.1945 японцы ліквідавалі франц. адміністрацыю і абвясцілі фіктыўную незалежнасць В’етнама. У выніку перамогі ўзбр. паўстання 1945 (гл.Жнівеньская рэвалюцыя 1945) скінута ўлада японцаў, 2.9.1945 у г. Ханой абвешчана Дэмакр. Рэспубліка В’етнам (ДРВ). У хуткім часе Пн краіны акупіравалі кіт. (гаміньданаўскія), Пд — брыт. войскі; потым вярнуліся французы. Паводле в’етн.-франц. пагадненняў 1946 ДРВ прызнана незалежнай дзяржавай у рамках Індакіт. федэрацыі і Франц. саюза; брыт. і гаміньданаўскія войскі заменены французскімі. У 1946 адбыліся выбары ў мясц. органы ўлады і Нац. сход (парламент), прынята Канстытуцыя ДРВ (ліст. 1946), створаны Нац. саюз В’етнама (гл.Льен-В’ет); КПІК вымушана была перайсці на нелегальнае становішча. Французы правакавалі сутыкненні, патрабавалі раззброіць узбр. сілы ДРВ. Каб захаваць свае калан. пазіцыі, Францыя 19.12.1946 пачала вайну ў Індакітаі. У 1950 ваен. ініцыятыва перайшла да в’етн.нар. арміі, якая вяла вайну Супраціўлення. Ва ўмовах вайны ў ДРВ у 1949 пачаліся агр. пераўтварэнні, якія з 1953 перараслі ў ліквідацыю памешчыцкага землеўладання і размеркаванне зямель сярод сялян. У 1950 ДРВ прызнана Сав. Саюзам і інш. краінамі. У 1951 КПІК перайменавана ў Партыю працоўных В’етнама (ППВ). У сак. 1954 часці в’етн.нар. арміі акружылі ўмацаваны раён Дзьенб’енфу, дзе знаходзіліся гал. сілы франц. экспедыцыйнага корпуса, і праз 2 месяцы французы капітулявалі. Паводле Жэнеўскіх пагадненняў 1954 аб Індакітаі тэр. В’етнама падзелена дэмаркацыйнай лініяй уздоўж 17-й паралелі (на Пн ад яе канцэнтраваліся войскі ДРВ, на Пд — войскі паўд.-в’етн. ўрада, створанага французамі ў 1949), выводзіліся франц. войскі, прадугледжваліся свабодныя агульнав’етн. выбары пад наглядам міжнар. камісіі і інш. Аднак паўд.-в’етн. ўлады адмовіліся ад удзелу ў выбарах і пад уплывам ЗША стварылі ў 1955 т.зв. Рэспубліку В’етнам (РВ) са сталіцай у Сайгоне. У ДРВ з 1954 праводзіўся курс на пабудову сацыялізму на ўзор СССР. Да 1958 адноўлена разбураная вайной гаспадарка. У 1960 пачалася індустрыялізацыя, прынята новая канстытуцыя. Ва ўмовах супраціўлення праамерыканскаму дыктатарскаму рэжыму Нго Дзінь Зьема ў Паўд. В’етнаме ў снеж. 1960 узнік Нацыянальны фронт вызвалення Паўднёвага В’етнама (НФВПВ), які меў на мэце стварэнне незалежнага дэмакр. і нейтральнага Паўд. В’етнама, аб’яднанне краіны мірным шляхам. Пад націскам мас у 1963 скінуты непапулярны Нго Дзінь Зьем, аднак уладу захапіў генералітэт. У 1965 устаноўлены ваенна-дыктатарскі рэжым ген. Нгуен Ван Тхіеў. У выніку ваен. пагаднення 1961 паміж ЗША і РВ колькасць амер. ваеннаслужачых у Паўд. В’етнаме павялічылася з 200 чал. у 1954 да 25—30 тыс. у 1964. Ва ўмовах няўдалай барацьбы паўд.