ПУ́ТНА (Вітаўт Казіміравіч) (24.4.1893, в. Мацканяй Уценскага пав., Літва — 12.6.1937),

савецкі военачальнік, камкор (1935). Скончыў школу прапаршчыкаў (1917), ваен.-акад. курсы (1923). З 1915 у арміі, з 1918 у Чырв. Арміі. З мая 1918 ваен. камісар Віцебскай губ. З вер. 1918 на Усх. фронце камісар дывізіі, камандзір палка, брыгады. Са снеж. 1919 на Зах. фронце, нач. 27-й дывізіі. Удзельнічаў у баях супраць войск Калчака, у сав.-польскай вайне 1920, задушэнні антысавецкіх паўстанняў у Кранштаце і Паволжы. З 1923 нач. пяхотнай школы, ва ўпраўленні ваен.-навуч. устаноў РСЧА, камандзір корпуса. З 1927 ваен. аташэ ў Японіі, Фінляндыі, Германіі, у 1934—36 — у Вялікабрытаніі. У 1931—34 камандаваў корпусам і Прыморскай групай войск на Д.​Усходзе. У 1936 арыштаваны па т.зв. справе «паралельнага трацкісцкага цэнтра» ў групе «кіраўнікоў ваеннай змовы» на чале з М.​М.​Тухачэўскім, 11.6.1937 прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1957. Аўтар прац па гісторыі грамадз. вайны.

П.​А.​Селіванаў.

т. 13, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)