По́нцы ’рамка ў калодачным вулеі’ (гродз., Сл. ПЗБ). З рус. по́ні}ьк попка ’перакідная сетка на птушак: сіло ў выглядзе сеткі, нацягнутай на абруч’, пояса ’рэшата’. Паводле Даля (3, 750), папцы ад панамцы, пять, брать. Паводле Фасмера (3, 326), звязана са ст.-слав. пьнѫ, пати ’нацягваць’, опонл ’завеса’, што больш імаверна. Рамка ў вулеі мае выгляд сеткі — відаць, перанос паводле падабенства.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аске́пак, аскёпак ’асколак, шчэпка, трэска’. Параўн. яшчэ атськёпык ’адшчэпак’ (Бяльк.). Рус. дыял. паўдн. оскепок ’аскепак’, укр. оскипище ’ручка грабляў’. Ст.-рус. оскѣпъ ’кап’ё’. Паводле значэння, рускае і беларускае словы тлумачацца як суфіксальныя ўтварэнні ад дзеяслова, засведчанага ў Даля: оскепать ’ашчэпяць’; параўн. абрывак, адломак. Іншае магчымае тлумачэнне: памяншальнае ад аскеп (ст.-рус. оскѣпъ) семантычна менш верагодна. Дзеяслоў оскѣпати (> назоўнік оскѣпъ) утвораны ад дзеяслова скѣпати > скяпаць (гл.). Захаванне ў націскным складзе ў бел. аскепак е (пры пераходзе яго ў ё ў некаторых магілёўскіх гаворках) можна лічыць як сведчанне ў карысць гіпотэзы Якабсона (IJSLP, 1/2, 270) пра тое, што ск захоўвалася тут перад оі, з якога ўтварыўся ѣ. Аскепак і шчэпка словы аднакарэнныя. Малаверагодная думка Даля (IV, 195), падтрыманая Когенам (Запіскі, 1, 236–237) і Сцяцком (Нар. 27), пра роднаснасць аскепак і скіба ’луста’, якое запазычана праз польскую з нямецкай мовы. Семантычна скіба, скібка не ўжываюцца, калі справа ідзе пра дрэва, фанетычна кепска тлумачыцца б і не найлепшым чынам і. Гл. скіба.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вастры́ца1 ’расліна вастрыца, Asperugo L.’ (Кіс.). Рус. остри́ца. Ад во́стры. Назва дадзена паводле характару расліны (апісанне гл. Нейштадт, Определитель, 458). Параўн. яе назвы ва ўкр. мове: дереза, острець, остриця, репяшки (Макавецкі, Sł. botan.), далей польск. ostre ziele, чэш. ostrolist (гл. Махэк, Jména rostl., 187).

Вастры́ца2 (заал.) ’вастрыца’ (БРС). Рус. остри́ца. Да во́стры. Параўн. тлумачэнне ў Даля: «Остри́ца нутрячек, Ascaris, едкая, крошечная глиста, от коей бывает невыносимый зуд».

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вэртэпа ’яселькі’ (Кольб.). Укр. верте́п ’тэатр лялек, у якім ігралі калядную містэрыю’, рус. верте́пДаля прыводзіцца толькі як паўдн.-укр.), польск. дыял. wertep ’тс’ (з усх.-слав. моў). Мабыць, ідэнтычнае па паходжанню з словам *vьrtьpъ ’пячора, круча, яр і да т. п.’ (параўн. бел. вярце́п ’вялікі роў, які зарос кустамі’, ве́рцеп ’старарэчышча з вірам’ (Яшк.), укр. верте́п, верте́па, рус. верте́п, верте́па). Паводле падання, Хрыстос нарадзіўся ў пячоры. Параўн. Брукнер, 607.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