-в’етн. арміі супраць ваен. атрадаў (у т. л. партызанскіх) НФВПВ, якім аказвала дапамогу ДРВ, адбылося прамое ваен. ўмяшанне ЗША (пазней і іх саюзнікаў). З 1965 амерыканцы пачалі сістэм. бамбардзіроўкі тэр. ДРВ і карныя аперацыі на Пд В’етнама. Да 1969 амер.ваен. кантынгент у РВ налічваў 543 тыс.чал., а таксама 69 тыс. ваеннаслужачых з Паўд. Карэі, Аўстраліі, Новай Зеландыі, Тайланда і Філіпін. Вайна з боку ЗША вялася жорсткімі метадамі (гл.Сангмі). Нягледзячы на 4-разовую колькасную перавагу, амерыканцы і іх саюзнікі не здолелі знішчыць асн. сілы праціўніка, які спалучаў класічныя і партыз. метады вядзення вайны — пазбягаў франтальных сутыкненняў з буйнымі амер. злучэннямі і прымушаў іх трымаць у рэзерве значныя сілы для аховы ўласных ваен. баз і камунікацый. На вызваленых патрыят. сіламі тэрыторыях у 1968—69 праведзены выбары, у чэрв. 1969 створаны Часовы рэв. ўрад Рэспублікі Паўднёвы В’етнам (РПВ), які далучыўся да ўдзелу ў перагаворах па в’етн. пытанні ў Парыжы (пачаліся ў сак. 1968 паміж прадстаўнікамі ДРВ, РВ, ЗША). На пач. 1970-х г. РПВ прызнана 40 дзяржавамі свету. Ва ўмовах росту антываен. выступленняў унутры ЗША і падзення іх міжнар. прэстыжу новае амер.паліт. кіраўніцтва на чале з прэзідэнтам Р.Ніксанам узяло курс на «в’етнамізацыю» вайны (з 1969) — паступовы перанос асн. цяжару баявых дзеянняў на паўд.-в’етн. армію пры захаванні матэрыяльнай і ваен.-тэхн. дапамогі з боку ЗША. Да пач. 1973 амер.ваен. кантынгент скарочаны да 69 тыс.чал. Пасля падпісання Парыжскага пагаднення 1973 з В’етнама выведзены войскі ЗША і іх саюзнікаў. Аднак вайна ў В’етнаме працягвалася і скончылася паражэннем сайгонскага рэжыму (30.4.1975 вызвалены Сайгон). Гэтым завершана аб’яднанне краіны: у ліст. 1975 склікана Паліт. кансультатыўная нарада па аб’яднанні Паўн. і Паўд. В’етнамаў; абраны на ўсеагульных выбарах адзіны Нац. сход 2.7.1976 абвясціў Сацыяліст. Рэспубліку В’етнам — СРВ. Цяжкія вынікі вайны (у т. л. знішчэнне 50% лясных масіваў і 20% с.-г. угоддзяў), нізкая эфектыўнасць эканомікі, вайна В’етнама ў Камбоджы (1979), пагран. канфлікт 1979 з Кітаем і інш. спарадзілі эканам. праблемы. У 1988 дэмакратычная і сацыялістычная партыі самаліквідаваліся, паліт. кіраўніцтва СРВ (камуніст. партыя) стала праводзіць курс на паступовыя рыначныя пераўтварэнні эканомікі. У 1992 прынята новая канстытуцыя (замяніла канстытуцыю 1980), праведзены выбары ў Нац. сход. В’етнам — член ААН (з 1977), АСЕАН (з 1995). Дыпламат. адносіны з Беларуссю ўстаноўлены ў 1992.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Камуніст. партыя В’етнама, Саюз камуніст. моладзі Хо Шы Міна, Айчынны фронт В’етнама, Усеагульная канфедэрацыя працоўных В’етнама.
