ГУ́ТШМІТ ((Gutschmidt) Карл) (н. 12.9.1937, г. Фербелін, Германія),
нямецкі мовазнавец і перакладчык. Д-р філалогіі (1976), праф. (1982). З 1967 выкладае бел. філалогію ў Берлінскім ун-це; заг. аддзялення слав. моў. З 1996 праф. Ін-та славістыкі Дрэздэнскага тэхн. ун-та. Даследуе праблемы бел. фразеалогіі («Стан і праблемы даследавання фразеалогіі ў Беларускай ССР», 1976), запазычанняў («Балтыйскія запазычанні ў беларускай літаратурнай мове», 1974), стылістыкі («Аб развіцці стыляў беларускай прозы», 1983), лексікаграфіі («Дзве новыя працы па беларускай лексікаграфіі», 1969), параўнальнага вывучэння моў («Беларуска-ўкраінскія ізалексы», 1971, «Даследаванні балтыстыкі ў Беларускай ССР», 1978). Аўтар прац па дыяхронным і сінхронным вывучэнні бел. мовы («Стан і значэнне дыяхроннага даследавання ў Беларускай ССР», 1976; «Даследаванне ўсходнеславянскіх моў у дыяхронным і сінхронным аспекце», 1972), гісторыі развіцця і станаўлення бел. мовы («А.Брукнер і беларуская філалогія», 1980; «Мацей Мурко і беларуская філалогія», 1988). Выдаў зб. «Моўная палітыка і літаратурныя мовы ва Усходняй Еўропе ў другой палове 19 — пач. 20 ст.» (1989). Пераклаў на ням. мову творы Ядвігіна Ш., З.Бядулі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБУЖЫ́НСКІ (Мсціслаў Валяр’янавіч) (2.8.1875, г. Ноўгарад, Расія — 20.11.1957),
рускі жывапісец, графік і тэатр. мастак. Вучыўся ў маст. школах Пецярбурга (1885—87) і Мюнхена (1889—1901). З 1922 праф. Пецярбургскай АМ. З 1919 узначальваў Віцебскае народнае мастацкае вучылішча. З 1925 жыў у Літве (у 1929—39 выкладаў у Каўнаскай маст. школе), з 1939 — у Англіі і ЗША. Чл. аб’яднання «Свет мастацтва». Працаваў у жанры станковай і кніжнай графікі, у тэатр.-дэкарацыйным мастацтве, манум.-дэкар. жывапісе. Аўтар серыі жывапісных і графічных партрэтаў, арх. пейзажаў (цыклы відаў Вільні, 1903—14; Віцебска, 1918, 1922—23), сюжэтных кампазіцый, кніжных ілюстрацый (творы Х.Андэрсена, Ф.Дастаеўскага і інш.). Творы Дабужынскага адметныя дакладна распрацаваным малюнкам, эмацыянальнай выразнасцю, лінейна-рытмічнай арганізацыяй плоскасці, дэкаратыўнасцю, стрыманым каларытам. Афармляў тэатр. спектаклі (у т. л. 12 спектакляў МХАТ, антрэпрызы С.П.Дзягілева і інш.).
