абарона гарнізона (4 тыс. дваран, стральцоў і казакоў) і ўзбр. гараджан (12 тыс.чал.) г.Пскоў на чале з кн. І.П.Шуйскім ад 50-тысячнай арміі караля Рэчы Паспалітай Стафана Баторыя ў канцы Лівонскай вайны 1558—83. 24—26.8.1581 армія Рэчы Паспалітай аблажыла Пскоў. Абаронцы горада адбілі больш за 30 штурмаў праціўніка (асабліва моцныя 8 вер. і 2 ліст.). Недахоп пораху прымусіў Стафана Баторыя з ліст. 1581 весці пасіўную аблогу. Рас. цар Іван IV прыслаў пад Пскоў паслоў з прапановай аб міры. 15.1.1582 падпісаны Ям-Запольскі мірны дагавор 1582, які спыніў вайну паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай. 4.2.1582 войскі Стафана Баторыя адышлі ад Пскова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСЦІСЛА́Ў ГЛЕ́БАВІЧ (? — паміж 1161 і 1167),
князь мінскі і полацкі. Сын мінскага кн.Глеба Усяславіча. У 1151 абраны вечам на полацкі пасад пасля выгнання з Полацка Рагвалода Барысавіча. У 1158 супраць Р.Г. ўзняўся мяцеж, але князь вял. падарункамі ўлагодзіў палачан. Разам з братамі Усеваладам і Валадаром ён рушыў на Рагвалода Барысавіча, што ўмацаваўся ў Друцку, але заключыў з ім мір і дадаў яму «воласці». У час новага паўстання ў Полацку ў 1158 Р.Г. уцёк у Мінск да брата Валадара. Хутка быў абложаны ў горадзе Рагвалодам, але паразумеўся з ім. У 1161 Р.Г. названы князем мінскім, зноў быў абложаны Рагвалодам у Мінску і зноў заключыў з ім мір.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАШТА́ЦКІ МІР 1714,
мірны дагавор, які разам з Утрэхцкім мірам 1713 завяршыў вайну за іспанскую спадчыну. Заключаны 6.3.1714 у г. Раштат (Германія) паміж імператарам «Свяшчэннай Рым. імперыі» (ён жа эрцгерцаг Аўстрыі) Карлам VI Габсбургам і Францыяй. Пацвердзіў умовы Утрэхцкага міру; Аўстрыя захавала пад сваёй уладай Сардзінію, атрымала значную ч.ісп. спадчыны (Неапалітанскае каралеўства, ч. Тасканы, Міланскае герцагства ў Італіі і Ісп. Нідэрланды), прызнала захаванне за Бурбонамі ісп. кароны. Францыя пагадзілася аддаць захопленыя ёю гарады і крэпасці на правым беразе Рэйна (Брайзах, Кель, Фрайбург) і разбурыць свае прырэйнскія ўмацаванні. Абвешчана свабода суднаходства па Рэйне. 7.9.1714 да дагавора далучыліся ням. дзяржавы «Свяшчэннай Рым. імперыі», што ўдзельнічалі ў вайне за ісп. спадчыну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБІКО́Н (лац. Rubico),
рака, якая сцякала са схілаў Апенін і ўпадала ў Адрыятычнае м. на Пн ад г. Арымін (цяпер г. Рыміні). Да 42 да н.э. па Р. праходзіла мяжа паміж Італіяй і рым. правінцыяй Цызальпінская Галія. Атрымала вядомасць пасля таго, як 10.1.49 да н.э. Юлій Цэзар насуперак закону (як праконсул мог узначальваць войска толькі па-за межамі Італіі) перайшоў цераз Р. і пачаў гэтым грамадз. вайну. Адсюль крылаты выраз «перайсці Р.» — прыняць беспаваротнае рашэнне. Дакладная ідэнтыфікацыя Р. з якой-н. з сучасных рэчак ускладнена тым, што з часоў антычнасці напрамкі цячэння рэк у гэтай мясцовасці значна змяніліся. У 1932 р. Ф’юмічына афіц. атрымала назву Рубікон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБЯЖЭ́ВІЦКІ ІО́СІФАЎСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры неаготыкі ў в. Рубяжэвічы Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. Пабудаваны ў 1907—11 з каменю. Асн. аб’ём прамавугольны ў плане, накрыты высокім 2-схільным дахам, з усх. боку прылягаюць больш нізкія паўкруглая апсіда і сіметрычныя сакрысціі пад вальмавымі дахамі. На гал. фасадзе ўзвышаюцца 2 магутныя 3-ярусныя чацверыковыя вежы, умацаваныя па вуглах ступеньчатымі контрфорсамі і завершаныя востраканечнымі шатрамі. Тарэц нефа паміж вежамі завершаны 2-схільным зубчастым шчыпцом з круглым вітражным акном-ружай у цэнтры і бетонным лац. крыжам. Бакавыя фасады рытмічна члянёны высокімі стральчатымі аконнымі праёмамі. У інтэр’еры 12 насценных рэльефных пано на тэму «Крыжовы шлях Хрыста».