Гаспадарка. В’етнам — індустрыяльна-аграрная дзяржава. Прамысловасць дае асноўную ч. валавога ўнутр. прадукту і экспарту, аднак большасць насельніцтва (65%) занята ў сельскай гаспадарцы. Здабываюць каменны вугаль і нафту — па 4,8 млн.т (1992), вальфрам, волава, апатыты, храміты, марганцавыя руды, соль з марской вады, буд. матэрыялы. Асн. цэнтры здабычы вугалю Хангай, Камфа, Куангйен, апатытавы руднік у Лакаі, руднік па здабычы хрому з абагачальнай ф-кай у Кадзіне, алавяны камбінат у Каабангу. Асн. цэнтр нафтаздабычы г. Вунгтаў. Электраэнергетыка пераважна на каменным вугалі, вытв-сць электраэнергіі 9,8 млрд.кВт∙гадз (1992). Ёсць прадпрыемствы чорнай (Тхайнгуен, Б’енхаа) і каляровай (Ціньтук) металургіі. Машынабудаванне і металаапрацоўка прадстаўлены вытв-сцю дызеляў, помпаў, с.-г. тэхнікі, трансп. сродкаў (у т. л. невялікіх рачных і марскіх суднаў), разнастайных механізмаў (Ханой, Хайфон, Хашымін, Б’енхаа, Міньхай, Вінь). Ёсць прадпрыемствы па рамонце самалётаў, суднаў, аўтамашын, зборцы веласіпедаў, рухавікоў, матаролераў, гадзіннікаў, радыёапаратуры. Хім.прам-сць (вытв-сцьмінер. угнаенняў) развіваецца ў правінцыях Хабак, Ламтхаа, вытв-сць цэменту і будматэрыялаў — у Ханоі, Хайфоне, правінцыі Хатуен, працуюць лесапільныя і дрэваапрацоўчыя, цэлюлозна-папяровыя, мэблевыя, па вытв-сці чарапіцы, жалезабетонных вырабаў, шкла, піламатэрыялаў, запалак і інш. прадпрыемствы. Развіта лясная гаспадарка, нарыхтоўка каштоўных парод дрэў (жалезнага, чорнага, палісандравага, розных відаў бамбуку). У лясах праводзіцца збор кардамону, бадзяну, карыцы, бензою, камедзі, каніфолі, сыравіны для дубільных і фарбавальных рэчываў. Лёгкая (баваўняная, трыкат., абутковая) і харч. (рысаачышчальная, цукровая, чайная, рыбаперапрацоўчая, кансервавая, вытв-сць эфірных алеяў) прам-сць. Прадпрыемствы мясц. прам-сці і кааператываў вырабляюць цукар, патаку, піва, рыбны соус (традыцыйны харч. прадукт), тытунёвыя вырабы, рэчы хатняга ўжытку, тканіны, абутак, мыла і інш. Саматужная вытв-сць і маст. рамёствы даюць каля ⅓ прамысл. прадукцыі і больш як 1/5 кошту экспарту. У сельскай гаспадарцы пераважае раслінаводства. Пасяўныя пл. — 8,2 млн.га (1992), каля паловы іх арашаецца. На большай частцы зямель штогод здымаюць 2—3 ураджаі. 86% пасяўных пл. займаюць харч. культуры, пераважна рыс (у дэльтах рэк Меконг і Хангха, на прыбярэжных раўнінах), а таксама батат, кукуруза, маніёк, проса. Валавы збор харч. культур у пераліку на рыс склаў 24 млн.т (1992). З тэхн. культур вырошчваюць цукр. трыснёг, чай, тытунь, джут, арахіс, бавоўну, каву, каўчуканосы (гевею). Развіта трапічнае садоўніцтва (пераважна бананы і ананасы), вырошчваюць гародніну, кветкі, лекавыя травы. Буйн. раг. Жывёлы (1993), гал. чынам буйвалаў, што выкарыстоўваюцца як цяглавая сіла, 3,3 млн. галоў, свіней 14,9 млн. галоў, коней 133 тыс. галоў. Птушкагадоўля. У сажалках, на рысавых палях, рэках і морах — рыбалоўства (сумарны ўлоў рыбы 1080 тыс.т; 1993). Транспарт прадстаўлены сеткай вузкакалейных чыгунак (пераважная шырыня каляі 1 м, даўж. 3,1 тыс.км, у т. л.гал. чыгунка Ханой—Хашымін — 1,8 тыс.км), суднаходных рэк, праток і каналаў каля 40 тыс.