ПА́ЎЛАВА (Ганна Паўлаўна) (Мацвееўна; 12.2.1881, С.-Пецярбург — 23.1.1931),

руская артыстка балета. Скончыла Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1899, педагог П.Герт). З 1899 у Марыінскім т-ры, з 1909 удзельнічала ў Рускіх сезонах С.​Дзягілева, з 1910 гастраліравала з уласнай трупай (у 1913—14 у Расіі). Яе творчасць адметная музыкальнасцю і псіхал. змястоўнасцю, эмац. дзейснасцю, шырынёй жанравага дыяпазону. Сцвярджала класічныя традыцыі рус. танц. школы. Адыграла важную ролю ў рэформах М.Фокіна як першая выканальніца цэнтр. партый пастаўленых ім балетаў «Вінаградная лаза» А.​Рубінштэйна, «Павільён Арміды» М.​Чарапніна, «Егіпецкія ночы» А.​Арэнскага, «Шапэніяна» на муз. Ф.​Шапэна, харэагр. эцюда «Лебедзь» на муз. К.​Сен-Санса. Сярод інш. партый: Адэта («Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Нікія, Кітры («Баядэрка», «Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Жызэль («Жызэль» А.​Адана), Пахіта («Пахіта» Э.​Дэльдэвеза), Бінт Анта і Аспічы («Дачка фараона» Ц.​Пуні), а таксама характарныя танцы, канцэртныя нумары і мініяцюры («Сірыйскі танец» на муз. Сен-Санса). Знялася ў маст. фільме «Нямая з Портычы». Ёй прысвечаны балет Р.​Пці «Мая Паўлава» на зборную муз., маст. і дакумент. фільмы «Ганна Паўлава» (адпаведна 1983, 1985). Аўтар успамінаў «Некалькі старонак з майго жыцця» (1912).

Літ.:

Красовская В.М. А.​Павлова. 2 изд. Л.;

М., 1965;

Аркина Н.Е. А.​Павлова. М., 1981;

Носова В.​А.​Павлова // Носова В. Балерины. М., 1983.

Г.Паўлава. Сірыйскі танец. Мастак А.​Стывенс.

т. 12, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НУРЫ́ЕЎ (Нурэеў) Рудольф Хаметавіч

(17.3.1938, каля ст. Раздольная Іркуцкай вобл., Расія —6.1.1993),

артыст балета, балетмайстар, дырыжор. Скончыў Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1958, клас Х.Бельскага). З 1958 саліст Ленінградскага т-ра оперы і балета імя С.​М.​Кірава. З 1961 працаваў у Каралеўскім балеце Вялікабрытаніі і інш. зах. трупах. З сярэдзіны 1970-х г. гастраліраваў з праграмай «Нурыеў з сябрамі». У 1985—89 маст. дырэктар балетнай трупы Парыжскай оперы. Віртуозна валодаў асаблівасцямі розных школ і кірункаў класічнага і свабоднага танца. Сярод партый; Альберт («Жызэль» А.​Адана), Франдоса («Лаўрэнсія» А.​Крэйна), Дэзірэ і Блакітная птушка («Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Салор, Базіль («Баядэрка», «Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Джэймс («Сільфіда» Ж.​Шнейцгофера), Пятрушка («Пятрушка» І.​Стравінскага) і інш. Сярод пастановак: «Цені» з «Баядэркі» (1963 і 1992), «Раймонда» А.​Глазунова і «Лебядзінае возера» Чайкоўскага (абедзве 1964), «Танкрэд» Г.​В.​Генцэ, «Дон Кіхот», «Спячая прыгажуня» (усе 1966), «Шчаўкунок» (1967, 1980), «Манфрэд» (1979) і «Бура» (1982), абедзве на муз. Чайкоўскага. З 1991 выступаў як дырыжор. Зняўся ў фільмах «Я — танцоўшчык» (1972), «Валентына» (1977). Аўтар аўтабіяграфіі (2000). У 1993 праведзены фестывалі імя Н. (Уфа, Казань).

Літ.:

Р.​Нуреев. СПб., 1995;

Львов-Анохин Б. Блудный сын Русского балета // Театр. 1993. №11;

Persival J. Nureyev: aspects of the dancer. New York, 1975;

Bland A. The Nureyev Image. London, 1976.

Л.​А.​Сівалобчык.

Р.Нурыеў у ролі Джэймса.

т. 11, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)