Аху́хцінацямненькі выкл. ’уздых аблягчэння пасля фізічнай нагрузкі’ (полац., Садоўскі, вусн. паведамл.). Складанае ўтварэнне, у якім можна вылучыць наступныя элементы: а‑хух‑ці‑на‑ця‑мненькі, дзе а прыстаўное; хух адпавядае выкл. ’ах, ох’ (КСП); ці па паходжанню асабовы энклітычны займеннік дав. скл. адз. л. 2‑й асобы; на няяснага паходжання, магчыма, узмацняльная часціца тыпу рус. ‑на ў эвона ’вось’, звязаная з займеннікам *onъ, Фасмер, 4, 513; ця па паходжанню асабовы энклітычны займеннік він. скл. адз. л. 2‑й асобы, параўн. а́хця мне выкл. ’гора мне!’ (дзісн., Рам. 8, 519); мненькі займеннік мне з экспрэсіўнай суфіксацыяй, характэрнай для такога тыпу выклічнікаў, параўн. авохцінькі, ахці мненюшкі, ацінькі (ад аці ’дзякую’, гл.), «спешчаныя» формы тыпу спатанькі (ад спаць) і інш., гл. Карскі 2-3, 64, пры гэтым магчыма народнаэтымалагічнае збліжэнне канца слова і цёмны, цёмна, параўн. запісы а вой цямней выкл. ’выказванне незадавальнення’, якія Клопава (Лінгв. зб., 143) выводзіць з авохці мне і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)