км, аўтадарог больш за 300 тыс.км. 17 марскіх і рыбалоўных партоў, у т. л. Хашымін, Хайфон, Дананг, Камфа. 100 аэрадромаў і аэрапортаў, міжнар. аэрапорты ў Ханоі і Хашыміне. Экспарт 2,4 млрд.дол., імпарт 2,3 млрд.дол. (1992). Экспартуюцца с.-г. і рамесніцкая прадукцыя, вугаль, мінералы і руды, нафта, морапрадукты, баваўняныя тканіны, каўчук, чай, драўніна, некаторыя тавары нар. спажывання, у асобныя гады рыс. Імпартуюцца электронныя і эл.-тэхн. вырабы, прадукцыя хім. прам-сці, трансп. сродкі, нафтапрадукты, лекі, бавоўна, угнаенні, зерне. Гал.гандл. партнёры: Тайвань, Сінгапур, Сянган, КНР, Філіпіны, Японія, Расія. В’етнам атрымлівае значную дапамогу ад шэрагу краін (Японія, Францыя, Вялікабрытанія). Беларусь экспартуе ў В’етнам пракат чорных металаў, грузавікі, трактары, падшыпнікі, матацыклы, імпартуе пераважна натуральны каўчук. Арганізаваны 2 сумесныя прадпрыемствы па вытв-сці натуральнага каўчуку. Грашовая адзінка — донг.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя В’етн.нар. армію (ВНА; складаецца з сухап. войск, ВПС, войск ППА і ВМС) і войскі МУС, а таксама ірэгулярнае нар. апалчэнне. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. У ВНА больш за 850 тыс.чал. (1994). Сухап. войскі (700 тыс.чал.) падзяляюцца на палявыя і мясцовыя. Усяго ў іх 62 пях. і механізаваныя і 8 інж. дывізій, 10 бранятанк. брыгад, 15 асобных пях. палкоў, 10 брыгад палявой артылерыі, 20 асобных інж. брыгад; маюць 1750 танкаў (Т-34, -54, -55 і тыпу 59), каля 1700 адзінак інш. бранятанк. тэхнікі, каля 3 тыс. гармат палявой і процітанк. артылерыі, каля 10 тыс. мінамётаў і інш. У ВПС (каля 15 тыс.чал.) 4 авіяц. дывізіі (у т. л. 2 знішчальна-бамбардзіровачныя і 5 знішчальных палкоў, 3 палкі ваен.-трансп. авіяцыі), каля 270 баявых самалётаў і верталётаў (у т. л. знішчальнікі-бамбардзіроўшчыкі Су-17, Су-22, знішчальнікі МіГ-21 біс і верталёты Мі-24). Войскі ППА (каля 100 тыс.чал.) складаюцца з зенітна-ракетных і радыётэхн. войск і зенітнай артылерыі, зведзеных у дывізіі і брыгады, якія маюць 66 комплексаў SA-2, -3 і -6, каля 100 радыёлакацыйных станцый, больш за 1000 гармат зенітнай артылерыі. У складзе ВМС (42 тыс.чал.) надводныя караблі (7 фрэгатаў, 64 патрульныя і вартавыя катэры, 8 ракетных і 21 тарпедны катэр, 7 дэсантных караблёў), марская пяхота (каля 30 тыс.чал., 2 брыгады, ёсць плаваючыя танкі, бронетранспарцёры, лёгкая артылерыя), часці берагавой абароны (маюць лёгкія танкі, баявыя машыны пяхоты, каля 100 гармат берагавой артылерыі і зенітна-ракетныя сродкі), якія аб’яднаны ў ваенна-марскія базы і раёны. Войскі МУС складаюцца з войск унутр. аховы і пагранічных, маюць пераважна лёгкую артыл. і стралк. зброю. Нар. апалчэнне — масавая ваенізаваная арг-цыя, якая фарміруецца паводле тэр.-вытв. адзнакі і забяспечвае падрыхтоўку і мабілізацыйнае разгортванне ваенна-абучанага рэзерву ВНА.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 63, жанчын 68 гадоў. Смяротнасць 8 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 298 чал., урачамі — 1 на 2843 чал. Узровень нараджальнасці 27 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць 46 на 1 тыс. нованароджаных (1994).
