Ка́йдуб1, кайдоб ’бочка’ (Мат. Гом.), кайдуб, кайдуп, кайдоб, кайдупчык, кайдопчык (палес., З нар. сл., Нар. сл.), кайдуб ’драўляны корпус ручнога млына’ (кобр., Выг.). Усе формы да kadьlbъ, гл. аб этымалогіі кадоўба. Што датычыцца фанетыкі, можна меркаваць, што тут ‑й‑ на месцы ‑ў‑, параўн. форму каўдуб; ў у выніку метатэзы з другой часткі слова. Менш верагодна думаць пра з’яўленне ўстаўнога ‑й‑ у кайстра1 ’кастра’.

Ка́йдуб2 ’вельмі гразкае месца’ (Клім.), ’вытаптанае месца на лузе’ (Яшк.), лексема дэманструе пераход: назва посуду > назва рэаліі геаграфічнага рэльефу. Падрабязней гл. кадоўба, з літаратуры параўн. Талстой, Геогр., 219, дзе разглядаецца такі тып семантычнага пераходу.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калу́пашак ’плецены кош на воз’ (Сцяшк.), колупушок ’кош для перавозкі бульбы’ (Мат. Гом.), ’плецены кораб на сані або воз’ (ТС). Рэгіянальная інавацыя, зах.-бел. форма, магчыма, і незалежная. Утворана метатэзай з палукашак, які, відаць, да *палукош, дзе кош‑ назва вялікага кораба на воз. Менш верагодна думаць пра сувязь палукашак з вядомым у рус. мове лукошко і лукно. Таксама нельга лічыць зыходнай разглядаемую лексему, якая магла быць аддзеяслоўным утварэннем ад калупаць ’плесці’, параўн. смал. колупаць ’плесці лапці’. Апошняе — лакальная інавацыя, параўн. бел. калупаць ’вязаць’ (карункі), утворанае на базе калупаць ’марудна вазіцца’. Адносна ўкр. бойк. параўн. колупінок і колупіток < полукіпок.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кано́н кану́н, кану́на ’сыта, куцця, абрадавая салодкая страва, якая гатуецца к памінкам’ (Нас., ТС, Вешт.; калінк., Мат. Гом.; бярэз., рагач., круп., чэрв., пух., калінк. Сл. паўн.-зах.); ’узаконенае правіла вышэйшай царкоўнай іерархіі’, ’спіс рэлігійных кніг’, ’царкоўнае песнапенне ў пахвалу святога або свята’ (ТСБМ). Укр. канун ’салодкая страва к фэсту’, канон; рус. смал. канон ’куцця з мёдам’, кастр. ’салодкае піва на ўсяночнай’, рус. канун ’маленне’, ’паніхіда’, ’дзяды’, ’першая гадавіна смерці’, ’памінкі’, ’куцця’, ’піва’, ’асвячоны мёд’, смал. кануна ’паніхіда’ і інш. Ст.-рус. канонъ (XII ст.), канунъ. Апошняя форма — народная. Запазычана з грэч. κανών ’палка, шнур, лінейка’. Разгляд літ-ры гл. Фасмер, 2, 180–181.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Канча́р, канчу́р ’аддзелены канец чаго-небудзь’ (ТСБМ, Др.-Падб., Гарэц.; стаўбц. Прышч.; слонім., Нар. лекс., Сл. паўн.-зах.; навагр., Нар. словатв., стаўбц. З нар. сл.); ’сук, галіне дрэва, канцы галін’ (Сцяшк.), канчарэ́ ’кароткія бярвенні паміж вокнамі і на вуглах’ (гродз., Мат. АС); канча́рык ’капец градкі’ (гродз., З нар. сл.; Сл. паўн.-зах.); канчуры ’наспісваныя алоўкі’ («Маладосць» 1969, I, 156); канча́р ’корч, куст’ (Сцяшк.), канчы́р ’няроўнасць на дарозе ад каранёў дрэў’. Бел. прасл. рэгіяналізм, утвораны ад прасл. konьcь ’капец’ пры дапамозе суф. ‑arʼь. Ад konьcь утвораны і дзятл. канча́к, шальч. канчу́к ’канец баразны’, паст., докш., віл. канчык, канчычок ’кончык’ (Сл. паўн.-зах.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Капце́ць ’вылучаць копаць, сажу пры гарэнні’, ’куродымець’, ’жыць без мэты’, ’вэндзіць’, ’карпець, надакучаць’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Бяльк., Др.-Падб., Федар. 6). Утворана ад копаць ’сажа’ (гл.) < прасл. паўн. kopъtъ < і.-е. *ku̯ēp‑, *ku̯əp‑, *kū̆p‑ ’дыміць, варыцца’ (Літ-py да гэтага слова гл. Фасмер, 2, 319; Шанскі, 2 (К), 305; Слаўскі, 2, 454; ЕСУМ, 2, 449). Сюды ж капцёлка, капці́лка, капцю́лка ’газоўка, лямпа без шкла’ (ТСБМ; в.-дзвін., Шатал.; бялын., карэліц. Янк. Мат.; Др.-Падб.), ’вяндліна’ (зэльв. Сцяшк.), капцю́х ’светач’ (маст.), ’курная хата’ (іўеў., Сл. паўн.-зах.), віл. капцю́ха, бярэз. капцюшка, драг. коптю́ха (Сл. паўн.-зах.