СТРАБО́Н [Strabōn; 64/63 да н.э., г. Амасья (цяпер Турцыя) — 23/24 н.э.],

старажытнагрэчаскі географ і гісторык. Атрымаў філасофскую адукацыю. Падарожнічаў па Грэцыі, М. Азіі, Італіі, Егіпце. Аўтар «Гістарычных запісак» (не захаваліся), створаных як працяг «Гісторыі» Палібія (апісаны падзеі 146—31 да н.э.), і «Геаграфіі», у якой абагульніў і супаставіў усе вядомыя на яго час звесткі па геаграфіі. 1-я і 2-я кнігі «Геаграфіі» прысвечаны матэм. геаграфіі, 3—10-я — Еўропе, 11—16-я — Азіі, 17-я — Афрыцы; у кнізе ёсць звесткі па гісторыі паўд. тэрыторый Расіі, Украіны, Грузіі, Арменіі, Азербайджана і Паўн. Каўказа. Лічыў Гамера аўтарытэтам у галіне геаграфіі. Выкарыстоўваў лакальныя гіст. і геагр. працы, асабліва звесткі гісторыкаў Мітрыдатавых войнаў. У працах С. багаты факталагічны матэрыял па гісторыі, геаграфіі, этнаграфіі ант. свету.

Тв.:

Рус. пер. — География. М., 1964.

Літ.:

Арский Ф.Н. Страбон. М., 1974.

А.​Г.​Зельскі.

т. 15, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)