адкры́цца, ‑крыюся, ‑крыешся, ‑крыецца; зак.

1. Аказацца адкрытым, адчыніцца. Пакой адкрыўся. // Рассунуцца, расхінуцца або падняцца ўверх. Згасла святло, і адкрылася заслона. Карпюк. Шлагбаум адкрыўся, і з-за насыпу вынырнула фурманка, аблепленая салдатамі, за ёй другая, трэцяя, чацвёртая. Дамашэвіч. // перан. Стаць даступным, магчымым для каго‑н. Так адкрыліся перад Янкам дзверы ў бібліятэку пана Сігізмунда Чаховіча. С. Александровіч. Каб справаю і славай парадніцца У гэты дзень братэрства і надзей, Не толькі што адкрылася граніца — Там сэрцы ўсе адкрыліся ў людзей. Панчанка.

2. Паказацца, паўстаць перад вачамі. Нёман адкрыўся хлопцам урачыста ціхі, велічны. Брыль. [Аня і Саша] ўз’ехалі на ўзгорак, і позірку адкрылася ўся іх вёска ў зеляніне садоў. Шамякін. Разабралі рыштаванні, і.. [дом] адкрыўся людзям, радуючы вочы сваім, хараством, сваёй чысцінёй, сваёй маладосцю. Мележ.

3. перан. Стаць зразумелым каму‑н. [Леанід Аляксеевіч:] — Сёння мы ўзняліся ўжо на такую вышыню, з якой ва ўсёй велічы адкрыліся перад намі ясныя далягляды нашай будучыні, імя якой — камунізм. Якімовіч. Мне зноў адкрылася, маю душу па-свойму ўразіла непаўторная беларуская прыгожасць, абаяльная сіла паэзіі — народнай і таму вялікай. Брыль. Для мяне адкрыўся свет мастацтва, а праз яго — шырокае эмацыянальнае пазнанне жыцця. Сяргейчык. // Стаць відным, даступным. Хто дакранаўся кнігі той з адкрытай, шчыраю душой.., Таму адкрыўся на зямлі Да камунізма шлях жыццёвы. Танк.

4. Расказаць пра сябе адкрыта, шчыра; прызнацца ў чым‑н. Толькі не было чалавека, якому Іван мог бы адкрыцца, з кім мог бы раздзяліць сваю тугу, свае дакоры сумлення. Новікаў. Пасля Памыйка адкрыўся Рыгору, што ён з’яўляецца карэспандэнтам некалькіх сталічных і правінцыяльных газет. Гартны. Мне цяжка было ведаць, што не да канца я магу перад табою адкрыцца. Скрыган.

5. Пачаць сваё існаванне, дзейнасць (пра ўстанову, прадпрыемства і пад.). Школа адкрылася. // Пачацца. Адкрылася падпіска на газеты. Адкрыўся тэатральны сезон. Адкрылася выстаўка. □ [Андрэй:] — Жонка да дня нараджэння купіла мне ў падарунак стрэльбу. Вісіць на сцяне, чакае, калі адкрыецца сезон на качак. Шахавец.

6. Перастаць зажываць, гаіцца; прарваць (пра рану). Адкрылася старая рана, і трэба было зноў рабіць аперацыю — вымаць асколкі. Васілевіч.

•••

Вочы адкрыліся ў каго гл. вока.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спако́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца ў стане спакою, нерухомасці; ціхі, бязгучны. Возера ляжала лянівае і спакойнае. Карпаў. Лес стаяў спакойны і нахмураны. Якімовіч. Вада была спакойнай, толькі маленькія хвалькі ад ветру маршчынілі яе паверхню. Краўчанка. // Такі, дзе няма вялікага шуму, руху (пра горад, вуліцу). Спакойны, вясёлы, зялёны — такі Кішынёў. Машара.