Асвета. Сістэма адукацыі В’етнама ўключае ўстановы дашкольнага выхавання, агульнаадук. школу, сярэднія спец.навуч. ўстановы, прафес. вучылішчы, ВНУ. Паводле звестак ЮНЕСКА, непісьменнасць у В’етнаме знізілася да 12,4% (1990). У 1961 пачалі стварацца 1-гадовыя падрыхтоўчыя класы для дашкольнікаў, якія сталі абавязковымі. 12-гадовая агульнаадук. школа прадугледжвае 2 ступені: 1—5-ы кл. і 6—12-ы кл. (навучанне на 2-й ступені на працягу 4 гадоў дае няпоўную сярэднюю адукацыю; наступнае навучанне на працягу 3 гадоў — поўную сярэднюю). Пач. і няпоўная сярэдняя адукацыя абавязковая. Прафес. адукацыю даюць прафес.-тэхн. вучылішчы і тэхнікумы. Ствараецца сістэма завочнай і вячэрняй (сярэдняй і вышэйшай) адукацыі. На прадпрыемствах вядзецца курсавая падрыхтоўка рабочых кадраў без адрыву ад вытв-сці. У сістэму вышэйшай адукацыі ўваходзяць ун-ты, ін-ты, вышэйшыя школы і вучылішчы (тэхн. і пед.). Тэрмін навучання ў ВНУ 4—5 гадоў, у вышэйшых школах і вучылішчах 3—4 гады. Буйнейшыя ВНУ: Ханойскі ун-т (з 1918), ун-ты ў гарадах Хашымін, Хюэ, Кантхо, Далат; політэхн., пед., мед. ін-ты, кансерваторыя (усе з 1955), ін-ты нар. гаспадаркі (з 1956), сувязі (1969), інжынераў транспарту (1968) — усе ў Ханоі. Б-кі: Нац., Цэнтральная, Ханойскага ун-та і інш. Музеі: Нац. музей, Музей прыгожых мастацтваў і інш.Навук. даследаванні вядуцца ў н.-д. установах, ун-тах і галіновых ін-тах.
Друк, радыё, тэлебачанне. Выходзіць больш як 100 цэнтральных, а таксама правінцыяльных перыяд. выданняў. Буйнейшыя газеты «Nhân dân» («Народ», з 1951), «Lao dông» («Праца», з 1943), «Dôc lâp» («Незалежнасць», з 1953), «Tô quôć» («Радзіма», з 1946), «Tiê’n phong» («Авангард», з 1953), «Hanoi Moi» («Новы Ханой»). Асноўныя радыё- і тэлестанцыі размешчаны ў буйных гарадах: Ханой, Хашымін, Хайфон, Дананг. Ханойская радыёстанцыя «Голас В’етнама» (з 1945) вядзе перадачы на в’етнамскай, англ., франц., кіт. і яп. мовах. Тэлецэнтр у Ханоі працуе з 1971. Афіц.дзярж.інфарм. орган — В’етнамскае інфарм. агенцтва (ВІА, з 1945).
Літаратура. Старажытны фальклор в’етнамцаў — гэта цыкл міфал. паданняў пра гасудара Дракона Лака, першапродка і першанастаўніка людзей, багатырская казка пра героя Фу Донга, паданні пра буд-ва Крэпасці-смаўжа, пра старадаўніх ваяўніц сясцёр Чынг. Раннія помнікі в’етн. пісьменства датуюцца 10—12 ст. У 13—14 ст. развівалася прыдворная паэзія, пазначаная сузіральным будыйскім светаадчуваннем. Патрыят. настроі ў вершах і рытмічнай прозе пра барацьбу з манг. нашэсцем у 13 ст. У канцы 14 ст. ў паэзіі з’явіліся тэмы сац. пратэсту, раннія сац. утопіі. На аснове апавядальнага фальклору і летапіснай традыцыі пачала фарміравацца навела. У 15 ст. паэзія развівалася на гутарковай в’етн. мове («Зборнік вершаў на роднай мове» Нгуен Чая). У гэтым працэсе ўдзельнічала літ. аб’яднанне «Збор дваццаці васьмі зорак» на чале з імператарам Ле Тхань Тонгам. У 16—17 ст. з’явілася рытмічная проза. Выдатны помнік канца 17 — пач. 18 ст.гіст.-эпічная паэма «Кніга нябеснага Поўдня» — апавяданні пра подзвігі гіст. асоб і легендарных герояў В’етнама. У 18 — пач. 19 ст. зарадзілася лірычная паэма (нгэм), росквіту дасягнула апавядальная паэма (чуен). Сінтэз гэтых жанраў — у паэме Нгуен Зу «Стогны спакутаванай душы». У прозе з’явіўся раман-эпапея («Імператар Ле — аб’яднальнік краіны»). З 2-й пал. 19 ст.л-ра В’етнама развівалася ва ўмовах нац.