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скі́цер ‘кавалак (сала)’ (бярэз., Сл. ПЗБ), ‘вялікі кусок сала’ (бярэз., бых., кіраў., ЛА, 4), скіце́р ‘свежаніна, якую даюць суседзям, родным’ (Мат. Гом.), ст.-бел. скитера (скитерть) ‘кавалак сала’ (1530 г., Булыка, Лекс. запазыч., 119). Паводле Непакупнага (Связи, 195–196), слова ў формах скіцер, аскіцер паходзіць з літ. sketerà ‘шыя (жывёліны); карак’, sketẽrius ‘тс’, ‘кавалак сала’, якое ў значэнні ‘свежаніна; кавалак мяса або сала, што нясуць суседзям пасля забою свінні (цяляці, авечкі)’ распаўсюджана ў Жлобінскім р‑не, на Чачэршчыне і ў Быхаўскім р‑не. Аднак, паводле яго заўвагі, ‑і‑ застаецца няясным. Агляд літ-ры гл. яшчэ Лаўчутэ, Балтизмы, 50.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трая́к ‘тры рублі’ (ТСБМ; шальч., Сл. ПЗБ), ‘манета ў тры грошы, або 1½ сярэбранай капейкі’ (Нас., Федар. 4, Шат., Касп., Эр., Нар. Гом.), ‘75 капеек’ (Растарг.), ‘тры капейкі’ (Байк. і Некр.); ‘бервяно ў тры сажні’ (Касп.), ‘вялікае бервяно’ (Жд. 3), ‘бервяно даўжынёй каля 6 м (на дошкі)’ (чэрв., Нар. лекс., Сл. ПЗБ); ‘мера дроў каля 3 вазоў’ (Мат. Гом.). Утварыліся ў выніку субстантывацыі зборнага лічэбніка троj‑е і суф. ‑ак (< прасл. *‑akъ) (Слаўскі, SP, 1, 89). Назвы манет адлюстроўваюць пералічэнне расійскіх грошай у старую грашовую сістэму пасля падзелу Рэчы Паспалітай паводле эквіваленту 1 капейка = 2 грошы (Станкевіч, Зб. тв. 2, 26).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трымана́ ‘надакучлівы чалавек’ (Мат. Гом.). Відаць, да трымані́ць ‘гаварыць абы-што, хлусіць’ (гл. траманіць, для якога прапануецца літоўская крыніца запазычання). Можа быць звязана з мані́ць, ману́ць, аднак па значэнні і па форме слова бліжэй да славен. tŕmen ‘упарты, капрызны, натурысты’, харв. чак. ne trmi ‘не ўпірайся’, якія Борысь (RS, XLI, 1, 40 -41) узводзіць да прасл. *trьměti ‘тырчаць, заставацца на сваім, упірацца’, што дало каўзатыў *trimati (Борысь, 652), гл. трымаць. У такім выпадку трыманіць можа быць другасным утварэннем ад назоўніка або прыметніка, параўн. укр. тримни́й ‘трывалы’; сюды ж, магчыма, і ўкр. тримо́нний няпэўнага значэння і паходжання (ЕСУМ, 5, 638).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трэ́снуць ‘ударыць, стукнуць’ (Шымк. Собр., Яруш., Касп., Вушац. сл., Бяльк., ТС), ‘лопнуць, раскалоцца’ (Бяльк., Скарбы), ‘стукнуць, грукнуць’ (Ласт.), ‘стукнуць, пацэліць’ (пра гром, маланку)’ (Мат. Маг. 2, Сержп. Прымхі): kab ćabʼé pʼerún trésnuŭ (zabíu, uźaŭ) (зах.-бел., Маш. Atlas). Аднакратны дзеяслоў да трэскаць (гл. трэск), выводзіцца з прасл. *trěsknǫti (ESJSt, 16, 980), параўн. укр. трі́снути ‘трэснуць, стукнуць’, рус. тре́снуть ‘лопнуць, стукнуць, выдаць моцны гук (пра гром і пад.)’, польск. trzasnąć ‘тс’, чэш. třesknouti ‘тс’, славац. tresknuť ‘тс’, балг. тресна ‘тс’, макед. тресне ‘тс’, ст.-слав. трѧснѫти ‘тс’. Утворана на базе гукапераймальнага *tresk‑, як і літ. treškė́ti ‘лопаць, трэскаць’ і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ты́ждзень ‘тыдзень’ (ТС, ПСл, Нар. Гом., Арх. Вяр.), ты́ждень ‘тс’ (Растарг.), ты́ждэнь ‘тс’ (Бес., Сл. Брэс.; лельч., Нар. лекс.), ты́ждэн ‘тс’ (кам., Сл. ПЗБ), ты́ждань ‘тыдзень’ (калінк., Сл. ПЗБ, Мат. Гом.), ты́ждынь ‘тс’ (зах.-пал., Бел. дыял. 3), ты́жджэнь ‘тс’ (кам., Сл. ПЗБ, ТС, Альп.), тэ́ждынь ‘тс’ (драг., Сл. Брэс.), ты́джань і ты́жань ‘тс’ (Ян., ПСл), ст.-бел. тыждень, тыйжьдень ‘тс’ (ГСБМ). Параўн. укр. ти́ждень, ст.-чэш. týždeň, славац. týždeň. Гл. тыдзень. Пра мажлівасць другаснага спалучэння жд у палескіх гаворках сведчаць прыклады прыежда́ць ‘прыязджаць’, адʼежда́ць ‘ад’язджаць’ і інш. (ТС). Сюды ж тыжднёўка ‘тыдзень’, тыжнёваць ‘знаходзіцца тыдзень у пэўным месцы’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)