Літ.:
Мстислав Добужинский: Живопись. Графика. Театр: [Альбом]. М., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАДЭ́ ((Daudet) Альфонс) (13.5.1840, г. Нім, Францыя — 16.12.1897),
французскі пісьменнік. Ураджэнец Праванса, ён ужо ў першых творах, якія зрабілі яго імя вядомым (зб. вершаў «Закаханыя», 1858; аўтабіягр. раман «Малы», 1868; зб. апавяданняў і нарысаў «Пісьмы з майго млына», 1869), з тонкім лірызмам і мяккім гумарам расказаў пра побыт, норавы, звычаі, паданні сваіх землякоў, з любоўю намаляваў вобраз «маленькага чалавека». На правансальскім матэрыяле напісана і вядомая сатыр. трылогія пра Тартарэна («Незвычайныя прыгоды Тартарэна з Тараскона», 1872; «Тартарэн у Альпах», 1885; «Порт Тараскон», 1890). У вобразе гал. героя ён высмеяў дробнага буржуа, правінцыяльнага абывацеля, фразёра і хвалько. У сац. раманах 1870—80-х г. з гіст. і амаль дакументальнай канкрэтнасцю, паказаў сучасную яму Францыю, стварыў трапныя сатыр. вобразы драпежных дзялкоў і паліт. авантурыстаў («Фрамон малодшы і Рыслер старэйшы», 1874; «Набоб», 1877; «Каралі ў выгнанні», 1879), прадажных журналістаў і рэліг. фанатыкаў («Нума Руместан», 1881; «Евангелістыка», 1883), бяздарных артыстаў і лжэвучоных («Сафо», 1884; «Бессмяротны», 1885). Аўтар п’ес («Арлезіянка», 1872, і інш.), успамінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМБРО́ЎСКАЯ ((Dąbrowska) Марыя) (6.10.1889, г. Русаў, Польшча — 19.5.1965),
польская пісьменніца. У 1907—14 вучылася ў Лазанскім і Брусельскім ун-тах. Літ. дзейнасць пачала ў 1910-я г. Першыя зб-кі апавяданняў «Дзеці радзімы» (1918), «Галінка чарэшні» (1922) і «Усмешка дзяцінства» (1923) прысвечаны дзецям з іх своеасаблівым успрыманнем свету. У зб. навел «Людзі адтуль» (1926) паказаны жыццё і ўнутр. свет вясковай беднаты ў пач. 20 ст., у зб. «Прыкмета жыцця» (1938) — нялёгкае існаванне чалавека ў грамадстве. Самы вядомы твор Д. — эпічная тэтралогія «Ночы і дні» (1932—34), у якой намалявана гісторыя жыцця адной сям’і з 1860-х г. да 1-й сусв. вайны. Аўтаргіст. драм «Геній-сірата» (1939) і «Станіслаў і Багуміл» (1945), рамана-эпапеі «Прыгоды думаючага чалавека» (незакончаны, выд. 1970), «Дзённікаў» (1—5, выд. 1988), літ.-крытычных артыкулаў (зб. «Думкі аб падзеях і людзях», 1956).
Тв.:
Pisma wybrane. T. 1—3. Warszawa, 1956;
Бел.пер. — у кн.: Ад Буга да Одры: Апавяданні пол. пісьменнікаў. Мн., 1969;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎГА́ЛА (Валерый Цімафеевіч) (н. 6.6.1947, г. Гомель),
бел. мастак-манументаліст. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1972). У 1974—93 і з 1996 на Мінскім маст.-вытв. камбінаце. У 1993—96 нам. старшыні СМ Беларусі. Працуе ў тэхніцы вітража («Свята зямлі беларускай», Дом быту ў Мінску, 1980—81, і інш.), энкаўстыкі («Спадчына», Дом культуры ў в. Лошніца Барысаўскага р-на, 1984—85; «Свята», Дом культуры аб’яднання «Даламіт» у Віцебску, 1986; з А.Яскіным, і інш.), акварэлі (серыі: «Запаляр’е», 1985—86, «Лепельскі край», 1987—88, «Успаміны аб Сан-Сусі», 1989—90; «Святло ў лесе», 1995, і інш.). Аўтармаст. афармлення з У.Стальмашонкам грамадскіх аб’ектаў, адметнага пошукам новых формаў і выкарыстаннем нетрадыц. матэрыялаў (мораны дуб з крышталём у рэстаране «Мінск» у г. Патсдам, Германія, 1976—77) і тэхнік (фларэнційская мазаіка на станцыі метро «Маскоўская», 1979—82; станцыі метро «Плошча Перамогі», 1984 і «Купалаўская», 1987—88, і інш.). Адзін з аўтараў комплекснага вырашэння інтэр’ераў Палаца Рэспублікі (з 1986).
