СЯРЫ́Х Валянціна Васілеўна (н. 22.6.1954, г. Бабруйск Магілёўскай вобл.),

бел. кампазітар. Скончыла Маскоўскі муз.-пед. ін-т імя Гнесіных (1975). З 1975 выкладчык мінскіх ін-та культуры, з 1981 пед. ін-та імя А.​Горкага, з 1986 муз. школ. З 1991 кіраўнік створанай ёю першай дзіцячай эстраднай вак. студыі «Званочак». Творам С. уласцівы светлы этычны пачатак, муз. мова апіраецца на традыцыі бел. фальклору, рус. класікі, вызначаецца арыгінальнасцю прыёмаў развіцця мелодыкі, маляўнічасцю гучання, шчырасцю і эмацыянальнасцю. Асобнае месца ў яе творчасці займае музыка для дзяцей, якая вызначаецца меладычнасцю і лірычнай напоўненасцю. Сярод твораў: фантазія «Беларускія Каляды» для сімф. аркестра (1985), канцэрціна для фп., літаўраў і аркестра (1979); творы для фп., трыо для скрыпкі, віяланчэлі і фп. (1977), «Марш-скерцына» для ансамбля скрыпачоў (1986), творы для хору з суправаджэннем, песні, рамансы. У 1994—2000 аўтар і вядучая радыёперадачы «Музычны дамок».

т. 15, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)