На́лаб ’да дна’ (круп., Полымя, 1980, 8, 254), ’набгом, адразу, у адзін прыём’ (навагр., Нар. сл.; Юрч. Фраз.), на́лба ’нагнуўшы вядро, збанок (піць)’ (пухав., Бел. дыял.; Сцяшк. Сл.), налбом ’нагбом’ (Сл. ПЗБ), рус. на́лоб выпить ’выпіць да дна, поўнасцю, закінуўшы пры гэтым галаву’ (Даль), налобо́к ’поўнасцю, да канца (выпіць)’ (СРНГ). Тлумачэнне Даля дае кірунак этымалагізацыі — да лоб (нагнуўшы пасудзіну на лоб) у выніку сцяжэння — налаб, або на лба > на́лба.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зо́лак ’пачатак світання’. Рус. пск. зо́лок ’тс’. Паводле Даля (1, 691), таго ж кораня, што золата, жоўты. Тады тую ж форму мае злак, злакі (гл.). Семантычная сувязь з і.-е. коранем *gʼhlōʼ, да якога ўзводзяцца зялёны, зала́1, золата, верагодная, тым больш што ў сям’і гэтых слоў ст.-англ. glōm ’прыцемак, паўсвятло’ (у жоўты корань пачынаўся з *g‑). Шыманскі, RS, 40, 1, 43–45; Коген, Запіскі, 2, 9, 88.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Праўша́ ’праварукі’. У слоўніках слова не адзначана, хаця, несумненна, вядомае і зразумелае; тое ж адносіцца і да рус. правша́, якое знаходзім толькі ў Даля ў значэннях ’правая рука; праварукі’. У запісах слова сустракаецца ў выразе на праўшу ’ў правы бок’ (ТС). З-за адсутнасці слоўнікавай фіксацыі старажытнасць слова ўстанавіць цяжка. Утворана ад правы з суф. ‑ша, аналагічна ляўша. Аб суфіксацыі гл. Карскі 2–3, 33; Сцяцко, Афікс. наз., 134.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гарапа́шны ’гаротны’ (БРС), гарапа́шнік ’гаротнік’ (БРС). Параўн. рус. дыял. горепа́шница ’бедная, няшчасная жанчына’, горепа́шник ’гаротнік’ (СРНГ, 7, 35), укр. горопа́ха ’гаротнік, бядняга’, горопа́шний ’гаротны’. Да *gorʼe ’гора’ і *pachati ’араць’. Параўн. яшчэ ў Даля рус. пашни́к ’той, хто ў бядзе, бядняга’. Рудніцкі (689) укр. горопа́ха адносіць да *gora ’гара’. Семантычна амаль аднолькавае з бел. гарапа́шнік, рус. горепа́шник, укр. горопа́ха (< *горепа́ха) іншае слова для гэтага паняцця: рус. горемы́ка (аб ім гл. Шанскі, 1, Г, 132).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Асна́ч ’плытагон, сплаўшчык’, асна́к (Янк. БП) ’тс’. Рус., укр. оснач, ст.-рус. осначь ’тс’; рус. арханг. таксама пераносна ’легкадумны чалавек’. З остьнъ ’вастрыё’, ’бусак’ (> асон, гл.) + суфікс ‑ачь (остьнъ мае той жа корань *akʼ‑, што востры, гл.) ці ‑акъ (Супрун, Веснік БДУ, 1971, 1, 72–73). Думка Даля пра паходжанне ад снасть, оснастка, а таксама думка Мацэнауэра, 12, 173 (гл. таксама Міклашыч, 4; Бернекер, 32; Фасмер, 3, 162), пра паходжанне ад гоц. asneis ’падзёншчык’ непераканаўчыя.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Се́каўка ‘рыба шчыпоўка, Cobitis taenia L.’ (карэліц., З нар. сл.; Янк. 3.), се́чка ‘тс’ (Янк. 3.), секушка ‘тс’ (Жук.), сікоўка, сіколка ‘тс’ (там жа). Рус.Даля) сѣка ‘рыба ў’юн’, укр. сі́кавіця, сі́кавка, сіку́нка ‘шчыпоўка’, польск. siek, siekierka, чэш. sekavec, ст.-чэш. sekavec, дыял. sekavica, серб.-харв. sekuš ‘тс’. Да *sěkti ‘сячы’. Назва дадзена за вострыя калючыя шыпы пад вачамі; пасля таго, як яе ўхопіш, яна “сячэ” ў бакі гэтымі шыпамі; гл. Махэк₂ (540).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)