В.Даўгала, У.Стальмашонак. Свята зямлі беларускай. Вітраж. 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎЖЭ́НКА (Аляксандр Пятровіч) (11.9.1894, г.п. Сосніца Чарнігаўскай вобл., Украіна — 25.11.1956),
украінскі і расійскі кінарэжысёр, пісьменнік. Засл. дз. маст. Украіны (1939), нар.арт. Расіі (1950). Скончыў Глухаўскі настаўніцкі ін-т (1914). Вучыўся ва Укр. акадэміі мастацтва ў Кіеве (1917—19). У 1926—28 працаваў на Адэскай кінафабрыцы, у 1929—41 — на Кіеўскай студыі маст. фільмаў (з 1957 носіць яго імя), з 1946 — на «Масфільме». Сярод фільмаў: «Сумка дыпкур’ера» (1927), «Звянігара» (1928), «Арсенал» (1929), «Зямля» (1930), «Іван» (1932), «Аэраград» (1935), «Шчорс» (1939), «Мічурын» (1949); дакумент. «Бітва за нашу Савецкую Украіну» (1943) і «Перамога на Правабярэжнай Украіне» (1945, разам з Ю.Сонцавай). Фільмы Д. філасофскія, рамантычна прыўзнятыя, паэтычныя, з метафарычнасцю кінамовы, блізкія да традыцый укр. фальклору. Аўтар апавяданняў («Маці», «Перад боем», «Перамога» і інш.), аўтабіягр. аповесці «Зачараваная Дзясна» (выд. 1957), кінааповесцей «Аповесць палымяных гадоў» (1944—45), «Паэма пра мора» (1956). Ленінская прэмія 1959 (пасмяротна), Дзярж. прэміі СССР 1941, 1949.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАЛІ́ЛЬ (Джалілаў) Муса Мустафіевіч
(15.2.1906, в. Мустафіна Арэнбургскай вобл., Расія — 25.8.1944),
татарскі паэт.Герой Сав. Саюза (1956). Скончыў Маск. ун-т (1931). Друкаваўся з 1919. Аўтар зб-каў паэзіі «Мы ідзём» (1925), «Ліст з акопа» (на рус. мове 1944), паэмы «Пісьманосец» (1938, выд. 1940), шматлікіх вершаў, лібрэта опер («Залатавалосая», 1941, Дзярж. прэмія СССР 1948; «Ільдар», 1941), літ.-крытычных і публіцыстычных артыкулаў. З 1941 на фронце. Цяжка паранены, у 1942 трапіў у палон. Вершамі працягваў падпольнае змаганне ў турме, за што быў пакараны смерцю. Блакнот з вершамі, напісанымі ў турме (больш за 100), быў перададзены з канцлагера на волю і склаў т.зв. «Маабіцкі сшытак» (1942—44, Ленінская прэмія 1957). Вершы гэтага цыкла прасякнуты верай у непераможнасць народа ў змаганні з фашызмам. На бел. мову творы Дж. пераклалі Э.Агняцвет, М.Аўрамчык, М.Гамолка, С.Гаўрусёў, Л.Дайнека, А.Пысін, Я.Семяжон і інш.
Тв.:
Бел.пер. — Маабіцкі сшытак: Вершы. Мн., 1975;
Я гляджу на зоры. Мн., 1985.
