РАПА́ЛЬСКІ ДАГАВО́Р 1922, савецка-германскі дагавор 1922,

падпісаны паміж РСФСР (Г.В.Чычэрын) і Германіяй (К.І.Вірт і В.Ратэнаў) у г. Рапала (Італія) 16 крас. ў час Генуэзскай канферэнцыі 1922. Заключэнню дагавора папярэднічалі двухбаковыя перагаворы ў Маскве ў 1921 і ў Берліне ў крас. 1922. Паводле дагавора аднаўляліся дыпламат. і консульскія адносіны паміж абедзвюма дзяржавамі (былі разарваны пасля Ліст. рэвалюцыі 1918 у Германіі), бакі адмаўляліся ад узаемных фін. прэтэнзій (Сав. Расія — ад кампенсацыі ваен. і неваен. страт, нанесеных 1-й сусв. вайной, Германія — ад выплаты ёй даўгоў царскага ўрада і пакрыцця кошту нацыяналізаваных сав. ўладамі герм. прадпрыемстваў), надаваўся статус найб. спрыяння двухбаковым гандл.-эканам. адносінам. Дадатковае сакрэтнае пагадненне да дагавора прадугледжвала супрацоўніцтва герм. узбр. сіл (рэйхсвера) з Чырв. Арміяй (у т. л. вытв-сць і выпрабаванне ў Сав. Расіі ням. зброі), што парушала ўмовы Версальскага мірнага дагавора 1919. Дагавор ратыфікаваны ВЦВК РСФСР 16 мая, герм. рэйхстагам — 4 ліп.; 5.11.1922 яго дзеянне пашырана на інш. сав. рэспублікі, у т. л. БССР. Р.д. стварыў дагаворна-прававую аснову для развіцця паліт., эканам. і культ. сувязей паміж Сав. Расіяй і Германіяй, значна ўмацаваў міжнар. становішча бакоў, у т. л. прарваў іх знешнепаліт. ізаляцыю. Страціў сілу пасля нападу нацысцкай Германіі на СССР (чэрв. 1941).

Публ.: Советско-германские отношения от переговоров в Брест-Литовске до подписания Рапалльского договора. Т. 2. (1919—1922). М., 1971.

Літ.:

Трухнов Г.М. Поучительные уроки истории: Три сов.-герм. договора (1922—1926 гг). Мн., 1979;

Космач В.А., Романовский Д.В. Советская Беларусь и Германия в 1917—1932 гг.: кампании солидарности, торговля, культурный обмен (уроки истории для современности). Витебск, 2001.

М.​Г.​Жаркоў.

т. 13, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́НТА-ДАМІ́НГА (Santo Domingo),

горад, сталіца Дамініканскай Рэспублікі, на паўд. узбярэжжы в-ва Гаіці. 3599 тыс. ж. з прыгарадамі (2000). Вузел аўтадарог, порт на Карыбскім м. Міжнар. аэрапорт. Найважнейшы эканам. і культ. цэнтр, дае больш за палавіну прамысл. прадукцыі краіны. Прам-сць: харчасмакавая (цукр., ромавая, алейная, мылаварная, тытунёвая), тэкст., швейная, гарбарна-абутковая, цэм., лесапільная, мэблевая. Акадэміі: мовы, гісторыі, музычная. 2 ун-ты. Горад перыядычна церпіць ад ураганаў. Цэнтр турызму.

Засн. ў 1496 Б.​Калумбам (братам Х.​Калумба) пад назвай Новая Ізабела, потым названы С.-Д. У 1538 у горадзе засн. ун-т. У 16 ст. тут знаходзілася рэзідэнцыя віцэ-караля ісп. калоній у Амерыцы. З 1844 сталіца Дамініканскай Рэспублікі. У 1916—24 акупіраваны амер. войскамі. У 1930 горад знішчаны ўраганам. Пасля адбудовы ў 1936 атрымаў назву Сьюдад-Трухільё (з 1962 зноў С.-Д.). У 1965 горад — арэна баёў паміж урадавымі войскамі і сіламі хунты.

