Свершч ‘цвыркун’ (Нас., Ласт.), свіршч ‘тс’ (гродз., ЛА, 1), свяршчо́к (Жд. 1, Сцяшк., Шатал.), све́ршчык (швянч., Сл. ПЗБ), свярчо́к (Скарбы) ‘тс’, ст.-бел. сверщокъ (Скарына). Укр. сверщ, рус. сверщ, сверчок, стараж.-рус. свьрчькъ, польск. świerszcz, в.-луж. šwjerč, н.-луж. šẃerc, чэш. svrček, cvrček, славац. svrčok ‘тс’, серб.-харв. цвр́чак ‘від насякомага’, славен. cvrček ‘конік’, балг. цвърче́к ‘цвыркун’, макед. свирец, ст.-слав. свръчь(къ) ‘тс’. Прасл. *svьrčъ, да гукапераймальнага свірчаць, цвірчэць (гл.); Фасмер, 3, 575; Брукнер, 536; Махэк₂, 91. Карскі (1, 387) лічыць спалучэнне ‑шч‑ другасным на месцы ‑ч‑; Борысь (623) тлумачыць канцавое спалучэнне ‑szcz у формах тыпу свершч аналогіяй з клешч, хрушч. Калі прыняць у якасці зыходнага прасл. *svirati (*svьrĕtí) (Брукнер, 536; ЕСУМ, 5, 189), параўн. свэрсту́н, свырсту́н, свэршч ‘цвыркун’ (брэсц., ЛА, 1), то ‑шч‑ можа быць на месцы ‑тс‑, як у сві́раст ‘рэзкі, прарэзлівы гук’, свіршчэ́ць ‘выдаваць такі гук’ (Ласт.), параўн. літ. svìrkšti ‘выдаваць гук, пішчаць, свістаць’, лат. svir̃kstêt ‘тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стрэ́ча 1 ‘сустрэча’ (ТСБМ, Нас.; мазыр., Шэйн. З; Яруш., Др.-Падб., Янк. 2, Бяльк., Сержп. Прымхі, ТС). Укр. стрі́ча, рус. встре́ча, серб.-харв. сре̏ћа ‘шчасце’, славен. sreča ‘тс’, балг. сре́ща ‘сустрэча’, макед. сре́ка ‘шчасце, удача’. Прасл. *sъrětja (Фасмер, 1, 363; Глухак, 575) або *sъrętʼa, што ўтворана з суф. ‑ja ад асновы цяп. ч.: *sъrętʼo, *sъrěsti ‘стрэць’ (Слаўскі, SP, 1, 82). У прыстаўцы бачаць адпаведнасць ст.-інд. *su‑ і тлумачаць слова як ‘добры, шчаслівы выпадак’. Гл. Фасмер, там жа; Бязлай, 3, 306.

Стрэ́ча 2 у выразак: у першай стрэ́чы ‘дваюрадны (брат, сястра, цётка, дзядзька)’, другая стрэч ‘дваюрадны’, у другой стрэ́чы ‘траюрадны (брат, сястра, цётка, дзядзька)’, у трэцяй стрэ́чы ‘пра далёкае сваяцтва’ (ТСБМ, Янк. 2, Чуд., Сцяшк. Сл.; воран., ганц., шчуч., шальч., іўеў., пух., Сл. ПЗБ); стрэ́ча ‘ступень роднасці’ (Скарбы), стрэч ‘тс’ (Сцяцко Сл.), стрэль ‘ступень роднасці’ (Сл. рэг. лекс.). Назоўнік абстрагаваны ад прыметніка стрэчны ‘стрыечны’ (ТСБМ), параўн. амонім стрэ́чны ‘сустрэчны (ТСБМ, ТС). Гл. стрыечны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тарато́рыць ’гаварыць вельмі хутка, скарагаворкай’ (ТСБМ), ’гаварыць хутка, гучна’ (мёрск., Нар. лекс.), ’балбатаць, гаварыць абы-што’ (Ласт., ТС), тарахто́рыць ’балбатаць, лапатаць, сакатаць’ (Скарбы); сюды і тарата́рыць, гл. Параўн. укр. дыял. тарато́рити ’балбатаць, плявузгаць’, рус. тарато́ритъ ’лапатаць’, чэш. trátořiti, славац. trátoriť ’шмат гаварыць, балбатаць’. Прасл. дыял. *tortoriti з прасл. *tortor‑, якое з’яўляецца падвоеным індаеўрапейскім коранем *tor‑ ’гучны; выразны’, магчымы варыянт *ter‑ (Анікін, ОЛА, Исследов., 1984, 284–286). З непадвоеным коранем у серб.-харв. тр̀тосити ’балбатаць не змаўкаючы’, рус. дыял. бато́рить ’балбатаць’, гл. таксама гутарыць, што да *toriti, гл. ЭССЯ, 1, 166; Атрэмбскі, Зб. Романскаму, 72; параўн. таксама славен. trtrati ’шумець, мармытаць’ < *tьr‑tьr‑ (Куркіна, Диал. структура, 86: узводзіць да *terti, гл. церці). Індаеўрапейскія адпаведнікі: літ. tarýti > tar̃ti ’вымавіць; сказаць’, грэч. τορός ’прарэзлівы’, *τορέω ’выразна абвяшчаю; прабіваю’, ст.-інд. tāṛá‑ ’гучны; праніклівы’, хец. tar‑ ’казаць; называць’ (Фасмер, 4, 86–87; Махэк₂, 636; Карскі 2–3, 87; Чарных, 2, 229; Новое в рус. этим., 230; ЕСУМ, 5, 521).