падпісаным ў Стакгольме 19 кастр., Расія і Швецыя пацвярджалі ўмовы мірнага дагавора, якім скончана рус.-шведская вайна 1788—90 (гл.Руска-шведскія войны 16—19 ст.); абавязваліся аказваць адзін аднаму ваен. дапамогу. Швецыя гарантавала заваяванні Расіі ў рус.-тур. вайне 1787—91 (гл.Руска-турэцкія войны 17—19 ст.). Прадугледжвалася дэмаркацыя межаў паміж дзвюма дзяржавамі. Аднак дагавор не быў выкананы. Дагаворам 1812, падпісаным 5 крас. ў Пецярбургу і Аба (сучасны г. Турку, Фінляндыя), бакі абавязваліся стварыць аб’яднаны корпус для высадкі ў шведскай Памераніі, якая была акупіравана Францыяй; вызначаны рус.-шведскія саюзніцкія адносіны ў час вайны 1812 і ўдзел Швецыі ў вайне супраць напалеонаўскай Францыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́У-НЕ́ГРУ (Rio Negro),
рака пераважна ў Бразіліі, левы прыток р. Амазонка; у сярэднім цячэнні ўтварае мяжу паміж Калумбіяй і Венесуэлай. Даўж. 2,3 тыс.км, пл. басейна каля 691 тыс.км². Вытокі ў Калумбіі, у зах.ч. Гвіянскага пласкагор’я, пад назвай Гуайнія, да г. Кастаньейру рэчышча парожыстае, у межах Амазонскай нізіны разгалінаванае і вельмі шырокае (да 30—50 км) са шматлікімі астравамі. Буйны прыток — р. Рыу-Бранку (злева). Левы прыток Касік’ярэ злучае Р.-Н. з р. Арынока (класічны прыклад біфуркацыі рэк). Паводкі ад сак. да канца жн., малаводная ў кастр.—студзені. Сярэдні расход вады 29,3 тыс.м³/с. Суднаходная на 1 тыс.км ад вусця, дзе размешчаны буйны порт Манаўс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭАКТЫ́ЎНАЕ СУПРАЦІЎЛЕ́ННЕ,
фізічная велічыня, якая характарызуе процідзеянне эл. ланцуга працяканню пераменнага эл. току, абумоўленае індуктыўнасцю і электраёмістасцю гэтага ланцуга; частка поўнага электрычнага супраціўлення. Адрозніваюць ёмістаснае супраціўленне і індуктыўнае супраціўленне. Адзінка Р.с. ў СІ — ом.
У ланцугах з сінусаідальным токам на індуктыўным супраціўленні XL вектар сілы току адстае на 90° ад вектара напружання, а на ёмістасным Хс — наадварот, апярэджвае на 90°. Таму Р.с. Х неразгалінаванага ланцуга з паслядоўна ўключанымі індуктыўнасцю і ёмістасцю роўнае Х = ХL-Хс Лікавае значэнне Р.с. задае вугал зруху фаз паміж токам і напружаннем у эл. ланцугу: φ = arctg (Х/R), дзе R — актыўнае супраціўленне. У ланцугах несінусаідальнага току Р.с. рознае для розных гарманічных складальных току.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭАКТЫ́ЎНАЯ МАГУ́ТНАСЦЬ,
фізічная велічыня, якая характарызуе скорасць змены эл.-магн. энергіі, назапашанай у шпулі індуктыўнасці і кандэнсатары, а таксама скорасць перадачы энергіі ад крыніцы да прыёмніка і назад. Абазначаецца Q, вымяраецца ў вольт-амперах рэактыўных.
У ланцугах сінусаідальнага току роўная Q = UIsinφ, дзе U — напружанне, I — сіла току, φ — вугал зруху фаз паміж напружаннем і токам. Звязана з поўнай S і актыўнай магутнасцюP суадносінамі:
(гл.Магутнасць электрычная). Цыркуляцыя рэактыўнай энергіі ў эл. ланцугах выклікае дадатковыя страты энергіі і падзенне напружання ў ЛЭП, загружае эл. сетку і генератары. Таму Р.м. у эл. сетках звычайна кампенсуюць падключэннем токапрыёмнікаў, якія ствараюць процілеглы зрух фаз (эл. кандэнсатараў, сінхронных кампенсатараў, рэактараў электрычных і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭСПУБЛІКА́НСКАЯ ПА́РТЫЯ ПРА́ЦЫ І СПРАВЯДЛІ́ВАСЦІ,
палітычная партыя ў Рэспубліцы Беларусь. Створана ў чэрв. 1993. Вышэйшы орган паміж з’ездамі — Палітвыканком. Асн. мэта — стварэнне грамадства эканам. дабрабыту і сац. справядлівасці. Выступае за прафесійны парламент, прэзідэнцкую форму праўлення, мясц. самакіраванне і незалежную судовую ўладу. Партыя лічыць, што ў грамадстве павінна атрымаць развіццё змешаная эканоміка, якая прадугледжвае наяўнасць дзярж. і прыватнай форм уласнасці. У агр. сферы прадугледжвае свабоднае развіццё разнастайных форм гаспадарання і ўласнасці. Выступае за эканам. і знешнепаліт. саюз з Расіяй. Асн.сац. база партыі — людзі фіз. і разумовай працы, навучэнцы, пенсіянеры і інваліды. Друкаваны орган — «Цэнтральная газета» (з 1994). На 1.1.2001 дзейнічалі 9 гар., 16 раённых і 131 пярвічная арг-цыі партыі, якія аб’ядноўвалі 1524 чал.