2. Які не выяўляе трывогі, хвалявання, знаходзіцца ў стане спакою, не ўзбуджаны (пра чалавека). Аднак чамусьці цяпер наш праваднік быў выключна спакойны. Анісаў. [Пніцкі] ўжо не быў спакойны да самага таго часу, пакуль не дазволілі яму выказацца. Чорны. // Характэрны такому чалавеку; які выяўляе душэўны, унутраны спакой. Спакойны цвёрды Зеленюкоў тон яшчэ больш раздражніў Карызну. Зарэцкі. Дамоў.. [Андрэй] ехаў са спакойнай душой. Шахавец. // Поўны спакою. Неяк адразу пацяплела на сэрцы, з явілася спакойная ўпэўненасць. Лынькоў.

3. Які рэдка выходзіць з сябе, стрыманы, ураўнаважаны (пра чалавека). Спакойны, ураўнаважаны, без лішніх рухаў і жэстаў, настаўнік выклікаў давер’е. «Звязда». Валодзя — хлопец спакойны, малому саступіць. Брыль. // Ціхмяны, які не робіць клопату, не назаляе ўсім навокал. Спакойнае дзіця. Спакойныя суседзі. // Уласцівы такому чалавеку. Мікалай, хоць і пісьменны, але не надта рашучы, таксама не надта бывалы па свеце, ды яшчэ натуру мае спакойную. Чорны. / Пра жывёлу. Маленькая бялявая Аня пачала прыязджаць на спакойным на дзіва кані да кухні па лупіны. Даніленка.

4. Раўнамерны, роўны ў сваім праяўленні, працяканні. Б’е гадзіннік. І сэрца спакойныя ўдары За Крамлёўскай сцяною чуваць у цішы. Куляшоў. Спакойны павучальны лад гаворкі Шкробата распякаў Насціну ганарыстасць. Мележ. Спакойныя крокі, спакойная, упэўненая гутарка [Веры Ігнатаўны] былі прыемныя Платону. Пестрак.

5. Мірны, не ваенны. Спакойны час.

6. Які адбываецца ў спакоі, нічым не парушаецца, не трывожыцца нікім. Спакойнага сну ў Сяргея не было. Шахавец. [Данілава маці:] Гадавала я вас — гадавала, думала, хоць старасць спакойная будзе. Крапіва. // Які не звязаны з хваляваннямі, турботамі. Яно [шчасце] не можа быць спакойным, яно патрабуе ад чалавека заўсёды болей, чым дае. Шыцік. [Антось:] — Але .. [Сцяпан] камуніст, Марыся, неспакойны ён чалавек, не хоча ён спакойнай работы. Чарнышэвіч. // Прыемны для вока (пра святло). Ласкавае, спакойнае святло абедзеннага сонца залаціла пабурэлыя вершаліны бяроз і клёнаў. М. Ткачоў.

•••

Са спакойным сумленнем гл. сумленне.

Спакойнай ночы — тое, што і дабранач (гл. дабранач).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цёплы, ‑ая, ‑ае.

1. Які змяшчае ў сабе пэўную колькасць цяпла; сярэдні паміж гарачым і халодным. Цёплая вада. Цёплае паветра. Цёплае малако. □ Дзякуй цёплым дажджам і халоднай расе за жыты, што ўзраслі ў небывалай красе. А. Вольскі. Шурпатая кара дрэва была цёплай, пахучай. Лынькоў. У хаце прыемна пахла цёплым хлебам і напаленай печкай. Мележ. // Які з’яўляецца крыніцай цяпла. Цёплая печ. □ Ты закурыш пры цёплым дарожным агні І пачуеш у сэрцы шчаслівы спакой. Кірэенка. // Які вызначаецца цяплом, уласцівым жывому арганізму. Людзі.. беглі, уцякалі ў пушчу. Схапіўшы .. сваю сонную, цёплую Верачку, — паляцела і Ліда. Брыль. // Які мае адносна высокую тэмпературу паветра. Дзень быў ціхі, ясны, цёплы, нават гарачы. Колас. Вясна выдалася дружнай і цёплай. Лынькоў. // З высокай сярэднегадавой тэмпературай. Цёплыя краіны. Цёплы клімат. □ Застаўся Іліко жыць у цёплым горадзе Поці. Самуйлёнак.

