ТАМАНА́ГА Сін’ітыра (31.3.1906, г. Кіёта, Японія — 8.7.1979),

японскі фізік-тэарэтык; адзін са стваральнікаў квантавай электрадынамікі. Чл. Японскай АН (1951). Замежны чл. АН СССР (1971). Скончыў ун-т г. Кіёта (1929). З 1932 у Ін-це фіз. і хім. даследаванняў, у 1941—69 праф. Такійскага ун-та (у 1956—62 яго прэзідэнт). Адначасова ў 1963—69 дырэктар Ін-та аптычных даследаванняў і прэзідэнт Навук. савета Японіі. Навук. працы па квантавай тэорыі поля, квантавай электрадынаміцы, ядз. фізіцы, фізіцы элементарных часціц і касм. прамянёў. Прадказаў мезаатамы (1940), прапанаваў каварыянтную фармулёўку квантавай тэорыі поля (1942). Распрацаваў т. зв. звышмнагачасавы фармалізм (1946), што прывяло да ўзнікнення квантавай электрадынамікі. Нобелеўская прэмія 1965 (з Р.Ф.Фейнманам, Дж.Швінгерам). Залаты медаль імя М.​В.​Ламаносава АН СССР (1964).

Тв.:

Рус. пер. — Развитие квантовой электродинамики // Успехи физ. наук. 1967. Т. 91, вып. 1.

Літ.:

Дайсон Ф. Томонага, Швингер и Фейнман — лауреаты Нобелевской премии по физике // Успехи физ. наук. 1967. Т. 91, вып. 1.

А.​І.​Болсун.

С.Таманага.

т. 15, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)