ПА́ЎЛАВА (Надзея Васілеўна) (н. 15.5.1956, г. Чэбаксары, Чувашыя),
расійская артыстка балета. Нар. арт. Чувашыі (1980). Нар. арт. СССР (1984). Скончыла Пермскае харэаграфічнае вучылішча (1974, педагог Л.Сахарава), Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва (1983). З 1972 салістка Пермскага т-ра оперы і балета, у 1975—95 у Вял. т-ры ў Маскве. Балерына лірыка-драм. плана. Яе мастацтва вызначаюць адухоўленасць і грацыёзнасць пластыкі, бездакорная танц. тэхніка. Сярод партый: Сванільда («Капелія» Л.Дэліба), Жызэль («Жызэль» А.Адана), Кітры, Нікія («Дон Кіхот», «Баядэрка» Л.Мінкуса), Аўрора, Адэта—Адылія, Маша («Спячая прыгажуня», «Лебядзінае возера», «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Сільфіда («Шапэніяна» на муз. Ф.Шапэна), Прынцэса («Драўляны прынц» Б.Бартака), Джульета, Кацярына («Рамэо і Джульета», «Каменная кветка» С.Пракоф’ева), Шырын («Легенда пра каханне» А.Мелікава), Фрыгія («Спартак» А.Хачатурана), Валянціна («Ангара» А.Эшпая). 1-я прэмія Усесаюзнага конкурсу маладых балетмайстраў і артыстаў балета (1972), Гран-пры Міжнар. конкурсу артыстаў балета (1973; абодва Масква). Здымалася ў кіно і на тэлебачанні.
Літ.:
Данилова Г. Н.Павлова // Сов. балет. 1989. №5;
Железкова А.Н. Павлова. 2 изд. Чебоксары, 1988.
т. 12, с. 202
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)