2. Які добра засцерагае ад холаду; добра сагравае. Цёплае адзенне. Цёплая коўдра. □ На плечы .. [маці] была накінута цёплая хустка. Шахавец. // Які добра захоўвае цяпло. Я знайшоў цёплае гняздо для пакалечанай ластаўкі. Бядуля. Уцякала Бандароўна У поле з цёплай хаты. Купала. // Які ацяпляецца, абаграецца; уцеплены (пра памяшканне). Цёплая палавіна хаты. Цёплы хлеў.

3. перан. Які вызначаецца душэўнай цеплынёй; ласкавы, добразычлівы; сардэчны. — Я люблю дзяцей, — з цёплай, пяшчотна задуменнай усмешкай кажа Іра. Гарбук. // Прасякнуты добрымі пачуццямі да каго‑н. Можа, ніхто так не сумуе па цёплым слове з дому, як салдат. Скрыган. // Які складаецца з блізка знаёмых людзей; прасякнуты сардэчнымі, душэўнымі адносінамі. Марына Паўлаўна і Саша вячэралі ў цёплым кругу чужой і такой блізкай з гэтага вечара ім сям’і. Васілевіч. І ў цёплым сяброўстве За гэтым сталом Раскрыем душу Для ўваходу Вялікага слаўнага Новага года І чаркі напоўнім Віном. Хведаровіч.

4. перан. Мяккі, прыемны для зроку, слыху. Цёплая музыка. □ І здаровае, крамянае надвор’е, і яркія цёплыя фарбы маглі б толькі радаваць і бадзёрыць нашых хадакоў. Якімовіч. // Пра чырвона-карычневы тон спектра ў процілегласць сіне-блакітнаму. Цёплы тон пейзажу.

•••

Цёплае месца гл. месца.

Цёплая кампанія гл. кампанія ​1.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчы́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, у якім цесна злучаны састаўныя часцінкі; які змяшчае вялікую колькасць рэчыва ў малым аб’ёме. [Дзядзя Міша:] — Што ж ён [Грышка], небарака, будзе адчуваць, калі спадарожнік пачне зніжацца, увойдзе ў шчыльныя паветраныя пласты? Паслядовіч. Урэшце, лакатары бачаць і ў больш шчыльным асяроддзі. Шыцік. Пыл шчыльным слоем накрываў.. галовы [Міколы і Дзімы]. Аляхновіч. Аж па дах шчыльны снег замятае барак. А. Вольскі. // Густы, праз які не пранікае святло; непранікальны. Сонца не магло правіць шчыльную заслону. Савіцкі. З усіх бакоў насоўвалася чарната — шчыльная, злавесная. Карпаў. / у перан. ужыв. Трохтонка вырвалася З цішыні шчыльнай — Прастуе па бальшаку. Барадулін. // З частым перапляценнем (пра тканіну). Вялікія вокны былі напалову заценены цяжкімі шчыльнымі барвова-чорнымі парцьерамі. Новікаў.

2. Які складаецца з блізка размешчаных адзін ля другога асоб, прадметаў, частак; часты. Быў гэты гарадок: маленькі, ціхі, пусты, з вузкімі кароткімі вуліцамі, з нізкімі драўлянымі домікамі за шчыльнымі і высокімі платамі. Адамчык. Дрэвы адступаюць .. [падарожніка] шчыльнай сцяной, нібы свядома перашкаджаючы выбрацца з лесу. В. Вольскі. Садзяцца хлопцы ў шчыльны круг Каля рыбацкага кастра. Смагаровіч.

3. Які мае мала прасторы, з абмежаванай прасторай; цесны. У ракавіне шчыльнай Вандроўнік сядзяць. Танк.

