УВІЛЬГАТНЕ́ННЕ сушы,

суадносіны паміж колькасцю ападкаў атмасферных і выпаральнасцю або т-рай паветра, ад якой залежыць выпаральнасць. Характарызуецца каэфіцыентам увільгатнення, індэксам арыднасці і гуміднасці. Вылучаюць зоны залішняга У. (ападкаў выпадае больш, чым іх можа выпарыцца), няўстойлівага (колькасць ападкаў, неабходных для вырошчвання с.-г. культур, выпадае штогод, або адзначаецца сухі сезон), недастатковага (ападкаў выпадае менш, чым іх можа выпарыцца), аптымальнага (сума ападкаў прыкладна роўная або крыху большая за велічыню іх магчымага выпарэння). Тэр. Беларусі адносіцца да зоны залішняга У., у асобныя перыяды (пераважна ў маі—чэрв.) магчымы недахоп ападкаў, што выклікае засухі або засухападобныя з’явы.

т. 16, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)