прамільгну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
1. З’явіцца, паказацца і хутка знікнуць. Паравоз маланкай прамільгнуў праз станцыю. Лынькоў. Паміж сасонак адна за адной прамільгнулі цёмныя цені. Шчарбатаў. // Пра ўяўны рух прадметаў, міма якіх рухаецца чалавек.
2. Вельмі хутка прайсці (пра час). Тыдзень прамільгнуў нібы адзін дзень. Шыцік. Прамільгнуў матыльком светлакрылым дзень. Мурашка. // перан. Узнікнуць, з’явіцца на імгненне (пра думкі, пачуцці і інш.). І тут нейкім чынам у памяці Лабановіча прамільгнуў малюнак спаткання з Турсевічам на Палессі. Колас. — Шчасце чалавека ў няведанні, — несвядома прамільгнула ў Ігнася думка. Чорны. // перан. Чуць прыкметна, злёгку выявіцца. У сініх вачах жанчыны прамільгнула насцярожанасць. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыве́зці, ‑вязу, ‑вязеш, ‑вязе; ‑вязём, ‑везяце; пр. прывёз, ‑везла і ‑вязла, ‑везла і ‑вязло; заг. прывязі; зак., каго-што.
Везучы, даставіць куды‑н. Вясёлы паравічок прывёз неўзабаве на ваганетках.. новых людзей. Чорны. — Кацярынка!.. Запражы каня і прывязі мне доктара... Нікановіч. Андрэй не помніў, як наклаў і прывёз у гумно першыя два вазы. Чарнышэвіч. // Прыехаўшы адкуль‑н., даставіць што‑н. узятае, купленае і пад. Часам прывязе [бацька] звычайны кавалак каменнага вугалю, падае Міколку: — Вось табе новая цацка! Лынькоў. [Люба:] Не ведала, што ты ўмееш чытаць, а то прывезла б кніжак. Мурашка. / у перан. ужыв. Бародзіч прывёз навіну пра Гаруса. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
роў 1, рова; мн. равы, ‑оў; м.
Доўгае паглыбленне, выкапанае ў зямлі; канава. Над нёманскай далінай узвышалася поле з глыбокімі равамі, пракладзенымі снегавою і навальнічнаю вадою, з высокімі пагоркамі, заросшымі хмызам. Колас. Дзе мост над ровам — Летам на світанку Не замаўкаюць песні салаўёў. Хведаровіч.
роў 2, рову, м.
1. Моцны працяглы крык некаторых жывёл. Раптам.. [Яніна] пачула наперадзе мядзведжы роў. Мурашка. // Гукі, якія напамінаюць такі крык. З ровам самалётаў шырылася радаснае хваляванне ў грудзях. Мележ. На дарозе пуста. Даўно ўжо знік лесавоз з вачэй, ні яго рову, ні пылу. Ракітны.
2. Разм. Моцны плач. І плачу было тут, і слёз, і рову. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
серабры́сты, ‑ая, ‑ае.
1. Які колерам і бляскам нагадвае серабро. Серабрысты іней. □ Вярнуўся з космасу Гагарын на серабрыстым караблі. Машара. Каля самага берага б’е з-пад зямлі крыніца з серабрыстай сцюдзёнай вадой. В. Вольскі. Вялізны саган, пабліскваючы серабрыстай луской, пляснуўся ў кош. Асіпенка. // З сівымі валасамі, з сівізной. [Якім] трохі згорбіўся, аброс густой серабрыстай шчацінай. Нікановіч.
2. перан. Меладычна-звонкі, высокага тону (пра смех, голас і пад.). Хай звініць серабрыстым смехам Залатога маленства пара. Глебка. Серабрыстую песню сваю разліў высока ў сіне-сінім паветры жаўранак. Мурашка.
3. Як складаная частка некаторых батанічных і заалагічных назваў. Серабрыстая таполя. Серабрыстая ліса. Серабрысты трус.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шпо́ра, ‑ы, ж.
1. Сагнутая на форме абцаса металічная дужка з зубчастым або гладкім кольцам, якая прымацоўваецца да задняй часткі бота наезніка і служыць для лепшага кіравання канём. Стражнік пахіснуўся на сядле, .. сціснуў шпорамі бакі каня. Мурашка.
2. Цвёрды завостраны рагавы выступ на нагах самцоў некаторых птушак, які служыць ім зброяй пры абароне ці нападзенні. [Певень] быў маладзец у поўным сэнсе гэтага слова — плечы і крылы яго адлівалі золатам, .. а на нагах красаваліся шпоры. Крапіва. Сораму — як у пеўня мяса па шпорах. З нар.
3. Спецыяльна зроблены для лепшага счэплівання з грунтам выступ або шып на вобадзе вядучага кола ці на звеннях гусеніц трактара.
[Ад ням. Sporn.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
завярну́цца, ‑вярнуся, ‑вернешся, ‑вернецца; зак.