4. перан. Дасканалы, плённы, прадукцыйны. Дадатковая электраэнергія можа быць выпрацавана на гідраэлектрастанцыях без устаноўкі новых магутнасцей. У гэтым выпадку толькі больш шчыльным стане рэжым іх работы. «Звязда». // Насычаны, напоўнены якімі‑н. падзеямі, мерапрыемствамі і пад. У летнія месяцы спартыўны каляндар бывае асабліва шчыльным. «Беларусь». // Хуткі, безупынны. — А дзе ён сёння, Сцяпан Антонавіч? — улучае хвіліну, каб утачыцца ў шчыльную Марыніну гаворку, Зіна. Палтаран. // Моцна звязаны, з’яднаны агульнымі інтарэсамі, мэтамі, задачамі і пад. Узаемная прыязнь,.. загартаваная выпрабаваннямі ў агні, стварала шчыльную баявую сям’ю. Брыль. Такі быў склаўся шчыльны дружны гурток, засяроджаны ў прытульным пакойчыку Веры Засуліч. Зарэцкі. На шчыльную еднасць з народам нас заўсёды накіроўвае партыя. Лужанін. Трымаючы шчыльную сувязь з атрадам, .. [Лялькевіч] рабіў нешта значна большае... Шамякін.

•••

Шчыльны агонь — абстрэл, пры якім па кожны ўчастак фронту, плошчы, якая абстрэльваецца, падае вялікая колькасць мін, куль, снарадаў і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ход м., в разн. знач. ход, род. хо́ду м.; (шаг, аллюр, ходьба) хада́, -ды́ ж.; (течение событий — ещё) хада́, -ды́ ж.;

ход по́езда ход цягніка́;

два часа́ хо́ду дзве гадзі́ны хады́;

ход руля́ ав. ход руля́;

по хо́ду часово́й стре́лки па хо́ду гадзі́ннікавай стрэ́лкі;

ти́хий ход ці́хі ход;

ход экономи́ческого разви́тия ход эканамі́чнага развіцця́;

ход по́ршня техн. ход по́ршня;

ход мы́слей ход ду́мак;

чёрный ход чо́рны ход;

сде́лать ход конём шахм. зрабі́ць ход канём;

ло́вкий дипломати́ческий ход спры́тны дыпламаты́чны ход;

гу́сеничный ход гу́сенічны ход;

весе́нний ход ры́бы вясе́нні ход ры́бы;

знать все ходы́ и вы́ходы ве́даць усе́ хады́ і вы́хады;

дать ход де́лу даць ход спра́ве;

на холосто́м ходу́ на халасты́м хаду́;

на по́лный ход на по́ўны ход;

не дава́ть хо́ду (кому-л.) не дава́ць хо́ду (каму-небудзь);

с хо́ду з хо́ду (з разбе́гу, не спыня́ючыся).

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ход м.

1. род. хо́ду в разн. знач. ход;

ці́хі х. — ти́хий ход;

х. эканамі́чнага развіцця́ — ход экономи́ческого разви́тия;

х. гадзі́нніка — ход часо́в;

х. по́ршня — ход по́ршня;

дыпламаты́чны х. — дипломати́ческий ход;

2. род. хо́да (место, предназначенное для прохода, хождения) ход;

пара́дны х. — пара́дный ход;

падзе́мны х. — подзе́мный ход;

прарабі́ць х. — проде́лать ход;

3. род. хо́да (в шахматной игре) ход;

х. ферзём — ход ферзём;

по́ўны х.! — по́лный ход!;

хады́ су́вязі — ходы́ сообще́ния;

на хаду́ — на ходу́;

ве́даць усе́ хады́ і вы́хады — знать все ходы́ и вы́ходы;

даць х. спра́ве — дать ход де́лу;

з хо́ду — с хо́ду;

на халасты́м хаду́ — на холосто́м ходу́;

даць за́дні х. — дать за́дний ход;

сваі́м хо́дам — свои́м хо́дом;

не даць хо́ду — не дать хо́ду;

пусці́ць у х. — пусти́ть в ход;

быць у хаду́ — быть в ходу́;

даць хо́ду — дать хо́ду;

на по́ўны х., по́ўным хо́дам — на по́лный ход, по́лным хо́дом;

з чо́рнага хо́да — с чёрного хо́да;

на по́ўным хаду́ — на по́лном ходу́;

па хо́ду спра́вы — по хо́ду де́ла;

х. канём — ход конём;

ісці́ ў х. — идти́ в ход;

на хаду́ падно́скі адрыва́епогов. на ходу́ подмётки рвёт

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

слу́жба, ‑ы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. служыць (у 1, 2, 4–6 знач.). Служба ў арміі. Служба машыны.

