салёны, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўтрымлівае ў сабе соль, насычаны соллю (пра вадаёмы) і проціл. прэсны. Салёнае мора. Салёнае возера. ▪ Увесь час пытай зямлю, чаго яна хоча: кіслага ці салёнага? Кулакоўскі. // Якому ўласцівы спецыфічны смак солі (пра вільгаць). Салёныя пырскі. ▪ У салёнай белай пене Шэпты галькі навакол, Бы Манахава маленне Ціха падае на дол. Крапіва. Хвалі салёныя — чыстыя слёзы, Мо ў твае рэчкі плакалі лозы? Кавалюк. / Пра паветра, вецер. Салёны вільготны вецер дзьмуў.. [хлопчыкам] у твар, свістаў ля вушэй, упіраўся ў грудзі. Бяганская.

2. Прыпраўлены соллю, занадта пасолены. Салёная страва. Салёная зацірка. ▪ Навечна будзь благаславёны, Запрацаваны ў поце хлеб — Не квашаны і не салёны, Для важных спечаны патрэб! Глебка. / Пра смак крыві, слёз, поту. Салёны пот. ▪ Мірошкін адчуў салёны смак у роце і зразумеў, што гэта слёзы Галі — апошняе адчуванне, звязанае з гэтай прыгожай, каханай дзяўчынай. Пятніцкі. / у перан. ужыв. Развітаўся з салёнаю службай марской, Месцам вахты працоўнай Стаў ціхі пакой. Жычка.

3. Прыгатаваны ў запас з соллю, у салёным растворы (пра харчовыя прадукты). Салёная рыба. Салёныя агуркі. ▪ Грыбную ікру можна прыгатаваць з сушаных або салёных грыбоў. «Звязда».

4. перан. Разм. Дасціпны да рэзкасці, непрыстойнасці. Салёнае слоўца. Салёны анекдот. ▪ Пры рабоце адпускалася многа жартаў, салёных і смешных. Лужанін. Размаўлялі .. [рыбакі] паміж сабой вольна, нярэдка перасыпаючы гаворку салёнымі слоўцамі. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)