-вызв. руху. У паэзіі пераважалі патрыят. матывы (Нгуен Дзінь Цьеў), узмацнілася сатыр. накіраванасць твораў (Нгуен Кхюен, Ту Сыонг). Паэзія і публіцыстыка пач. 20 ст. адлюстроўвалі ідэі асветніцтва, грамадз. пафас (Фан Бой Цяў). Фарміруюцца сучасныя празаічныя жанры: навела, раман, драма. У 1930-я г. ўзнік рух «Новай паэзіі», які садзейнічаў перабудове сістэмы вершаскладання, вызваленню чалавека ад феад. перажыткаў. У 1920—30-я г. зарадзілася рэв.л-ра (То Хыў, Хо Шы Мін), фарміраваўся рэаліст. кірунак (проза Нгуен Конг Хаана, Нгуен Хонга, Нго Тат То і інш.). У гады Супраціўлення і «двух В’етнамаў» (1945—75) л-ра на фоне далейшай дэмакратызацыі літ. мовы вяла пошукі маст. формы твораў. З 1976 л-ра В’етнама развіваецца ва ўмовах аб’яднанай дзяржавы (творчасць Нгуен Хюі Тыонга, Нгуен Конг Хаана, То Хыў, Хюі Кана, Тэ Ханя, Нгуен Туана, Нгуен Хонга, Суан Зьеў, Тэ Лан В’ена, То Хаая, Нгуен Дзінь Тхі). На бел. мове выдадзены асобнымі кнігамі анталогія в’етн. паэзіі «Апалены лотас» (пер. Я.Семяжона, 1968), зб. апавяданняў Нгуен Конг Хаана «Зачараваная манета» (пер. Г.Шаранговіч і В.Бурносава, 1973), раман Нгуен Дзінь Тхі «Абвальваюцца берагі» (пер. Л.Салаўя, 1981), зб. вершаў Хо Шы Міна «Турэмны дзённік» (пер. Я.Сіпакова, 1985).
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Самыя стараж. помнікі маст. культуры на тэр. В’етнама (бронзавыя барабаны) адносяцца да данешонскай культуры (10—1 ст. да н.э.). Стараж.арх. помнік — г. Калоа (3 ст. да н.э., Паўн. В’етнам), абнесены 9 канцэнтрычнымі сценамі (захаваліся часткі). Найб. вядомыя пабудовы адносяцца да эпох Позніх Лі і Чан: будыйскі храм Тхонг-Нгіем (1010), «Храм літаратуры» ў гонар Канфуцыя (1070), пагада Мот-Кот (1049, адноўлена ў 1956) у Ханоі і інш. Захаваліся храмавыя комплексы Тай-Фыонг паблізу Ханоя (17 ст.), Кэо ў правінцыі Тхайбінь (1632), грамадскія будынкі «дзынь» у в. Дыньбанг паблізу Ханоя (18 ст.). Палацы 19 ст. багата аздоблены разьбой па дрэве, слановай косці і лакам (тронная зала «Палаца дасканалай гармоніі» ў Хюэ, 1805—33). У скульптуры (каменнай, драўлянай, пакрытай лакам) з 15 ст. з’яўляюцца выявы кананізаваных памерлых свяшчэннаслужыцеляў (статуя мудраца Тует Шона з пагады Тай-Фыонг, 15 ст.). Жывапіс 15—19 ст. — храмавыя размалёўкі, пейзажы, пахавальныя партрэты, нар. лубок. З маст. рамёстваў пашыраны разьба па слановай косці, дрэве, якая спалучалася з інкрустацыяй косцю і перламутрам, ліццё з металу, пляценне з чароту, вытв-сць лакавых вырабаў з размалёўкай каляровымі і залатымі лакамі. У калан. перыяд нац. традыцыі В’етнама захоўваліся ў нар. дойлідстве і прыкладным мастацтве. У 1925 заснавана Вышэйшая школа прыгожых мастацтваў у Ханоі. У гады вайны Супраціўлення (1945—54) мастакі То Нгок Ван, Фан Ке Ан, Лыонг Суан Ньі і інш. стваралі агітац. плакаты, эстампы, малюнкі, прысвечаныя подзвігам нац. герояў. Пасля 1954 важнае месца заняло прамысл.буд-ва. Сучасныя арх. формы спалучаюцца з традыцыямі нар. дойлідства. У выяўл. мастацтве развіваюцца жывапіс вадзянымі фарбамі на шоўку (Нгуен Фан Цян, Чан Донг Лыонг і інш.) і асабліва лакавы жывапіс (Фан Ке Ан, Хаанг Тык Цю, Ле Нгіен і інш.), якія дзякуючы іх своеасаблівай дэкар. выразнасці пачалі выкарыстоўваць для стварэння станковых карцін. Пашырыўся і алейны жывапіс (Чан Ван Кан, Май Ван Хіен, Лыонг Суан Ньі і інш.). Асн. тэматыка жывапісных твораў — працоўнае жыццё і барацьба народа. Развіваюцца графіка (ілюстрацыя, эстамп, плакат) і скульптура (Чан Ван Лам, Зьен Мінь Цяў, Дао Ван Кан і інш.). У 1957 адкрыта Вышэйшае маст. вучылішча, у 1958 — Маст.-прамысловае вучылішча ў Ханоі. У 1958 арганізаваны Саюз мастакоў ДРВ.