2. Работа, заняткі і абавязкі служачага, а таксама месца такой работы і знаходжанне на ёй. Асабліва вялікую пашану адчуў да.. [Захарыя] Іліко, калі даведаўся, што гэты чалавек умее кіраваць параходам, што гэта ягоная слуокба. Самуйлёнак. Трошкі пазней Леўка ўладзіўся ў Верамеевічах на нейкую казённую службу і ездзіў каравачнікам па вёсках. Сабаленка. І на службе і прыйшоўшы са службы Рыгор не расставаўся з кніжкаю. Гартны.

3. Выкананне воінскіх абавязкаў, пасада ваеннага, а таксама знаходжанне ў радах арміі, флоту. Кожны салдат лічыць свой род войск самым важным, а службу ў ім — самай цяжкай. Хомчанка. Развітаўся з салёнаю Службай марской, Месцам вахты працоўнай Стаў ціхі пакой. Жычка.

4. Галіна ваенных заняткаў, абавязкаў, а таксама сістэма ўстаноў у структуры арміі, якія іх абслугоўваюць. Служба сувязі. Медыцынская служба арміі. □ Камбрыгу было дваццаць пяць год. Кавалерыст, лейтэнант кадравай службы. Брыль.

5. Галіна вытворчасці, а таксама ўстанова, арганізацыя, якія займаюцца якім‑н. спецыяльным участкам работы. Служба надвор’я. Служба часу. □ Машыністаў, дзяжурных, саставіцеляў — усіх, найбольш звязаных са службай руху, эвакуіравалі, яшчэ калі не быў узарваны мост па Дняпры. Навуменка.

6. Правядзенне набажэнства. У царкве ідзе.. служба, а на вуліцы — незвычайная вясёласць, рогат, гукі і рытм новай песні. Каваль.

7. толькі мн. (слу́жбы, ‑аў). Уст. Падсобныя памяшканні, розныя пабудовы для гаспадарчых патрэб. Розныя гаспадарчыя службы — кухня, склады, кладоўкі, — усё гэта ўваходзіла ў бальнічную сядзібу. Лынькоў.

8. Уст. Абслуговы персанал; слугі. А палац у агнях, служба ўся ў кунтушах. Лужанін. Па сканчэнні «гутаркі» хатняя служба ўжо саджала пана .. ў брычку і побач паклала абкручаны ў палатніну кумпяк. Пестрак.

9. Уст. і разм. Зварот да ваеннаслужачага (звычайна салдата). [Драч:] А сам хто?.. Бародка можа і рабочага, а вусікі быццам а[ф]іцэравы... [Дашынскі:] Блытаеш ты нешта, служба. Губарэвіч.

•••

Інтэнданцкія служба — сістэма ўстаноў і прадпрыемстваў, якія ведаюць харчовым, рэчавым і грашовым забеспячэннем узброеных сіл.

Дружба дружбай, а служба службай гл. дружба.

Не ў службу, а ў дружбу; не па службе, а па дружбе — просьба зрабіць што‑н. для каго‑н. па дружбе, а не па службоваму абавязку.

Паставіць што на службу чаму гл. паставіць.