У 1-й пал. 16 ст. горад набыў рэгулярную планіроўку. Забудоўваўся магутнымі каменнымі збудаваннямі ў стылі, пераходным ад готыкі да рэнесансу: манум. вежа Торэ дэль Аменахе (1503—07), замак-палац Каса дэль Альмірантэ (1510—14), сабор (1512—40) з грабніцай Х.​Калумба, палац Каса дэ Энгомбе (1535), шпіталі, кляштары, 2-павярховыя жылыя дамы з унутр. дворыкамі. У 1543—1702 узведзены гар. сцены (захаваліся часткова). Пасля ўрагану 1930 узводзяцца жалезабетонныя будынкі. Сярод значных пабудоў 20 ст. — т-р (1913), атэль «Ярагуа» (1943) і інш. Музеі: нац., Нац. маст. галерэя і інш. Калан. цэнтр С.-Д. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Санта-Дамінга. Вежа Торэ дэль Аменахе.

т. 14, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯТАПО́ЛК ЯРАПО́ЛЧЫЧ (у хрышчэнні Пётр, мянушка Акаянны; каля 980—1019),

князь тураўскі і вял. князь кіеўскі. Прыёмны сын вял. кн. Уладзіміра Святаславіча. Нарадзіўся ад шлюбу вял. кн. Яраполка Святаславіча з «грэкіняй», якую пасля забойства мужа яшчэ цяжарнай узяў за жонку Уладзімір (СЛ. называюць таксама Святаполк Уладзіміравіч). У 988 С.Я. атрымаў ад айчыма тураўскае княжанне. У пач. 11 ст. рыхтаваў змову супраць Уладзіміра, аднак яна была раскрыта. С.Я. разам з жонкай, дачкой польскага князя (пазней караля) Баляслава I Храбрага і яе духоўнікам, калобжагскім біскупам Рэйнбернам, апынуўся ў кіеўскай турме. Пагроза вайны з Баляславам прымусіла Уладзіміра выпусціць зняволеных, але ён не адпусціў іх у Тураў. Спачатку С.Я. жыў у Кіеве, потым у Вышгарадзе. Пасля смерці Уладзіміра (1015) С.Я. заняў кіеўскі трон. Паводле «Аповесці мінулых гадоў» ён рукамі наёмных забойцаў пазбавіўся сваіх канкурэнтаў на ўладу, сыноў Уладзіміра — Барыса, Глеба і Святаслава, за што атрымаў мянушку Акаянны. У адказ наўгародскі кн. Яраслаў Мудры выступіў з войскам у паход на Кіеў. У бітве каля Любеча (1015 або 1016) С.Я. пацярпеў паражэнне і ўцёк да цесця ў Польшчу. Ісландская «Сага аб Эймундзе» адказнасць за забойствы ўскладае на Яраслава Мудрага. У 1018 войскі С.Я. і Баляслава Храбрага ў бітве каля Бярэсця разбілі дружыну Яраслава. С.Я. зноў заняў кіеўскі трон, але ненадоўга. Наўгародскае войска Яраслава падышло да Кіева і прымусіла С.Я. ўцячы. У 1019 выгнанец вадзіў на Кіеў войска печанегаў. Вырашальная бітва адбылася на р. Альта. С.Я. у другі раз адправіўся ў Польшчу, але па дарозе памёр.

Літ.:

Филист Г.М. История «преступлений» Святополка Окаянного. Мн., 1990.

А.​В.​Іоў.