Літ.:
Воздвиженский В.Г. «Моабитские тетради» Мусы Джалиля. М., 1969;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЬЮ́І ((Dewey) Джон) (20.10.1859, г. Берлінгтан, штат Вермонт, ЗША — 1.6.1952),
амерыканскі філосаф, псіхолаг і педагог, адзін з вядучых прадстаўнікоў прагматызму. Скончыў Вермонцкі ун-т (1879). Праф. Мічыганскага (1889—94), Чыкагскага (1894—1904) і Калумбійскага (1904—30) ун-таў. Развіў новы кірунак прагматызму — інструменталізм, распрацаваў прагматысцкую метадалогію ў галіне логікі і тэорыі пазнання. Паводле Дз., адрозненні суб’екта і аб’екта, псіхічнага і фізічнага — гэта толькі адрозненні ўнутры «вопыту», які ўключае арганізм і асяроддзе, усведамленне чалавека і прыроду. Пазнанне ён трактаваў у духу біхевіярызму, як складаную форму паводзін, канчаткова — сродак барацьбы за біял. выжыванне. Этычная канцэпцыя Дз. зыходзіць з таго, што дабро з’яўляецца унікальным, устойлівых агульных нормаў маральнасці няма і вырашэнне этычных праблем з’яўляецца сітуацыйным. Стваральнік педацэнтрычнай тэорыі і методыкі навучання (гл.Педацэнтрызм), у аснове якой прынцып навучання шляхам фарміравання практычных навыкаў. Аўтар прац «Філасофія і цывілізацыя» (1931), «Вопыт і прырода» (1934), «Праблемы чалавецтва» (1946) і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Введение в философию воспитания. М., 1921;
Психология и педагогика мышления. 2 изд. Берлин, 1922;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУРЧЫ́Н (Пётр Сідаравіч) (25.10.1918, г. Мазыр Гомельскай вобл. — 19.7.1997),
бел. мастак. Засл. дз. мастацтваў Беларусі (1990). Вучыўся ў Віцебскім маст. тэхнікуме (1934—37). Скончыў Маскоўскае маст. вучылішча памяці 1905 г. (1949). Працаваў у станковай графіцы ў тэхніцы пастэлі, літаграфіі, афорта і інш.Асн. творы прысвечаны абароне Брэсцкай крэпасці: «Брэсцкая крэпасць» (1957), «Цытадэль над Бугам» (1967), «Руіны чырвонаармейскага клуба» (1972), «Свяшчэнныя камяні», «Зорка бессмяротнасці» (абодва 1974), трыпціхі «Салдаты Брэста» (1979—81), «Памяць Брэста» (1992). Аўтар дыярамы «Абарона Брэсцкай крэпасці» ў Брэсцкім абл. краязнаўчым музеі (1957, з Ф.Зільбертам), шэрагу партрэтаў абаронцаў крэпасці П.М.Гаўрылава, Р.К.Семенюка, А.А.Вінаградава, Я.М.Фаміна, І.М.Зубачова, А.М.Кіжаватава і інш. з мемарыяльнай серыі «Жыццё за Радзіму» (1960—84). Творам уласціва дакумент. дакладнасць, лаканізм, манументальнасць кампазіцыі, вастрыня маст.-вобразных вырашэнняў. Сярод твораў на інш. тэмы: «Касцёл святой Ганны» (1972), «Над Прыпяццю» (1975), «Май» (1992—93), серыя «Мінск» (1959) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯНІ́СІЙ (грэч. Dionysios),
імя правіцеляў-тыранаў (гл.Тыранія) стараж.-грэч.Сіракузаў.
Д. I Старэйшы (каля 432—367 да н.э.), тыран [406—367 да н.э.]. Вылучыўся ў час вайны з Карфагенам (408—405 да н.э.). Захапіўшы ўладу, рэарганізаваў армію і флот, праследаваў паліт. праціўнікаў, разбураў грэч. гарады, прадаваў насельніцтва ў рабства, канфіскоўваў землі. У 398—367 да н.э. (з перапынкамі) вёў войны з карфагенянамі за панаванне на тэр. Сіцыліі, Корсікі, Італіі. Ператварыў Сіракузы ў гандл. і культ.цэнтр.Аўтар шэрагу трагедый, вершаў, песень.
Д. II Малодшы, тыран [367—357 і 346—344 да н.э.]. Старэйшы сын Д. I. Праводзіў курс на ліквідацыю органаў нар. дэмакратыі. Спыніў вайну з Карфагенам, якую вёў яго бацька. Каля 357 змагаўся ў Паўд. Італіі з грэч. гарадамі і плямёнамі луканаў, але ўладу ў Сіракузах захапіў сваяк Дыён. У 346 да н.э. зноў авалодаў Сіракузамі, у 344 да н.э. здаў горад карынфскаму палкаводцу Тымалеёну. Быў жрацом багіні Кібелы. Памёр у выгнанні.
Літ.:
Фролов Э.Д. Сицилийская держава Дионисия (IV в. до н.э.). Л., 1979.