Саслужыць службу каму-чаму гл. саслужыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Мір1 ’згода, адсутнасць сваркі, вайны’, ’спакой, цішыня’ (ТСБМ, Яруш., Шат., Бяльк.; драг., КЭС), мі́рнасць ’спакой’ (Нас., Гарэц.), міравая ’мірнае вырашэнне спрэчкі’ (ТСБМ, Др.-Падб.). Укр., рус. мир, польск. mir, mier, н.-, в.-луж. měr, чэш. mír, славац. mier, славен. mȋr, серб.-харв. ми̑р, макед. мир, балг. мир(ът), ст.-слав. миръ. Прасл. mirъ, а таксама měrъ, паводле сведчанняў з польск., славац., ст.-чэш. і харв. моў, утвораныя пры дапамозе суф. ‑r‑. І.‑е. адпаведнікі: ст.-літ. mieras, лат. miērs ’спакой, цішыня’, якія Буга (Rinkt., 1, 352–353) лічыць слав. запазычаннямі, алб. mirë ’добры’, ст.-інд. mitras ’сябар’. Да і.-е. *mei̯‑ ’сябраваць, звязваць’ (Бернекер, 2, 60; Траўтман, 175; Фасмер, 2, 626; Бязлай, 2, 185). Махэк₂ (364) у якасці крыніцы паходжання прасл. mirъ прапануе літ. rìmti, rimóti ’сціхаць, заспакойвацца, быць спакойным’, у якіх адбылася перастаноўка зычных асновы rm > mr. Мала верагоднай з’яўляецца версія аб суаднясенні прасл. mirъ і milъ паміж сабою (протаі.‑е. неадрозненне lr, гл. F. Specht, Der Ursprung der indogerm. Deklination. Göttingen, 1947, 318–320) і з лац. mitisціхі, лагодны, рахманы’, ст.-інд. mitráh ’сябар, прыяцель, Мітра’. Апошняе падтрымліваецца Пухвелам (Etudes mithriaque, 1978, Tegeran — Liege, 335–343), які мяркуе, што прасл. mirъ трэба разглядаць як утворанае з *mitro‑/*mitru (або *meyro‑/*meyru‑) — з таго ж кораня, што і імя Мітры, а не як запазычанае з іран. (скіфск.) *mihro, як сцвярджае Траймер (Wiener slav. Jahrb., 14, 1967–1968, 77). Варбат (ОЛА–1979, 327), падтрымліваючы даследаванні Тапарова (Pratidānam. The Hague–Paris, 1968, 109–113; ён жа, Semiotyka і struktura tekstu, Wrocław etc., 1973, 366–370) і бачачы ў семантыцы і фразеалогіі прасл. mirь старажытныя і.-е. уяўленні (у вобразе інда-іранскага Мітры) аб сацыяльнай арганізацыі як выніку дамоўленасці, аб стане сяброўства, мяркуе, што каш. mʼiěa ’жаніх’, mířota ’маладая’ — рэлікты старажытнай семантыкі mirъ ’дагавор (шлюбны)’, а *miriti абазначала ’заключаць дагавор’. Тапароў (Этимология–1967, 18–21) гаворыць аб Мітры як аб аб’яднальніку людзей у сацыяльную структуру, рус. в мир у формуле Mit(h)ra‑yat‑, у якой *yat‑ першасна азначала ’збіраць, згуртоўваць’, і мяркуе, што верагоднай можа быць адпаведная прасл. формула тыпу *mirъ jatiti ’збіраць людзей у грамаду’ або *miromъ (mirъmъ) jatiti sę ’збірацца грамадою’. Цалкам здавальняючай з’яўляецца этымалогія Мартынава (Зб. Аванесаву, 188–190): ён, абапіраючыся на словаўтваральную структуру лексем з r‑суфіксам і ŭ‑асновай, прыводзіць паралель да прасл. žьrětižirъ, vьrětivirъ, таксама і mьrěti ’паміраць’ — mirъ (сувязь паміж mirъ і mьrěti гл., напрыклад, у славен. mir! ’маўчы’, zamréti ’анямець’). Сюды ж міры́цца, міры́ць ’наладжваць мірныя адносіны’ (ТСБМ, ТС), міры́льнік ’той, хто мірыць’ (Бяльк.).