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Траця́к ‘трэцяя частка чаго-небудзь, траціна’ (ТСБМ, Мат. Гом., Сл. ПЗБ, Шат.), ‘трэцяя частка надзелу зямлі (каля 1 га або 3 дзесяцін)’ (Сл. ПЗБ, Мат. Гом.), ‘чалавек, які меў трэцюю частку надзелу’ (карэліц., Шатал.), ‘трохгадовая жывёліна’ (Некр. і Байк., Касп., Сл. ПЗБ, Шат.), ‘трэці рой’ (Сцяшк. Сл.), ‘дзіцячая гульня, галоўная фігура ў гэтай гульні’ (Скарбы), трэця́к ‘трэцяя частка ўраджаю пры арэндзе зямлі’ (ТС, ПСл), трэця́ка, трэйця́ка, трэця́к ‘трохгадовая жывёліна’ (ТС), трацця́к (треццякъ) ‘тс’ (Нас.), трецця́к ‘тс’ (Растарг.), ст.-бел. третякъ, третьякъ ‘трохгадовая жывёліна’, ‘адзінка вымярэння сыпкіх рэчываў’, третяка ‘жывёліна трохгадовага ўзросту’ (ГСБМ). Суфіксальныя ўтварэнні ад *tretьjь, праславянскі характар сумніўны, магчыма, толькі для слоў са значэннем ‘трохгадовая жывёліна’, параўн. укр. третя́к, рус. третья́к, польск. trzeciak, серб. трѐћак і пад., у сувязі са старажытнай традыцыяй прынясення ў ахвяру якраз трохгадовай жывёлы (Тапароў, Этимология–1977, 11), або для слоў, звязаных з пчалярствам, параўн. значэнне ‘трэці рой’ у паўночных славян, акрамя беларускага укр. третя́к, польск. trzeciak ‘тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трындзе́ць ‘многа гаварыць аб чымсьці нязначным; хлусіць’ (Мілк. Сл., Аляхн.), трындзе́ць, трындзі́ць ‘вярзці, гаварыць глупствы’ (Васільковая сп., Вушац. сл.), трындзі́ць ‘хутка гаварыць абы-што’ (Сцяшк. Сл.), ‘вярзці’ (слонім., Жыв. НС), трындзі́ць, тырындзі́ць ‘пустасловіць, гаварыць абы-што’ (Скарбы), трыньді́ты ‘многа гаварыць, балбатаць’ (Клундук), сюды ж дэвербатывы трында́ ‘пустамалот, балбатун’, ‘балбатлівы чалавек’ (там жа), тры́нда ‘хлус, падманшчык’ (Аляхн.). Параўн. укр. дыял. три́ндати ‘трасці адзенне на сабе, ісці трасучыся’, рус. тры́ндить ‘гаварыць, навязліва паўтараць, балбатаць; распускаць плёткі’, польск. дыял. tryndać ‘круціцца, не сядзець на месцы, блытацца пад нагамі’, каш. trińdać ‘таптаць’, ‘збіваць масла’. Утворана на базе гукапераймальнага тры́нды (прыпеў), параўн.: Tryndy baba, tryndy dzied, / Zdochla baba, zdochnie dzied! (Федар., 6, 64), гл. трынды, трынды-рынды. Параўн. меркаванне пра паралельныя «звонкія» варыянты дрындаць (гл. дрындушка), польск. dryndać ‘цягнуцца, трасціся на возе’, славац. дыял. drindať ‘бегчы, тупацець’ (SEK, 5, 169). Гл. Брукнер, 99 (памылкова звязвае з tryny ‘апілкі’), ЕСУМ, 5, 639; Арол, 4, 110. Параўн. таксама трандзіць, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трэ́пы 1 ‘басаножкі’ (бяроз., Шатал., Зайка Кос., Скарбы), ‘паношаныя туфлі’ (Сцяшк.), ‘абутак на драўлянай падэшве’ (Сцяшк.; навагр., З нар. сл., Сл. Брэс.), ‘даўні сялянскі абутак на скураной, драўлянай ці іншай падэшве’ (Сл. ПЗБ), трэ́бы, тро́пы, дрэ́пы, трэ́пкі ‘дзеравяшкі’ (ЛА, 4), трэ́пэ ‘тапкі без лятаў’ (драг., Ск. нар. мовы). З польск. trepy, trepki ‘басаножкі, туфлі на драўлянай падэшве’ (у XVI ст. — ‘сандалі манахаў’), якія з ням. Trippe ‘сандал’, што да trippeln, trampeln, trappeln ‘тупаць’, ‘тупацець’, ‘перабіраць нагамі, ісці невялікімі крокамі’ (Брукнер, 576; Вінцэнц). Сяткоўскі (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 396) ставіць пад сумнеў чэшскае пасрэдніцтва з-за ніжненямецкага паходжання Trippe.