т. 14, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Во́кідзь ’густы снег, які падае камякамі’ (Янк. III), о́кыдʼ снег, які выпадае ранняй вясной пасля таго, як зімні снег ужо растаў, окітʼ‑ ’вясенні снег, які выпадае на кароткі час і звычайна скора растае’ (Талст., 13). Рус. дыял. о́кидь ’шэрань, іней’, карп. окидь ’іней, лёд, снег на ветках дрэў; вясенні замаразак’ (Талст., 13), мар.-славац. окуď ’сыры снег, які ў вялікім мностве ляжыць на дрэвах’. Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад окідаць (Махэк₂, 313); не звязана з серб.-харв. кити́на ’камякі снегу на галінках дрэў’, о̀китити ’упрыгожыць’, як гэта лічыць Талстой, 13, таму што яны належаць да гнязда кітка і г. д. (Скок, 2, 73). У семантычных адносінах параўн. вобліў (гл.) галалёдзіца, лёд, якім пры галалёдзіцы пакрываюцца дрэвы’, ад абліць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ла́пік ’латка’, ’акравак’ (ц.-палес., ДАБМ, к. 324, Бяльк., Сцяшк., Гарэц., Мядзв., Бір., Грыг., Касп., Шн. 3, Мікуц., Зеньк., Нас.; маг., КЭС; калінк., Сл. паўн.-зах.), ’кавалак зямлі’ (Нас.), ’плямачка’ (Жд. 2), перан. ла́пікі ’лахманы’ (лун., Шатал.). Укр. ла́пик ’латка’, чарніг. ла́пичка ’кавалак зямлі, які застаецца пасля раздзелу цэлага загона’, рус. смал., бран. ла́пик ’кавалак матэрыі, латка’, ’палоска зямлі’. Да прасл. ⁺lapъ, якое генетычна звязана з літ. lōpas ’латка’ > ла́па 4. Утвораны пры дапамозе суф. ‑ік, як вабік, лазік (Сцяцко, Афікс. наз., 41; Лаўчутэ, Балтызмы, 74–76). Сюды ж дэмінутыў лапі́кычык (сен., ДАБМ, 924), ла́пічко ’лапік’, ’ануча’ (Сцяшк.), дзятл. ла́пічак ’акравак’ (Сл. паўн.-зах.). Лексема лапік роднасная з ла́паць 2 (гл.) (Фасмер, 2, 459).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Наўзна́к ’дагары’ (Гарэц., Сл. ПЗБ, ТС), наўзнач ’тс’ (Янк. 1; карэл., Янк. Мат., Ян.), навознач ’тс’ (стол., Жыв. сл.), укр. навзнак ’тс’, рус. навзнак, навзначь ’тс’, польск. nawznak, naznak, чэш., славац. naznak ’тс’, серб.-харв. nȁuznak. Прыназоўнікавае спалучэнне з прасл. *vъznakъ ’тс’, параўн. ст.-слав. възнакъ, балг. възнак, славен. vznak, польск. арх. wznak і інш., адносна якіх існуюць розныя меркаванні. Паводле Фасмера (3, 34), магчыма, з *na‑kъ, аналагічнага да *per‑kъ (гл. перак), параўн. серб.-харв. наком ’пасля, ззаду’, накјуче̑ ’пазаўчора’ і інш. Махэк₂ (392) выводзіць чэш. naznak з *na jьz‑na‑nikъ, гл. назнанак, назнайніцу ’навыварат’, што, здаецца, сведчыць у карысць апошняй версіі (у прыватнасці, магчымае народнаэтымалагічнае асэнсаванне падабенства каранёвай часткі слоў).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ке́бка ’пячурка ў печы’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн. укр. кабиця ’круглая яма пад ганчарнай печчу, летняя кухня’, рус. кабица ’летняя кухня, будка сабакі, логава зайца’. Укр. ковбиця ’наглыбленне для попелу ў печы’, кобиця ’паглыбленне пад прыпечкам’. Украінскае слова не мае надзейнай этымалогіі. Запазычанне з тур. kabig ’вялікі кол’ неверагодна па значэнню, са шв. kabyss ’камбуз’ — па гісторыка-культурных прычынах (гл. ЕСУМ, 2, 332, 481). Бел. кебка ў гэтых этымалогіях не