Мір2 ’сельская грамада’, ’народ, людзі’, ’свет’ (ТСБМ, Шат., Мат. Гом., Ян., ТС; пух., Нар. сл.; стаўбц., в.-дзв., Сл. ПЗБ). З рус. мир ’сельская грамада’, якое развілося са значэння ’мір, мірная суполка, згуртаванне’ у мір1 (гл.). Пух. мір ’мноства’ (Жыв. сл.) развілося з мір2.

Мір3 ’маруна, павіліца сапраўдная, Galium verum L.’ (маг., Кіс.; Дэмб. 1). Да мір1, мі́рны ’сяброўскі, дружны’. Матывацыя: лісты і плады лёгка чапляюцца да іншых раслін, прытуляюцца, як да сяброў, прыліпаюць. Адсюль і іншыя адпаведныя назвы: чэш. přitula, польск. przytulia, ляш. přitulek, рус. дереза, чэш. lepenice, lepovica, мар. lipkač, укр. липчица.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

між, прыназ. з Р і Т.

Спалучэнне з прыназ. «між» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. з Р або Т. Ужываецца для ўказання на прадметы, пасярод якіх або ў прамежку паміж якімі што‑н. знаходзіцца, адбываецца. Спасцярожліва ідуць Нупрэй і дзед Талаш праз лес, прабіраюцца праз зараснікі балот, праходзяць бязлюдныя паляны між лесу і балот. Колас. Імчым між пнёў, між купін. Куляшоў. Будынак сельсавета стаяў воддаль ад вёскі, між старым садам і поплавам. Шамякін. [Начлежнік:] — Глядзіш ты на мяне так, як бы нас з табою раздзяляе каменная сцяна, а ніякай сцяны між намі няма. Чорны. // Тое ж пры ўказанні на групу прадметаў ці асоб. Быў час — стаіўшыся знямела Між пустак, пушчаў і балот, Ты ў занядбанні быў, народ. Колас. Шум між каласамі, Ды яны не чуюць, Неўзабаве, днямі Сход склікаць мяркуюць. Броўка. // Указвае на сферу, асяроддзе, у якім што‑н. знаходзіцца, адбываецца. Між глыбокіх снягоў, Дзе лес глуха шуміць, Ціхі дом леснікоў Адзінока стаіць. Колас. Сівавусы, згорблены, я залёг між цінай. Багдановіч.

Часавыя адносіны

2. з Т (і абл. з Р). Ужываецца для ўказання на пачатковы і канцавы моманты, якімі абмяжоўваецца пэўны прамежак часу, пэўны перыяд. Перыяд між 1917 і 1941 гадамі. Два дні між святамі. □ Быў час між лета і вясны. Куляшоў. // Тое ж пры ўказанні на з’явы, падзеі, у прамежку ці ў перапынку паміж якімі што‑н. адбываецца. Перапынкі між заняткамі. □ Між работаю.. [парабчук] падбег да мяне. Чорны.

Аб’ектныя адносіны

3. з Т або Р. Ужываецца для ўказання на групу прадметаў або асоб, у асяроддзі якіх наглядаюцца ўзаемасувязі, узаемаадносіны, узаемадзеянне. Дружба між народамі. Спрэчка між сяброў. □ Але адступала навала, Яе мы з табою змаглі. Апошняга хлеба кавалак Ты нам аддала, каб былі Надзейнымі заўжды сынамі Вялікае праўды твае, Каб шчырая дружба між намі Раскрыла пяшчоты свае. Хведаровіч.

4. з Т або Р. Служыць для ўказання на супастаўленне якіх‑н. прадметаў, асоб, з’яў. У сацыялістычным грамадстве сціраецца адрозненне між горадам і вёскай. □ І я, Між усімі Баец радавы, Таксама Да Леніна. Шчыра іду. Кірэенка. [Рыгор] бачыў жорсткую супярэчнасць між воляю некаторых людзей і вымаганнямі гістарычнай неабходнасці. Гартны.