Трэ́пы 2 ‘прыступкі, ступенькі’ (брасл., Сл. ПЗБ), ‘прыстасаванне, прылада з зубцамі для пад’ёму бярвенняў’ (беласт., Ніва, 1975, 19 кастр.) Паводле Грынавяцкене (Сл. ПЗБ, 5, 142), слова прыйшло праз літоўскую мову (дыял. trẽpai) з ням. Treppe ‘прыступкі, лесвіца’; хутчэй праз польск. trepy ‘дзве паралельныя жэрдкі, пруты або шнуры, злучаныя папярочкамі, якія служаць для ўзыходжання ці сыходжання’, што запазычана з нова-в.-ням. Treppe ‘прытулкавае прыстасаванне, лесвіца; прыступка’ (Вінцэнц). Параўн. трап 2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́лькі 1, ту́лько, ту́ко ‘толькі’ (бяроз., Сл. ПЗБ; валок., ЛА, 5, Скарбы), ту͡олʼко ‘тс’ (Вруб.), ст.-бел. тулько (1553 г., ГСБМ). Да то́лькі (гл.). Мена о > у (або ў дыфтонг ці закрытае о̂) у закрытых складах магла адбывацца пад уплывам польскай мовы (Карскі 1, 117–123, асабліва с. 121). Беларускаму прыслоўю (без *‑l‑) ту́ко з абмежаваным значэннем адпавядаюць: укр. ті́ки, ті́ко, рус. то́ко, то́коли, макед. туку, балг. току́, токо ‘тс’. Сюды ж ту́лечкі ‘толечкі’ (Мат. Гом.).

Ту́лькі 2, ту́лько ‘столькі’ (пруж., Сл. ПЗБ), ту́лько, ту́лькі ‘тс’ (зах.-пал., ЛА, 5). Лексемы, аформленыя ў адпаведнасці з рэфлексамі закрытага о̂ на гэтай тэрыторыі, магчыма, працягваюць стараж.-рус. толико ‘тс’, якое ўжывалася без с‑ (што надае значэнне ‘прыблізнасці’), утвораны ад займеннікавай асновы *to шляхам дадавання да яе часціцы *li (яшчэ ў даславянскі перыяд — ESSJ SG, 2, 675 і 681), параўн. паралель з літ. tõlei ‘да таго часу, аж / пакуль’, і пашыраныя часціцай *‑ko (ужо пасля распаду праславянскага адзінства). Гл. толькі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тэ́бель ‘свердзел’ (ТСБМ, Мядзв., Янк., Жд. 3, Касп., Арх. Вяр., ТС), тэ́быль ‘тс’ (драг., Жыв. сл.), ты́бель ‘тс’ (Пятк. 1), тэ́бяль ‘драўляны шып’, ‘свердзел’ (Сцяшк., Скарбы), ту́бель, ты́бель, тэ́баль, тэ́бэль, тэ́бяль (Сл. ПЗБ), тэ́бель, тэ́бел, тэ́бол ‘свердзел’, ‘драўляны гвозд, шпунт’ (ТС). Праз польскую мову, дзе tybel ‘драўляны гвозд, якім злучаюць часткі драўляных вырабаў’, рэдка ‘свердзел’, што, у сваю чаргу, з с.-в.-ням. tübel ‘гвозд, калок’, якое выводзіцца са ст.-в.-ням. *(gi)tubili ‘выразка; стык; тое, што ўбілі’, ўрэшце ўзыходзіць да і.-е. *dheu̯bh‑, dhubh‑ ‘біць, дзяўбці; драўляны гвозд, клін’ (Köbler, Wörterbuch des althochdeutschen Sprachschatzen, Paderborn, 1993, 1098). Таго ж паходжання дзю́бель ‘прабойнік, клін, устаўка ў адтуліну’, што выводзіцца з н.-в.-ням. Dübel ‘гвозд, клін’, відаць, непасрэдна з нямецкай прафесійнай лексікі, магчыма, набліжанае да дзюба, дзюбаць. Гл. таксама ЕСУМ, 5, 564; Вінцэнц. Сюды ж дзеяслоў тэблёваць ‘рабіць тэблем дзірку ў дрэве, свідраваць’ (ТС) і фанетычныя варыянты тэблёва́ты ‘тс’ (Сл. Брэс.), тэблява́ць ‘тс’ (Сцяшк. Сл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пірог 1, піру͡ох, пырі́г ’булка з начынкай’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк. Сл., Гарэц., Бес., Чуд., Яруш., Федар. 