РА́ЖАНАВА (Лідзія Міхайлаўна) (н. 4.3.1924, Масква),

бел. артыстка балета Нар. арт. Беларусі (1955). Скончыла клас удасканалення Маскоўскага харэагр. вучылішча (1947). У 1947—68 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1968 узначальвала музей, з 1975 — архіў Творчага аб’яднання «Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь». Выканальніцкі стыль Р. вызначаўся пранікнёным лірызмам, чысцінёй і высакароднасцю пластычнай формы. Найб. поўна гэтыя якасці выявіліся пры стварэнні вобразаў Марынкі («Палымяныя сэрцы» В.​Залатарова—А.​Ермалаева), Надзейкі («Князь-возера» В.​Залатарова—К.​Мулера), Жызэлі («Жызэль» А.​Адана), Нікіі («Баядэрка» Л.​Мінкуса), Сары («Сцежкаю грому» К.​Караева). Сярод інш. партый: Адэта — Адылія, Аўрора, Маша («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня», «Шчаўкунок» П.​Чайкоўскага), Кітры («Дон Кіхот» Мінкуса), Марыя («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Фрыгія («Спартак» А.​Хачатурана).

Літ.:

Чурко Ю. Лідзія Ражанава // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967;

Громава Н. Цярністы шлях творчасці // Мастацтва Беларусі. 1984. № 3.

Ю.​М.​Чурко.

Л.М.Ражанава.
Л.Ражанава ў ролі Надзейкі.

т. 13, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)