ўлічваецца. Існуе, аднак, рус. кибитка ў значэнні ’цагляны каркас рускай печы, у якую складаюць гаршкі пасля абпалу’. Апошняе значэнне супадае з першым значэннем укр. кабиця. Адсюль можна меркаваць, што крыніцай разглядаемых слоў і рус. кибитка была тая ж цюркская лексема kibit, käbit ’будка’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ахлу́дзець ’астыць, адубець, стаць цвёрдым’ (КЭС. лаг.), охлу́дыты ’акачанець, астыць’ (Клім.). Ад хлуд, хлу́дзіна ’кій, дубец’, як адубець ’страціць гнуткасць (ад холаду)’ ад дуб, акалець ад кол і г. д., пры гэтым, аднак, цяжка вытлумачыць адрозненні ў націску; драг. хлуд ’акачаненне, здранцвенне; цурбан (у праклёнах)’ (Клім.) можа сведчыць пра другасную сувязь з хлуд ’кій’, параўн. рус. хлу́да ’немач, слабасць’, збліжанае Махэкам₂, 200, з чэш. chlouditi ’марыць (холадам)’, ст.-чэш. chlúditi слабець’; тады ад незафіксаванага *хлудзіць < *chlǫditi ’пазбаўляць сілы’; параўн. Ілліч–Світыч, ВЯ, 1961, 4, 94. Ці не сюды польск. ochłódnąć (на думку Брукнера, 180 «пазнейшае») замест ochłodnąć ці ochłonąć ’астыць, прыйсці да сябе пасля хвалявання’, для якога акрамя ўздзеяння формы chłód холад’ можна дапусціць уплыў бел. ахлудзець?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дрэнь ’дрэнь, дрэнны’ (БРС, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Сл. паўн.-зах.). У дыял. і дрень (Бяльк.). Слова не вельмі яснага паходжання. Здаецца, можна лічыць, што яно роднаснае рус. дрянь ’тс’ (па адной версіі *дрань ад драть; па іншай з *дрябнь да дряблый; гл. Фасмер, 1, 546; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 198). Вакалізм у бел. слове не зыходны, а трансфармаваўся па тыпу барса́ць: бэ́рсаць, ва(д)зга́ць: вэ́дзгаць, даўжа́р: дэ́ўжар. Хутчэй, аднак, зыходным з’яўляецца тып рус. дрянно́й, бел. *дранны́, адкуль пасля перанясення націску на першы склад «аднавіўся» вакалізм «э»: *дранны́ → дрэ́нны; адсюль ужо дрэнь. Параўн. польск. drań (Слаўскі, 1, 161). Бел. словы могуць паходзіць і прама ад *dranь, *dranьnъ (*dьranъ, *dьranьnъ) без палаталізацыі (*r > rʼ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прылучы́ць, прылуча́ць ’уключыць, далучыць’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Ласт.), прілучы́ць ’далучыць’ (Бяльк.), прылучаць ’прычашчаць’ (Ласт.); ст.-бел. прилучати, прилучатися ’далучаць, далучацца’, прилучити, прилучитися (Сл. Скарыны), аддзеяслоўны субстантыў прылучэ́нне ’далучэнне’ (Нас., Гарэц., ТСБМ), ’прычашчэнне’ (Ласт.). Сюды ж вытворныя: прылу́чны ’які выпадкова прыбіўся не да свайго статку’ (Нас.), дзе часткова захоўваецца семантыка прылуча́й ’выпадак’, прылу́ка ’муж, што пасяліўся пасля жаніцьбы ў доме сваёй жонкі’ (Інстр. 2). Узыходзіць да прасл. *prilǫčiti, прэфіксальнае ўтварэнне ад *lǫčiti, гл. лучы́ць 1 ’яднаць, злучаць’ (гл. таксама ЭССЯ, 16, 132–134). Укр. прилуча́ти ’далучаць; дадаваць; уключаць’. Ст.-рус. прилучити ’прылучаць; даць, падараваць’, рус. дыял. прилуча́ть, прилучи́ть ’прынаджваць, прывабліваць, далучаць’. Гл. таксама Фасмер, 3, 365; ЕСУМ, 3, 315–316, Варбат, Слав. языкозн., IX, 66–67.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)