1. Тое, што і завярнуць (у 1 знач.); павярнуцца. Вецер завярнуўся з другога боку. □ Дзік спыніўся, задраў свой лыч, панюхаў паветра, глуха рохнуў і завярнуўся назад. Маўр.
2. Зрабіўшы паварот, змяніць становішча свайго цела; адвярнуцца. Разы два кінуў .. [Арон] поглядам на Ігнася і завярнуўся, стаў глядзець некуды. Мурашка.
3. Разм. Змяніць напрамак (пра дарогу, сцежку і пад.). Дарога завярнулася ўлева, выйшла к рэчцы. Чорны.
4. перан. Разм. Прыбыўшы ў якое‑н. месца, хутка пакінуць яго. — Пабыў [поп] у царкве, у сельсавеце, у клубе, паглядзеў, што тут не тыя людзі, што яму пасціць прыйдзецца, — завярнуўся і махнуў хто ведае куды. Шукае недзе прыстанішча. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абхо́д, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. абысці (у 4 знач.).
2. Месца, шлях, па якім можна абысці што‑н.
3. Участак лесу (адзін або некалькі кварталаў), які даглядаецца, абслугоўваецца адным лесніком. Парубка ў абходзе. □ Дружбакам любыя з дому рэчы Падару, жадаючы дабра, А бярозку у абходзе ссекчы Не пасмее ні дружбак, ні брат. Непачаловіч. // Мясціны, якія знаходзяцца пад наглядам каго‑н. і кантралююцца з пэўнай мэтай. Напярэдадні ад’езду пайшоў Лабановіч у лес, каб апошні раз агледзець свае грыбныя абходы і развітацца з імі. Колас. А раніцою ўжо ўраднік з аднаго патруля рапартаваў спраўніку, што ў раёне яго абходу выкрыта і забрана падпольная друкарня. Мурашка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нэ́ндза, ‑ы.
Разм.
1. ж. Незабяспечанасць сродкамі існавання; галеча, беднасць. [Крочак:] — Ці плакаў я? Скажу адкрыта — Не надта борзды я да слёз. Я сіратою ў нэндзе рос. Колас. Ляснік жыве ў нэндзы і раптам выкладае сыну цэлы рубель. Лужанін.
2. м. і ж. Той (тая), хто ўвесь час ные, скардзіцца; нуда (у 2 знач.). Вочы ў Віці павільгатнелі, ён гатоў быў заплакаць.. — Ой і нэндза, — папракнуў Юрка сябра тым словам, якім папракала часам маці яго самога, калі ён крыўдзіўся за што-небудзь і плакаў. Хадкевіч.
3. ж. Тое, што і нуда (у 1 знач.). — Яшчэ два дні і з нэндзы памёр бы, — кажа Позняк на вуліцы. Мурашка.
[Польск. nędza.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пы́рскі, ‑аў; адз. пырска, ‑і, ДМ пырсцы, ж.
Кроплі вадкасці, якія разлятаюцца ад удару, усплёску і пад. Вунь — пляснуў шчупак па вадзе, Аж пырскі наўкруг паляцелі. Бялевіч. Бочка на драбінах кідалася і аблівалася пырскамі. Лобан. // Дробныя часцінкі чаго‑н., што разлятаецца ў розныя бакі. Конь ахвотна бег з паднятай галавою, і снег з-пад капытоў разлятаўся ў бакі пырскамі камячкоў. Пестрак. Спалохана войкае шкло, танюткімі пырскамі рассыпаўшыся па падлозе. Скрыган. // перан. Пра рассеяныя прамяні святла. Сонца заходзіла, распырскваючы чырвона-медзяныя пырскі па траве, па белай кары маладых бярозак. Мурашка. Па франтонах, па карнізах І па трубах сонца льецца І ва ўсіх фантанах знізу На мільёны пырскаў б’ецца. Гілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
саста́віць, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць; зак., што.
1. Паставіць поруч або ў адно месца. Саставіць вінтоўкі ў піраміду. □ Сажнуць сярпамі з жонкай жытні клін, Збяруць снапы, саставяць іх у бабкі. Корбан. Міхась туды [у куток пуні] саставіў старыя калоды. Б. Стральцоў. // Прыставіць, падставіць адно да другога. Умомант саставілі [хлопцы] адзін к аднаму сталы, як на вяселлі, і паселі наўкруга. Мурашка.
2. Атрымаць што‑н. цэлае, злучыўшы, змацаваўшы асобныя часткі. Саставіць поезд. □ [Гаварушка:] — Таксама навука — як разбіты гаршчок саставіць. Лобан. // Атрымаць (сумесь, раствор і пад.), перамяшаўшы якія‑н. рэчывы. Саставіць лякарства.
3. Зняць што‑н., пастаўленае наверх. Саставіць са стала на падлогу.
•••
Саставіць ураўненне — запісаць умову задачы ў выглядзе ўраўнення, якое змяшчае шукаемую велічыню.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)