6, ТС; мазыр., Шн. 3; полац., Нар. сл.), ’паска’ (Маш.), ’тоўсты блін, праснак’ (полац., Нар. сл.; пруж., Сл. Брэс.; віц., ЛА, 4), ’пшанічны белы хлеб, бохан хлеба, булка, куліч’ (Шат.; Варл.; полац., Нар. сл.; гродз., глыб., докш., вільн., шальч., драг., Сл. ПЗБ; віц., ЛА, 4), пірагом ’згарнуць зерне ў кучу’ (рагач., Сл. ПЗБ). Сюды ж, відаць, пірагі́ ’вялікія запоіны — другі этап вяселля, у час якога дамаўляюцца пра пасаг, тэрмін вяселля, колькасць сватоў’ (віл., З нар. сл.), піро́гі ’частаванне праз тыдзень пасля вяселля’ (беласт., Сл. ПЗБ, Скарбы). Укр. пиріг, рус. пирог, польск. pirog, pierog, чэш., славац. piroh. Найбольш імаверным можна дапусціць паходжанне слова з прасл. *pirъ ’бяседа, банкет’ і суф. ‑ogъ (як у тварог, *batogъ, *brьlogъ) (Вондрак, Vergl. Gr., 1, 629; гл. яшчэ Фасмер, 3, 265). Сюды ж пірожнік ’маршалак у вясельнай дружыне’ (Варл.).

Пірог 2 ’скручаная ці сплеценая пасма апрацаванага ільновалакна’ (вільн., гродз., Сл. ПЗБ). Названа паводле падабенства формы. Да пірог 1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Раскара́ка — пра чалавека з шырока пастаўленымі нагамі (ТСБМ, Сл. ПЗБ), роскора́ка ’нешта раздвоенае, растапыранае’: роскорака ў граблях (ТС). Сюды ж роскараку́н ’крываногі чалавек’, ро́скарач ’расставіўшы ногі’ (там жа). Параўн. таксама раскірэ́ка ’той, што мае крывыя ногі’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр.), раскіра́ка ’тс’ (Сл. ПЗБ, Бяльк.), разгіра́ка ’тс’ (карэліц., Нар. сл.; ваўк., Сл. ПЗБ). Укр. роскаря́ка ’дрэва з раздвоеным ствалом; чалавек, што ходзіць расставіўшы ногі’, раскоряка ’тс’. Відаць, аддзеяслоўнае ўтварэнне ад раскара́чыць ’шырока расставіць ногі’, параўн. таксама укр. роскаря́чити ’тс’, славен. razkoračiti ’раскарачыцца’, razkorak ’шырока пастаўленыя ногі’, што ўзыходзяць да прасл. *korakъ, параўн. кора́к ’крывы корань, корч’ (ТС), роднаснага да *korkъ, гл. крок (параўн. Сной₂, 308). Формы з коранем ‑кір‑ (варыянт ‑ґір‑, гл. Карскі 2–3, 39) маглі ўзнікнуць пад уплывам літ. kereti, keróti ’разрастацца ўшыркі, разгаліноўвацца’, параўн., аднак, і польск. kierz ’куст’, чэш. keř ’тс’, славен. razkrečiti ’стаць уразкрок, пашырыць, расставіць ногі’, што сведчаць пра чаргаванне *kor‑/*ker‑/*kъr‑. Параўн. падобныя адносіны: кірна́ч ’крываногі мужчына’ (Скарбы), гл. кірнаты, літ. kìrna ’корч’. Сюды ж раскара́кі мн. л. ’штаны (у загадцы)’, што ўяўляе дэвербатыў ад раскара́чыць са спецыялізаваным звужэннем семантыкі, абумоўленым энігматычным ужываннем.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)