5. з Т або Р. Служыць для абазначэння якой‑н. групы прадметаў або асоб, у межах якой адбываецца размеркаванне, надзел чаго‑н. Раздзяліць падручнікі між вучнямі. □ У верхавінах лесу журботна шумеў вецер, расцярушваюць між галін і на галінах дрэў бялюсенькую снежную сець. Колас.

•••

Між іншым гл. іншы.

Між (паміж) намі (кажучы) гл. мы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скупы́, ‑ая, ‑ое.

1. Празмерна, да прагнасці ашчадны (пра чалавека). [Прымак:] — Ды і жонка мая скупая. У яе на чарку не выпрасіш. Шамякін. Таргаваліся, таргаваліся, ды ніяк не могуць у цане сысціся: пан, бач, скупы быў і надта даражыўся. Якімовіч. / у знач. наз. скупы́, ‑ога, м.; скупа́я, ‑ой, ж. Скупому рубель даражэйшы за душу. З нар.

2. Разм. Які крыху не дасягае пэўнай нормы, памеру і пад., няпоўны. Скупы кілаграм. Скупыя тры метры тканіны. □ Гэтай мукі можа яшчэ хопіць на два скупыя хлявы. Чорны. // перан. Няшчодры, ашчадны (пра прыроду і пад.). Скаціна лагодна, кожная на свой манер, вітае гаспадара простымі аднаскладовымі гукамі, што адпусціла для іх скупая прырода. Колас. Снег сышоў. Скупая паша На мурог і асаку. Маляўка. // Малы па колькасці, бедны, мізэрны. Пасля, поснага і скупога снедання хлопцы накіраваліся.. [на нядзельнік]. Чарнышэвіч. На румку засталося шмат драўніны — яе не паспелі сплавіць. Заработкі адразу сталі скупымі. Лынькоў. Ашчаджаючы скупы запас снарада, .. казакі непрыкметна зняліся з пазіцыі. Брыль.

3. перан. Недастаткова інтэнсіўны ў сваім праяўленні, дзеянні; слабы. У яго [Чарота] кучаравая галава, скупая ўсмешка і нясмелы жэст. Скрыган. Прагучэла кароткая скупая чарга. Мележ. Скупыя рыданні маці — яна ўжо выплакала ўсе вочы — на хвіліну сціхалі. Лынькоў. // Рэдкі (пра слёзы, кроплі дажджу і пад.). Дзве скупыя слязінкі скаціліся з вачэй Вацлава Незвала. Васілевіч. На некаторых магілах пачала прабівацца трава, па ёй блішчалі скупыя кроплі расы. Кулакоўскі. // Недастаткова яркі (пра святло і пад.). У акно пакоя заглядвала скупое зімовае сонца. Нядзведскі. Скупое святло палярнага дня цадзілася праз шыбачку ў дзвярах і падала на твар гаспадара. Шамякін.

4. перан. Недастаткова ў якіх‑н. адносінах. І за хмарамі ўначы Не задрэмле месяц ціхі, Лічыць рэбраў абручы На скупых баках ваўчыхі. Маляўка. // Кароткі (пра мову, пісьмо і пад.). Хлапец разумеў, што скупыя словы брыгадзіра і ў сотай долі не перадаюць таго, што тут было. Кулакоўскі. [Бацька] часта пісаў дадому, потым перастаў, а праз нейкі час прыйшло скупое паведамленне: загінуў смерцю адважных. Хадкевіч. З невыказным хваляваннем сачылі людзі за скупымі кінакадрамі. Шыцік.

5. на што і ў чым. Стрыманы ў праяўленні чаго‑н. А бацька.. [Каці], відаць, быў ад роду скупы на пяшчоты, ва ўсялякім выпадку яна амаль не бачыла ад яго ласкі. Гаўрылкін. Я пішу і не плачу, я стала скупою на слёзы. Куляшоў. Ты й мяне прывучыў Быць скупою ў пачуццях услых. Мацяш. [Крапіва] строгі, каменна-маўклівы, скупы на слова, на жэст, па ўсмешку. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)