наблізіць, ‑бліжу, ‑блізіш, ‑блізіць; зак.

1. каго-што. Прысунуць блізка да каго‑, чаго‑н. [Палагея] наблізіла твар да самай шыбы. Шамякін. // Зрабіць больш блізкім у прасторавых адносінах, змясціць блізка або бліжэй да чаго‑н. Наблізіць вытворчасць да крыніц сыравіны. ▪ [Грушэўскі:] — Горад трэба наблізіць больш да прыроды. Мурашка.

2. перан., што. Зрабіць такім, які адпавядае інтарэсам, патрабаванням каго‑, чаго‑н. Уся работа з’езда [пісьменнікаў Беларусі] была прасякнута імкненнем наблізіць літаратуру да надзённых задач сучаснасці. Гіст. бел. сав. літ.

3. што. Зрабіць больш блізкім па часу, паскорыць надыход чаго‑н. Сваімі баявымі справамі партызаны і падпольшчыкі намнога наблізілі час вызвалення Беларусі. «Маладосць».

4. каго. Дапусціць да больш блізкіх адносін з кім‑, чым‑н. Здарэнне з Максімам не аддаліла ад яго Веру, а наадварот, наблізіла. Машара.

5. каго-што. Зрабіць падобным на каго‑, што‑н., блізкім да каго‑, чаго‑н. Наблізіць пераклад да арыгінала. ▪ Каб наблізіць сваю ролю да ролі прамоўцы на сходзе, Пракоп кашлянуў, устаў. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)