Музыка. Уключае муз. традыцыі асн. этнасу — в’етаў і інш. народнасцей краіны. Найб.стараж. помнікі муз. культуры — літафоны (4—3-е тыс. да н.э.), бронзавыя барабаны і гонгі (1-е тыс. да н.э.), якія складалі аснову цырыманіяльных ансамбляў (сустракаюцца і ў наш час). З музыкай в’етаў узаемадзейнічалі кітайскія (з 2 ст. да н.э.) і інш. (з 1—2 ст.н.э.) муз. традыцыі, абмежаваныя сферай прыдворнага і храмавага музіцыравання (канфуцыянскія і будыйскія рытуалы). Найб. інтэнсіўна музыка в’етаў пачала развівацца з 10 ст. У 10—11 ст. на Пн краіны фарміраваўся сельскі муз.т-р тэа. У 14—15 ст. развіваліся формы вак. музыкі. У 15—16 ст. складваюцца асновы класічнай прафес. музыкі. Разам з канфуцыянскім вучэннем на прыдворную культуру ўплывалі кіт. класічная музыка і т-р. У працэсе в’етнамізацыі кіт. музыкі ўзніклі шматсастаўныя цырыманіяльныя аркестры — «Ня няк», «Донг ван», «Зяо Фыонг», паказы муз. драмы туонг — адной з вяршынь класічнага т-ра ў Паўд.-Усх. Азіі. У асяроддзі феад. арыстакратыі было пашырана распяванне класічных паэм у суправаджэнні лютні і цытры (існуе і цяпер). У 17—19 ст. інтэнсіўна развіваліся муз. традыцыі гарадоў (камерна-інстр. традыцыя г. Хюэ і інш.), уводзіліся розныя тыпы натацыі. Сярод муз. інструментаў: духавыя (пераважна з бамбуку) — сяо, тыеў (тып флейты), кен, сона (род габоя); кі па (бычыны рог); струнныя смычковыя ні, хо, струнныя шчыпковыя дан баў, дан ты ба, дан нгуэт, дан дай (лютні), дан чань (цытра); ударныя — літафоны, разнавіднасці барабанаў, гонгі, званочкі, драўляныя бразготкі; ксілафон трынг, клом пут (дынг бут), губны арган хен і інш. На мяжы 19—20 ст. у В’етнаме з’явіліся элементы зах.-еўрап. музыкі. Сярод вядучых кампазітараў: Нгуен Суан Хаат, Гуй Зу, Лыў Хыў Фыок, До Нюан, Ван Као, Хуанг В’ет, Дам Лінь, Нгуен Дык Туан і інш. Пасля ўз’яднання В’етнама (1975) актыўна развіваецца муз. адукацыя, адкрываюцца спец.навуч. ўстановы еўрап. тыпу. Працуюць (1997): Т-р оперы і балета ў Ханоі, 2 сімф. аркестры, у т. л.Дзярж. сімфанічны; аркестр нар. інструментаў; кансерваторыі ў Ханоі і Хашыміне, муз. вучылішча ў г. Хюэ; Ін-т музыказнаўства ў Ханоі (1956); Саюз кампазітараў.
Тэатр. Традыц. віды в’етн.т-ра — муз.-драм. прадстаўленні туонг, тэа і кай-лыонг. Туонг (класічны т-р) узнік у 11 ст. на Пн краіны як прыдворнае відовішча. У рэпертуары былі п’есы на сюжэты в’етн. міфалогіі і кіт. гісторыі. Неад’емная яго частка — музыка і танцы, якія садзейнічаюць раскрыццю характараў герояў. Прадстаўленні ідуць без дэкарацый. Да лепшых дасягненняў т-ра туонг на пач. 20 ст. належаць гіст. п’есы Нгуен Хыў Тыена і Хаанг Танг Бі. Вытокі тэа (нар.т-р) — у нар. песнях паўн. В’етнама, у святкаваннях, якімі штогод адзначалі збор ураджаю ў дэльце р. Хангха. Асн. персанажы прадстаўленняў — сяляне. Дзеянне суправаджалася музыкай, танцамі, спевамі. Паказы звычайна ладзіліся ў дварах культавых пабудоў. Пазней спектаклі тэа перанесены на сцэну. На пач. 20 ст. на Пд В’етнама сфарміраваўся новы від т-ра — кай-лыонг (рэфармаваны т-р). Прадстаўленні суправаджаліся музыкай, былі заслона і дэкарацыі. Яго сюжэты разнастайныя: гіст., легенды, з жыцця в’етн. грамадства пач. 20 ст., пераробленыя п’есы еўрап. аўтараў ці сцэнарыі фільмаў. Значны ўклад у развіццё кай-лыонга зрабіў паэт Тхе Лы, які ў 1942—43 стварыў трупу, што пазней стала насіць яго імя. У 1920-я г. ўзнік «размоўны» (драм.) т-р кіць-ной, які ставіў камедыі Мальера, п’есы нац. драматургаў Ву Дзінь Лонга, Ву Гуен Дака і інш. Пасля 1945 створаны калектывы «Архідэя», «Народная трупа», «Трупа Перамогі» і інш.; з’явіліся новыя п’есы; адрадзіліся туонг, тэа, кай-лыонг (прафес. і аматарскія). На працягу стагоддзяў у В’етнаме існаваў традыцыйны нар.т-р лялек. Яго мастацтва перадавалася з пакалення ў пакаленне. Першы прафес.т-р лялек створаны ў Ханоі ў 1957. З 1957 дзейнічае Асацыяцыя артыстаў в’етн.т-ра. У 1961 адкрыта Вышэйшая драм. школа.
Кіно. Нац. кінематограф пачаўся ў 1948 хранік. фільмам пра барацьбу в’етн. партызан. На пач. 1950-х г. зняты дакумент. стужкі «Перамога на Паўночна-Заходнім фронце», «Абарона адной вёскі» і інш. У 1958 створана кінастудыя ў Ханоі. У 1959 зняты першы маст. фільм «На берагах адной ракі» (рэж. Нгуен Хонг Нгі і Фам Фіеў Зан). Сярод фільмаў 1960—80-х г.: «Апельсінавы сад», «17-я паралель: дні і ночы», «Дзяўчынка з Ханоя», «Спустошанае поле», «Малады баец», «Раён бур», «Каханне не вяртаецца». У Ханоі працуюць студыі маст., хранік.-дакумент., мультыплікацыйных і лялечных фільмаў. У 1959 створана Нац. кінашкола, у 1969 — Саюз кінематаграфістаў.
Літ.:
История Вьетнама в новейшее время (1917—1965). М., 1970;
Новейшая история Вьетнама. М., 1984;
Вьетнам: Справ. М., 1993;
Муриан И.Ф. Изобразительное искусство Социалистической Республики Вьетнам. М., 1980;
Нгуен Фи Хоань. Искусство Вьетнама: Пер. с вьетнам. М., 1982;
Хуан Тан Ши. Народные музыкальные инструменты Вьетнама // Из истории музыки XX в.: Сб. ст.М., 1971.
П.І.Рогач (прырода, гаспадарка), У.Я.Калаткоў (гісторыя да 1884), М.Г.Елісееў (гісторыя з 1884), А.М.Гарахавік (музыка).
Герб і сцяг В’етнама.Да арт.В’етнам. Вёска каля г. Хайфон.Да арт.В’етнам. Горны краявід.Да арт.В’етнам. Панарама г. Хошымін.Да арт.В’етнам. Статуэтка. Бронза. 6 ст.Да арт.В’етнам. Ле Нгіен. Танец. 1956.Да арт.В’етнам. Вечка шкатулкі. 1950-я г.Да арт.В’етнам. Танцоўшчыца. Скульптура п’едэстала з Чак’е. Каля 9 ст.Да арт.В’етнам. Ахвяры вайны ЗША у В’етнаме 1964—73.